Смекни!
smekni.com

Белорусский народный календарь (Народны каляндар беларусаў) (стр. 4 из 6)

Згодна хрысціянскай міфалогіі, у пятніцу іудзеі асудзілі Сына Божага на смерць праз распяцце яго на крыжы. У суботу прыхільнікі Ісуса Хрыста выпрасілі ў іудзейскага цара дазвол на пахаванне і перанеслі яго цела ў пячору, заваліўшы ўваход вялізным каменем. А ў нядзелю, калі Маці Божая з сваімі сяброўкамі прыйшла, каб апрануць свайго сына-нябожчыка ў пас-мяротнае адзенне і зрабіць адпаведнае ўбранне яго пасмяротнага ложа, Анёл у белым адзенні абвясціў ёй і жанчынам, што Ісус Хрыстос уваскрэс. Менавіта таму, як толькі пачынаецца нядзеля (апоўначы з суботы на нядзелю) у царквах і касцёлах робіцца тройчы абыход вакол храма, пасля чаго свяшчэннікі ўрачыста абвяшчаюць: “Хрыстос уваскрэс!” Са словамі “Хрыстос уваскрэс!” на працягу нядзелі і наступных двух дзён, сустракаючыся са сваімі знаёмымі, роднымі, сябрамі, вітаюцца ўсе хрысціяне, на што адказваюць “Ва ісціну ўваскрэс!” і цалуюцца.

У народным жыцці гэта свята мае свае адметныя адценні і каларыт. Напярэдадні да чацвярга, які вазываюць “чысты чацвер”, старанна прыбіралі ў хаце, мылі падлогу, вокны, бялілі ці аб-клейвалі шпалерамі хату, мыліся ў лазні. А ў суботу зранку завешвалі на вокны новыя фіранкі, на абразы — набожнікі, замешвалі ў дзяжы цеста на пірагі і з абеда распальвалі ў печы. Кожная гаспадынька рыхтавала святочныя стравы: смажыла мяса, каўбасу, варыла цыбульнае шалyпінне і фарбавала ў яго адвары велікодныя яйкі.

“Свята Вялічка — з красным яічкам”, — гавораць у народзе. Яйка з'яўляецца вельмі важным атрыбутам велікодных дзён. Яно сімвалізавала сабой, з аднаго боку, сусветную прастору, нашу галактыку, а з другога — кругаварот і бясконцасць жыцця, пачатак усякага адраджэння да жыцця. Як і ў большасці іншых славянскіх народаў, нашы продкі афарбоўвалі велікодныя яйкі ў зялёны, блакітны, чырвоны, жоўты колер, рабілі яйкі-пісанкі, расчэрчаныя або расфарбаваныя рознымі сімвалічнымі ўзорамі і колерамі. Такому яйку надавалася магічная сіла: з ім выганялі першы раз на пашу жывёлу, каб засцерагчы яе ад злых чараў ведзьмакоў, закопвалі ў першую баразну ці на ўскрайку нівы, каб тая добра радзіла, і г. д. Са спрадвечных часоў у нашым народзе шырока вядома традыцыя адорваць адзін аднаго на Вялікдзень святочнымі яйкамі. 3 прыняццем хрысціянства гэта традыцыя была пераасэнсавана пад новую рэлігію. Паводле праваслаўных біблейскіх паданняў Святая Марыя Магдаліна, даведаўшыся аб пакаранні смерцю Ісуса Хрыста, прынесла ў падарунак рымскаму імператару Ціберыю чырвонае яйка, як знак нявіннасці Сына Божага і сімвалічнае сведчанне таго, што з гэтага часу ўвесь сусвет нясе на сабе адбітак яго нявінна пралітай крыві. Магчыма, што гэта падзея і стала прычынай таго, што, адпаведна хрысціянскай традыцыі, у наш час велікодныя яйкі фарбуюць пераважна ў чырвоны колер.

Вечарам з кожнай сям'і звычайна гаспадар ці старэйшыя людзі ішлі ў храм “на ўсенашную”. 3 сабою бралі па кавалачку кожнай стравы: мяса, сала, пірог, яйкі, соль і інш. Зразумела, што ні адна царква або касцёл не маглі ўмясціць усіх жадаючых, таму людзі часцей збіраліся ў бліжэйшых хатах, у сваякоў і знаёмых, каб апоўначы выйсці да храма і разам з усімі хрысціянамі сустрэць радасны час уваскрэсення Ісуса Хрыста і прысутнічаць у час вынасу з храма святых харугваў з лікам святых і ўрачыстага шэсця.

Набажэнствы ў гэту ноч заканчваюцца гадзін каля чатырох. На заканчэнне “усенашнай” свяшчэннікі асвяцаюць “пасху” — прынесеныя з дому харчы. У вялікіх населеных пунктах гэты хрысціянскі рытуал паўтараецца некалькі разоў на працягу ўсяго нядзельнага дня.

У гэту ж ноч і тыя, хто заставаўся дома, імкнуліся не спаць. У хатах да ранку гарэла святло, запальвалі свечкі перад абразамі, маліліся Богу, расказвалі біблейскія паданні аб жыцці Ісуса Хрыста, святых Апосталаў і іншых святых.

Пасля “усенашнай” зранку ўсе, хто правёў гэту ноч у царкве (касцёле), спяшаліся ў свае сем'і. Дома кожная гаспадыня накрывала святочны стол, за які, папярэдне памаліўшыся Богу, садзіліся, “каб разгавецца”. Толькі цяпер упершыню пасля доўгага сямітыднёвага посту можна было ўволю паласавацца рознымі стравамі. Есці пачыналі з асвечанага яйка, солі і пірага, а пасля выпівалі па чарцы гарэлкі і смачна снедалі.

Вельмі радаснымі і жаданымі велікодныя дні былі для дзетак. Да іх у госці прыходзілі хросныя бацька і маці, бабуля-пупарэзніца, дзядзькі, цёткі, якія кожнаму з дзяцей прыносілі чырвонае яйка. У некаторых мясцовасцях (Рагачоўскі, Слаўгарадскі і іншыя раёны) дзеці самі абыходзілі двары сваіх хросных і блізкіх сваякоў, каб атрымаць велікодныя падарункі. Гэты звычай вызначаецца лакальнымі асаблівасцямі традыцыйных зон у нашым краі.

Абыходы дзеткамі ці дарослымі двароў у сваёй вёсцы на Вялікдзень маюць вельмі старажытнае паходжанне. Такіх хадакоў у розных рэгіёнах называюць валачобнікамі, галыкальнікамі, валоўнікамі, лалыншчыкамі, кукольнікамі і інш. “Валачобнікі — людзі Божыя...”, — падкрэсліваецца ў песнях гэтага часу. Лічылі, што абыходы імі двароў прыносілі пладавітасць жывёлы, ураджайнасць на палях, засцярогу падвор'я ад розных прыродных стыхій. Падыходзячы пад акно, валачобнікі, падобва калядоўшчыкам, спявалі песні, ухваляючыя гаспадара, гаспадыню, іх сыноў і дачок.

Кожны радок такой песні суправаджаўся адным з прыпеваў “Хрыстос уваскрос, Сын Божы!”, “Слава табе, Божа, на ўвесь свет!”, “Да й віно ж, віно зеляно!”, “Вясна красна, зялёна!” і інш.

Па заканчэнні песні гаспадары надзялялі валачобнікаў яйкамі, гарэлкай, пірагамі і іншай стравай са святочнага стала.

Варта зазначыць, што ў сусветнай традыцыйнай культуры валачобныя песні да гэтага часу захаваліся і зафіксаваны толькі ў беларусаў, што характэрна падкрэслівае нацыянальную адметнасць нашай культурнай спадчыны.

Завяршыўшы абыходы двароў у сваёй вёсцы, валачобнікі па папярэдняй дамоўленасці збіраліся ў адной з хат ці ў апошняй хаце, да якой яны прыходзілі з рытуальным спяваннем, і наладжвалі там застолле з цікавымі і вясёлымі гульнямі, танцамі, песнямі, жартамі.

На Вялікдзень дзяўчаты гадалі аб будучым лёсе, пераскокваючы праз сані: хто пераскочыць — да таго ўвосень прыедуць сваты, а хто не — будзе чакаць да наступнага года.

3 гэтымі ж днямі ў народзе было звязана вельмі многа павер'яў і прадказанняў.

У многіх мясцовасцях у першы велікодны дзень выходзілі з хат, каб убачыць усход сонца. Гаварылі, што ў гэты час сонца быццам “іграе на ўсходзе”, пераліваецца рознымі колерамі. Такую “гульню сонца” звязвалі з “вяшчаннем на добрае лета” і шчаслівымі вяселлямі на працягу года.

Паўсюдна беларусы мыліся раніцай крынічнай вадой, у якую клалі чырвонае яйка і залатыя ці сярэбраныя прадметы, каб быць увесь год чыстым і здаровым (“чырвоным, як яйка”).

Старыя, зранку расчэсваючыся, прыгаворвалі: “Дай, Божа, колькі на галаве валасоў, каб столькі было ўнукаў!”

У першы велікодны дзень не палілі ў печы, а тых, хто парушаў гэта правіла, страшылі, што ўлетку яго падвор'е спаліць Пярун.

На Віцебшчыне ў некаторых вёсках існавала павер'е, што калі на прывітанне “Хрыстос уваскрэс!” не адказаць, а задумаць жаданне, дык яно абавязкова збудзецца.

Вельмі гуманным, пранікнутым любоўю да чалавека было ў гэтыя дні ў народзе і такое павер'е: лічылі, што кожны год, як і ў першыя дні пасля сваёй смерці, ад Вялікадня да ўшэсця Ісус Хрыстос ходзіць па зямлі сярод людзей, найболыд у выглядзе жабрака. Таму ў гэты час да жабракоў, людзей-калек, старцаў ставіліся найболып лаяльна і спачувальна, надзяляючы іх ежай і іншай міласцінай. Абыякавасць да такіх людзей лічылася за вялікі грэх.

У народным календары свята Вялікдзень вызначае правядзенне некаторых іншых свят і прысвяткаў. На восьмым перадвелікодным тыдні святкавалі Масленку, а ў суботу перад ёю масленічныя (стрэчаньскія) Дзяды, з наступнага тыдня пасля Масленкі пачынаўся сямітыднёвы перадвелікодны пост, у сераду за 24 дні да Вялікадня адзначаюцца Хрэстцы (выпякаюць з цеста рытуальныя хрэшчыкі), напярэдадні ў нядзелю — Вербніца (Вербная нядзеля), Радаўніца адзначаецца на дзевяты дзень пасля Вялікадня, Тройца — на пяцідзесяты, дваццаць пяты дзень называецца Перапалаўная серада (Прапалавенне), на шостым тыдні ў чацвер — Ушэсце, чацвер дзевятага тыдня — Дзевятнік (Дзевятуха), пятніца дзесятага тыдня — Дзесятуха (Дзесятка — хлебу пятка) і г. д.

КУПАЛЛЕ

Купалле — язычніцкае свята ў гонар летняга сонцастаяння, найвышэйшага росквіту прыроды і ўшанавання вады. Адзначаецца яно ў ноч з 23 на 24 чэрвеня ў католікаў і з 6 на 7 ліпеня ў праваслаўных беларусаў.

У хрысціянстве адпаведна на 24 чэрвеня і 7 ліпеня прыпадае дзень нараджэння Прарока Івана Прадцечы, якому суджана было ахрысціць у рацэ Іардан Сына Божага Ісуса Хрыста. На працягу апошняга тысячагодцзя на падставе падзей, звязаных з імем “хрысціцеля Божага Іаана”, у больш моцных царкоўных прыходах замацаваліся новыя варыянты назваў да язычніцкага Купалля, але ўжо з хрысціянскім адценнем — Іван Купала або Ян, Іванаў дзень.

Ад Каляд і да Купалля сонца ўвесь час было ў стадыі ўзыходжання: павялічваўся дзень, сагравалася зямля, адраджалася прырода. Нарэшце, у дні летняга сонцастаяння ўсё гэта дасягала свайго найвышэйшага апагея. Да гэтага ж часу выраслі і адцвілі на сялянскіх палях жыта, пшаніца, грэчка, проса, лён, бульба і іншыя культуры, закончыўся прыплод жывёлы. Здабыткі новага года станавіліся відавочнымі, за што, як гавораць у народзе, “і хваліць Бога” або “дзякуй Богу”. У купальскіх абрадах і рытуалах чалавек, з аднаго боку, выказваў падзяку Агню, Вадзе і Зямлі, што абагаўляліся ў нашых язычніцкіх продкаў, і прыносіў ім розныя ахвяраванні, часцей у выглядзе расліннасці ці прадуктаў харчавання, вырабленых з яе, а з другога — сваім вяселлем і радасцю выказваў аднадушнае спалучэнне са станам прыроды, яе найвышэйшым росквітам і зямной прыгажосцю.