Смекни!
smekni.com

Персанаж ў мастацкім творы (стр. 1 из 3)

ЗМЕСТ

1. Персанаж ў мастацкім творы

1.1 Агульнае паняцце аб персанажы

1.2 Персанаж і аўтар

1.3 Унутраны свет персанажа. Псіхалагізм

1.4 Партрэт персанажа

1.5 Формы паводзін персанажа

1.6 Персанаж як носьбіт мовы. Дыялог і маналог

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Персанаж ў мастацкім творы

1.1 Агульнае паняцце аб персанажы

Тэрмін «персанаж» запазычаны з французскай мовы (personnage), а сваю этымалогію вядзе з лацінскай мовы (persona – асоба, твар, маска). Старажытныя рымляне словам «персанаж» абазначалі спачатку маску, якую надзяваў акцёр, а пазней асобу, абмаляваную ў творы.

Побач з тэрмінам «персанаж» у літаратуразнаўстве даволі часта ўжываюцца ў якасці сінанімічных тэрміны «літаратурны герой» і «дзеючая асоба». Разам з тым паміж імі нельга паставіць знак поўнай тоеснасці. Слова «герой» падкрэслівае пазітыўную ролю, яркасць, незвычайнасць, выключнасць чалавека, які пададзены ў творы. Словазлучэнне ж «дзеючая асоба» ўказвае перш за ўсё на факт здзяйснення персанажам нейкіх учынкаў.

Паняцце «персанаж» знаходзіць найпярвейшае і асноўнае выкарыстанне пры аналізе эпічных і драматычных твораў. Тут яны складаюць аснову прадметнага свету і сваімі дзеяннямі ўтвараюць сюжэт. «У лірыцы ж, якая ўзнаўляе перш за ўсё ўнутраны свет чалавека, персанажы (калі яны ёсць) абмалёўваюцца пункцірна, фрагментарна, а галоўнае – у непарыўнай сувязі з перажываннямі лірычнага суб’екта».

Паводле сваёй прыроды, паходжання персанаж можа быць плёнам фантазіі, чыстага вымыслу пісьменніка (напрыклад, ліліпуты Гулівера); вынікам дадумвання аблічча рэальна існаваўшага чалавека; альбо, урэшце, вынікам дапрацоўкі, дабудовы вядомага літаратурнага героя (Праметэй, Дон Жуан, Фауст і інш.).

Побач з людзьмі (а часам і асобна ад іх ці наогул без іх) у творы могуць дзейнічаць і размаўляць жывёлы, расліны, рэчы, фантастычныя істоты, робаты і г. д. Ёсць цэлы шэраг жанраў (казка, байка, балада, творы анімалістычнай літаратуры, навуковай фантастыкі і інш.), у якіх «падобныя персанажы абавязковыя альбо вельмі верагодныя». Разам з тым – і гэта аксіёма – усе «нечалавечыя» індывідуальнасці з іх паводзінамі, унутраным светам і г. д. так ці інакш праецыруюцца на чалавека, на яго сацыяльна-асабовую сутнасць.

Нярэдка ў літаратуры побач з персанажамі як абасобленымі індывідуальнасцямі выступаюць таксама і «зборныя персанажы» – група, калектыў, грамада, чалавечы натоўп, гурт, (чалавечы натоўп у «Саборы Парыжскай Божай Маці» В. Гюго, грамада ў «Досвітках» Л. Родзевіча і інш.). Такая традыцыя, відаць, бярэ свой пачатак яшчэ ў антычнай драме, дзе паўнапраўнай дзеючай асобай з’яўляўся хор.

Даволі своеасаблівыя і не заўсёды адназначныя суадносіны персанажа з характарам і тыпам. Лік (колькасць) характараў і персанажаў у творы, як правіла, не супадаюць: апошніх болей. Не ўсе персанажы перарастаюць у характары, а тым болей у тыпы; гэта ўдаецца, і часам незалежна ад аўтарскай волі, толькі невялікай іх частцы.

Паводле ступені ўдзелу ў дзеянні персанажы падзяляюцца на цэнтральныя альбо галоўныя, другарадныя і эпізадычныя. Прычым апошнія не толькі з’яўляюцца своеасаблівым фонам дзеяння, але і характарызуюць часам галоўных персанажаў сваімі выказваннямі, заўвагамі аб іх учынках і г. д.

Мастацкія творы з адным ці двума персанажамі сустракаюцца ў мастацкай літаратуры не тое, каб надта ўжо і рэдка, але і не вельмі часта. Гэта характарызуе ў першую чаргу творы малой формы. У сярэдніх і буйных (з пункту гледжання формы і аб’ёму наогул) мастацкіх творах прысутнічае многа, а часам і вельмі шмат персанажаў. Тут яны ўтвараюць пэўную сістэму, у якой існуе свая, вызначаная аўтарам іерархія.

Персанажы не дзейнічаюць у мастацкім творы ў нейкім, скажам так, вакууме. Яны ставяцца аўтарам у пэўныя абставіны. Існуе цесная ўзаемаабумоўленасць персанажаў (асабліва персанажаў-характараў) і абставін. Прычым пад апошнімі трэба разумець не толькі знешнія асаблівасці асяроддзя, у якім ці на фоне якога разгортваецца дзеянне, але і ўнутраны стан гэтага асяроддзя: яго псіхалагічны клімат, маральную атмасферу, ступень грамадскай актыўнасці прадстаўнікоў і г. д. І яшчэ адзін важны момант: меркаваць аб персанажах мастацкага твора, інтэрпрэтаваць іх дзеянні, учынкі, паводзіны, даваць усяму гэтаму пэўную характарыстыку і ацэнку неабходна толькі з улікам канкрэтных сацыяльна-гістарычных рэалій часу, калі працякае дзеянне твора.

Персанаж – галоўны аб’ект літаратуразнаўчага даследавання. Таму існуе цэлы шэраг тэарэтычных аспектаў-накірункаў вывучэння гэтага асноўнага звяна мастацкага твора: персанаж і пісьменнік (герой і аўтар), асаблівасці ўзаемадачыненняў паміж імі; свядомасць і самасвядомасць персанажа, асаблівасці псіхалагічнай матывіроўкі паводзін персанажа; найбольш важныя моманты і асаблівасці партрэтнай характарыстыкі персанажа; формы паводзін персанажа; персанаж як носьбіт мовы (маўлення). Адным з першых у айчыннай вучэбна-дапаможнай літаратуры звярнуў увагу на дадзеныя моманты і пастараўся сістэматызавана падаць іх В. Халізеў у сваім падручніку «Тэорыя літаратуры». Таму далей пры разглядзе вылучаных вышэй аспектаў характарыстыкі персанажа мы і будзем больш за ўсё абапірацца на меркаванні і высновы гэтага расійскага вучонага і выкладчыка.

1.2 Персанаж і аўтар

персанаж аўтар твор

Адносіны аўтара да свайго героя могуць быць ці адчужанымі (у пераважнай большасці выпадкаў), ці мець прыкметы пэўнай унутранай роднаснасці. Аўтар (хоча ён таго ці не) заўсёды выражае праз мастацкую тканіну твора свае адносіны да персанажа: да яго пазіцыі, светапогляду, каштоўнасных арыентацый і г. д. Нейтральным аўтар, нават у сітуацыях, калі падкрэсліваецца непрадузятасць і аб’ектыўнасць абмалёўкі персанажаў (асабліва гэта практыкавалі пісьменнікі-натуралісты другой паловы ХІХ ст. – Э. Заля, Г. Флабэр, Г. дэ Мапасан і інш.), быць не можа.

Паміж пісьменнікам і яго персанажамі заўсёды існуе пэўная дыстанцыя, нават у творах аўтабіяграфічнага жанру, таму што пісьменнік асэнсоўвае ўласны жыццёвы вопыт, як правіла, з пэўнай часавай адлегласці.

Персанажы знаходзяцца і дзейнічаюць у мастацкіх творах «па законах жыцця» пад непасрэдным «наглядам» аўтара. Яны – аўтарскія стварэнні. Разам з тым некаторыя героі пры ўсёй цеснай сувязі з творамі, дзе яны «нарадзіліся», і адпаведна з аўтарам, што вывеў іх на свет, здольныя пакідаць гэтыя творы і пачынаць жыць самастойным жыццём, непадуладным аўтарскай волі. Яны набываюць статут свайго роду сімвалаў пэўнага светасузірання, застаючыся пры гэтым непаўторнымі як індывідуальнасці. Такімі героямі з’яўляюцца, напрыклад, Гамлет, Дон Кіхот, Тарцюф, Фауст і некат. інш. для культуры сусветнай; Чацкі, Таццяна Ларына, Наталля Растова, Абломаў і інш. для культуры рускай; Паўлінка, Пісарэвіч («Жартаўлівы Пісарэвіч» М. Гарэцкага), Саўка («Збянтэжаны Саўка» Л. Родзевіча) і некат. інш. для беларускай культуры.

Папулярнасць і высокі сацыяльны статут такога роду персанажаў часам падштурхоўваюць некаторых пісьменнікаў унесці сваю ўласную лепту ў грамадска-культурнае «жыццё» чужых славутых літаратурных герояў. Ёсць такія факты і беларускай літаратуры. Так, у пачатку 1920-х гг. вядомы беларускі драматург Ф. Аляхновіч узяўся «дапрацаваць» быццам бы сюжэтна незавершаную «Паўлінку» Я. Купалы і напісаў аднаактоўку «Заручыны Паўлінкі», у якой усё-такі намеціў шлях да шлюбу галоўнай гераіні з яе каханым – Якімам Сарокам.

Знакамітыя літаратурныя персанажы могуць жыць самастойным жыццём, незалежна ад іх стваральнікаў, не толькі ў літаратурных тэкстах (маюцца на ўвазе творы-наследаванні, дапрацоўкі, рэмінісцэнцыі і г. д.) і публіцыстыцы, але і ў творах іншых відаў мастацтва: у музыцы, жывапісе, скульптуры і г. д. У свеце існуе нават практыка ўзвядзення помнікаў літаратурным героям (напрыклад, помнік Дон Кіхоту і Санча Пансе ў Мадрыдзе).

1.3 Унутраны свет персанажа. Псіхалагізм

У персанажы, як і наогул у любой з’яве, рэчы і г. д., вылучаецца ўнутранае і знешняе.

Унутраны свет персанажа, які ўключае ў сябе памкненні, думкі, усвядомленыя пачуцці, а таксама сферу падсвядомага, адлюстроўваецца ў літаратурных творах па-рознаму.

На ранніх этапах развіцця літаратуры (старажытнасць, сярэднявечча) унутраны стан персанажа перадаецца больш апасродкавана, ускосна, а не прама і адкрыта. Творы гэтага часу ўзнаўляюць пераважна ўчынкі персанажаў і толькі ў вельмі нязначнай ступені ўнутраныя, псіхалагічныя матывы гэтых учынкаў. Перажыванні героя амаль што поўнасцю залежаць ад разгортвання падзей і падаюцца галоўным чынам праз знешнія праявы. Прычым пісьменік акцэнтуе ўвагу, як правіла, на адным якім-небудзь пачуцці, што запаланяе ўсю душу персанажа.

Пэўныя зрухі ў адлюстраванні літаратурай унутранага свету персанажаў (як у плане ўзбагачэння непасрэднай гамы перажыванняў, так і ў прыёмах і сродках яе перадачы) прынесла эпоха Адраджэння. Асабліва неабходна адзначыць тут творчасць У. Шэкспіра, персанажы п’ес якога надзвычай багатыя сваім душэўным жыццём. Менавіта да іх ужо можна з поўным правам прымяняць тэрмін-азначэнне «псіхалагічна напоўненыя».

Пасля некаторага перапынку ў класіцыстычную эпоху псіхалагізм актывізаваўся ў еўрапейскай літаратуры к другой палове ХVІІІ ст. у творчасці пісьменнікаў-сентыменталістаў («Юлія, ці Новая Элаіза» Ж.-Ж. Русо, «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л. Стэрна і інш.).

Яшчэ большы імпульс развіццю псіхалагізму ў літаратуры надаў рамантызм. Пісьменнікі-рамантыкі імкнуліся ўзнаўляць складаныя, часам надзвычай супярэчлівыя перажыванні сваіх герояў. Аднак і на іх творчасці яшчэ ляжыць пэўны адбітак адналінейнасці пачуццяў (героі паэм Дж. Байрана, А. Пушкіна, М. Лермантава і інш.).

Аб ХІХ жа стагоддзі, і асабліва аб другой яго палове, можна ўжо весці гаворку як аб часе поўнага і ўсебаковага ўсталявання псіхалагізму ў літаратуры. Асабліва шмат у мастацкае даследаванне «дыялектыкі душы» сваіх персанажаў унеслі Л. Талстой і Ф. Дастаеўскі. У іх раманах і аповесцях з небывалымі да гэтага паўнатой і канкрэтнасцю ўзноўлены працэсы фарміравання думак, пачуццяў, намераў чалавека, іх перапляценне і ўзаемадзеянне, часам надзвычай складанае і супярэчлівае. Менавіта ў гэты час у літаратуры замацавалася «рэфлексуючая» асоба (В. Халізеў), якую можна знайсці практычна ў любым буйным рэалістычным творы.