Смекни!
smekni.com

Жыццёвая дарога Міхала паэма Якуба Коласа Новая зямля.

... Маё апавяданне
Жыцця адбітак, разважанне.
Нязжыты след прасцяцкай долі,
Адвечны водгук праўды, волі.
Я. Колас

Паэма Я. Коласа "Новая зямля" — вяршыня паэтычнага майстэрства песняра. Працаваў над ёй аўтар больш за дванаццаць гадоў: паэма была пачата ў 1910 г., а апошні раздзел — трагічная развязка — напісаны ў 1923 г. З аповесці аб жыцці адной лесніковай сям'і паэма перарастае ў вялікі твор аб жыцці беларускага сялянства ў канцы XIX ст. (яго быце, звычаях, беззямеллі, збядненні, пошуках кавалка хлеба на панскай службе, яго абуджэнні і ўсведамленні сваёй чалавечай годнасці). Праблемы зямлі і волі з'яўляюцца асноўнымі ў творы. Галоўны герой паэмы — Міхал. Беззямелле і галеча прымушаюць яго "вандраваць" у жыцці: "хадзіў на сплаў ён, на віціны, разоў са два хадзіў у Прусы", а пасля наняўся лесніком да князя Радзівіла. Міхал працуе не шкадуючы сіл, здароўя. Ён ахоўвае лес, даглядае за статкам, "правіць" сенакосы, "ставіць" рабочых, выконвае шматлікія загады і даручэнні пана ляснічага. У працы ён знаходзіць задавальненне, верыць у яе як аснову жыцця і дабрабыту, спадзяецца сваімі рукамі здабыць сваё шчасце. Дзякуючы руплівай і стараннай працы, неабжытыя і занядбалыя куткі, у якіх апынаецца герой паэмы, становяцца ўтульнымі і квітнеючымі:

Ўсё зацвіло, загаманіла,
Бы жыватворная тут сіла
Ад сну прыроду абудзіла.

Міхал — чалавек клапатлівы, спагадлівы. Ён верны муж і патрабавальны бацька. Шчыра любячы дзяцей, ён часам сур'ёзна ставіцца да іх. Наймаючы "дарэктара", Міхал спадзяецца: "а вось мо' з меншых што і будзе, няхай яны ўжо йдуць у людзі". Герой твора чула адносіцца да брата Антося і разам з ім любіць пажартаваць, павесяліцца, падзяліцца земляробчай мудрасцю. Працуючы ў Радзівіла, Міхал сутыкаецца з жорсткімі і няўмольнымі законамі, якім трэба падпарадкоўвацца працоўнаму чалавеку. Служба ставіць яго ў поўную залежнасць ад волі пана ляснічага. Прыгнёт, знявага, прыніжэнне, лаянка, пагрозы, варожыя адносіны сялян — усё гэта цяжкім грузам кладзецца на душу Міхала. Героя не задавальняюць умовы жыцця і працы, і ён шукае выйсця з цяжкага паднявольнага становішча.

А дзе ж той выхад? Дзе збавенне?
З няволі цяжкай, з паланення?
Адзін ён ёсць: зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ралля.

То — наймацнейшая аснова
І жыцця першая умова.
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць.

Вызваліцца з-пад улады пана, стаць свабодным, на думку Міхала, можна шляхам набыцця зямлі:

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля — вось што аснова!

Думка аб зямлі свяціла Міхалу "зоркай яснай" у самыя змрочныя дні, надаючы сэнс яго жыццю. Зямля ва ўяўленні Міхала — "аснова ўсёй айчыне", надзея на вызваленне "з няволі цяжкай, з паланення", "промень волі і свабоды". Стаць гаспадаром на сваёй зямлі — значыць стаць распарадчыкам свайго лёсу:

Свая зямля, свая пасада!
Ці ёсць мацнейшая прынада?

Мара Міхала аб зямлі высакародная, узвышаная. Гэта не дробнаўласніцкі разлік (як раней лічылася ў літаратурнай крытыцы), а спроба духоўнага разняволення, самасцвярджэння асобы. Зямля павінна належаць таму, хто на ёй працуе. Галоўны герой хоча быць гаспадаром на сваёй зямлі. І калі б так стала, Міхал здабыў бы свабоду, незалежнасць, дабрабыт, адчуў бы асалоду вольнай працы. Але мара аб набыцці зямлі аказалася неажыццявімай, ілюзорнай. Міхал памірае з надзеяй, што Антось прадоўжыць пачатую ім справу:

Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін...
Як лепшы брат, як родны сын.
Бог не судзіў мне бачыць волі
І кідаць зерні ў свае ролі...

Лёс Міхала з пункту гледжання сённяшняга дня ўспрымаецца з болем і трывогай. Я. Колас нібы прадчуваў трагічнасць шляху беларускага селяніна да сваёй зямлі. І рэальнае жыццё паказала, што справа Міхала не магла быць прадоўжана. Масавая калектывізацыя канца 20 — пачатку 30-х гадоў, якая нібы ратавала селяніна ад беднасці і забяспечвала шчаслівую будучыню, разбурыла сялянскія ідэалы і тым самым пацвердзіла марнасць шляху Міхала (і ўсяго сялянства) да зямлі. Мара Міхала аб уласнай зямлі ў паэме становіцца бяскрылай, ператвараецца ў ідэю без будучыні. Паэма Я. Коласа "Новая зямля", напісаная даўно, гучыць надзённа і сёння. Яна вучыць паважаць працу хлебароба, якая з'яўляецца не толькі крыніцай дабрабыту, але і асновай фарміравання вышэйшых маральных норм і якасцей чалавека.