Сацыяльна-эканамічнае жыцце Беларусі у канцы ХIХ ст. (стр. 1 из 5)

Сацыяльна-эканамічнае жыццё Беларусі ў канцы ХIХ ст.

У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад паўночна-заходняга рэгіёну Расійскай імперыі. Згодна адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу 1802 года, Беларусь была ў складзе пяці губерняў: Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай.

3 1772 па 1856 гг. Віцебская і Магілёўская губерні знаходзіліся ў складзе Беларускага генерал-губернатарства; Віленская, Мінская і Гродзенская з 1794 па 1912 гг. - у складзе Віленскага генерал-губернатарства. У час польскага нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-1831 гг. Мінская губерня да 1834 г. атрымала статус генерал-губернатарства.

Тэрыторыя Беларусі ў пачатку ХІХ ст. складала каля 207 тыс. кв.км. Па фізічнаму саставу землi былі пераважна гліністыя або пясчаныя ці супясчаныя, месцамі камяністыя, якія патрабавалі стараннай апрацоўкі і добрага ўгнаення. Не выпадкова вядомы рускі эканаміст сярэдзіны XIX ст. Л.В. Тэнгаборскі па якасці глебы адносіў Віленскую і Віцебскую губерні да раёна з "пасрэднай" глебай, а Гродзенскую, Мінскую і Магілёўскую да "часткова пладароднай". Значная частка тэрыторыі Беларусі была пакрыта вялікімі лясамі, шматлікімі азёрамі і балотамі. У прыватнасці, у Мінскай і Віленскай губернях лясы складалі 40-45% ад агульнай тэрыторыі. І толькі ў Віцебскай і Магілёўскай губернях апрацаваныя землі складалі адпаведна 41,6 і 39,0%. На ўсёй астатняй тэрыторыі яны займалі, як правіла, крыху больш 1/3 ад усёй плошчы Беларусі.

Насельніцтва Беларусі у пачатку XIX ст. налічвала 3,3 млн. чалавек. Большую яго частку складалі беларусы. Выключэннем была Віленская губерня, у якой пераважала літоўскае насельніцтва - 48% ад агульнай колькасці насельніцтва губерні, а беларусы складалi 20% і жылi пераважна у Віленскім, Дзісненскім і Свянцянскім паветах. Жылі на тэрыторыі беларускіх губерняў таксама рускія, украiнцы, латышы, палякі, татары і яўрэі.

Саслоўнаяструктура насельніцтва Беларусі, у сваю чаргу, падзялiла саслоў'i на прывілеяваныя і падатковыя. Вышэйшым прывілеяваным саслоў'ем было дваранства, якое налічвала трохі менш за 100 тыс. чалавек мужчынскага полу і падзялялася на радавое і асабістае. Асаблівасцю дваранскага саслоў'я Беларусі была перавага "сапраўднага" (радавога) дваранства і нізкая ўдзельная вага асабістага (служылагага) дваранства, што тлумачыцца адсутнасцю ў былой Рэчы Паспалітай падараванняў "высокароднасці" за службу, як гэта практыкавалася ў Расіі па пятроўскім табелі аб рангах. Другой асаблівасцю дваранскага саслоў'я Беларусі была пераважная наяўнасць дробнапамеснага і безпамеснага дваранства.

Канфесіянальная прыналежнасць дваранства размяркоўвалася наступным чынам: католікі складалі каля 87%, праваслаўныя - 6%, пратэстанты - 0,7%, мусульмане - 0,9%. Па свайму нацыянальнаму складу вышэйшае саслоў'е беларускіх губерняў у асноўным складалася з палякаў і беларусаў - 95%. Рускае і ўкраінскае дваране складалі не больш за 2% ад агульнай колькасці. Каля 2% дваран былі татарамі, менш 1% - нямецкага і французскага паходжання.

Другім прывілеяваным саслоў'ем з'яўлялася духавенства. Сярод яго пераважную большасць складала хрысціянскае духавенства. Яно было прадстаўлена праваслаўным, уніяцкім (да 1839 г.), рымска-каталіцкім і пратэстанцкім напрамкамі. Праваслаўнае і уніяцкае духавенства складалася з двух катэгорый: чорнага (манаства) і белага (прыходскага). Унутры уніяцкага духавенства з сярэдзіны ХVIII ст. ішла ўпартая барацьба, якая была выклікана лацінізацыяй уніі і непадпарадкаваннем базіліян уніяцкай іерархіі. Акрамя хрысціянскага духавенства існавала іўдзейскае і мусульманскае.

Сярод прывілеяванага насельніцтва Беларусі патрэбна таксама выдзеліць адносна нешматлікую групу славутых гараджан (радавых і асабістых), якая была створана ў Расіі ў 1832 г. У разрад радавых паважаных гараджан пападалі купцы першай гільдыі, вучоныя, мастакі, дзеці асабістых дваран і дзеці духавенства, якія мелі адукацыйны цэнз. Паважаныя гараджане мелі шэраг прывілеяў: яны пазбаўляліся рэкрутчыны, цялесных пакаранняў, падушнага падатку і iншых дзяржаўных павіннасцяў.

У першай палове XIX ст. у Беларусі больш як у два разы павялічылася купецкае саслоў'е, якое складалася з трох гільдый, у залежнасці ад сумы абвешчанага капіталу. Пераважная большасць беларускага купецтва належыла да ІІІ гільдыі. Агульная колькасць усіх трох гільдый у 1861 г. складала каля 7 000 чалавек. Купецтва вызвалялася ад падушнага падатку і цялесных пакаранняў, а купцы І-II-й гільдый - і ад рэкрутчыны. Саслоўны статус купца поўнасцю залежыў ад яго маёмаснага стану: ў выпадку банкруцтва і разарэння купец выпадаў са свайго саслоў'я.

Асноўную масу падатковых саслоў'яў і ўсяго насельніцтва Беларусі складалі сяляне. Па даных Х рэвізіі з 4 410 849 жыхароў 2 381 513 былі прыгоннымі і складалі 53,5% (І859 г.) ад усёй колькасці жыхароў. Прыгонныя сяляне падзяляліся на дзве асноўныя групы - памешчыцкія і дзяржаўныя. Пераважную большасць прыгонных складалі памешчыцкія сяляне - 2 369 050 мужчын і жанчын. Памешчыцкія сяляне падзяляліся на дзве групы: паселеных сялян і дваровых. Паселеныя сяляне атрымалі ў карыстанне зямельны надзел, які юрыдычна належыў памешчыку і займаліся сельскай гаспадаркай. Дваровыя былі пазбаўлены сродкаў вытворчасці і абслугоўвалі памешчыка і яго сядзібу.

Значную частку сялян Беларусі складалі агароднікі, якія былі пазбаўлены ворнай зямлі і мелі толькі сядзібу з агародам. Да большасцi прыгонных аднасiлiся бабылі або кутнікі - беззямельныя і бяздомныя сяляне, якія здымалі куток у цяглавых сялян і наймаліся да іх батракамі.

Дзяржаўныя сяляне Беларусі ўтварыліся з розных катэгорый сельскага насельніцтва Рэчы Паспалітай і былі прадстаўлены рознымі групамі: ленныя (І8 098), паезуіцкія (40 021), сяляне розных тыпаў арэндных маёнткаў (2 207). Больш блізкія былі да іх па свайму становішчу "панцырныя баяры" (3 420), велікарускія стараабрадцы (12 000), вольныя людзі і інш.

Прыгонныя сяляне знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад сваіх уладальнікаў, якія адвольна назначалі віды і памеры феадальных павіннасцяў. Памешчык меў правы без чаргі здаваць у рэкруты непажаданага яму селяніна, мог адняць у прыгонных увесь іх скарб, падвергнуць цялесным пакаранням. Сяляне Беларусі былі прыгнечаны цяжкімі павіннасцямі, якія падзяляліся на галоўныя і дадатковыя. Да галоўных адносіліся баршчына ці аброк, а таксама згоны (гвалты). Акрамя гэтага сяляне былі абкладзены i дадатковымi павіннасцямi: шарваркі (будаўнічыя работы), вартаўніцтва (начны дазор) і падводная павіннасць. Усё гэта яны выконвалі за прадастаўленне ім права лавіць рыбу, займацца ляснымі промысламі, здабычай вапны і г. д. Па патрабаванню памешчыка сяляне прыносілі ўсялякія "даніны" ягадамі, грыбамі, мёдам, пражай, палатном і інш.

У сувязі з развіццём прадпрымальніцтва памешчыкаў эксплуатацыя сялянства прыняла яшчэ больш цяжкія формы. Нароўнi з палявымi работамi на барскай ворыўнай зямлі прыгонныя вымушаны былi яшчэ працаваць ад цямна да цямна на мануфактурах памешчыкаў. Звычайна сяляне нават не ведалі сумы сваіх заробкаў, бо з імі не праводзілі разлікаў.

Становішча дзяржаўных сялян было крыху лепшае за памещыцкiх. Яны належылі казне і афіцыйна называліся "свабоднымі сялянскімі абывацелямі". У адрозненне ад сялян унутраных расійскіх губерняў, якія знаходзіліся на "аброчным становішчы", беларускія дзяржаўныя сяляне засталіся на "гаспадарчым становішчы". Яно заключалася ў тым, што казённыя маёнткі ў асноўным здаваліся ў арэнду, часцей на кароткі тэрмін памешчыкам з ліку мясцовых землеўладальнікаў ці буйным чыноўнікам.

Як правіла, сяляне адбывалі баршчыну. Часовыя арандатары і ўладальнікі падвяргалі сялян эксплуатацыі больш вытанчанай, чым памешчыцкіх. “. Уменне прыгнятаць сялян работамі абярнулася на Беларусі ў найтанчэйшае жудаснае для чалавецтва мастацтва," - адзначалася ў ананімнай запісцы, якая была дадана да матэрыялаў рэвізіі 1836-І840 гг. з нагоды становішча дзяржаўных сялян.

Другім падатковым саслоў’ем былі мяшчане - асабіста свабоднае насельніцтва гарадоў, якое павінна было плаціць падушны падатак, адбываць рэкрутчыну і іншыя грашовыя і натуральныя павіннасці. Аднак не ўсе мяшчане жылі ў горадзе. Звычайна заможныя сяляне, якія сталі вольнымі і перайшлі ў саслоўе мяшчан,"прыпісваліся" да таго ці іншага горада, але працягвалі жыць у сваёй весцы, дзе ў іх была наладжана прадпрымальніцкая справа.

У першай палове ХІХ ст. на Беларусі афіцыйна афармляецца асобая непадатковая, але і не прывілеяваная група насельніцтва - разначынцы, г. зн. выхадцы з "розных чыноў і званняў". Гэта была асабіста свабодная, служылая катэгорыя насельніцтва, болей ці меней аднародная па характару сваіх заняткаў, па свайму становішчу ў грамадстве, у тым ліку і прававому. Як правіла, разначынец - нязначны чыноўнік, настаўнік гімназіі, дзеяч навукі, літаратуры і мастацтва. У першую чаргу разначынцамі з'яўляліся адукаваныя інтэлігенты, выхадцы з сялянства, мяшчанства, купецтва, духавенства, збяднелага дваранства. Агульны іх лік і ўдзельная вага сярод насельніцтва Беларусі не вызначаны.

У канцы XVIII ст. і ў першых дзесяцігоддзях ХІХ ст. у дзяржавах, у якіх ужо адбыліся буржуазныя рэвалюцыі, назіраўся хуткі эканамічны і сацыяльны прагрэс. У Францыі разгарнуўся прамысловы пераварот, а ў Англіі ён ужо завяршыўся.

На пачатку другога дзесяцігоддзя ХІХ ст. каля паловы насельніцтва гэтых краін працавала ў прамысловасці і гандлі. Больш адсталыя еўрапейскія дзяржавы ўсё мацней адчувалі ціск на сваю эканоміку з боку перадавых капіталістычных краін.

Расія, нягледзячы на свае гаспадарчыя поспехі ў першай чвэрці ХІХ ст., значна адставала ад еўрапейскіх дзяржаў, у якіх феадальны парадак быў ужо скасаваны. Новыя капіталістычныя формы эканамічнага жыцця ў прыгонніцкай Расіі праяўляліся ўсё больш яскрава, але працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкіх адносін ішоў марудна. У пачатку стагоддзя большасць насельніцтва Расіі існавала за кошт сельскагаспадарчай працы. Сельская гаспадарка па-ранейшаму заставалася вядучай галіной яе эканомікі.