Смекни!
smekni.com

Беларусь у ХVІ-ХVІІІ cтагодзях (стр. 2 из 5)

Сітуацыя склалася такім чынам, што ў канцы XVII – пачатку XVIII стст. праваслаўная вера ў РП страціла аўтарытэт настолькі, што тры яе епархіі з чатырох перайшлі ва ўніяцтва. Адзіная Беларуская епархія імкліва губляла сваіх прыхільнікаў. Пад яе кантролем засталося толькі 130 цэркваў, а 164 царквы і 5 манастыроў на працягу 1686-1754 гг. таксама далучыліся да ўніі.

Пад час Паўночнай вайны з-за прысутнасці ў РП іншаземных войскаў становішча асноўных канфесій пэўным чынам змянілася. Характэрна, што Пётр І ставіўся да каталікоў даволі прыхільна і нават дазволіў ім адкрыць некалькі касцёлаў у Расіі. Разам з тым праваслаўны цар разглядаў уніятаў як здраднікаў веры. З яго ведама ў 1706 г. у Полацку было забіта пяць манахаў-базыльянаў, мноства іх арыштавана і вывезена ў Расію. Маёмасць базыльянскіх кляштараў была разрабавана рускай арміяй, а ў 1710 г. ад полацкай Сафіі, ператворанай у склад пораху, пасля выпадковага выбуху засталіся адны руіны. У той самы час цар накіраваў у Магілёў камісара для абароны інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва, а ў 1717 г. дамогся ад сейма прыняцця адпаведнага закона ў абарону правоў іншаверцаў усёй краіны. Такую ж палітыку праводзілі Кацярына І, Лізавета І і інш., але працэс умацавання ўніі за кошт праваслаўя працягваўся.

У апошняй трэці XVII – пачатку XVIII стст. уніяты пераўзыйшлі ўплыў праваслаўнай царквы. Таму паспрыялі вынікі ўніяцкага царкоўнага сабору (з’езду), які адбыўся ў Замосці ў ліпені-верасні 1720 г. пад старшынствам папскага нунцыя. Паводле прынятых пастаноў, у веравучэнне і працэдуру ўніяцкага набажэнства ўводзіліся асобныя лацінскія элементы (сімвал веры, узгадванне імя папы рымскага), але традыцыі ўсходняй (праваслаўнай) царквы па-ранейшаму захоўваліся.

Нягледзячы на значныя дасягненні уніятаў, іх канфесія намаганнямі ксяндзоў часта падавалася як непаўнавартасная, «хлопская» і г. д., што ўрэшце правакавала ўзрастанне напружанасці паміж каталіцкай і уніяцкай элітамі.

3. Культура Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай

Пад уздзеяннем ідэй Рэнесансу стан адукацыі ў ВКЛ узняўся на больш высокі ўзровень. З пачаткам Рэфармацыі тут сталі ўзнікаць кальвінісцкія і зрэдку лютэранскія школы. Асаблівасцю адукацыйных устаноў ВКЛ ХVІ ст. зрабілася перавага ў іх так званых брацкіх школ, дзе на працягу 3-5 год навучаліся дзеці розных саслоўяў, як правіла, пратэстанцкага і праваслаўнага веравызнання. У пратэстанцкіх школах выкладаліся багаслоўе і царкоўныя спевы, лацінская, грэчаская і родная мова, рыторыка, гісторыя, матэматыка.

У пачатку 1620-х гг. у межах уніяцкай мітраполіі налічвалася 2 169 уніяцкіх і 1 089 праваслаўных храмаў, дзе былі адкрыты школы. Найбольшых поспехаў на ніве адукацыі дасягнуў ордэн Базыльянаў.

Развіццё брацкіх школ у ХVІІ ст. прывяло да з’яўлення падручнікаў. Так, у Брэсце праваслаўны святар Л. Зізаній падрыхтаваў да выдання «Азбуку з Лексісам». 12 лютага 1596 г. ён выдаў «Граматыку словенску совершенного искуства осми частій слова... ». У 1631 і 1636 гг. у Куцейна пад Оршай беларуска-украінскі асветнік С. Собаль надрукаваў «Буквар».

На хвалі барацьбы каталіцызма з Рэфармацыяй у 1570 г. у Вільні езуітамі быў створаны так званы «калегіум», а праз 9 год на яго базе пачала дзейнічаць вышэйшая навучальная ўстанова – акадэмія і ўніверсітэт з 7-гадовым тэрмінам навучання. З цягам часу папулярнасць універсітэта, а таксама колькасць яго навучэнцаў узраслі з 60 студэнтаў (1579) да 800 штогод (у першай пал. ХVII ст.). Асноўную іх масу складалі выпускнікі калегіумаў Берасця, Віцебска, Гародні, Нясвіжа, Оршы, Пінска, Полацка.

Да канца стагоддзя становішча, калі асноўнымі мовамі навучання ў ВКЛ былі лацінская і польская, зрабілася тыповым. Што датычыць зместу навучання, то яно рабілася ўсё больш свецкім. Навуковыя адкрыцці ў фізіцы, матэматыцы, біялогіі, медыцыне і інш. пахіснулі манаполію царквы ў фарміраванні светапогляду людзей, надаўшы ім веру ў магчымасць удасканалення грамадскага ладу на разумных пачатках, праз распаўсюджанне навукі, ведаў і свецкай культуры. Само ХVІІІ стагоддзе, калі пачаліся і ўзмацніліся канкрэтныя станоўчыя зрухі ў гэтым напрамку, пачалі называць эпохай Асветніцтва, а прагрэсіўных дзеячаў навукі і культуры – асветнікамі. Распаўсюджанне асветніцкіх ідэй на Беларусі знайшло ўвасабленне найперш у сістэме адукацыі. Так, у 1740-х гг. калегіумы каталіцкага ордэна піяраў у Віцебску, Дуброўне, Лідзе, Шчучыне і інш. уключылі ў свае вучэбныя праграмы матэматыку, фізіку, усеагульную і польскую гісторыю і тым наблізіліся да свецкай адукацыі. У гэты час мовай навучання з’яўлялася польская. Базыльяне, якім належалі школы ў Віцебску, Жыровічах, Менску, Навагрудку, Пінску, выкарыстоўвалі беларускую мову.

За правядзенне ў РП адукацыйнай рэформы на дзяржаўным узроўні ўзялася створаная ў 1773 годзе Адукацыйная камісія. У лік абавязковых прадметаў былі ўключаны геаграфія, права, логіка, рыторыка, эканоміка. Пасля забароны (1773) дзейнасці ў РП Ордэна езуітаў Віленская акадэмія ў 1780 г. была ператворана ў Галоўную школу ВКЛ і пад яе пачатак перадаваліся ўсе навучальныя ўстановы.

У гэты ж час узнікае і пашыраецца прафесійная школа. Так, у Гародні, дзякуючы намаганням магната А. Тызенгауза (1738-1785), рыхтаваліся медыкі, ветэрынары, аўдытары, мастакі, чарцёжнікі. Запрошаны каралём РП французскі прафесар Ж. Жылібер заснаваў у Гародні вышэйшую медыцынскую школу (1775-1781), а пры ёй – аптэку, прыродазнаўчы кабінет, анатамічны тэатр і батанічны сад.

Выпускнік Віленскай Акадэміі К. Семяновіч (1600-пасля 1651), генерал войск РП у працы "Вялікае мастацтва артылерыі", выдадзенай у Галандыі, распрацаваў праект шматступенчатай ракеты.

Нягледзячы на адносную рэлігійную талерантнасць, ідэя бога з’яўлялася непахіснай, а праявы вальнадумства бязлітасна караліся. Так, 30 сакавіка 1689 г. у Варшаве быў пакараны смерцю брэсцкі падсудак К. Лышчынскі за напісаную ім працу «Аб неіснаванні бога».

I. Капіевіч (1651-1714) – выпускнік Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, а пасля – яе выкладчык, з-за пераследу езуітаў быў вымушаны з’ехаць у Галандыю. У Амстэрдаме ён стварыў сучасны варыянт кірылічнага шрыфту. За 1699-1706 гг. выдаў больш за 20 кніг па арыфметыцы, гісторыі, граматыцы, марской справе, а затым выехаў у Расію.

ВКЛ не толькі ўзбагачала навуку і культуру суседніх дзяржаў, але і само карысталася іх дасягненнямі ў гэтых галінах. Працы філасофаў Ф. Бэкана, Т. Гобса, Д. Лока, Р. Дэкарта, Ш. Мантэск’е і інш. актыўна ўключаліся ў курсы лекцый прафесараў Віленскага ўніверсітэта А. Скарульскага, Б. Дабшэвіча, К. Нарбута). Фізік Ю. Міцкевіч устаў на платформу ньютанаўскай механікі. М. Пачобут-Адляніцкі заснаваў айчынную астраномію.

Такім чынам, за працяглы час свайго існавання – з ХVІ па ХVІІІ стст. беларуская адукацыя і навука прайшлі доўгі шлях ад царкоўнай падпарадкаванасці і рэлігійнага зместу да рознаўзроўневай сістэмы свецкіх навучальных устаноў. У вучэбных праграмах павялічылася доля прыродазнаўчых дысцыплін, а філасофія перастала быць «служанкай багаслоўя» і ператварылася ў самастойную навуку. Рэнесансныя традыцыі беларускага кнігадрукавання, заснаванага Скарынам, пераняла і прадоўжыла плеяда дзеячаў Рэфармацыі і Асветніцтва. За рэдкім выключэннем (С. Будны, В. Цяпінскі і інш.) – ураджэнцы Беларусі ў сваёй творчай дзейнасці не звярталіся да роднай мовы. Нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці ці ідэнтыфікацыя сябе з іншымі этнасамі рабілі асобных ураджэнцаў ВКЛ донарамі іншых культур. У іх ліку – кнігадрукары П. Мсціславец і І. Фёдараў.

Мастацкае слова, філасофская думка і гістарычная падзея адбілася ў асабістых запісах жыхароў ВКЛ – лістах аршанскага старасты Ф. Кміты-Чарнабыльскага (1530-1587) на адрас паны-рады, «Дзённіка» навагародскага падсудка Ф. Еўлашоўскага (1546-1616), «Дыярыуш» ігумена А. Філіповіча (1597-1648), дзённік «Авантуры майго жыцця» наваградскай лекаркі С. Русецкай (1718-1760).

Акрамя рэлігійна-палемічнай літаратуры, у ВКЛ у рэчышчы барочнага мастацтва ніжэйшага ўзроўню развіваліся і іншыя яе жанры – лірыка, п’есы для батлейкі, а таксама сатыра. Апошняя найлепш прадстаўлена ў ананімным творы «Ліст да Абуховіча» (1655), дзе ў асобе ваяводы высмейваецца амаральнасць шляхты. Тая ж праблема ёсць і ў другім ананімным творы «Прамова Мялешкі».

Сімяон Полацкі (С. Г. Пятроўскі-Сітніяновіч) (1629-1680 гг.) напісаў мноства вершаў і паэм маральна-дыдактычнага характару, дзве тэатральныя камедыі, выдаў зборнік «Рыфмалогіі». За нядоўгі час свайго жыцця С. Полацкі выявіў багаты талент святара і багаслова, педагога, паэта, перакладчыка. Як прыхільнік ідэі кансалідацыі славян распрацаваў праект («Прывілей») заснавання ў Расіі славяна-грэка-лацінскай акадэміі. У асобных яго творах сустракаюцца рысы барока.

Гэты мастацкі стыль узнік у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе ў выніку ўзаемадзяння многіх сацыяльна-эканамічных, палітычных, рэлігійных і іншых працэсаў, якія мелі месца ў ХVІ ст. Найперш ён увасобіўся ў архітэктуры і абапіраўся на традыцыі антычнасці з уласцівым ёй пышным, пампезным дэкорам, вытанчанасцю форм і ліній, выкарыстаннем светлацені і іншымі рысамі мастацтва. Першым яго ўзорам на ўсходнеславянскіх землях стаў касцёл Божага цела ў Нясвіжы (1584-1593), пабудаваны Я. Бернардоні па кананічным праекце царквы Іль Джэзу ў Рыме. У далейшым асноўнай базай беларускага барока з’яўлялася культавая архітэктура першай паловы XVII ст. Характэрная яго праява (базілікавы тып храма з двухвежавым галоўным фасадам) адбіта ў касцёлах езуітаў у Гародні і Мінска, дамініканцаў у Стоўбцах і ў Княжыцах пад Магілёвам, бернардзінак у Мінску.

Працэс развіцця мураванай архітэктуры меў тры этапы і ў адпаведнасці з імі беларускае барока стала ўмоўна падзяляцца на ранняе, сталае і позняе. Апошняе (1730-1780-я гг.) з уласцівым яму ўменнем мясцовых дойлідаў па стварэнні шмат’ярусных вежаў, фігурных франтонаў, па дасягненні гармоніі вертыкалізму ліній і плаўнасці сілуэтаў было названа віленскім. Гэты стыль характэрны касцёлу кармелітаў у Глыбокім, сабору св. Сафіі ў Полацку, Андрэеўскаму касцёлу ў Слоніме і інш. З цягам часу элементы барока з’яўляюцца і свецкай архітэктуры палацавых ансамбляў у Нясвіжы, Ружанах, Шчорсах, ратуш Віцебска, Магілёва, Мінска.