Смекни!
smekni.com

Гісторыя эканамічнага развіцця Беларуссю ў канцы XVII - пачатку XVIII ст. (стр. 1 из 3)

Эканамічны заняпад Беларусі ў другой палове XVII — першай палове XVIII ст.

Другая палова XVII — першая палова XVIII ст. – гэта перыяд глыбокага эканамічнага заняпаду, прычынамi якога перш за ў се з`я ў ляюцца:

1. Войны:

- антыфеадальная вайна 1648 — 1654 гг.;

- вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 1667 гг.;

- польска-шведская 1655 — 1660 гг.;

- Паўночная вайна 1700 — 1721 гг.

Вынікі: поўнае разбурэнне гарадоў і сельскай гаспадаркі асабліва ў усходніх і паўночных раёнах.

2. Рэзкае скарачэнне колькасці насельніцтва

На 1654 г. на Беларусі было каля 2,9 млн. жыхароў, на 1667 г. – каля 1 млн. Абязлюдзелі ўсходнія і паўночныя паветы Беларусі. Да 1700 г. колькасць насельніцтва ўзрасла да 2,2 млн., але пасля Паўночнай вайны – зменшылася да 1,5 млн. чалавек.

3. Значнае змяншэнне колькасці ворыўных зямель. Не было працаўнікоў, зменшылася колькасць цяглавай жывёлы. Плошчы ворыва на Беларусі скараціліся больш чым на палову.

4. Узмацненне феадальнай эксплуатацыі сялянства. Павялічваліся памеры павіннасцей: адпрацовачнай, грашовай і натуральнай. У цяглых сялян у асноўным на захадзе і ў цэнтры Беларусі пераважала адпрацовачная, у чыншавых (больш на ўсходзе) — грашовая.

Асабліва цяжкае становішча было ў тых сялян, што працавалі на землях феадалаў-арандатараў. Арандатар, які імкнуўся за час свайго ўладання атрымаць ад маёнткаў найбольшы прыбытак, нярэдка павялічваў павіннасці звыш усякіх нормаў.

5. Няўстойлівыя палітычныя абставіны, узброеная барацьба магнацкіх груповак. Так, у канцы XVII – пачатку XVIII ст. найбольш адыёзныя формы набыла барацьба Сапегаў і Радзівілаў, што праходзіла на фоне Паўночнай вайны. Войскі магнатаў вынішчалі маёнткі сапернікаў, жадаючы падарваць эканамічную моц ворага. Тым часам падрывалася моц усей дзяржавы.

Сельская гаспадарка

Аднаўленне гаспадаркі пачалося на Беларусі ў пачатку XVIII ст. з галоўнай галіны — сельскай гаспадаркі. Зацікаўлены ў гэтым былі феадальныя ўласнікі — шляхта, магнаты, кароль і царква, у руках якіх знаходзілася галоўнае багацце – зямля і прыгоннае сялянства.

Дробная шляхта гаспадарыла на невялікіх участках зямлі і валодала нязначнай колькасцю сялян. Маёнтак сярэдняга шляхціца складалі некалькі вёсак. Буйнымі землеўладальнікамі былі магнаты, уласнікі вялікіх зямельных латыфундый, у склад якіх уваходзілі некалькі дзесяткаў ці нават соцень вёсак. У канцы XVIII ст. 16 магнацкім сем'ям (Радзівілам, Сапегам, Агінскім, Чартарыйскім і інш.) належала на Беларусі 30 % усіх сялян.

Буйнейшым феадальным уласнікам быў кароль Рэчы Паспалітай. Маёнткі, якімі ён распараджаўся, называліся каралеўскімі эканоміямі. Самымі вялікімі каралеўскімі ўладаннямі на ўсходзе Беларусі была Магілёўская эка-номія, якая ў пачатку XVII ст. налічвала толькі ворнай зямлі 126 тыс. га. Вялікія землеўладанні належалі каталіцкай і ўніяцкай царквам. У ходзе аднаўлення сельскай гаспадаркі феадальная знаць выкарыстоўвала ў асноўным два метады: перавод сялян на грашовы аброк — чынш і пашырэнне фальварка.

Грашовая рэнта ўжывалася часцей там, дзе разбурэнне было асабліва вялікім і востра не хапала рабочых рук. У гэтых маёнтках памешчыкі вымушаны былі адмаўляцца ад самастойнага вядзення гаспадаркі, перадавалі часова зямлю сваіх фальваркаў сялянам і пераводзілі іх з паншчыны на чынш. Чыншавыя стаўкі былі неаднолькавымі ў розных уладаннях, але досыць высокімі — 30 – 60 злотых з валокі. Тым не менш, большасць землеўладальнікаў старалася захаваць свае фальваркі.

Развіццё фальварачных запашак пераважала там, дзе насельніцтва, якое хоць і памяншалася, але ў масе сваёй заставалася на месцы. Другая ўмова – памешчык павінен быў мець сродкі для вядзення сваёй гаспадаркі ў фальварку. Па-ранейшаму сеялі азімае жыта (яно займала да 50 % усёй плошчы пасеваў), авёс, ячмень, грэчку, а на поўдні Беларусі — проса. Лён і каноплі займалі нязначнае месца ў панскіх пасевах. З-за недахопу рабочых рук і невялікай колькасці жывёлы зямля дрэнна апрацоўвалася і ўгнойвалася, таму сярэдняя ўраджайнасць асноўных культур у фальварках знізілася і складала сам 2-3.

У 30—40-я гг. XVIII ст. фальварачныя гаспадаркі ўзмацніліся на захадзе і ў цэнтральнай частцы Беларусі. Для аднаўлення фальваркаў патрэбны былі грашовыя сродкі, якіх у памешчыкаў пастаянна не хапала. Таму з другой паловы XVII ст. стала шырока практыкавацца перадача маёнтка ў арэнду або залог. Арандатарамі былі шляхціцы, а часам і купцы.

Паступова ўзнаўлялася і сялянская гаспадарка. Сяляне пашыралі яе шляхам запашкі пазанадзельнай зямлі, з якой яны не плацілі (бо ўтойвалі), ці плацілі невялікія падаткі. У аднаўленчы перыяд дзяржаўная ўлада і феадалы, каб хутчэй узняць пустоты, уводзілі розныя льготы для сялян, якія бралі для апрацоўкі дадатковы надзел. Такая палітыка станоўча ўплывала на стан сялянскай гаспадаркі і садзейнічала эканамічнаму ўздыму краіны ў цэлым.

Павіннасці

Сялянскія надзелы дзяліліся на цяглавыя, за якія ў асноўным выконвалася паншчына, і чыншавыя, за якія галоўным чынам сяляне плацілі грашовы аброк. Дапаўняла іх дзякла. У цэлым па Беларусі ў большасці былі цяглавыя сялянскія гаспадаркі. У сувязі з гаспадарчым разбурэннем павялічылася колькасць сялян, не меўшых амаль ніякіх сродкаў вытворчасці.

Паншчына. Яе адбывалі круглы год і мужчыны і жанчыны, са сваей рабочай жывелай. Памеры яе вызначаліся з улікам магчымасці селяніну весці сваю гаспадарку. За гэты перыяд памер паншчыны павялічыўся амаль у 3 разы, дасягаючы фантастычных лічбаў 24 дні на тыдні з валокі (маёнтак Блювенічы Лідскага павету на 1746 г.).

У разбураных маёнтках і дзеля навасёлаў рабіліся палеткі – у некалькі разоў памеры павіннасцяў памяншаліся, але на непрацяглы час.

Гвалты, талокі, згоны – работы ўсёй сялянскай сям’ёй на жніве, сенакосах, узворванні зямлі феадала. Колькасць гвалтоў часцей за усё вызначалося ў 12 на год дзеля сялянскай гаспадаркі. Адзін гвалт мог працягвацца тры дні (маёнтак Глыбокае Ашмянскага павету, 1702 г.).

Падводная павіннасць – на сваёй жывеле дастаўляць панскія грузы да прыстані ці ў гандлевыя цэнтры – ажно да Круляўца (зараз Калінінград). Замест паездкі пан мог спаганяць грашовы эквівалент адпрацоўкі, і ен быў вельмі вялікі.

Шарваркі – павіннасць заключалася ў рамонце і будаўніцтве дарог-гасцінцаў, мастоў, маёнткаў. Мелі нерэгулярны характар.

Акрамя таго, сяляне адбывалі старажоўшчыну (розныя гаспадарчыя работы ў двары феадала па чарзе сялянамі адной вёскі), начную варту, яны сплаўлялі лес і іншыя грузы ў парты Прыбалтыкі, удзельнічалі ў аблавах пад час панскага палявання і інш., жанчыны праполвалі агароды, ткалі, мылі для панскага двара. Пад час святаў сяляне павінны былі падносіць абавязковае “каляднае” і “валачобнае” – пэўную колькасць птушкі і яек.

Грашовыя падаткі:

Чынш – галоўны падатак для сялян чыншавых. Памер чыншу ў гэты перыяд павялічыўся з улікам інфляцыі амаль у два разы (з 30 злотых у 1682 г. да 120 злотых у 1750-х гг., Крычаўскае стараства).

Жорнавае – спаганялася панам за права карыстацца сваімі жорнамі.

Угайнае, ялавічнае, вепраўшчызна – грашовыя падаткі за права карыстацца ляснымі ўгоддзямі.

Чапавое – падатак за права вырабляць алкаголь.

Куніца – плата за дазвол выйсці замуж у іншую воласць.

Усяго налічваецца каля 56 найменаванняў грашовых спагнанняў.

Дзяржаўны падатак – падымнае – штогод уносіўся з кожнага дыма. Гіберна, што змяніла серабшчызну, ішла на ўтрыманне войска (спаганялася з дзяржаўных сялян). Рэйтаршчызна – ішла на ўтрыманне магнацкага прыватнага войска. На карысць ваенных спаганяліся з сялян стацыі (натуральны падатак) пад час кватаравання ў той мясцовасці войскаў.

Агульны пералік падаткаў немагчымы, бо іх існавала каля 120-140. Памеры падаткаў вызначаліся ў інвентарах. Але яны паўсюдна парушаліся арандатарамі і адміністрацыяй маенткаў, улады, што абараніла б селяніна, не было.

Горад

Войны сярэдзіны XVII ст. і Паўночная вайна нанеслі гарадам і мястэчкам Беларусі яшчэ большую страту, чым сельскай мясцовасці. Была разбурана большасць гарадоў, а некаторыя цалкам разграбаваны і спалены. Пад час расійскай акупацыі 1654 – 1667 гг. рамеснікі прымусова вывозіліся ў Расію, дзе працавалі на карысць ужо расійскай гаспадаркі. Такім чынам беларускія землі страцілі тую аснову, на якой магла з’явіцца нацыянальная буржуазія.

Гарады знаходзіліся ў глыбокім заняпадзе, унутраны рынак звузіўся, было падарвана развіццё рамяства. Частка застаўшыхся гарадскіх рамеснікаў была вымушана перасяляцца ў вёску або заняцца сельскай гаспадаркай у горадзе, бо не было заказаў пакупнікоў. Колькасць рамеснікаў у гарадах Беларусі рэзка зменшылася. У Гродне, напрыклад, у 1650 г. было 130 рамеснікаў, а ў 1680 г. засталося толькі 12.

З аднаўленнем прадукцыйных сіл у вёсцы паступова пачынае адраджацца гаспадарка гарадскіх паселішчаў. Хутчэй, чым іншыя, адбудоўваюцца буйныя гарады на галоўных гандлёвых шляхах – Мінск, Магілёў, Віцебск, Нясвіж, Навагародак. У гэтых гарадах расце рамесная вытворчасць, назіраецца спецыялізацыя раёнаў. У Віцебску ў першай палове XVIII ст. пашыралася гарбарная вытворчасць, апрацоўка мінеральнай сыравіны і дрэва. Вялікім попытам карысталіся магілёўскія пальчаткі і мыла, слуцкія пярсцёнкі, вырабы мінскіх рымароў.

Адраджэнне рамяства суправаджалася аднаўленнем арганізацый рамеснікаў – цэхаў. Адначасова узрастае роля скупшчыка-пасрэдніка. Гэтай справай займаюцца не толькі гандлёвыя людзі, але і майстры, цэхмістры. Цэхі ўжо не ахопліваюць большасць рамеснікаў горада, і адносіны паміж цэхамі і нецэхавымі вытворцамі абвастраюцца.

Новае ў эканамічным жыцці – гэта з’яўленне мануфактурнай вытворчасці, пераважна ў мястэчках і сельскай мясцовасці, што належалі магнатам (вотчынныя мануфактуры). Там іх працы не перашкаджалі цэхі. Першыя мануфактуры ўзніклі ў мястэчку Урэчча Бабруйскага павету (шкляныя вырабы) і ў мястэчку Свержань (фарфоравыя вырабы) у 30-я гг. XVIII ст. У сярэдзіне стагоддзя на 53 мануфактурах працавала 2400 рабочых, але большая частка з іх – гэта прыгонныя.