Смекни!
smekni.com

Беларуская журналістыка (стр. 2 из 6)

«Маладняк» выходзіў значным тыражом - 2500 экземляраў. Кніжка была прыгожа аформлена. Змешчаны здымкі аўтараў, шмат малюнкаў, клішэ, высокаякасная папера, каляровая вокладка прыцягвалі ўвагу чытачоў. Планавалася выпускаць часопіс штомесячна. Аднак ў 1923 г. выйшаў толькі адзін нумар, у 1924 г. - чатыры і толькі ў 1928 г. - 12 кніжак.

Паэзія «Маладняка» хутка разышлася па ўсёй Беларусі. Паэтызацыя новага жыцця, услаўленне чалавека стваральнай працы, героіка рэвалюцыі і грамадзянскай вайны былі жыватворнай крыніцай, якая напаўняла іх творчасць. Яркім прыкладам распрацоўкі рэвалюцыйнай тэматыкі стала згадваемая раней паэма М. Чарота «Босыя на вогнішчы». Літаратурная моладзь, якая ўзыходзіла на першыя прыступкі мастацтва, імкнулася ў сілу сваіх магчымасцей адлюстроўваць рэвалюцыйныя перамены.

На старонках газет і часопісаў друкавалася шмат артыкулаў маладнякоўцаў, у якіх абмяркоўваліся праблемы гаспадарчага і культурнага жыцця. Маладнякоўцы былі аўтарамі п’ес, літаратурных кампазіцый, вершаў, якія, нягледзячы на спрошчанасць, іншы раз невысокі мастацкі ўзровень, з’яўляліся добрым метадычным матэрыялам для працы пярвічных камсамольскіх арганізацый. Акрамя таго, моладзь, якая ішла ў літаратуру, была лепш адукаванай за сваіх равеснікаў, пагэтаму вакол маладнякоўцаў аб’ядноўваліся юнакі і дзяўчаты, якія затым уступалі ў камсамол, станавіліся рабселькорамі, а потым і самі ўступалі ў «Маладняк».

У 1925 г. на правах секцый у «Маладняк» увайшлі руская, польская і яўрэйская групы маладых пісьменнікаў. Тады ж было вырашана выдаваць маладнякоўскую бібліятэчку. У 1925-1926 гг. было выпушчана 28 кніг.

Рост маладнякоўскіх шэрагаў быў такі імклівы, што стала неабходна, як указвалася вышэй, стварыць філіялы арганізацыі, якія наладзілі выпуск сваіх часопісаў. З 1924 г. па 1926 г. у Клімавічах выходзіў «Маладняк Калініншчыны», дзе друкаваліся З. Астапенка, Ю. Таўбін, З. Півавараў. У Барысаве выдаваўся «Маладняк Барысаўшчыны» (1926 г.), дзе аўтарамі былі Р. Мурашка і М. Аляхновіч; у Оршы - «Аршанскі маладняк» (1925-1928 гг.), у ім выступалі М. Гаўрук, У. Каваль, У. Сташэўскі, Т. Кляшторны. Выдаваліся альманахі і часопісы ў Полацку, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Мінску.

Камсамольскія альманахі, асабліва ў першы перыяд, выходзілі ў выглядзе невялікіх кніжак. Яны былі цікава аформлены, надрукаваны на добрай паперы. Разам з паэзіяй і прозай часопісы пісалі пра жыццё і дзейнасць камсамольскіх ячэек, працу моладзі ў горадзе і вёсцы.

Сапраўды, дзейнасць «Маладняка», а з 1924 г. «Усебеларускага аб’яднання пісьменнікаў і паэтаў» адыграла сваю значную ролю ў развіцці беларускай літаратуры, культуры выхавання творчай інтэлігенцыі ў асяроддзі беларускай моладзі даваеннай пары.

Чым больш пашыралася маладнякоўскае аб’яднанне, тым значней праяўляліся недахопы творчай арганізацыі. Яна не паспявала «пераварыць» новых членаў, адукаваць іх не толькі з боку літаратурнага майстэрства, але і маральна-этычных адносін. Некаторыя маладнякоўцы не хацелі вучыцца, адмаўлялі вопыт класічнай літаратуры і імкнуліся не заўважаць бяспрэчнага майстэрства Я. Куплы, Я. Коласа і іншых вопытных пісьменнікаў. У шэрагах маладых даволі значна прарос нігілістычны анархізм.

У Мінску ў Доме асветы 2 студзеня 1925 г. адбылася літаратурная вечарына «Маладняка» пад недарэчным лозунгам «У рожкі са старымі», на якой і праявіліся розныя падыходы да асэнсавання літаратурнай спадчыны. Супрацьстаянне юнага «бунтарства» было перанесена на старонкі газет, што прынесла шкоду і нацыянальнаму творчаму працэсу, і самому «Маладняку». З яго шэрагаў пачалі выходзіць найбольш вядомыя празаікі і паэты - адразу К. Крапіва, П. Глебка, К. Чорны, М. Лужанін, а пазней М. Чарот, А. Дудар, М. Зарэцкі і інш., што яшчэ больш аслабіла пазіцыі арганізацыі.

Кіраўніцтва «Маладняка» бачыла недахопы і памылкі сваёй арганізацыі, імкнулася лакалізаваць іх і накіраваць літаратурную энергію маладых на глыбокае адлюстраванне жыцця і творчых сакрэтаў. У 1926 г. нават быў падрыхтаваны зварот «Ад Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк», у якім на падставе аналізу дзейнасці пісьменніцкай арганізацыі адзначалася «нядбаласць у мастацкай апрацоўцы твораў, тэматычная беднасць, слабасць сюжэтаў, канструкцыі, абсалютная пераважнасць лірыкі перад эпасам і драмай, пагоня за эфектным і экстравагантным, адмаўленне на словах ад фармальнай спадчыны класічнай літаратуры і інш» (1926, № 9). Гэта была прынцыповая і ў многім справядлівая ацэнка дзейнасці «Маладняка». Аднак яна была зроблена пад уплывам рэзалюцыі ЦК РКП(б) ад 18 чэрвеня 1925 г. «Аб праблемах мастацкай літаратуры», а значыць, адпавядала «партыйным патрабаванням». Маладая аргнаізацыя і яе члены толькі вучыліся, ці толькі пачыналі вучыцца, і патрабаваць ад іх «эпічных твораў і драмы» было заўчасна.

З гадамі арганізацыя і часопіс «Маладняк» набіраліся вопыту, сталелі грамадска-палітычна і прафесійна. У першым нумары за 1930 г. рэдкалегія часопіса адзначала, што ў краіне ідзе карэнная перабудова народнай гаспадаркі і аднаўленне нацыянальнай культуры. Другі год пяцігодкі ставіць перад рэдакцыяй складаныя задачы выхавання марксісцка-ленінскай свядомасці, умацавання сувязей з чытачамі, выступлення супраць нацыяналізму, імкнення даць такія высокамаштабныя творы, якія будуць дапамагаць працоўным у будаўніцтве сацыялізму. Былі пашыраны аддзелы часопіса: проза і паэзія, крытыка, кнігу - масам, публіцыстыка, хроніка, бібліяграфія, кіно, гумар і г.д. Зразумела, што аддзелы часопіса прываблівалі матэрыяламі, якія там друкаваліся. Аўтарамі «Маладняка» выступалі П. Галавач, У. Гурскі, А. Куляшоў, П. Броўка, М. Чарот, А. Александровіч, Ц. Гартны, ужо тады вядомыя літаратары, пагэтаму часопіс быў цікавы для чытачоў.

Акрамя таго, у «Маладняку» друкаваліся вострыя і спрэчныя артыкулы, якія таксама прыцягвалі ўвагу. Напрыклад,рэцэнзія А. Кучара «Пра адну рэакцыйную аповесць». Лявон Бушмар» К. Чорнага. Аўтар артыкула сцвярджаў: «Лявон Бушмар не толькі не з’яўляецца пралетарскім творам, а выражае погляды процілеглыя пралетарскаму разуменню той рэчаіснасці, якую яна падае і аб’ектыўна служыць на руку класаваму ворагу... Гэта мае глыбокія карэнні ў самой творчасці К. Чорнага...»(1931, № 1).

Такія артыкулы атрымліваліся іншы раз у «братоў па пяру». У той час яны часта былі падставай для арышту і пакарання аж да расстрэлу. Так, у «класавай варожасці» абвінавацілі Кузьму Чорнага, аднаго з найбольш таленавітых пісьменнікаў, удумлівага філосафа і тонкага знаўцу сялянскага жыцця.

У 1928 г. «Маладняк» быў рэарганізаваны ў Беларускую арганізацыю пралетарскіх пісьменнікаў, а часопіс «Маладняк», як яе орган, выходзіў да 1932 г.

Унутраныя супярэчнасці ў «Маладняку», як вядома, прыводзілі да выхаду з яго асобных празаікаў і паэтаў. Да заканчэння 1926 г. перасталі лічыць сябе маладнякоўцамі К. Крапіва, П. Глебка, К. Чорны, М. Лужанін, Я. Пушча і інш., якія заявілі аб стварэнні новай пісьменніцкай арганізацыі «Узвышша».

У статуце арганізацыі было запісана, што «беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша» мае на мэце развіццё беларускай літаратуры на падставе прынцыпаў, якія вызначаны ў рэзалюцыі ЦК КП(б)Б ад 1 ліпеня 1925 г. «Аб палітыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры». «Патрэбна такое мастацтва, якое б замяніла сабой рэлігію і якое б арганізавала рытм жыцця на сацыялістычных пачатках. Гэта мастацтва павінна быць работніцкім і сялянскім па матэрыялу, культурным па спосабу апрацоўкі і класава-пралетарскім па ідэйнасці. Яго «форма» нацыянальная, «змест» - пралетарскі», - гаварылася ў праграме аб’яднання .

Узвышанцы лічылі, што погляды маладнякоўцаў і «адраджаністаў» (пісьменнікаў старэйшага пакалення) не адпавядалі такім эстэтычным прынцыпам і не маглі выканаць задач пралетарскага мастацтва. Статут быў надрукаваны ў рэспубліканскай прэсе і ў першым нумары часопіса «Узвышша», які пачаў выходзіць у сакавіку 1927 г. як орган аднаіменнай арганізацыі.

З’яўленне новай пісьменніцкай арганізацыі і літаратурнага выдання можна лічыць далейшым пошукам мастацкага ўвасаблення беларускіх творчых сіл. У асноўным узвышанцы будавалі сваю платформу на крытыцы пазіцый «Маладняка» і спрабавалі сфармуляваць сваю тэорыю «узвышанага мастацтва», што адмяжоўвала іх ад усяго літаратурнага працэсу. Гэту пазіцыю крытыкаваў К. Крапіва: «... атмасфера ва «Узвышшы» не спрыяла творчаму росту. Даваў сябе адчуваць налёт фальшывага акадэмізму, што мне асабліва не спадабалася, адарванасць ад масавага культурнага руху, ад надзённых задач сацыялістычнага будаўніцтва» («Звязда», 1933, 20 снежня).

Аднак гэта ў меншай меры адносіцца да дзейнасці часопіса «Узвышша», дзе друкаваліся творы ўжо вядомых у той час К. Крапівы, К. Чорнага, У. Дубоўкі, У. Жылкі і іншых пісьменнікаў, што, несумненна, стала важнай вехай развіцця беларускай літаратуры.

Патрэбна заўважыць, што «авангардысцкая» філасофія ўзвышанцаў даволі слаба праяўлялася ў змесце часопіса. Тым больш, што ва ўсіх рэспубліканскіх літаратурных часопісах можна было чытаць творы адных і тых жа пісьменнікаў. Напрыклад, К. Чорны, З. Бядуля, Я. Купала, У. Дубоўка і інш. друкаваліся ў «Маладняку», «Полымі», а таксама і ва «Узвышшы». К. Чорны з № 2 «Узвышша» за 1927 г. пачаў друкаваць там свой раман «Сястра». Можна сказаць, што аб’яднанне і часопіс «Узвышша», якія спынілі сваю дзейнасць у 1931 г., былі яшчэ адным крокам насустрач чытачу беларускай літаратуры і наблізілі пісьменнікаў рэспублікі да стварэння адзінай арганізацыі - Саюза пісьменнікаў БССР.

Працэс збірання літаратурных сіл прадоўжыла аб’яднанне «Пробліск» - пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка, створаная ў ліпені 1927 г. Сярод яе заснавальнікаў былі А. Гурло, А. Звонак, М. Хведаровіч. Аднак шырокай дзейнасці новае аб’яднанне разгарнуць не змагло і далучылася да «Маладняка»(Звязда, 1928, 29 студзеня).