Смекни!
smekni.com

Станаўленне беларускай журналістыкi (стр. 1 из 4)

Станаўленне беларускай журналістыкi


ЗМЕСТ

1. Гiсторыя узнікнення перыядычных выданняў на Беларусі

2. Беларуская журналістыка на сучасным этапе

2.1 Беларуская журналістыка пачатку пераходнага перыяду (1985-1991 гг.)

2.2 Сродкі масавай інфармацыі Беларусі на сучасным этапе

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. Гiсторыя ўзнікненне перыядычных выданняў на Беларусі

Асэнсаваць гісторыю ўзнікнення і развіцця беларускага друку можна толькі ў тым выпадку, калі ўсвядоміць, як яна ўзаемадзейнічае з эканамічнымі і палітычнымі падзеямі, што на працягу вякоў адбываліся на нашых абшарах, калі зразумець, якую ролю яна адыгрывала ў барацьбе за сацыяльнае і нацыянальнае адраджэнне народа.

Фармаванне беларускай народнасці праходзіла ў своеасаблівых умовах. Пра Вялікае Княства літоўскае, улічваючы вашу дасведчанасць, можна было б і памаўчаць, аднак скажам, што менавіта яно дало пачатак таму вядомаму менталітэту беларусаў, які мы маем цяпер. У прынцыпе, беларусы, пачынаючы з канца 16 ст. і аж да сённяшняга часу толькі і робяць, што выжываюць як народ. Глядзіце, да перадзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. актыўна праводзілася палітыка паланізацыі; з канца 18 ст. да... – палітыка русіфікацыі. Таму так марудна, цяжка і развівалася ў нас культура, літаратура, журналістыка. Непазбежным вынікам такой палітыкі пануючых уладаў было тое, што на тэрыторыі Беларусі да канца 60-х гадоў 19 ст. фактычна не існавала перыядычных выданняў (тым болей на мове карэннага насельніцтва), акрамя афіцыйных – “Газэты літэрацкей віленьскай” (“Віленская літаратурная газета”), заснаванай у 1760 г. Віленскай езуіцкай акадэміяй, што мела і яшчэ адну назву – “Кур’ер літэўскі” (“Літоўскі веснік”), і “Газэты гродзеньскай” (выходзіла з 1776 г., а ў 1792 пачала называцца “Вядомосьці Гродзеньскі”). Зразумела, што гэтыя газеты праводзілі на беларускіх землях палітыку адкрытай паланізацыі.

Газета “Літоўскі веснік” узнікала і знікала тройчы. Пад час першага свайго існавання (1760 – 1764) яна выдавалася ў Вільні на польскай мове і рэдактарамі яе былі Ф.Папроцкі (1760 – 1762) і А.Янушкевіч. Другое існаванне аказалася самым доўгім: з 1796 па 1840 гг. За гэты час газета змяніла некалькі адрасоў, шмат выдаўцоў і рэдактараў. Першапачатковае права на выданне “Літоўскага весніка” ў Гродне атрымаў ад Кацярыны ІІ Тадэуш Влодэк. У 1797 годзе ён перанёс сваё выданне ў Вільню. Выдавец лічыў газету выгадным сродкам атрымання даходаў (якія, дарэчы, і меў). Ён вельмі актыўна імкнуўся выслужыцца перад рускімі ўладамі і запаўняў старонкі “весніка” шматлікімі перадрукамі з афіцыйнай пецярбургскай прэсы. Зрэшты, газета стала толькі тады сапраўды цікавай і змястоўнай, і то на пэўны перыяд, калі была ў пачатку 19 ст. перададзена Т.Влодакам у арэнду Віленскаму універсітэту. З 1800 па1832 гг. яна рэдагавалася асяродкам віленскай прафесуры: Я.Ясінскім (1800 – 09), К.Даніловічам (1810 – 11), Э.Славацкім (1812 – 14), А.Марціноўскім (1817 – 40).

Прагрэсіўная ліберальная атмасфера, якая панавала ў гэты час у Віленскім універсітэце, аказвала свой уплыў на змест газеты, рабіла яго менш казённым. Але аафіцыйныя ўлады трымалі газету пад пільным наглядам, і рэдакцыі прыходзілася нялёгка.

У 1834 годзе стаўленік цара Віленскі генерал-губернатар князь Далгарукі дабіваецца “найвышэйшага дазволу”, і газета “Літоўскі веснік” з гэтага года становіцца афіцыйным органам Паўночна-Заходняга краю. Газета атрымала звычайнае для падобных губернскіх афіцыйных органаў прадпісанне: яна павінна была мець строга акрэслены фармат, строга рэгламентаваны змест афіцыйнага і неафіцыйнага аддзелаў і ў дадатак мусіла выходзіць надзвюх мовах – рускай і польскай.

Змест афіцыйнага аддзела складалі загады, указы і ўрадавыя пастановы, а таксама распараджэнні мясцовага губернатара, друкавалася нязначная інфармацыя пра міжнародныя падзеі, навіны эканамічнага і культурнага жыцця за мяжой. Затое шырока былі прадстаўлены на старонках афіцыйгана аддзела матэрыялы аб прыёмах і ўвесяленнях генерал-губернатара і мясцовых верхніх паноў. Тут жа змяшчалі эканамічную інфармацыю. Газета атрымала права друкаваць афіцыйныя аб’явы па 9-ці заходніх губернях. Змяшчала яна і артыкулы беларускай тэматыкі (дарэчы, пры ёй меўся дадатак “Вядамосьці літэрацке” – “Літаратурныя звесткі”).

Вядома, афіцыйны аддзел быў непасрэдным органам самадзяржаўнай палітыкі. Аднак і неафіцыйны аддзел паслядоўна выконваў тую ж палітыку, толькі не так адкрыта. Рэдакцыя і не спрабавала вывесці сваё выданне за гэтыя дакладна абазначаныя рамкі. Знешні выгляд “Літоўскага весніка” быў мала прывабны – папера шэрая, шрыфт невыразны. Як вынік – надта ўжо нязначная роля, якую адыгрывала газета ў грамадскім жыцці ў 30-я гады 19 ст.

У 1840 годзе па прадпісанні міністра асветы Уварава (аўтара тэорыі “афіцыйнай народнасці”) “Літоўскі веснік” (“кур’ер”) быў перададзены Віленскаму дваранскаму інстытуту, пры якім ужо ў наступным годзе ён выходзіў пад назвай “Виленский вестник”. Дарэчы, з гэтага ж 1841 па 1859 гг. рэдактарам у ёй працаваў вядомы польскі паэт, перакладчык, мемуарыст і выдавец Антон Эдвард Адынец (псеўданім: Інацэнты Старушкевіч; 25.01.1804. напісаў “Песню філарэтаў”); з 1860 па 1865 гг. – А.Г.Кіркор, знакаміты беларускі этнограф і фалькларыст; з 1891 па 1904 гг. вядомы журналіст і фалькларыст Палікарп Бывалькевіч і інш.

Аднаўленне рэдакцыі крыху ажывіла газету і павялічыла колькасціь яе падпісчыкаў да 900. Аднак яе змест заставаўся выключна афіцыйным. Да 1859 года “Виленский вестник” зусім захірэў, колькасціь падпісчыкаў знізілася да 400.

29 снежня 1859 года выходзіць у свет апошні нумар газеты, які падпісаў А.Адынец. З 1 студзеня наступнага года “Виленский вестник” пачаў выходзіць пад рэдакцыяй Адама Кіркора. У наступныя два гады газета перажывае значны пад’ём. Даследчыкі называюць гэты перыяд выдання “залатым векам”.

Пры новай рэдакцыі газета па-ранейшаму выходзіць на рускаай і польскай мовах і захоўвае афіцыйны аддзел. Але шырокае грамадскае ажыўленне пачатку 60-х гадоў адлюстроўваецца на змесце газеты. Павялічваецца яе фармат, відавочна больш глыбокай і разнастайнай становіцца тэматыка неафіцыйнага аддзела, расце колькасць падпісчыкаў.

Новая рэдакцыя аб’яўляе добра прадуманую, рознабаковую праграму, знаёміць мясцовую грамадскасць з найбольш важнымі падзеямі ў Расіі, друкуе літаратурныя і навуковыя матэрыялы, крытычныя і бібліяграфічныя агляды, карэспандэнцыі з розных месцаў.

А.Кіркор – вядомы вучоны-этнограф, гісторык, літаратуразнаўца, валодаў сапраўдным рэдактарскім талентам, і дзякуючы яго дзейнасці рэдакцыя стала своеасаблівым цэнтрам культурнай думкі Беларусі. Менавіта ён прыцягнуў да супрацоўніцтва вядомых дзеячоў, пісьменнікаў і публіцыстаў (у тым ліку Ул.Сыракомлю, В.Каратынскага, А.Вярыгу-Дарэўскага і інш.).

Газета друкавала цікавыя матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, краязнаўстве, эканоміцы і культуры Беларусі. Гэта прыкметна павялічыла да яе чытацкі інтарэс, вырасла яе папулярнасць (літаральна праз два месяцы колькасць падпісчыкаў павялічылася болей, чым удвая).

Структура рэдакцыі і арганізацыя яе работы былі пастаўлены дастаткова прафесійна: калі акрамя галоўнага рэдактара ў газеце ў 1860 годзе было 6 рэдактараў аддзелаў, 70 супрацоўнікаў, дык у 1861 г. ужо 10 рэдактараў і 100 супрацоўнікаў.

Неафіцыйны аддзел газеты друкаваўся на польскай мове. Яго адкрывалі “замежныя навіны”, іх рэдагаваў вядомы гісторык, старшыня Віленскай археалагічнай камісіі М.Маліноўскі, які зрабіў гэтую рубрыку жывай і рознабаковай.

Пасля замежных навін друкаваліся навукова-папулярныя, гістарычныя і літаратурныя матэрыялы. Менавіта тут у 1859-1862 гг. усё выразней гучыць беларуская тэма.

Ідэйная пазіцыя “Виленского вестника” ў гэты перыяд у значнай ступені раскрываецца якраз на матэрыялах літаратурна-крытычнага аддзела, дзе была магчымасць даць не толькі мастацка-эстэтычную ацэнку творчасці таго ці іншага пісьменніка, але і закрануць жыццёвы матэрыял, прывесці чытачк да роздуму аб акаляючай яго рэчаіснасці. Такія выступленні неслі ў газеце даволі значную публіцыстычную нагрузку.

На старонках газеты ў гэтыя гады разгарнулася літаратурна-крытычная дзейнасць пачынальніка беларускай літаратурнай крытыкі, таленавітага паэта Ул.Сыракомлі – у 1861 – 62 гг. ён змясціў у ёй больш за дзесяць артыкулаў.

Асабліва плённай была дзейнасць Сыракомлі ў газеце ў 1862 годзе, калі ён вёў аддзел “Мясцовы агляд”, які ўключаў у сябе літаратурна-крытычныя матэрыялы, кніжны агляд, расказы пра падзеі культурнага жыцця Беларусі. Лейтматыавм аддзела была думка пра неабходнасць найхутчэйшага развіцця адукацыі беларускага народа.

Тэматыка выступленняў Ул.Сыракомлі ў “Виленским вестнике” была актуальнай, рознапланавай і багатай жанрава. У “Мясцовым аглядзе” ён рэгулярна даваў бібліяграфічныя заметкі аб кнігах, якія выдаваліся ў Вільні. Значным па праблематыцы з’яўляецца артыкул, дзе Сыракомля праяўляе шчыры клопат аб культурных каштоўнасцях роднага краю. Ён прапаноўвае ўвесці ў газеце рубрыку “Справы вандалізму”, каб выкрываць факты варварскіх адносін да старыны.

Да канца сваіх дзен Ул.Сыракомля актыўна супрацоўнічаў у “Виленском вестнике”: яго апошні матэрыял з’явіўся ў 66 нумары за 1862 год, а ўжо ў 69 і 70 нумарах расказвалася пра смерць і пахаванне паэта, пра вялікую жалобную маніфестацыю ў Менску. У 88 нумары газета паведамляла аб стварэнні камітэта па выданні твораў Сыракомлі і ўшанаванні яго памяці.

Шмат увагі ўдзяляў “Виленский вестник” асвятленню культурнага жыцця беларускіх гарадоў. Пачынаючы з 1860 года ў ёй пастаянна расказваецца пра тэатральныя пастанокі, музычныя вечарыны, адкрыццё публічных бібліятэк у Менску, Віцебску, Магілёве і іншых гарадах, падкрэсліваецца іх важная асветніцкая роля.

Да кастрычніка 1915 года газета друкавалася ў Вільні, а з гэтага часу і да канца 1916 года – у Гомелі.

Зацвярдження ў кастрычніку 1830 г. “Палажэння аб выданні “Губернскіх ведамасцей” паклала пачатак афіцыйнаму ўрадаваму друку ў правінцыі.