регистрация / вход

Фразеалігізмы з кампанентам "зямля" ў рускай, беларускай і польскай мовах

Навукова-тэарэтычныя асновы вывучэння фразеалогіі беларускай мовы. Паходжанне фразеалагізмаў ў рускай, беларускай і польскай мовах. Аналіз этымалогія фразеалагізмаў з кампанентам "зямля", іх класіфікацыя па лексічных значэнняў і сінтаксічныя асаблівасцяў.

Змест

Уводзіны...................................................................................................................2

Глава 1. Навукова-тэарэтычныя асновы вывучэння фразеалогіі беларускай мовы..........................................................................................................................4

1.1 З гісторыі вывучэння фразеалогіі беларускай мовы......................................4

1.2 Паходжанне фразеалагізмаў у рускай, беларускай і польскай мовах..........6

Глава 2. Фразеалагізмы з лексічным кампанентам “зямля” ў рускай, беларускай і польскай мовах..................................................................................8

2.1 Этымалогія фразеалагізмаў з кампанентам “зямля”......................................8

2.2 Семантычная характарыстыка фразеалагізмаў з кампанентам “зямля”....12

2.3 Сінтаксічная характарыстыка фразеалагізмаў з лексічным кампанентам “зямля”....................................................................................................................18

Заключэнне.............................................................................................................21

Спіс літаратуры......................................................................................................23


Уводзіны

Супастаўляльнае апісанне фразеалагічных адзінак у межах некалькіх моў паказвае, што нават роднасныя, блізкія мовы, якімі з’яўляюцца беларуская, руская і польская дэманструюць значныя разыходжанні у фрагментах моўных малюнкаў свету. Фразеалагізаваныя структуры той ці іншай мовы адлюстроўваюць асаблівасці нацыянальнага менталітэту, характару ўсведамлення рэальнага свету носьбітам менавіта гэтай мовы. Параўнальная фразеалогія спрыяе вывучэнню нацыянальна-моўных малюнкаў свету. Існуюць пэўныя цяжкасці перакладу фразеалагізмаў, усталявання адпаведнасці ў іншай мове. Яны звязаны, па-першае, з магчымасцю некалькіх варыянтаў перакладу, па-другое, з наяўнасцю ў мове безэквівалентных фразеалагізмаў

Паколькі апісанне фразеалагічнай сітэмы некалькіх моў адлюстроўвае нацыянальную спецыфіку гэтых моў, то яно з’яўляецца перспектыўным накірункам працы. Такім чынам, можна гаварыць пра тое, што тэма нашай курсавой работы актуальная і надзённая.

Актуальнасць выбару тэмы абумоўлена таксама недастатковай распрацаванасцю тэмы ў лінгвістычнай літаратуры. Так, калі рабіць агляд літаратуры па тэме даследавання, то неабходна назваць працы некаторых аўтараў. Так, А.Груца у сваёй працы “Пра ўзаемадзеянне беларускай і польскай моў на ўзроўні фразеалогіі” звяртаўся да праблемы параўнальнай фразеалогіі. Аўтар разглядае фразеалагізмы на ўзроўні марфалогіі, лексікі. Аналіз і інтэрпрэтацыя прыведзенага ў працы матэрыялу дазваляе аўтару прыйсці да высновы аб прыкметным уплыве польскай мовы на беларускую, асабліва ў перыяд позняга Сярэднявечча, не толькі ў галіне лексікі, але і на ўзроўні фразеалогіі, што было непазбежна пры кантактаванні, узаемадзеянні іх як сродкаў зносін у межах аднаго дзяржаўнага аб’яднання.

Варта таксама назваць даследчыка Міхайлава С.І., які ў працы “Беларускія і польскія фразеалагізмы з арніталагічным кампанентам: супастаўляльны аспект” звяртаўся да падабенства і разыходжанні ў структурна-сінтаксічным, марфалагічным і лексічным планах фразеалагізмаў беларускай і польскай моў.

Прадметам даследавання курсавой работы з’яўляецца фразелогія сучаснай беларускай, рускай і польскай літаратурных моў.

Аб’ектам даследавання, у сваю чаргу, выступаюць фразеалагізмы з кампанентам “зямля”.

Мэта курсавой работы: даследаванне асаблівасцей ужывання і функцыянавання фразеалагізмаў з кампанентам “зямля” у беларускай, рускай, польскай мовах.

Перад работай ставіліся наступныя задачы:

1. Прывесці асноўныя факты навукова-тэарэтычных асноў вывучэння фразеалогіі беларускай мовы;

2. Прааналізаваць этымалогію фразелагагізмаў з кампанентам “зямля”;

3. Класіфікаваць фразеалагізмы з кампанентам “зямля” у залежнасці ад іх лексічных значэнняў;

4. Дыферэнцыраваць фразеалагізмы з лексічным кампанентам “зямля” у залежнасці ад сінтаксічных асаблівасцяў.

Адносна фразеалагічнага матэрыялу трэба сказаць, што у ходзе працы на аснове слоўнікаў польскай, беларускай і рускай моў было сабрана 65 фразеалагічных адзінак, якія ўтрымліваюць у сваім складзе лексему “зямля”.

Колькасць беларускіх фразеалагізмаў – 48 адзінак, што складае 55,2% ад агульнай масы сабранага матэрыялу.

15 адзінак (17,2%) сабраны на базе фразеалагічных слоўнікаў рускай мовы.

Фразеалагізмаў з кампанентам “зямля” на базе польскіх слоўнікаў зафіксавана 24 (27,6%).


Глава 1. Навукова-тэарэтычныя асновы вывучэння фразеалогіі беларускай мовы

1.1 З гісторыі вывучэння фразеалогіі беларускай мовы

У сувязі з тым, што новая сучасная беларуская літаратурная мова складалася пазней, чым, напрыклад, сучасная руская літаратурная мова, што беларуская літаратурная мова складалася галоўным чынам на аснове жывых народных гаворак, адносіны паміж сучаснаю беларускаю літаратурнаю мовай і жывымі беларускімі гаворкамі выразна іншыя, чым адносіны паміж рускай літаратурнай мовай і народнымі гаворкамі. Не толькі сёння, але і працяглы час у будучыні літаратурная мова будзе вельмі спорна жывіцца народнымі гаворкамі, як найпершаю, найбагацейшаю гаючаю крыніцай пашырэння яе актыўных запасаў.

Збіранне фразеалагічных матэрыялаў жывой беларускай народнай мовы, іх вывучэнне, спарадкоўванне і выданне як даведнікаў, такім чынам, не толькі навуковая задача, а і неабходны неадкладны клопат пра развіццё беларускага літаратурнага слова [4; 28].

Фразеалогія ў беларускім мовазнаўстве зусім нядаўна пачало толькі станавіцца асобнаю навукаю, дагэтуль яшчэ не было апісання і падагульнення таго, што зрабілі беларускія лінгвісты ў галіне вывучэння беларускай фразеалогіі, незаменных выяўленчых сродкаў літаратурнай творчасці.

Варта спыніцца на артыкуле М Сямёнаўскага “Работа над мовай і стылем паэмы Я.Коласа “Новая зямля” ў школе”. Дадзены артыкул прысвечаны фразеалогіі, фразеалагізмам, ужытым Я.Коласам у паэме. Разгляд гэтых моўна-выяўленчых сродкаў адлюстроўвае пачатковыя крокі ў разведцы фразеалогіі.

На першым плане пры вывучэнні мовы паэмы стаяць прыказкі і прымаўкі. Да іх колькасці Сямёнаўскі М. Часам далучае і фразеалагізмы.

Першыя ўласна фразеалагічныя даследаванні і апісанні належаць кандыдату філалагічных навук А.Базыленцы “Устойчивые словосочетания в языке Якуба Коласа” (Мінск, 1962) трэба лічыць першай навуковай працай ў галіне беларускай фразеалогіі. А.Базыленка вызначае такія фразеалагічныя адзінкі, як: 1) устойлівыя непадзельныя адзінствы; 2) ідыёмы, ці фразеалагічныя зрашчэнні; 3) фразеалагізмы.

Яшчэ адзін артыкул А.Базыленкі “Да пытання аб фразеалагічных адзінках у беларускай мове...” адыграў станоўчую ролю ў разведцы і тэарэтычных пошуках, у развіцці беларускай фразеалогіі. Вельмі каштоўна, што аўтарка дала ў рукі лінгвістам, выкладчыкам лінгвістычных дысцыплін вылушчаны фактычны матэрыял.

У артыкуле А.Базыленкі “ Роля асноўнага слоўнікавага фонду ва ўтварэнні і развіцці фразеалагічных словазлучэнняў у беларускай мове” ўтрымлівае ў сабе спробы асвятлення стылістычнага выкарыстання народных прыказак, прымавак, фразеалагізмаў.

З 1958 года паяўляюцца фразеалагічныя публікацыі кандыдата філалагічных навук супрацоўніка Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа АН БССР А.Аксамітава. Перш за ўсё – “Лексіка беларускіх прыказак ХІХ ст. У сувязі з агульнай праблемай фразеалогіі”. Непасрэдна тэме фразеалогіі прысвячаецца не ўся праца, а толькі яе трэці раздзел.

“Мова – душа народа” – гэта навукова-папулярны артыкул таго самага аўтара. Амаль палова артыкула прысвячаецца фразеалогіі. У цікавай прапагандысцкай форме А.Аксамітаў тлумачыць беларускія фразеалагізмы, знаходзіць да іх адпаведнікі ў рускай мове.

Нягледзячы на шырокую працу мовазнаўцаў, трэба адзначыць, што пакуль што здабыткі беларускай фразеалогіі, яе тэарэтычнага даследавання і апісання не вельмі прыкметныя, поле дзейнасці вельмі шырокае, а прыктычныя вынікі і напрацоўкі нязначныя.


1.2 Паходжанне фразеалагізмаў у рускай, беларускай і польскай мовах

Ва ўсходнеславянскіх мовах ёсць агульныя для ўсіх іх фраземы. Адны з іх ідуць з далёкай мінуўшчыны, перайшлі ў спадчыну з агульнаўсходнеславянскай мовы; другія ўзніклі пазней самастойна ва ўсіх трох мовах – мовах з блізкай лексікай і сінтаксічным ладам; трэція перайшлі ў беларускую і ўкраінскія мовы ў ХІХ-ХХ стагоддзях [18; 30].

Кантактаванне і ўзаемадзеянне моў суседніх народаў, асабліва ў межах адной дзяржавы не магло не спрыяць узбагачэнню кожнай з іх перш за ўсё на ўзроўні лексікі і фразеалогіі. Уплыў і перавага польскай мовы над беларускай тлумачыцца не ўнутрымоўнымі, а экстралінгвістычнымі фактарамі. Беларуская мова праз пасрэдніцтва старажытнарускай і стараславянскай моў увабрала ў сябе лексічнае і фразеалагічнае багацці такіх міжнародных моў старажытнай культуры, якімі былі грэцкая і лацінская мовы, а таму яна характарызавалася дасканалым граматычным ладам за разгалінаванай сістэмай скланенняў імёнаў і спражэнняў дзеясловаў, багатай і разнастайнай сістэмай словаўтварэння і словазлучэння на ўзроўні як простага, так і складанага сказа. Менавіта таму, калі беларуская мова была дзяржаўнай у межах Вялікага Княства Літоўскага, яна доўгі час з поспехам абслугоўвала ўсе сферы жыцця, культурна-побытавыя запатрабаванні беларускага народа як яе носьбіта. Аднак нельга не ўлічваць таго, што ў сувязі з прымусовым апалячваннем і акаталічваннем беларускага народа ў адносінах да беларускай мовы кіраўніцтвам Рэчы Паспалітай пасля Люблінскай 1569 і Брэстскай 1596 года уній праводзілася палітыка дэскрэдытацыі і дэскрымінацыі. Гэта ў канчатковым выніку прывяло да забароны пастановай польскага сейма ў 1696 годзе карыстання беларускай мовай у афіцыйнай перапісцы, а потым канчатковага выцяснення з судова-адміністрацыйнай практыкі і іншых сфер грамадскага жыцця. У гэтай сітуацыі шматлікія фразеалагічныя адзінкі, паланізмы па паходжанні, нейкі час працягвалі развівацца і ўжываліся пераважна ў гутарковай мове, а пасля далучэння беларускіх зямель да Расеі, страты непасрэдных кантактаў з польскай мовай, за рэдкім выключэннем, былі канчаткова выцеснены адпаведнымі па семантыцы ўсходнеславянскімі эквівалентамі. Трэба таксама адзначыць, што працэс папаўнення беларускай фразеалогіі за кошт запазычанняў з польскай мовы працягваецца і ў наш час.

Асаблівасці выяўлення агульных і спецыфічных адметнасцяў фразем некалькіх моў непасрэдна звязаны з агульнасцю і спецыфічнасцю іх семантычнай матывацыі, унутранай формы, вобразнай асновы. Не гледзячы на тое, што значная колькасць беларускіх, рускіх і польскіх фразеалагізмаў узыходзяць да адных і тых жа вытокаў, многія фраземы значна адрозніваюцца па матывацыйных якасцях [4; 68].

Індывідуальная сістэма фразеалагічных адзінак уяўляе адну з найбольш спецыфічных уласцівасцяў кожнай славянскай мовы, дзе адзначаецца мноства выразаў, якім няма эквівалентных адпаведнікаў у суседніх роднасных мовах (параўнаем: бел. на ласкавым хлебе быць выскачыць як піліп з канапель, дацца ў знакі і іншыя, рус. сидеть на шее, сказать невпопад, сидеть в печенках). Пэўная частка беларускіх фразеалагізмаў мае ў сваім складзе лексічныя кампаненты з забытай, выветранай семантыкай, такія кампанеты называюцца некрацізмамі, і як самастойныя адзінкі не выкарыстоўваюцца не толькі ў іншых славянскіх мовах, але і ў самой беларускай мове.


Глава 2. Фразеалагізмы з лексічным кампанентам “зямля” ў рускай, беларускай і польскай мовах

2.1 Этымалогія фразеалагізмаў з кампанентам “зямля”

Сярод сабраных намі фразеалагізмаў з адзначаным кампанентам, сустракаюцца як агульнаславянскія (адзначаюцца ў беларускай, польскай і рускай мовах), так і ўласнамоўныя фразеалагічныя адзінкі.

Адзначаны наступныя агульнаславянскія фразеалагізмы:

- Зямля гарыць пад нагамі – земля горит под ногами – ziemia (grunt) palisie pod nogami – хто-небудзь знаходзіцца у небяспечным, пагрозлівым становішчы;

- Як зямля носіць – как еще земля держит – jak ziemia nosi – як магчыма чыё-небудзь існаванне, жыццё.

У групе агульнаславянскіх варта вылучыць агульнаўсходнеславянскія фразеалагічныя адзінкі (такія адзінкі, якія зафіксаваны ў фразелогіі як рускай, так і беларускай моў). Так, названая група прадстаўлена адносна невялікай колькасцю фразем:

- З-пад зямлі (из-под земли) – пры любых абставінах, умовах, любым спосабам, абавязкова;

- За трыдзевяць зямель (за тридевять земель) – вельмі далёка быць (жыць, знаходзіцца, ехаць, трапіць);

- Як зямля носіць (как еще земля держит) – як магчыма чыё-небудзь існаванне, жыццё;

- Зямля пухам (земля пухом) – выказванне ў адносінах да нябожчыка – добрая памяць пра яго;

Большасць фразем дадзенай групы супадаюць па сваіх лексічных значэннях у двух мовах. Аднак, зафіксаваны фразеалагізм, які абсалютна аднолькава гучыць у рускай і беларускай мовах, аднак значэнні дадзенай фраземы разыходзяцца:

Зямля гарыць пад нагамі - хто-небудзь знаходзіцца ў небяспечным, пагрозлівым становішчы;

Земля горит под ногами – 1. Очень быстро, стремительно убегать; 2. О кипучей деятельности; 3. О возмездии за совершенное преступление.

Можна заўважыць, што, акрамя таго, што значэнні фразеалагізмаў у двух мовах розныя, яны яшчэ не супадаюць па колькасці: у беларускай мове названы фразеалагізм мае толькі адно значэнне, у сваю чаргу ў рускай мове ён мнагазначны і мае тры значэнні.

Найбольш значнай у колькасным плане з’яўляецца група ўласнабеларускіх фразеалагізмаў з кампанентам “зямля”. Так, намі зафіксавана 31 адзінка фразем такога плану. Паколькі фразеалагічныя адзінкі ўнікальныя, гэта значыць не фіксуюцца ў ішых мовах, варта прыводзіць іх з лексічнымі значэннямі:

Праваліцца скрозь зямлю – хутчэй схавацца, знікнуць з-за сораму, няёмкасці;

Сысці ў зямлю – памерці;

Хоць скрозь зямлю праваліся – вельмі сорамна, няёмка;

Хоць жывы ў зямлю лезь – выказванне безнадзейнас ці, немагчымасці што-небудзь зрабіць, каб выйсці з крайне цяжкага становішча;

Як скрозь зямлю праваліўся – нечакана прапаў, знік, так, што не знойдзеш;

Калом зямля – 1. Ужываецца ў адносінах да нябожчыка як выказванне дрэннай памяці пра яго; 2. Ужываецца як праклён подламу, шкоднаму чалавеку, як пажаданне хутчэйшай смерці каму-небудзь;

Зямля ненаедная (ненаежная) – вельмі прагны і скупы чалавек;

Нюхаць зямлю – падць, прыціснуўшыся да зямлі;

Зямлю грызці – 1. Прыкладаць усе намаганні, каб ажыццявіць што-небудзь; 2. Клятвенна абяцаць што-небудзь; 3. Затаіўшы злосць, ледзьве стрымліваць свае пачуцці;

Зямля (глеба) выплывае (уцякае) з-пад ног - у каго-небудзь траціцца ўпэўненасць у сваіх сілах, чыё-небудзь становішча аказваецца хісткім, нетрывалым;

Мераць зямлю – хадзіць пехатой на вялікія адлегласці;

Зямля пухам – у адносінах да нябожчыка як выказванне добрай памяці пра яго;

Абяцаная зямля – месца, куды хто-небудзь вельмі імкнецца трапіць;

Зямля папляла з-пад ног – хто-небудзь пачынае траціць упэўненасць у сваіх сілах, у трываласці свайго службовага становішча;

Каб зямля не насіла – выказванне абурэння і пажаданне смерці каму-небудзь;

Гнаць у зямлю – даводзіць да смерці;

Схаваць у сырой зямлі- быць мёртвым, пахаваным;

Як з-пад зямлі вырас – зусім нечакана раптоўна з’явіўся;

Лажыцца ў зямельку – паміраць;

Сціраць з твару зямлі – 1. Жорстка рапраўляцца з кім-небудзь, знішчаць каго-небудзь; 2. Поўнасцю знішчаць, разбураць дашчэнту; 3. Рашуча выкараняць тое, што перашкаджае;

Парыць зямлю (зямельку) – быць мёртвым, пахаваным;

Парыць у зямлі (зямельцы) косці – быць мёртвым, пахаваным;

Змяшаць з зямлёй – забіваць, знішчаць;

Мяшаць з зямлёй – поўнасцю разбураць, знішчаць дашчэнту, ператвараць у руіны;

Зямлёй пахнуць –дажываць сваё жыццё, быць блізкім да смерці. Звычайна пра хворага ці старого чалавека.

Зраўняць з зямлёй – поўнасцю разбурыць, знішчыць дашчэнту;

Вісець паміж небам і зямлёй – знаходзіцца ў хісткім, няпэўным становішчы;

Бачыць на тры сажні пад зямлёй – вызначацца вялікай праніклівасцю, прадпрымальнасцю;

Ажаніцца з сырой зямлёй – памерці, загінуць;

Пуп зямлі – самы важны, самы галоўны, лепшы за ўсіх;

На край зямлі- вельмі далёка;

Ляжаць у сырой зямлі – быць мёрвым, пахаваным;

Зямлі не чуць пад сабой – 1. Вельмі хутка бегчы; 2. Вельмі стаміцца ад хады, бегу, працы; 3. Моцна радавацца, быць у захапленні;.

Ад зямлі адарвацца і неба не дастаць – прагадаць у жыцці, адыйшоўшы ад свайго, пывычнага і не прымкнуўшы да чужога;

Аддаць зямлі – (кніжн., узнёсл.) – пахаваць;

Зямны рай – незвычайна прыгожая мясціна, дзе можна шчасліва і бесклапотна жыць;

Як зямля п’яны – вельмі моцна, празмерна;

Як неба і зямля – “адрозніваюцца” – вельмі моцна, рэзка адрозніваецца хто-небудзь, што-небудзь ад чаго-небудзь; 2. Поўная процілегласць;

Хадзіць як пад зямлёй – моцна ўсхваляваны, у стане разгубленасці, роспачы, адчаю;

Пад зямлёй знайсці – у любым выпадку, усюды, дзе б ні аказаўся хто-небудзь, што-небудзь;

Ад зямлі не адрос – вельмі нізкага росту, малы.

Адносна невялікай па колькасці з’яўляцца група фразеалагізмаў, якія зафіксаваны выключна ў рускай мове. Так, у нашай картатэцы знайшлі адлюстраванне наступныя прыклады фразем названай групы:

От земли – тот, кто занимается сельским хозяйством;

Большая земля – в осажденном Ленинграде так называли всю советскую землю, расположенную за Ладожским озером;

Под землей – где угодно;

Упасть с неба на землю – освободиться от иллюзий, приходить к правильному восприятию;

Земля держится – о сильном достойном человеке;

Твердая земля – суша;

Обетованная земля – предмет страстных желаний, устремлений, надежд;

Итальянская земля – материал для рисования, применяемый графиками.

Характэрнай толькі для польскай мовы з’яўляецца невялікая група фразеалагізмаў:

- miec grunt pod nogami

- badac grunt pod nogami

Такім чынам, у нашай картатэцы зафіксаваны адносна невялікія па колькасці групы фразеалагізмаў з лексічным кампанентам “зямля” агульнаславянскіх і агульнаўсходнеславянскіх па сваім паходжанні. Абедзве гэты ягрупы складаюць 8,8% ад агульнай колькасці сабраных фразеалагічных адзінак.

Нязначнай таксама з’яўляецца група фразеалагізмаў з кампанентам “зямля”, якая характэрна выключна для польскай мовы.

Каля 11% складае група фразеалагізмаў, што ўжываюцца толькі ў рускай мове (8 адзінак).

Найбольшай з’яўляецца група фразеалагізмаў з лексічным кампанентам “зямля”, сабраных на базе слоўнікаў беларускай мовы.

2.2 Семантычная характарыстыка фразеалагізмаў з кампанентам “зямля”

У залежнасці ад лексічных значэнняў, усе сабраныя намі фразеалагізмы можна сгрупаваць у розныя тэматычныя групы. Найбольш прадстаўленай з’яўляецца група фразеалагізмаў, якая мае абагуленае лексічнае значэнне “Жыццё і смерць чалавека”. Трэба таксама звярнуць увагу на такі факт, што дадзеная група фразеалагізмаў, дзе паняцце зямлі непасрэдна і лагічна звязваецца з пахаваннем, смерцю чалавека. Дадзеную групу прадстаўляюць 13 фразеалагічных адзінак, што складае 19,1% ад агульнай колькасці зафіксаваных фразем.

Так, названую групу прадстаўляюць наступныя фраземы з рускай, беларускай і польскай моў:

Сысці ў зямлю;

Lezec w ziemi;

Spac pod ziemia;

Спаць у сырой зямлі;

Лажыцца ў зямельку;

Парыць зямельку;

Парыць у зямлі косці;

Ажаніцца з сырой зямлёй;

Аддаць зямлі;

Ляжаць у сырой зямлі.

Да адзначанай тэматычнай групы фразеалагізмаў можна аднесці і фраземы, што таксама маюць агульнае лексічнае значэнне “памерці, быць мёртвым”, але адрозніваюцца адценнямі значэнняў. Так, вылучаецца падгрупа, якая абагулена прадстаўляе рознага рода выказванні пра нябожчыка, а таксама праклёны чалавеку, ворагу:

Зямля пухам (земля пухом);

Калом зямля;

Каб зямля не насіла;

З трох зафіксаваных прыкладаў толькі першы мае станоўчую характарыстыку, а два астатнія – нясуць адмоўную інфармацыю пра чалавека, пажаденне смерці ці няшчасця яму.

У дадзеную групу варта таксама аднесці фразеалагізмы (адзінкавыя), што маюць адносіны да смерці: гнаць у зямлю – даводзіць да смерці; зямлёй пахнуць – дажываць сваё жыццё, быць блізкім да смерці (гавораць звычайна пра хворага ці вельмі старога чалавека; chylic sie ku ziemi ).

Дастаткова вялікай у колькасным плане можна назваць групу фразем лексічнае значэнне якіх акрэсліваецца ў межах “Стан чалавека”. Дадзеная група мае ў сабе дыференцыяцыю на падгрупы. Так, у межах адзначанай колькасці фразем можна вызначыць тыя, што абазначаюць: А) Няўпэўненасць:

Вісець паміж небам і зямлёй – знаходзіцца ў хісткім, няпэўным становішчы;

Зямля паплыла з-пад ног – хто-небудзь пачынае траціць упэўненасць у сваіх сілах, у трываласці свайго службовага становішча;

Зямля (глеба) выплывае (уцякае) з-пад ног – у каго-небудзь траціцца ўпэўненасць у сваіх сілах, чыё-небудзь становішча аказваецца хісткім, нетрывалым;

Tracic grunt pod nogami

Трэба сказаць, што дадзеныя фразеалагізмы маюць дастаткова празрыстую матывацыю. Калі ўявіць стан чалавека, які не мае трывалай глебы пад нагамі, то дамініраваць у яго адчуваннях будуць як раз эмоцыі няўпэўненасці, нестабільнасці, трывожнасці. Тое ж самае можна сказаць пра сітуацыю, калі чалавек знаходзіцца (у прамым сэнсе ў тым ліку, фізічна) паміж небам і зямлёй.

Антанімічным у адносінах да папярэдняй групы выступае фразеалагізм польскага паходжання miec grunt pod nogami, які абазначае “адчуваць сябе ўпэўнена”

Да гэтай жа групы можна аднесці некаторую колькасць зафіксаваных намі лексем, якія маюць абагуленае значэнне: Б) Небяспека:

Хадзіць як пад зямлёй – моцна ўсхваляваны, у стане разгубленасці, роспачы, адчаю;

Хоць жывы ў зямлю лезь – выказванне безнадзейнасці, немагчымасці што-небудзь зрабіць, каб выйсці з крайне цяжкага становішча;

Зямля гарыць пад нагамі – хто-небудзь знаходзіцца ў небяспечным, пагрозлівым становішчы.

Тут варта зазначыць такі факт, што апошні фразеалагізм (Зямля гарыць пад нагамі) адносіцца да названай групы толькі ў беларускім варыянце. Рускі варыянт гэтага ж фразеалагізму сярод сваіх значэнняў не мае такога, які б указваў на перажыванне пэўнага негатыўнага пачуцця.

Групу фразеалагізмаў: В) “Сорам”, прадстаўляюць такія адзінкі:

Хоць скрозь зямлю праваліся – вельмі сорамна, няёмка;

Праваліцца скрозь зямлю – хутчэй схавацца, знікнуць з-за сораму, няёмкасці.

By (jak) w zimie zapadl

Адзіны фразеалагізм, што варта аднесці ў акрэсленую вышэй групу, мае ўказанне (у адным са значэнняў) на станоўчае перажыванне: зямлі не чуць пад сабой - моцна радавацца, быць у захапленні.

Адносна невялікай колькасцю фразеалагізмаў (4 адзінкі, што складае 5,9% ад агульнай колькасці) прадстаўлена група, якая мае абагуленае лексічнае значэнне Г) Рух, дзеянне:

Сціраць з твару зямлі – 1. Жорстка распраўляцца з кім-небудзь, знішчацб каго-небудзь; 2. Поўнасцю знішчаць, разбураць дашчэнту; 3. Рашуча выкараняць тое, што перашкаджае;

Змяшаць з зямлёй – забіваць, знішчаць;

Мяшаць з зямлёй – поўнасцю разбураць, знішчаць дашчэнту, ператвараць у руіны;

Зраўняць з зямлёй – поўнасцю разбурыць, знішчыць дашчэнту.

Яшчэ адной групай фразеалагізмаў, у склад якіх уваходзіць кампанент “зямля”, можна назваць такую, абагуленае лексічнае значэнне якой: Д) Характарыстыка асобы, чалавека. Так, дадзеную групу прадстаўляюць наступныя фраземы:

Пуп зямлі (pepek swiata);

Соль зямлі;

Земля держится;

Цікава, што адзін з зафіксаваных фразеалагізмаў (соль зямлі) запазычаны, мае біблейскае паходжанне.

Існуюць выпадкі, калі фразеалагізм з кампанентам “зямля” мае значэнне Е) “Месца, прастора” . У нашай картатэцы тры прыклады ілюструюць дадзеную групу:

З-пад зямлі;

Пад зямлёй знайсці;

Под землёй.

У групу з агульным лексічным значэннем “вельмі далёка” можна уключыць такія фразеалагізмы:

- За трыдзевяць зямель (за тридевять земель) – вельми далёка быць, жыць, знаходзіцца;

- На край зямлі – вельмі далёка.

Натуральна, што, калі фразеалагізм зафік саваны і ў рускай, і ў беларускай мовах, яго значэнне супадае у абодвух выпадках.

У асобную групу можна вылучыць фраземы, што абазначаюць раптоўнае, нечаканае паяўленне, альбо наадварот, знікненне каго ці чаго-небудзь. Так, дадзеную групу прадстаўляюць наступныя прыклады:

- Як з-пад зямлі вырас – зусім нечакана раптоўна з’явіўся;

- Як скрозь зямлю праваліўся – нечакана прапаў, знік, так, што не знойдзеш.

Таксама паасобку стаіць група фразеалагізмаў з лексічным кампанентам “зямля”, калі гэты лексічны кампанент указвае на месца, куды чалавек імкнецца трапіць:

Зямны рай – незвычайна прыгожая мясціна, дзе можна шчасліва і бесклапотна жыць;

Абяцаная зямля – месца, куды хто-небудзь моцна імкнецца папасці.

Можна вылучыць у асобную тэматычную групу Ё) “Паводзіны чалавека” фразеалагізмы:

- Упасть с неба на землю – освободиться от иллюзий, приходить к правильному восприятию;

- Ад зямлі адарвацца і неба не дастаць – прагадаць у жыцці, адыйшоўшы ад свайго, прывычнага і не прымкнуўшы да чужога;

Акрамя фразеалагізмаў, якія аб’ядноўваюцца ў пэўныя групы, намі зафіксавана вялікая колькасць фразем з лексічным кампанентам “зямля”, якія нельга аб’яднаць. Такім чынам, можна гаварыць пра шэраг фразем з адзінкавым, непаўторным, унікальным значэннем. Характэрныя такія фразеалагізмы як для рускай, так і для беларускай моў:

- Твердая земля – суша;

- Обетованная земля –предмет страстных желаний, устремлений, надежд;

- От земли – тот, кто занимается сельским хозяйством;

- Закопваць талент у зямлю (закапывать талант в землю) – губіць свае здольнасці, не даваць ім развівацца;

- Як зямля носіць (как еще земля держит) – як магчыма чыё-небудзь існаванне, жыццё;

- Зямля ненаежная – вельмі прагны і скупы чалавек;

- Зямлю грызці – 1. Прыкладаць усе намаганні, каб ажыццявіць што-небудзь; 2. Клятвенна абяцаць што-небудзь; 3. Затаіўшы злосць, ледзьве стрымліваць свае пачуцці;

- Мераць зямлю – хадзіць пехатой на вялікія адлегласці;

- Бачыць на тры сажні пад зямлёй – вызначацца вялікай праніклівасцю, прадпрымальнасцю;

- Як зямля п’яны – вельмі моцна, празмерна.

У рускай і беларускай мовах зафіксавана пэўная група фразеалагізмаў, у склад якіх уваходзяць антанімічныя паняцці: неба – зямля. Акрэсленыя фраземы немагчыма аб’яднаць у адну тэматычную групу, бо лексічныя значэнні такіх адзінак значна разыходзяцца:

- Як неба і зямля – вельмі моцна, рэзка адрознівацца;

- Ад зямлі адарвацца і неба не дастаць – прагадаць у жыцці, адыйшоўшы ад свайго, прывычнага і не прымкнуўшы да чужога;

- Упасть с неба на землю – освободиться от иллюзий, приходить к правильному восприятию;

- Вісець паміж небам і зямлёй – знаходзіцца ў хісткім, няпэўным становішчы.

2.3 Сінтаксічная характарыстыка фразеалагізмаў з лексічным кампанентам “зямля”

Фразеалагізмы рускай, беларускай і польскай моў можна падзяліць на групы ў залежнасці ад таго, па якой схеме (спалучэння слоў, сказа) і яго тыпу пабудавана тая ці іншая фразема.

Так, найбольшай групай (сюды ўваходзяць 23 карткі, што складае 67% ад агульнай колькасці сабраных фразем), у залежнасці ад лексічных асаблівасцяў, з’яўляюцца фразеалагізмы, пабудаваныя як словазлучэнні. Тут варта выдзеліць такія фраземы, дзе лексема “зямля” з’яўляецца залежным словам у словазлучэнні:

Ляжаць у сырой зямлі;

Аддаць зямлі;

Ажаніцца з сырой зямлёй;

Парыць у зямлі косці;

Парыць зямлю;

Лажыцца ў зямельку;

Сысці ў зямлю.

Трэба заўважыць, што згаданыя і іншыя фразеалагізмы маюць структуру дзеяслоўнага словазлучэння, таму лексеме “зямля” і з’яўляецца залежным словам.

Словазлучэнні, дзе названая лексема выступае ў ролі галоўнага слова, маюць від назоўнікавых з прыметнікам у ролі залежнага кампанента:

Абяцаная зямля;

Зямля ненаедная;

Итальянская земля;

Большая земля;

Обетованная земля;

Твердая земля.

Такім чынам, у прыведзеных вышэй фразеалагізмах, прыметнік характарызуе галоўны кампанент – “зямля”.

Існуе, аднак і адваротны прыклад, калі лексема “зямля” выступае ў ролі залежнага слова ў аднытыпным выпадку: зямны рай (як прыметнік), як зямля п’яны (як назоўнік).

У асобную групу можна аб’яднаць фразеалагізмы, пабудаваныя па тыпу спалучэння слоў, дзе лексема “зямля” выступае ў ролі галоўнага слова, а залежным словам з’яўляецца назоўнік у ролі прыслоўя: пухам зямля, калом зямля. Звычайна такія фраземы ужываюцца як пажаданні ці праклён.

Зафіксаваны выпадкі, калі “зямля”, з’яўляючыся залежным кампанентам, спалучаецца з назоўнікам: соль зямлі (соль земли), пуп зямлі.

Зафіксавана група фразеалагізмаў, пабудаваных па схеме простага двусастаўнага сказа. Трэба зазначыць, што кампанент “зямля” у асноўнай большасці выпадкаў з’яўляецца дзейнікам:

Як зямля носіць (как земля еще носит);

Каб зямля не насіла;

Зямля выплывае з-пад ног;

Ziemia palisie pod nogami;

Земля держится;

Аднасастаўныя сказы сустракаюцца значна радзей:

Хоць скрозь зямлю праваліся;

Od ziemi nie odrosl

Як з-пад зямлі вырас.

Можна таксама адзначыць, што існуюць прыклады фразеалагізмаў з кампанентам “зямля”, якія па сваёй структуры не належаць ні да словазлучэнняў, ні да сказаў. Такія фраземы прадстаўляюць сабой спалучэнне назоўніка з прыназоўнікам: от земли, под землей, из-под земли (з-пад зямлі).

Такім чынам, асноўная большасць фразеалагізмаў з кампанентам “зямля” пабудавана па схеме словазлучэнняў.

Па схеме простага (двусастаўнага ці аднасастаўнага) сказа пабудавана 31% фразеалагізмаў.

Толькі адзінкавыя фраземы маюць форму спалучэнняў назоўніка з прыназоўнікам.


Заключэнне

У выніку аналізу адпаведнай лігвістычнай літаратуры, працы са слоўнікамі і класіфікацыі напрацаванага фразеалагічнага матэрыялу, сабранага на базе трох моў, можна зрабіць наступныя вывады:

Фразеалогія ў беларускім мовазнаўстве зусім нядаўна пачало толькі станавіцца асобнаю навукаю, дагэтуль яшчэ не было апісання і падагульнення таго, што зрабілі беларускія лінгвісты ў галіне вывучэння беларускай фразеалогіі, незаменных выяўленчых сродкаў літаратурнай творчасці. Але нягледзячы на шырокую працу мовазнаўцаў, трэба адзначыць, што пакуль што здабыткі беларускай фразеалогіі, яе тэарэтычнага даследавання і апісання не вельмі прыкметныя, поле дзейнасці вельмі шырокае, а прыктычныя вынікі і напрацоўкі нязначныя.

Кантактаванне і ўзаемадзеянне моў суседніх народаў, асабліва ў межах адной дзяржавы не магло не спрыяць узбагачэнню кожнай з іх перш за ўсё на ўзроўні лексікі і фразеалогіі. Уплыў і перавага польскай мовы над беларускай тлумачыцца не ўнутрымоўнымі, а экстралінгвістычнымі фактарамі.

Індывідуальная сістэма фразеалагічных адзінак уяўляе адну з найбольш спецыфічных уласцівасцяў кожнай славянскай мовы, дзе адзначаецца мноства выразаў, якім няма эквівалентных адпаведнікаў у суседніх роднасных мовах.

Калі гаварыць пра этымалогію фразеалагізмаў, то варта зазначыць, што сярод сабраных намі фразеалагізмаў з адзначаным кампанентам, сустракаюцца як агульнаславянскія (адзначаюцца ў беларускай, польскай і рускай мовах), так і ўласнамоўныя фразеалагічныя адзінкі. у нашай картатэцы зафіксаваны адносна невялікія па колькасці групы фразеалагізмаў з лексічным кампанентам “зямля” агульнаславянскіх і агульнаўсходнеславянскіх па сваім паходжанні. Абедзве гэты ягрупы складаюць 8,8% ад агульнай колькасці сабраных фразеалагічных адзінак.

Нязначнай таксама з’яўляецца група фразеалагізмаў з кампанентам “зямля”, якая характэрна выключна для польскай мовы.

Каля 11% складае група фразеалагізмаў, што ўжываюцца толькі ў рускай мове (8 адзінак).

Найбольшай з’яўляецца група фразеалагізмаў з лексічным кампанентам “зямля”, сабраных на базе слоўнікаў беларускай мовы.

У залежнасці ад лексічных значэнняў, усе сабраныя намі фразеалагізмы можна сгрупаваць у розныя тэматычныя групы. Найбольш прадстаўленай з’яўляецца група фразеалагізмаў, якая мае абагуленае лексічнае значэнне “Жыццё і смерць чалавека”. Існуюць таксама такія тэматычныя групы: “Месца, прастора”, “Паводзіны чалавека”, “Стан чалавека”.

З пункту гледжання сінтаксісу, асноўная большасць фразеалагізмаў з кампанентам “зямля” пабудавана па схеме словазлучэнняў.

Па схеме простага (двусастаўнага ці аднасастаўнага) сказа пабудавана 31% фразеалагізмаў.

Толькі адзінкавыя фраземы маюць форму спалучэнняў назоўніка з прыназоўнікам.


Спіс літаратуры

1. Аксамітаў А.С. Беларуская фразеалогія. Мн.: Вышэйшая школа, - 1971, - 112 с.

2. Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі, - 1994, - 654 с.

3. Герасімчык І.А.Фразеалагічныя паронімы сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вуч. Ступені канд. Філалагічных навук. Ін-т ім. Я.Коласа НАН Беларусі. – Мн., 2003. – 20 с.

4. Даніловіч М.А. Граматычная характарыстыка фразеалагізмаў. Мн.: Навука і тэхніка, - 1991, - 110 с.

5. Киселев И.А. Русско-белорусский фразеологический словарь. Для средней школы. Мн.: Народная асвета, - 1991, - 193 с.

6. Копыленко М.М., Попова З.Д. Очерки по общей фразеологии. Воронеж, - 1972, -191 с.

7. Лепешаў І.Я., З народнай фразеалогіі. Дыферэнцыяльны слоўнік. Мн.: Вышэйшая школа, - 1991, - 110 с.

8. Лепешаў І.Я. Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагчнай нормы / І.Я. Лепешаў. – Мінск.: Навука і тэхніка, 1984. – 263 с.

9. Лепешаў І.Я., Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, - 1993. Т.1., - 590 с., Т.2. 607 с.

10. Маршэўская В.В. Фразеалагізмы са структурай сказа. Манаграфія/ В.В. Марашэўская, УА “Гродзенскі дзяржаўны ун-т ім. Я.Купалы. – Гродна: ГрДУ ім. Я.Купалы, 2003, - 115 с.

11. Мокиенко В.М. Славянская фразеология. М.: Высшая школа, 1989 – 287 с.

12. Мяцельская Е.С., Камароўскі Я.М. Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі. Мн.: Выдавецтва БДУ, 1972. – 320 с.

13. Садоўская А.С. Фразеалагізмы – словазлучэнні ў сучаснай беларускай літаратурнай мове.: Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вуч. Ступені канд. Філалагічных навук./ А.С. Садоўская. Ін-т ім. Я.Коласа НАН Беларусі. – Мн., 2002. – 21 с.

14. Слова і фразеалагізм у літаратурным і дыялектным кантэксце: манаграфія/ Г.М. Малажай. УА “БрДУ імя А.С.Пушкіна”. – Брэст: Выдавецтва УА “БрДУ імя А.С.Пушкіна”., 2004. – 123 с.

15. Телия В.Н. Русская фразеология. Семантический, прагматический и культурологический аспекты. М.: Школа «Языки русской культуры», - 1996, - 288 с.

16. Фразеологический словарь русского языка. М.: Русский язык, - 1986, - 543 с.

17. Хлусевіч І.М. Варыянтнасць фразеалагізмаў у сучаснай беларускай літаратурнай мове: Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вуч. Ступені канд. Філалагічных навук/ І.М.Хлусевіч; НАН Беларусі. – Мн.: 2001. – 21 с.

18. Янкоўскі Ф. Роднае слова. – Мн., “Вышэйшая школа”, - 1972, - 448 с.

19. Slownik frazeologiczny jezyka polskiego. Stanislaw Skorupka. – 1974, - Warszawa.

ОТКРЫТЬ САМ ДОКУМЕНТ В НОВОМ ОКНЕ

ДОБАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ [можно без регистрации]

Ваше имя:

Комментарий