Смекни!
smekni.com

Асаблівасці каталіцтва (стр. 1 из 4)

Асаблівасці каталіцтва

ЗМЕСТ

1. Агульная характарыстыка каталіцтва

2. Каталіцтва на Беларусі

3. Асаблівасці веравучэння і культу каталіцтва

4. Структура каталіцкай царквы

5. Уніяцтва на Беларусі

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Агульная характарыстыка каталіцтва

Каталіцтва – сама шматколькасны кірунак ў хрысціянстве. Зараз у свеце налічваецца 968 мільёнаў католікаў, якія складаюць каля 16% насельніцтва Зямлі. Яно распаўсюджана ў такіх еўрапейскіх краінах як Іспанія, Італія, Партугалія, Бельгя, Аўстрыя, Германія, Польшча, Літва, Беларусь і Украіна. Найбольш моцны ўплыў каталіцтва ў Лацінскай Амерыцы, дзе яно ахоплівае амаль 90% насельніцтва.

У якасці асноўных рыс каталіцтва даследчыкі называюць, па- першае, высокую ступень цэнтралізацыі царквы і канцэнтрацыю ўлады ў руках Папы Рымскага. У адрозненне ад праваслаўя, якое ў арганізацыйным плане падзяляецца на 15 аўтакефальных цэркваў, каталіцтва з'яўляецца адзіным. Ёсць толькі адна каталіцкая царква ва ўсім свеце, узначальвае якую Папа Рымскі.

Адзінства каталіцкай царквы абумоўлена як чыста рэлігійнымі, так і гістарычнымі прычынамі. Як ужо адзначалася, першым епіскапам Рыму (Рымскім папай) лічыцца сам апостал Пётр, якому, згодна з Бібліяй, Хрыстос даручыў кіраўніцтва ў хрысціянскай царкве. Кожны Рымскі папа разглядаееца католікамі як пераемнік Пятра і галава царквы. Такім чынам, ён з'яўляецца бачным сімвалам адзінства і валодае вельмі вялікім аўтарытэтам.

З падзеннем Заходняй Рымскай Імперыі (476 г.) папа атрымлівае новыя магчымасці для пашырэння сваёй як духоўнай, так і свецкай улады. Ён робіцца галоўным прадстаўніком хрысціянскага насельніцтва былых рымскіх тэрыторый, занятых зараз варварскімі плямёнамі.

Свецкая ўлада пап атрымала падтрымку з боку кіраўнікоў узнікшых у Еўропе новых варварскіх дзяржаў. У 756 г. франкскі кароль Піпін Кароткі падараваў папе Стэфану II землі ў Італіі, на якіх была створана Папская вобласць, якая праіснавала да 1870 г.

Свецкія ўлады ў Еўропе не змаглі падпарадкаваць сабе царкву і яна развівалася як адзіная і цэнтралізаваная арганізацыя. Нейкі час папы нават узвышаліся над свецкімі ўладамі, яны каранавалі каралёў, былі арбітрамі ў спрэчках паміж імі, праводзілі актыўную міжнародную палітыку. З цягам часу палітычная ўлада пап ўсё больш памяншалася, але і зараз папы валодаюць вялікім аўтарытэтам у свеце.

Каталіцкая царква, у адрозненне ад праваслаўнай, была незалежнай ад свецкіх улад і праводзіла самастойную палітыку. Гэтым абумоўлены як станоўчыя, так і адмоўныя бакі яе дзейнасці. Доўгі час яна аказвала істотны ўплыў не толькі на палітыку, але і культуру Еўропы. Праз каталіцкую царкву антычная культурная спадчына зрабілася ўласнасцю еўрапейскіх народаў. Прыкладна да ХІV ст. царква была галоўным культурным інстытутам, амаль усё духоўнае жыццё, навука і адукацыя адбываліся ў яе межах. У перыяд сярэднявечча каталіцкая царква была адным з інстытутаў улады і ўжывала ў сваёй дзейнасці сродкі тых часоў, якія, па сутнасці, супярэчылі хрысціянскай маралі. У ХІ – ХІІІ стст. яна з'явілася адным з ініцыятараў крыжовых паходаў за вызваленне Іерусаліма ад захапіўшых яго мусульман, гэта значыць, рэлігійных войнаў. У пачатку XIII ст. для барацьбы з ерасямі ў каталіцкай царкве была арганізавана інквізіцыя (ад лац. inquisitio – вышук), якая праіснавала да 1965 г. Агульная колькасць людзей, асуджаных інквізіцыяй да розных відаў пакарання налічвае некалькі соцен тысяч. Для дзейнасці інквізіцыі былі характэрны тайнае следства, ужыванне катаванняў, выкарыстоўванне даносчыкаў і г.д. Адной з найбольш вядомых спраў інквізіцыі з'яўляецца асуджэнне ў 1633 г. італьянскага вучонага Галілеа Галілея, якога вымусілі адрачыся ад геліяцэнтрычнай тэорыі Каперніка. Зараз каталіцкая царква прызнала крыжовыя паходы, інквізіцыю, а таксама справу Галілея сваімі грахамі і пакаялася ў іх.

Другой асноўнай рысай каталіцтва з'яўляецца дынамізм яе рэлігійна-царкоўнага жыцця, які праяўляецца як у сацыяльнай, так і багаслоўскай сферах. Каталіцкая царква заўсёды займала актыўную сацыяльную пазіцыю і імкнулася аказаць уплыў на сучаснае ёй грамадства. У найбольшай ступені ёй гэта ўдавалася ў перыяд сярэднявечча, калі яна валодала вялікай уладай. У гэты ж час царква ўсё больш зрошчваецца з феадальнай дзяржавай і залежыць ад яе. Пачынаючы з перыяду Адраджэння, еўрапейская культура ва ўсё большай ступені набывае свецкі характар, і царква паступова страчвае свой уплыў на развіццё культуры, больш таго, шмат у чым яна робіцца рэакцыйнай і кансерватыўнай сілай у грамадстве. У ей працягваюць адбывацца змены, але ідуць яны вельмі марудна і з вялікімі цяжкасцямі. Каталіцкая царква ўсё больш адстае ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў сацыяльнай і культурнай сферах еўрапейскага жыцця і займае адносна іх абарончыя пазіцыі.

Рашучы паварот да зменаў быў узяты на Другім Ватыканскім саборы, які прайшоў у 1962-1965 гг. 3 яго пачаўся працэс аджорнамэнто (італ. aggiornamento – адпаведнасць сённяшняму дню) – абнаўлення сучаснай каталіцкай царквы. Было абвешчана, што яна прызвана не кіраваць грамадствам, але служыць яму. Атрымаў прызнанне прынцып свабоды веравызнання. Сабор выказаўся за калегіяльныя метады кіравання царквой, больш актыўны ўдзел міранаў у царкоўным жыцці і ўзаконіў нацыянальныя канферэнцыі і сіноды. Былі ўхвалены некаторыя змены ў богаслужэнні, у прыватнасці, выкарыстоўванне нацыянальных моў, а таксама прызнана магчымасць функцыянальнага стылю ў царкоўнай архітэктуры. Сабор зняў з іудзеяў віну за распяцце Хрыста. Была зроблена ращучая спроба прымірэння з праваслаўнай царквой і пратэстанцтвам, усталявання канструктыўных сувязяў з нехрысціннскімі рэлігіямі. Сабор выказаўся па многіх сучасных сацыяльных пытаннях. У прыватнасці, было ращуча асуджана ўжыванне ядзернай зброі, вайна, як сродак вырашэння канфліктаў, неакаланіяльныя сродкі эксплуатацыі.

Рашэнням Другога Ватыканскага сабора ў каталіцкай царкве зараз надаецца вельмі вялікае значэнне і адбываецца праца па іх ажыццяўленню.

2. Каталіцтва на Беларусі

Каталіцтва на тэрыторыі Беларусі мае доўгую гісторыю. Заходнія місіянеры прыходзілі на нашы землі яшчэ ў IX ст. Як ужо гаварылася, у пачатку XI ст. у Тураве ўзнікла заходняя епархія, але яна была разгромлена князем Уладзімірам і развіццё хрысціянства на Беларусі пайшло па праваслаўнаму шляху. У 1251 г. вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Міндоўг, каб атрымаць ад папы абарону ад крыжакоў Лівонскага ордэна, хрысціўся ў каталіцтва, аднак хрышчэнне яго не было шчырым і ён таемна прыносіў ахвяры язычніцкім багам. Пры Міндоўгу ў 1252 г. была заснавана каталіцкая епархія і пабудаваны касцёл. Аднак хрышчэнне не абараніла Міндоўга ад нападаў крыжакоў, і таму ён у 1260 г. вярнуўся ў язычніцтва. Пранікненне каталіцтва на тэрыторыю Беларусі не спынілася. У пачатку ХІVст. з Рыгі ў Полацк прыбыла група католікаў, у 1323 г. вялікі князь Гедымін запрасіў манахаў дамініканцаў і францысканцаў перасяліцца ў Літву.

Масавае распаўсюджанне каталіцтва на тэрыторыі Беларусі пачалося пасля заключэння вялікім князем Ягайлам у 1385 г. Крэўскай уніі з Польшчай, адной з умой якой было хрышчэнне літоўцаў-язычнікаў па заходняму абраду. Ужо з 1387 г. у Вільні была створана каталіцкая епархія і пачаў будавацца касцёл. У канцы ХІV ст. у ВКЛ існавала ўжо 12 касцёлаў, з іх 6 – на тэрыторыі Беларусі. Каталіцкая царква займала прывілегіраванае становішча ў ВКЛ. Згодна з прывілеем Ягайлы ад 1387 г. яна атрымала поўны імунітэт у сваіх маёнтках у фінансавых і судовых пытаннях, а таксама вызвалялася ад дзяржаўных падаткаў і павіннасцяў. Яе маёмасць павялічвалася за кошт ахвяраванняў вялікіх князёў. Аднак распаўсюджвалася каталіцтва пераважна сярод язычніцкага насельніцтва Літвы, і то гэты працэс зацягнуўся на два стагоддзі. На тэрыторыі ж Беларусі падаўляючая колькасць веруючых належала да праваслаўнай царквы. У асноўным гэта былі сяляне. Магнаты ж і шляхта прымалі каталіцтва.

У ВКЛ каталіцтва было пануючай рэлігіяй. Калі католік уступаў у шлюб з некатолікам, апошні павінен быў прыняць каталіцтва. Каталіцкім магнатам і шляхце былі дадзены прывілеі: яны вызваляліся ад падаткаў і мелі права займаць вышэйшыя пасады ў краіне. У выніку барацьбы праваслаўныя магнаты і шляхта таксама атрымліваюць такія ж прывілеі, але і пасля гэтага каталіцтва застаецца пануючай рэлігіяй у Рэчы Паспалітай.

Пасля далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі ў выніку трох пацзелаў Рэчы Паспалітай становішча каталіцтва рэзка змянілася. З пануючай рэлігіі яно ператварылася ў цярпімую. Спачатку адносіны да каталіцтва былі даволі спакойнымі. Царскі ўрад не мог не лічыцца з тым, што асноўная колькасць магнатаў і шляхты на далучаных землях былі католікамі. Адзінае, да чаго спачатку імкнулася кіраўніцтва Расійскай імперыі – гэта перапыніць непасрэдныя кантакты каталіцкага духовенства на Беларусі з Папам Рымскім, а манаскіх ордэнаў – з іх цэнтрамі.

У пачатку XIX ст. на тэрыторыі Беларусі існавала тры каталіцкія епархіі: Магілёўская, Мінская і Віленская. У іх было 517 прыходаў з 1072177 прыхаджанамі. Падпарадкоўваліся яны рымска-каталіцкай духоўнай калегіі, якая знаходзілася ў Пецярбурзе.

Католікі былі апазіцыйна настроены супраць урада. Абумолена гэта было, па-першае, тым, што магнаты і шляхта, якія ў асноўным належалі да каталіцтва, марылі аб адраджэнні Рэчы Паспалітай і, па-другое, незадаволенасцю каталіцкага духавенства пагаршэннем свайго прававога становішча.

Католікі прынялі актыўны ўдзел у паўстаннях І830 – І83І і 1863 гг., таму супраць каталіцкай царквы пачаліся рэпрэсіі. У 1832 г. у заходніх губерніях было зачынена 199 каталіцкіх кляштароў. Гэтая палітыка працягвалася і ў 40 – 50-я гг., хаця і не так інтэнсіўна. Больш жорсткімі рэпрэсіі былі пасля падаўлення паўстання 1863 г. За ўдзел у ім 8 ксяндзоў былі пакараны смерцю, 36 – сасланы на катаржныя работы, 25 – на пасяленне ў Сібір з пазбаўленнем асабістых правоў, дзесяткі – ва ўнутраныя губерніі Расіі. Адбіраліся касцелы і кляштары, якія па большай частцы перадаваліся праваслаўнай царкве. Пачала праводзіцца палітыка распалячвання касцёла. Сутнасць яе была ў тым, каб увесці ў каталіцкіх касцёлах беларускіх губерній рускую мову замест польскай у набажэнствах. Аднак з-за супраціўлення ксяндзоў і большай часткі веруючых гэтая палітыка не мела поспеху.