Смекни!
smekni.com

Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў СССР і БССР (стр. 3 из 6)

У лютым 1933 г. работнікі ДПУ паведамілі аб раскрыцці «контр-рэвалюцыйнай эсэра-прышчэпаўскай арганізацыі» у Наркамземе БССР і Белтрактарацэнтры. У выніку было «абясшкоджана 1, 5 тыс. груповак, якія аб’ядноўвалі да 30 тыс. бандыцкіх элементаў».

Чарговым «поспехам» работнікаў ДПУ стала «выкрыццё контррэвалюцыйнай арганізацыі» «Беларускі нацыянальны цэнтр», нібыта створанай польскімі спецслужбамі. У выніку па «справе БНЦ» было асуджана 97 чал.

У ліку іншых «контррэвалюцыйных арганізацый», выкрытых работнікамі ДПУ ў 1933 г., былі «Польская арганізацыя вайскова», «Беларуская народная Грамада» і іншыя. Усяго з канца 1920-х да сярэдзiны 1930-х гадоў у БССР было рэпрэсiравана звыш 46 тысяч чалавек, з якіх 13 тысяч – расстраляны.

Аб глыбокай канспірацыі «ворагаў народа» мусіла сведчыць выкрыццё ў 1937 г. народнага камісара ўнутраных спраў БССР Г. Малчанава, затым старшыні СНК М. Галадзеда, камандуючага Беларускай ваеннай акругі І. Убарэвіча, старшыні ЦВК БССР А. Чарвякова, І сакратара ЦК КП(б) Б В. Шаранговіча і многіх іншых.

На Беларусi у 1935–1940 гг. за так званыя «контррэвалюцыйныя злачынствы» было прыцягнута каля 385 тыс. чалавек, з якiх больш чым 50 тыс. было расстраляна. У іх ліку – «члены падпольных антысавецкіх арганізацый»: трацкiстаў, правых, нацыянал-фашыстаў, эсэраў, бундаўцасiянiстаў, царкоўнасектантаў і інш.

У верасні 1938 г. масавыя рэпрэсіі былі арганізавана спынены, а пазасудовыя органы (за выключэннем Асобай нарады НКУС СССР) распушчаны. І. Сталіну спатрэбіўся час, каб падвесці вынікі кампаніі і здзейсніць кадравыя перастаноўкі. У прыватнасці, замест М. Яжова, пасаду народнага камісара ўнутраных спраў заняў Л. Берыя. Значную частку свайго часу новы наркам надаваў барацьбе з выпадкамі парушэння сацыялістычнай законнасці. У выніку многія работнікі апарату НКУС, у тым ліку яго папярэднік М. Яжоў, а таксама наркам БССР Б. Берман, таксама былі расстраляны.

Усяго з 1921 па 1953 гг. за «контрэвалюцыйныя злачынствы» было асуджана 3 777 380 чал., з іх да вышэйшай меры пакарання былі прыгавораны 642 980, да зняволення – 2 369 220 чал., да ссылкі і высылкі – 765 180 чал. Каля 2, 9 млн былі асуджаны пазасудовымі органамі, каля 900 тыс. – судамі і ваеннымі трыбуналамі.

У іх ліку былі і тыя, хто актыўна змагаўся за Савецкую ўладу – В. Кнорын, М. Крыленка, К. Ландэр, М. Калмановіч, В. Фамін. Сімвалам трагедыі сталінскіх ахвяр сталі ўрочышча Курапаты каля Мінска, Бутава каля Масквы і іншыя месцы.

4. Грамадска-палітычная сітуацыя ў БССР у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе

Характэрнай рысай грамадска-палітычнага жыцця народаў СССР першых пасляваенных гадоў з’ўляўся высокі духоўны ўздым савецкіх людзей, выкліканы перамогай у Вялікай Айчыннай вайне.

Палітычная сістэма паступова аднавіла сваю дзейнасць. Як і раней, у цэнтры яе знаходзілася ЎКП(б) (з 1952 г. – КПСС). З разгромам фашызму – аўтарытэт яе Генеральнага сакратара, генералісімуса Савецкага Саюза і старшыні Савета Міністраў І. Сталіна максімальна ўзрос. Нават у афіцыйным ужытку распаўсюдзіўся тытул тытул «Правадыр усіх часоў і народаў», а перамога ў вайне асацыіравалася з яго іменем. У ліку набліжаных да яго асоб былі члены Палітбюро – Л. Берыя, Г. Малянкоў, В. Молатаў, М. Булганін, М. Хрушчоў.

Партыйную арганізацыю БССР узначальвалі П. Панамарэнка, са студзеня 1947 г. – М. Гусараў, з ліпеня 1950 г. – М. Патолічаў. На вышэйшыя партыйныя, савецкія, грамадскія пасады вылучаліся былыя кіраўнікі падполля і партызанскага руху І. Варвашэня, В. Казлоў, І. Кожар, С. Прытыцкі. Шэрагі КП(б) Б імкліва павялічваліся. Так, у пачатку 1945 г. у яе складзе налічвалася 29 515, 1951 г. – 116 663, 1954 г. – 129 585 камуністаў і кандыдатаў у члены партыі.

Выбары ў Вярхоўны Савет СССР (1946), Вярхоўны Савет БССР (1947), мясцовыя Саветы (1948, 1950), а таксама народных суддзяў і народных засядацеляў па-ранейшаму былі безальтэрнатыўнымі, але надзвычай масавымі, і прайшлі пад лозунгам падтрымкі «блоку камуністаў і беспартыйных». Як і раней, праца Саветаў была фактычна зведзена да ўхвалення, станоўчага каментавання i адпаведнай канкрэтызацыi партыйных рашэнняў.

Характэрнай рысай грамадска-палітычнага жыцця канца 1940-пачатку 1950-х з’яўлялася аднаўленне рэпрэсій. Так, у верасні 1950 г. па «ленінградскай справе» было расстраляна 6 высокапастаўленых дзяржаўных дзеячаў. Рэпрэсіі былі выкарыстаны і ў дачыненні шырокага кола грамадзян СССР: жыхароў Прыбалтыкі, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, дзе адбывалася калектывізацыя і разам з ёй – высылка ў Сібір «класава чужых элементаў». Пад падазрэнне спецслужбаў трапілі практычна ўже жыхары часова акупіраванай фашыстамі тэрыторыі БССР, у тым ліку члены мінскага падполля. Паэты С. Шушкевіч, С. Грахоўскі і інш. былі ізноў арыштаваны і высланы з Беларусі. Мiнiстр асветы БССР П. Саевiч па абвiнавачаннi у супрацоўнiцтве з югаславамi быў асуджаны на 25 год турмы. У 1948 г. на падставе сфальсіфікаванай справы «Антыфашысцкага яўрэйскага камітэта» у СССР пачаліся рэпрэсіі сярод яўрэйскай інтэлігенцыі. Так, 13 студзеня 1948 г. у Мiнску быў забіты народны артыст СССР С. Мiхоэлс. А «справа ўрачоў», якія быццам планавалі атруціць вышэйшых дзяржаўных асоб, выклікала ўсплёск юдафобіі на дзяржаўным узроўні.

Умовы «халоднай вайны» прымусілі партыйнае кіраўніцтва ўзмацніць ідэйна-палітычнае выхаванне насельніцтва. Так, у 1946 г. яго жорсткай крытыцы падвергліся рэдактары часопісы «Звезда» і «Ленінград», аўтары кінафільма «Вялікае жыццё» У «няміласць» трапілі літаратары Г. Ахматава і М. Зошчанка

Актыўнасць ідэалагічных і следам – карных службаў выявілася ў бібліятэчнай і выдавецкай справах, калі ў 1948 г. Галоўліт СССР забараніў для грамадскага чытання 185 назваў кніг.

На хвалі прапаганды ўсяго савецкага лічылася непатрыятычным станоўчыя ацэнкі заходняй культуры, навукі тэхнікі. Таму барацьба супраць «бязроднага касмапалітызму» і «нізкапаклонніцтва перад Захадам» таксама стала характэрнай рысай грамадскага жыцця СССР. Так, у лік «нізкапаклоннікаў» трапілі прыхільнікі не прызнанай на той час у СССР навукі генетыкі. 22 лістапада 1947 г. акадэмік А. Жэбрак за крытыку мічурынскага напрамку біялогіі ў амерыканскім часопісе «Science» быў адхілены ад пасады прэзідэнта АН БССР.

Важнейшым сродкам у фарміраванні ў савецкіх грамадзян ідэйнага імунітэту супраць буржуазнай ідэалогіі з’яўлялася сістэма прапаганды, якая ахоплівала ўсе дзяржаўныя і грамадскія структуры – ад дзіцячых садочкаў – да ВНУ. Усхваленне Сталіна як «Леніна сёння» з’яўлялася калі не асноўнай, то адной з галоўных частак ідэйна-прапагандысцкай работы.

Уздым яе прыпаў на снежань 1949 г., калі паўсюдна ў СССР ішло святкаванне юбілею правадыра. З гэтай нагоды ў БССР адбылося 31 500 мiтынгаў з удзелам 3 млн чал. Група пісьменнікаў і паэтаў напісала «Пiсьмо вялiкаму Сталiну ў слаўнае 70-годдзе дня нараджэння ад беларускага народа». У яго ж гонар у 1952 г. у Мінску быў узведзены найвялікшы ў краіне манумент.

Такiм чынам, пасля вайны грамадска-палітычнае жыццё ў БССР уваходзіла ў звыклае, апрабаванае рэчышча. Перамога над фашызмам не змянiла прыроды сталiнскага рэжыму. У яго аснове ляжала жорсткая цэнтралiзацыя ўсiх бакоў жыцця, неймавернае ўсхваленне асобы І. Сталіна, непрымiрымае стаўленне да станоўчых ацэнак замежных дасягненняў навукі, тэхнікі, культуры. Разам з мабiлiзацыяй народа на стваральную працу скiраваную на аднаўленне i далейшае развiццё гаспадаркi, грамадскага i культурнага жыцця, шырока практыкавалiся метады адмiнiстрацыйнага прымусу. Распачатая ў Заходняй Беларусі гвалтоўная калектывізацыя прыводзіла да новых ахвяр і пашырала сацыяльную базу антысавецкіх бандфарміраванняў.

Дзейнасць спецслужб спалучалiся з шырокай падазронасцю ўлад да людзей, хто ў часы вайны трапiў пад нямецкую акупацыю, у тым лiку партызан i падпольшчыкаў. Антысемітызм, барацьба з «бязродным касмапалітызмам» – характэрныя рысы сталінскага рэжыму апошніх год яго існавання. Разам з тым складанае палітычнае становішча, што існавала ў БССР, нівеліроўвалася працоўным энтузіязмам па адраджэнні эканомікі і культуры, паступовым павышэннем жыццёвага ўзроўню людзей, высокай ідэйнай свядомасцю, верай у партыю і правадыра. Перажытая вайна здавалася ім самай страшэннай бядой, у параўнанні з якой недахоп прадуктаў харчавання, тавараў народнага спажывання, дрэнныя жыллёвыя ўмовы, і нават пагроза рэпрэсій лічыліся часовымі цяжкасцямі.

5. Асаблівасці працэсу дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 50-х – 60-я гг. ХХ ст.

Пачатак змен да лепшага ў СССР, у тым лiку i БССР, быў звязаны са смерцю Сталiна 5 сакавiка 1953 г. i перастаноўкамi у вышэйшых эшалонах улады. Так, пасаду Старшынi Савета Міністраў заняў Г. Малянкоў. М. Хрушчоў узначалiў Сакратарыят ЦК, Л. Берыя – Міністэрства ўнутраных спраў (з уключэннем у яго склад Міністэрства дзяржаўнай бяспекі), М. Булганiн – Мiнiстэрства абароны, К. Варашылаў – Вярхоўны Савет СССР.

У сродках масавай інфармацыі часцей стала праводзіцца думка пра калектыўнае кiраўнiцтва. У сталіцы БССР, абласцях i раёнах адбывалiся пленумы, прысвечаныя ўмацаванню калегiяльнасцi у рабоце партыйных органаў, развiццю крытыкi i самакрытыкi, павышэнню адказнасцi камунiстаў. Тым часам у Прэзідыуме ЦК паміж уладальнікамі ключавых пасад пачалася барацьба за вызначальны ўплыў і аднасобную ўладу. Каб знайсці падтрымку ў масах грамадзян, Л. Берыя перапыніў «справу ўрачоў» і аддаў загад аб частковы вызваленні рэпрэсіраваных асоб. У выніку на волю выйшлі 1 181 264 з 2 526 402 асуджаных, галоўным чынам, па крымінальных артыкулах.

Большасць партыйнай эліты выказвала апасенне, што з перамогай Л. Берыя ў краіне ўсталюецца рэжым яшчэ больш жорсткі, чым пры Сталіне. З усведамленнем таго М. Хрушчоў заручыўся падтрымкай маршала Г. Жукава і 26 чэрвеня на пасяджэнні Прэзідыума ЦК арганізаваў арышт свайго канкурэнта. У вынiку Л. Берыя быў выведзены з ЦК, выключаны з партыi і па прыгавору суда расстраляны. Чарговы (вераснёўскi) 1953 г. Пленум ЦК КПСС усталяваў пасаду Першага сакратара ЦК КПСС i абраў на яе М. Хрушчова. З гэтага часу ўвайшлi у практыку сумесныя пастановы ЦК КПСС i Саўмiна СССР, якiя павiнны былi сведчыць аб узмацненнi функцый Саветаў. Але, як i раней, вызначальную ролю ва ўсiх сферах жыццядзейнасцi краiны адыгрывалi партыйныя органы. На 1 студзеня 1954 г. у КПСС налічвалася 6, 9 млн камунiстаў, з якiх 129 585 – у складзе КПБ.