Смекни!
smekni.com

Палітычная і эканамічная гісторыя Беларускіх земляу у другой палове XVII–XVIII ст. (стр. 8 из 9)

Паступова ўзнаўлялася і сялянская гаспадарка. Сяляне пашыралі яе шляхам запашкі пазанадзельнай зямлі, з якой яны не плацілі падаткі (бо ўтойвалі), ці плацілі невялікія падаткі. У аднаўленчы перыяд дзяржаўная ўлада і феадалы, каб хутчэй узняць пустоты, уводзілі розныя льготы для сялян, якія бралі для апрацоўкі дадатковы надзел. Такая палітыка станоўча ўплывала на стан сялянскай гаспадаркі і садзейнічала эканамічнаму ўздыму краіны ў цэлым.

Сялянскія надзелы дзяліліся на цяглавыя, за якія ў асноўным выконвалася паншчына, і чыншавыя, за якія галоўным чынам сяляне плацілі грашовы аброк. Дапаўняла іх дзякла. У цэлым па Беларусі ў большасці былі цяглавыя сялянскія гаспадаркі. У сувязі з гаспадарчым разбурэннем павялічылася колькасць сялян, не меўшых амаль ніякіх сродкаў вытворчасці.

Паншчына. Яе адбывалі круглы год і мужчыны і жанчыны, са сваей рабочай жывёлай. Памеры яе вызначаліся з улікам магчымасці селяніну весці сваю гаспадарку. За разглядаемы перыяд памер паншчыны павялічыўся амаль у 3 разы, дасягаючы фантастычных лічбаў 24 дні на тыдні з валокі (маентак Блювенічы Лідскага павету на 1746 г.).

У разбураных маентках і дзеля наваселаў рабіліся палегкі - у некалькі разоў памеры павіннасцяў памяньшаліся, але на непрацяглы час.

Гвалты, талокі, згоны - работы ўсей сялянскай сям’ей на жніве, сенакосах, узворванні зямлі феадала. Колькасць гвалтоў часцей за ўсе вызначалося ў 12 на год дзеля сялянскай гаспадаркі. Адзін гвалт мог працягвацца тры дні (маентак Глыбокае Ашмянскага павета, 1702 г.).

Падводная павіннасць - на сваей жывёле дастаўляць панскія грузы да прыстані ці ў гандлевыя цэнтры - ажно да Круляўца (зараз Калінінград). Замест паездкі пан мог спаганяць грашовы эквівалент адпрацоўкі, і ен быў вельмі вялікі.

Шарваркі - павіннасць заключалася ў рамонце і будаўніцтве дарог-гасцінцаў, мастоў, маенткаў. Мелі нерэгулярны характар.

Акрамя таго, сяляне адбывалі старажоўшчыну (розныя гаспадарчыя работы ў двары феадала па чарзе сялянамі адной вескі), начную варту, яны сплаўлялі лес і іншыя грузы ў парты Прыбалтыкі, удзельнічалі ў аблавах пад час панскага палявання і інш., жанчыны прапалвалі агароды, ткалі, мылі для панскага двара. Пад час святаў сяляне павінны былі паднасіць абавязковае “каляднае" і “валачобнае" - пэўную колькасць птушкі і яек.

Грашовыя падаткі: Чынш - галоўны падатак для сялян чыншавых. Памер чыншу ў разглядаемы перыяд павялічыўся з улікам інфляцыі амаль у два разы (з 30 злотых у 1682 г. да 120 злотых у 1750-х гг., Крычаўскае стараства). Жорнавае - спаганялася панам за права карыстацца сваімі жорнамі. Угайнае, ялавічнае, вепраўшчызна - грашовыя падаткі за права карыстацца ляснымі ўгоддзямі. Чапавое - падата за права вырабляць алкаголь. Куніца - плата за дазвол выйсці замуж у іншую воласць. Усяго налічваецца каля 56 найменаванняў грашовых спагнанняў.

Дзяржаўны падатак - падымнае - штогод уносіўся с кожнага дыма. Гіберна, што змяніла серабшчызну, ішла на ўтрыманне войска (спаганялася з дзяржаўных сялян). Рэйтаршчызна - ішла на ўтрыманне магнацкага прыватнага войска. На карысць ваенных спаганяліся з сялян стацыі (натуральны падатак) пад час кватаравання ў той мясцовасці войскаў.

Агульны пералік падаткаў немагчымы, бо іх існавала каля 120-140. Максімальныя памеры падаткаў вызначаліся ў інвентарах. Але яны паўсюдна парушаліся арандатарамі і адміністрацыяй маенткаў. Улады, што абараніла бы селяніна - не было.

Сялянскія паўстанні. Паўстанне ў Крычаўскім старастве 1743-1744 гг. Доўгія гады сяляне Крычаўскага стараства вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства кіраўніцтва стараства (старастам быў г. Радзівіл) і арандатараў. Звычайныя формы барацьбы - скаргі, адмовы выконваць павіннасці, уцёкі, вынікаў не давалі. У канцы 1743 г. выбухнула ўзброенае паўстанне. Узначаліў выступленне сялян Васіль Вашчыла і яго паплечнікі: Іван Карпач, Стэсь Бачко, Васіль Вецер. Сяляне і мяшчане Крычава прагналі радзівілавых арандатараў, замест іх абралі са свайго кола. Паўстанцы разграмілі двары найбольш адыёзных шляхціцаў і ліхвяроў і падзялілі маёмасць. Былі знішчаны судовыя і даўгавыя кнігі. На разгром паўстання Радзівіл накіраваў у студзене 1744 г. значны вайсковы атрад на чале з паўкоўнікам Пястжэцкім. Калі галоўныя сілы паўстанцаў былі далёка ад Крычава, Пястжэцкі захапіў горад.18 студзеня адбыўся няўдалы штурм горада, добра ўзброены атрад Пястжэцкага (меліся нават гарматы) адбіў напад дрэнна ўзброенай беднаты. Паўстанцы разбілі лагер каля вёскі Царковішча і пачалі рыхтавацца да асады Крычаўскага замка. У ноч на 26 студзеня, напярэдадні асады, Пястжэцкі нечакана напаў на лагер і разбіў сялянскае войска, кіраўнікі паўстання былі захоплены і жорстка пакараны. У пачатку лютага паўстанне было канчаткова задушана. Неарганізаванасць, стыхійнасць і лакальнасць - прыкметы амаль усіх сялянскіх паўстанняў, з-за якіх яны не маглі скончыцца перамогай. Але Радзівіл пайшоў на ўступкі: ён замяніў прымусовыя работы грашовым чыншам, зняў абмежаванні для сялян у гандлі, на некаторы час не здаваў староства ў арэнду.

Не меньш моцным было паўстанне на Каменшчыне 1754-1756 гг. Хваляванні сялян ва ўладаннях Віленскага капітула на Мазыршчыне пачаліся яшчэ ў 1736 г., у 1754 яны перараслі ва ўзброенае паўстанне. Гэтаму паспрыяла пашырэнне на поўдзень Беларусі гайдамацкага руха, што ўзнік на Ўкраіне. Геранім Радзівіл паслаў войскі на задушэнне паўстання, але сяляне аказалі яму сур’ёзнае супраціўленне пад Славечнам. Толькі ў 1756 г. паўстанне было задушана.

Горад. Войны сярэдзіны XVII ст. і Паўночная вайна нанеслі гарадам і мястэчкам Беларусі яшчэ большую страту, чым сельскай мясцовасці. Была разбурана большасць гарадоў, а некаторыя цалкам разграблены і спалены. Пад час расійскай акупацыі 1654-1667 гг. рамеснікі прымусова вывозіліся ў Расію, дзе працавалі на карысць ужо расейскай гаспадаркі. Такім чынам беларускія землі страцілі тую аснову, на якой магла з’явіцца нацыянальная буржуазія і далей развівацца нацыянальная дзяржаўнасць.

Гарады знаходзіліся ў глыбокім заняпадзе, унутраны рынак звузіўся, было падарвана развіццё рамяства. Частка застаўшыхся гарадскіх рамеснікаў была вымушана перасяляцца ў вёску або заняцца сельскай гаспадаркай у горадзе, бо не было заказаў пакупнікоў. Колькасць рамеснікаў у гарадах Беларусі рэзка зменьшылася. У Гродне, напрыклад, у 1650 г. было 130 рамеснікаў, а ў 1680 г. засталося толькі 12. Ва ўмовах бязладдзя феадалы рабавалі купецкія абозы, рабілі “наезды" на рынкі і гарады, патрабавалі ад апошніх выкупы. Ствараліся прыватныя ўнутраныя мытні ва ўладаннях магнатаў. Значна выраслі падаткі з гарадоў, і адначасова раслі юрыдыкі, часткі гарадоў, якія належылі феадалам і не падпарадкоўваліся магістрату, з іх не спаганяліся дзяржаўныя падаткі.

З аднаўленнем прадукцыйных сілаў у вёсцы паступова пачынае адраджацца гаспадарка гарадскіх паселішчаў. Хутчэй, чым іншыя, адбудоўваюцца буйныя гарады на галоўных гандлевых шляхах - Мінск, Магілёў, Віцебск, Нясвіж, Наваградак - у іх лягчэй было абмежаваць феадальнае свавольства. У гэтых гарадах расце рамесная вытворчасць, адмячаецца адраджэнне спецыялізацыі раёнаў. У Віцебску ў першай палове XVIII ст. пашыралася гарбарная вытворчасць, апрацоўка мінеральнай сыравіны і дрэва. Вялікім попытам карысталіся магілёўскія пальчаткі і мыла, слуцкія пярсцёнкі, вырабы мінскіх рымароў.

Адраджэнне рамяства суправаджалася аднаўленнем арганізацый рамеснікаў - цэхаў. Адначасова ўзрастае роля скупшчыка-пасрэдніка паміж вытворцам і рынкам. Гэтай справай займаюцца не толькі гандлевыя людзі, але і майстры, цэхмістры. Цэхі ўжо не ахопліваюць большасць рамеснікаў горада, і адносіны паміж цэхамі і нецэхавымі вытворцамі абвастраюцца.

Новае ў эканамічным жыцці - гэта з’яўленне мануфактурнай вытворчасці, пераважна ў мястэчках і сельскай мясцовасці. Яны належылі ў асноўным магнатам, таму зваліся вотчыннымі мануфактурамі. Там іх працы не перашкаджалі цэхі. Першыя мануфактуры ўзніклі ў мястэчку Ўрэчча Бабруйскага павета (шкляныя вырабы і люстэркі) і ў мястэчку Свержань (фарфоравыя вырабы) у 30-я гг. XVIII ст. Належылі яны Радзівілам. Акрамя таго, гэтыя магнаты валодалі мануфактурамі ў Нясвіжы і Слуцку, якія выраблялі шаўковыя паясы, шкляной мануфактурай у Налібоках і іншымі. У сярэдзіне стагоддзя на 53 мануфактурах працавала 2400 рабочых, але большая частка з іх - гэта прыгонныя.

Гандаль. У сярэдзіне XVII ст. прыкметна звузіўся памер унутранага і знешняга гандлю. Прычынамі быў агульны заняпад гаспадаркі ў выніку шматлікіх войнаў; збядненне асноўнай масы насельніцтва; вузкасць унутранага рынку; абмежаванні на гандаль для сялянства; змяньшэнне ролі Беларусі як пасрэдніка ў расейскім знешнім гандлю.

З сярэдзіны XVIII ст. гандаль у гарадах некалькі ажывіўся за кошт вывазу вырабаў сельскай гаспадаркі і лясных промыслаў. Увозілі тканіны, палотны, жалеза і вырабы з яго, медзь, розныя галантарэйныя вырабы. Пашырыліся гандлевыя сувязі з Прыбалтыкай і Расіяй.

Сярэдзіна XVII - першая палова XVIII ст. - гэта перыяд развалу ўсяго гаспадарчага жыцця Беларусі і пачатак аднаўлення яе эканомікі. Але да сярэдзіны XVIII ст. гаспрадарка не дасягнула яшчэ ўзроўню сярэдзіны XVII ст.

5. Эканамічны ўздым на Беларусі ў другой палове XVIII ст.

У другой палове XVIII ст. адбылося значнае ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі Беларусі. Прычынамі ажыўлення былі: дэмаграфічная, звязана з хуткім ростам насельніцтва, ў 1791 - налічвалася звыш 3,6 млн. жыхароў на беларускіх землях. Да канца XVIII ст. насельніцтва беларускай вёскі ўжо перавысіла ўзровень 1648 г., а гарадскія жыхары склалі каля 11% ад усяго насельніцтва. Як вынік, павялічылася вытворчасць сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

Другая прычына - узрастанне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты як у самой Беларусі, так і за яе межамі. Спрос на прадукцыю сяла павялічваўся таму, што ўзрасло насельніцтва гарадоў. Знешні гандаль значна ажывіўся, таму што рэзка выраслі цэны на збожжа (на жыта павялічыліся ў 4,5-5, пшаніцу ў 3-4, а на авёс і ячмень у 2-2,5 разы) на замежным рынку ў другой палове XVIII ст. Таму феадалы пашыралі ўласные фальваркі, пасевы збожжавых культур.