Смекни!
smekni.com

Адмена прыгоннага права i асаблівасці правядзення буржуазных рэформаў 1860-1870 гг. на Беларусі (стр. 2 из 3)

На Беларусі міравыя суддзі не выбіраліся, а прызначаліся МУС. У 1900 г. у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях быў уведзены інстытут земскіх начальнікаў. Яны прызначаліся з мясцовага дваранства і мелі права караць сялян без рашэння міравых судоў.

Судовая рэформа была значным крокам наперад у параўнанні з дарэформенным судом і адыграла вялікую ролю ў станаўленні буржуазных адносін у Расійскай імперыі.

Ваенная рэформа 1862 г. мела мэтай стварэнне арміі буржуазнага тыпу з кваліфікаваным асабістым саставам, сучаснай зброяй, добра падрыхтаванымі афіцэрскімі кадрамі. Імперыя была падзелена на 15 ваенных акруг (Віленская ўключала ўсю Беларусь). Адкрываліся ваенныя навучальныя ўстановы, на Беларусі гэта кадэцкія корпусы ў Полацку і Брэсце.

У 1874 г. быў выдадзены закон аб усеагульнай воінскай павіннасці мужчын, якія дасягнулі 20-гадовага ўзросту. Армія скарачалася ў мірны час і павялічвалася ў перыяд ваенных дзеянняў за кошт запаснікаў. Уводзіўся скарочаны тэрмін службы: для сухапутных войскаў – 6 гадоў службы і 9 гадоў запасу, для флоту 7 гадоў службы і 3 гады запасу. Для асоб, якія мелі адукацыю, тэрмін службы значна скарачаўся.

З мэтай пашырэння магчымасцяў друку, у тым ліку мясцовага, была праведзена цэнзурная рэформа 1865 г. Згодна з ёй была адменена папярэдняя цэнзура для твораў аб’емам больш 10 друкаваных аркушаў, але заставалася абавязковая папярэдняя цэнзура для твораў меньшага аб’ему; абавязковая папярэдняя цэнзура існавала для правінцыяльных органаў перыядычнага друку.

Пасля рэформы актыўна пачалі адкрываца прыватныя тыпаграфіі, якія мелі сучаснае абсталяванне, з’яўляліся перадавымі прадпрыемствамі і склалі новую галіну вытворчасці.

Рэформа адукацыі прадугледжвала ўвядзенне новага ўніверсітэцкага статута, а так сама новага статута гімназіі (уводзіліся з 1864 г.). Атрымліваць адукацыю зараз маглі прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. Гімназіі былі двух тыпаў: класічныя і рэальныя. Класічная гімназія рыхтавала сваіх выхаванцаў да паступлення ва ўніверсітэты. Рэальныя гімназіі рыхтавалі вучняў да работы ў прамысловасці і гандлі.

У 1864 г. было зацверджана «Палажэнне аб пачатковых народных вучылішчах». Грамадскія ўстановы і прыватныя асобы з дазволу ўлад маглі адкрываць пачатковыя вучылішчы. Але на Беларусі народныя вучылішчы знаходзіліся пад дадатковым наглядам паліцыі і праваслаўнай царквы.

Рэформы 60–70-х гг. не краналі асноў самадзяржаўя і ў значнай ступені захоўвалі прывілеі дваранства, аднак садзейнічалі пераўтварэнню Расійскай дзяржавы з феадальнай манархіі ў буржуазную. І яшчэ, – на Беларусі буржуазныя рэформы былі праведзены з абмежаваннямі.

2. Эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XIX стагоддзя. Сельская гаспадарка ў 60–90-я гг. xix ст.

2.1 Развіццё капіталістычнага спосабу вытворчасці ў сельскай гаспадарцы

Памешчыцкая гаспадарка. У 60–70-я гг. у памешчыцкай гаспадарке ўсталявалася пераходная сістэма гаспадарання – адработачная сістэма, якая спалучала рысы феадальнай і капіталістычнай сістэм. Яе сутнасць – сяляне з прычыны эканамічнай неабходнасці арандавалі зямлю ў памешчыкаў, за што працавалі на зямлі памешчыка са сваім інвентаром і рабочай жывёлай. Пры капіталістычнай сістэме гаспадарання памешчыцкая зямля апрацоўвалася ўжо інвентаром і цяглай жывёлай уладальніка. Дэфіцыт сродкаў у часткі памешчыкаў не дазволіў ім адразу перайсці да капіталістычнага спосабу вытворчасці. Капіталістычная сістэма гаспадарання пераважала на захадзе Беларусі, а на ўсходзе – змешаная адработачна-капіталістычная.

Землеўладанне на Беларусі. Памешчыкам у другой палове 70-х гг. належала 8,7 млн. (50,5%) дзесяцін зямлі, казне – 1,6 млн. (9,9%), цэрквам і манастырам – 122,9 тыс. (0,7%) дзесяцін. Пераважала буйное землеўладанне (звыш 500 дзесяцін на ўладальніка).

Працэс пераходу да бессаслоўнага землеўладання адбываўся замаруджана. Прычынамі гэтага былі эканамічная ўстойлівасць буйных памешчыцкіх гаспадарак, арганізаваных на капіталістычны лад; абмежаванні, уведзеныя ўрадам пасля 1863 г., якія забаранялі каталікам набываць зямлю, сялянам-каталікам купляць больш за 60 дзесяцін на аднаго чалавека, і забараняла мець зямлю яўрэям; мэтанакіраванае насаджэнне землеўладання рускіх памешчыкаў.

Сельскагаспадарчая вытворчасць у памешчыцкай гаспадарке. Павелічэнне вытворчасці ішло экстэнсіўным шляхам, у выніку пашырэння пасяўных плошчаў. Вядучай галіной, як і раней, заставалася вытворчасць збожжа. Беларусь у 60–70-я гг. становіцца важным рэгіёнам экспарту збожжа (жыта, авёс, ячмень) за мяжу. Адначасова на Беларусь увозілася пшаніца.

Пачалі распаўсюджвацца мнагапольныя севазвароты, выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны (у Мінскай губерні ў 20% абследаваных маёнткаў). Капіталізм у памешчыцкай гаспадарцы рабіў першыя крокі.

2.2 Сялянская гаспадарка

Сярэдні надзел былых памешчыцкіх сялян вагаўся ад 3,9 да 5,1 дзесяцін на рэвізскую душу, а былых дзяржаўных ад 5,5 да 6 дзесяцін, а пражытачны мінімум забяспечваў надзел больш 8 дзесяцін зямлі на душу. Па дэмаграфічных прычынах надзелы хутка скарачаліся – да 1900 г. на душу прыходзілася ад 2,1 да 3,2 дзесяціны.

Галоўная галіна сялянскай гаспадаркі – земляробства. Раслі пасевы і ўраджайнасць збожжавых культур. Але хутчэй пашыраліся плошчы і раслі зборы кармавых і тэхнічных раслін. У гаспадарках заможных сялян выкарыстоўваліся палепшаныя прылады працы, штучныя ўгнаенні, сартавое насенне. За 60–90-х гг. пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў сялян павялічылася на 50%, галоўным чынам у гаспадарках заможных сялян.

У другой палове XIX ст. на Беларусі сялянства давала каля 25% таварнага збожжа, 75% таварнага льну, значную частку бульбы, прадуктаў мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Тым не меньш, сялянская гаспадарка заставалася адсталай, аб гэтым сведчыць ручная праца, трохпольная сістэма, састарэлыя прылады працы – драўляная саха і барана.

Стрымліваючымі фактарамi развіцця сялянскай гаспадаркі былi: існаванне буйнога памешчыцкага землеўладання; шматлікія павіннасці; захаванне абшчыны; захаванне сервітутаў – уласнасці памешчыкаў, якой сяляне карысталіся на пэўных умовах; захаванне церазпалосіцы (на Беларусі пашырана больш, чым у Расіі).

Маёмаснае і класавае расслаенне сялянства паскорылася пасля рэформы 60-х гг., калі зямля стала аб’ектам свабоднай куплі-продажу. Яе сяляне набывалі праз Сялянскі банк, заснаваны ў 1882 г. Мэтамі дзейнасці банка былі выдача доўгатэрміновых пазык сялянам з мэтай куплі зямлі; дапамога памешчыкам у выгадным продажы зямлі сялянам па завышаных цэнах; банкаўская ацэнка прадаваемай зямлі. Да 1890 г. сялянскія таварыствы ў пяці беларускіх губернях набылі праз Сялянскі банк каля мільёна дзесяцін зямлі.

2.3 Сусветны аграрны крызіс 80–90-х гг. XIX ст.

Прычына крызісу: ўвоз у Еўропу таннага збожжа з Амерыкі, Канады, Аргенціны і Аўстраліі, гэта вызвала рэзкае падзенне цаны на збожжа. На Беларусі з 1881 да 1887 г. цэны на жыта знізіліся ў сярэднім у 2 разы.

Вынікі крызісу для Беларусі былi вызначальныя. Адбылася пераарыентацыя памешчыцкай гаспадаркі на вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Для гэтага заводзілі жывёлу палепшаных парод. Пашырылася вытворчасць масла і сыру. Беларусь заняла трэцяе месца ў імперыі ў гэтай галіне вытворчасці. Памешчыкі пачалі шырока ўкараняць машынную тэхніку. Паскорыўся пераход да шматпольных севазваротаў, больш увагі надавалася несенняводству.

Не ўсе памешчыцкія гаспадаркі здолелі выйсьці з крызіса, так у 1899 г. у банкі было закладзена 56,8% панскіх маёнткаў. У выніку памяньшалася дваранскае землеўладанне і павялічвалася сялянскае – за 1877–1905 гг. імі куплена 1,6 млн. дзесяцін. Паскорылася дыферэнцыяцыя сялян (10% – заможныя, сераднякі – 32%, бедната – 60% на пачатак XX ст.). Пашырылася здача ў арэнду дваранскай зямлі (у 1887 г. – 2,5 млн. дзесяцін).

Яшчэ больш выразнай стала спецыялізацыя сельскай гаспадаркі. Асноўныя галіны для Беларусі – малочная жывёлагадоўля, ільнаводства, бульбаводства. Ільнаводства было пашырана ў Віленскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях. Лён прадаваўся на ўнутраным рынку і за мяжой у Германіі, Аўстра-Венгрыі. Канапляводства было пашырана ў Магілёўскай губерні. Рынак збыту пянькі – Англія (праз Рыгу) і Германія (праз Польшчу і Лібаву). Бульбаводства пашыралася па ўсіх беларускіх губернях. Бульба ўжывалася ў ежу, была асноўнай сыравінай для вінакурнай прамысловасці. Гандлёвае агародніцтва і садоўніцтва існавала ў асобных гаспадарках памешчыкаў і заможных сялян і адыгрывала прыкметную ролю на мясцовым узроўні.

Пасля рэформы 1861 г. поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі стрымліваліся перажыткамі прыгонніцтва. Тым не менш, гаспадарка Беларусі здолела выйсці з ціскоў крызісу, знайсці сваё месца як ў расійскай, так і сусветнай гаспадарцы.

3. Развіццё капіталізму ў прамысловасці

Пасля 1861 г. прамысловасць Беларусі пачала ўваходзіць ў трэцюю стадыю развіцця – фабрычна-заводскай вытворчасці (буйной машыннай індустрыi). Але важную ролю мелі іншыя формы вытворчасці.

Рамесная вытворчасць на Беларусi мела свае асаблівасці развіцця. Вырасла прыкладна ў тры разы колькасць прадпрыемстваў (58,1 тыс.), рабочых (110 тыс.) і сумы вытворчасці (14,1 млн. руб.); адбывалася спецыялізацыя рамяства; побач з рамеснікам дзейнічаў пасрэднік – скупшчык.

Дробнакапіталістычныя прадпрыемствы (без паравых рухавікоў і з колькасцю наёмных рабочых ад 5 да 16 чалавек) пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці; вырасла iх колькасць да 17,1 тыс.; колькасць рабочых і сума вытворчасці (44 млн. руб.) Да 90-х гг. Дробнакапiталiстычныя прадпрыемствы выраблялі палову прамысловай прадукцыі Беларусі.