Смекни!
smekni.com

Асаблівасці трансфармацыі інфармацыйнай прасторы краін цэнтральнай і усходняй Еуропы (стр. 3 из 3)

Яшчэ на пачатку лета 1991 г. папулярная венгерская газета «Свабода народа» заяўляла пра вялікую верагоднасць таго, што ўсе гэтыя суверэнітэты (меўся на ўвазе і рэферэндум аб незалежнасці, праведзены ў Харватыі 19 мая) так і застануцца на паперы. Чэшская «Народная газета» прысвяціла харвацкім падзеям вялікі артыкул, у якім абгрунтоўвала заяву дзяржсакратара Злучаных Штатаў Амерыкі Джэймса Бэйкера, што ЗША і іх саюзнікі ніколі не прызнаюць і не падтрымаюць незалежнасць Славеніі і Харватыі. Развал Югаславіі, падкрэслівала «Народная газета», створыць зону нестабільнасці ў Цэнтральнай Еўропе.

Аднак калі ў сярэдзіне лета 1991-га, падчас першых узброеных сутыкненняў югаслаўскай федэральнай арміі са славенскай міліцыяй, прычыну дэстабілізацыі бачылі ў «праявах сепаратызму», згодна меркаванню папулярнай газеты чэшскіх прафсаюзаў «Праца», дык напрыканцы восені тая ж «Праца» ўжо мела думку, што прычынай эскалацыі канфлікту з'яўляецца «ўзмацненне вайсковага ўціску з боку нацыянальнай (югаслаўскай) арміі».

Не ў апошнюю чаргу на змену ацэнак паўплывала рашучая пазіцыя ФРГ, якая раптоўна выступіла за міжнароднае прызнанне славенскай і харвацкай незалежнасці. Чэская ўплывовая газета «Дзённы тэлеграф» у снежні 1991 г., калі ЗША, Францыя і Вялікабрытанія асудзілі пазіцыю Германіі, сцвярджала, што ажыццяўленне нямецкай прапановы выратуе славенскі і харвацкі народы ад генацыду з боку сербаў.

Хочацца заўважыць, што трансфармацыя грамадскай думкі Чэхаславакіі (да падзелу краіны заставаўся адзін год, пра што, прынамсі, зусім не сведчылі сацыялягічныя апытанні) у дачыненні да «балканскага крызісу» супала з перыядам актыўнага пранікнення на тутэйшы інфармацыйны рынак германскіх інфармацыйных канцэрнаў Бартэльсмана і Шпрынгера. З цягам часу ўплыў нямецкіх канцэрнаў рабіўся больш важкім, у сваіх паведамленнях на знешнепалітычныя тэмы чэшскія СМІ ўсё часцей спасылаліся на Дойчэ Прэс Агентум, часопісы «Шпігель» і «Штэрн», а на знешнеэканамічныя тэмы чэрпалі інфармацыю па каналах нямецкага інфармацыйнага агенцтва «Аб'яднаныя эканамічныя службы». Да сярэдзіны 1990-х гг., згодна афіцыйных дадзеных, пад непасрэдным кантролем замежных інвестараў, пераважна, нямецкага канцэрна «Пасаўэр ной прэс» і швейцарскай кампаніі «Рынгер», апынуліся 70 % чэшскіх СМІ. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што як на пачатку 1990-х гг., так і зараз мас-медыя Чэхіі ў трактоўцы міжнародных падзей аказваюцца блізкімі да пункту гледжання ўладнай эліты ФРГ.

Падобная сітуацыя складвалася і на інфармацыйных рынках Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Балгарыі – з павелічэннем долі замежных інвестыцый, пазіцыі мас-медыя краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы шчыльней збліжаліся з пазіцыямі ЗША і ЕС ў бачанні праблем і перспектыў «балканскага крызісу».

У сувязі з гэтым варта прывесці характэрны прыклад асвятлення падзей грамадзянскай вайны ў былой Югаславіі.

Прызнанне незалежнасці Славеніі і Харватыі Еўрапейскай Супольнасцю, зробленае ў студзені 1992 г. пад моцным ціскам ФРГ, падштурхнула Боснію і Герцагавіну правесці 1 красавіка таго ж года рэферэндум, на якім 63 % электарату прагаласавалі за незалежнасць. У маі Арганізацыя Аб'яднаных Нацый прызнала яе суверэнітэт разам са Славеніяй і Харватыяй. Аднак калі ў апошніх дзвюх рэспубліках ваенныя дзеянні ўжо скончыліся, дык у Босніі ўспыхнулі з неймавернай сілай і прынялі выключна жорсткі характар. Новая ўладная эліта пачала сваё кіраванне з парушэння правоў нацыянальных меншасцяў – сербаў і харватаў. У выніку баснійцы-мусульмане, якія складалі 39 % насельніцтва рэспублікі, ваявалі з сербамі-праваслаўнымі (32 % насельніцтва) і харватамі-каталікамі (18 %); сербы ваявалі з баснійцамі і харватамі, харваты – з баснійцамі і сербамі.

Напрыканцы 1992 г. здымачная тэлевізійная група журналістаў Сі-Эн-Эн прыехала ў адно з сёл каля г. Вукавар – раён працяглых баёў. Амерыканскія журналісты патрапілі ў сяло, дзе да вайны мірна суіснавалі сербы і баснійцы, пасля таго, як у ім правялі «зачыстку» спярша баснійскія, а потым сербскія ваенныя атрады. У выніку сяло ператварылася ў суцэльныя могілкі. Амерыканскія карэспандэнты знялі на стужку штабялі з цел растраляных сербаў, складзеных на ўсходняй ускраіне сяла, і вялізную магілу, у якую паскідвалі расстраляных баснійцаў на заходняй ускраіне, дый пераслалі відэаматэрыял у рэдакцыю навін Сі-Эн-Эн. Тэлесетка аператыўна распаўсюдзіла матэрыял па сваіх каналах – праз 15 спадарожнікаў на 184 млн тэлеэкранаў у 210 краінах свету. Рэпартаж трансліраваўся ў крыху падрэдагаваным выглядзе – з яго выкінулі кадры з выявай расстраляных сербаў, засталася толькі магіла з расстралянымі баснійцамі. Такім чынам, атрымаўся сюжэт не пра ўзаемную варожасць этнічных груп у Босніі і Герцагавіне, а пра выключную жорсткасць сербскіх галаварэзаў у дачыненні да мірнага насельніцтва. Гэты матэрыял неаднойчы трансліраваўся па тэлебачанні краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, адпаведным чынам фарміруючы грамадскую думку.

На Беларусі ж сітуацыя з інфармаваннем пра падзеі «балканскага крызісу» складвалася дыяметральна супрацьлеглым чынам – Беларускае тэлебачанне, спасылаючыся на паведамленні расійскіх тэлеканалаў, фарміравалі ў грамадскай свядомасці стэрэатыпы сербаў як ахвяр сепаратысцкіх сіл, Еўрасупольнасці і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Ісціна, як звычайна, знаходзілася недзе пасярэдзіне ад гэтых супрацьлеглых пунктаў гледжання. Аднак устанавіць яе польскія, чэшскія ці балгарскія журналісты здолелі б пры адпаведным тэхнічным абсталяванні ды прафесійнай падрыхтоўцы. Пакуль жа ўсходняеўрапеёскія СМІ не могуць скласці сур'ёзную канкурэнцыю амерыканскім ці брытанскім медыякарпарацыям. Таму і вымушаны спасылацца на іх паведамленні, глядзець, умоўна кажучы, на міжнародныя падзеі іх вачыма. Такая залежнасць уласціва амаль усім краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Разам з тым трансфармацыя інфармацыйнай прасторы кожнай дзяржавы рэгіёна адбывалася з улікам спецыфічных асаблівасцей гэтай краіны, яе традыцый, менталітэту, а таксама ўнутраных палітычнай і эканамічнай сітуацый.


ЛIТАРАТУРА

1. Кирова С. Печать Болгарии в период переосмысления новых ценностей // Вестн. Моск. ун-та. Сер. 10. 2006. № 2-3.

2. Корнилов Е. Журналистика на рубеже тысячелетий. Ростов-на-Дону, 1999.

3. Лукьянов Ф. "Смена власти" в Венгрии и метаморфозы "четвертой власти" // Вестн. Моск. ун-та. Сер. 10. 2005. № 2.

4. Мелина А. Радио и телевидение Польши // Вестн. Моск. ун-та. Серия 10.1993. № 3.

5. Михайлов С. Современная зарубежная журналистика: правила и парадоксы. СПб., 2002.