Смекни!
smekni.com

Асаблівасці трансфармацыі інфармацыйнай прасторы краін цэнтральнай і усходняй Еуропы (стр. 1 из 3)

БЕЛАРУСКIДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ

кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры

РЭФЕРАТ

на тэму:

«АСАБЛІВАСЦІ ТРАНСФАРМАЦЫІ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ПРАСТОРЫ КРАІН ЦЭНТРАЛЬНАЙ І УСХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ»

МИНСК, 2008

Характарызуючы сучасны стан сродкаў масавай інфармацыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, нельга абмінуць увагай радыкальны характар перамен у грамадскім жыцці гэтага рэгіёна на пачатку 1990-х гг. Падзеі вясны і восені 1989 г. сталі пераломнымі для былых сацыялістычных краін–удзельніц Варшаўскай Дамовы. Менавіта з гэтага часу і пачынаецца перыяд трансфармацыі, які не завершаны і па сённяшні дзень. У дзяржавах гэтага рэгіёна грамадска-палітычная перабудова адбывалася прыкладна па аднолькавай схеме: адхіленне ад улады камуністычнай эліты (дзейнасць «Круглага стала» ў Польшчы ў красавіку 1989 г., які завяршыўся гістарычным пагадненнем прафсаюза «Салідарнасць» з камуністычнай партыяй іўрадам; адмена пазачарговым з'ездам Венгерскай сацыялістычнай рабочай партыі 7 кастрычніка 1989 г. прынцыпу дыктатуры пралетарыяту іўнясенне 90 паправак у Канстытуцыю; «ціхая рэвалюцыя» ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы ў кастрычніку–лістападзе 1989 г., якая завяршылася адстаўкай Эрыха Хонакера і разбурэннем Берлінскай сцяны, «аксамітная рэвалюцыя» ў Чэхаславакіі, якая завяршылася адменай артыкула ў Канстытуцыі аб кіруючай ролі камуністычнай партыіі стварэннем кааліцыйнага ўрада; адстаўка лідэра Балгарскай камуністычнай партыі Тодара Жыўкава 10 лістапада 1989 г.; нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Цімішоары і Бухарэсце 14–25 снежня 1989 г., якое завяршылася расстрэлам румынскага лідэра Мікалае Чаўшэску), правядзенне дэмакратычных выбараўі фарміравання новай інфраструктуры сродкаў масавай інфармацыі.

На пачатак 1990-х гг. прыпадае росквіт такіх арганізацый, як Саюз дэмакратычных сіл у Балгарыі, Дэмакратычны форум у Венгрыі, «Салідарнасць» у Польшчы, Грамадзянскі форум у Чэхаславакіі і інш., якія ўтварыліся з дысідэнцкіх плыняў 1960–1970-х гг. Друкаваныя органы гэтых суполак, якія раней выдавался нелегальна, напрыклад чэшская «Народная газета» ці румынская «Свабодная Румынія», пасля разбурэння старых палітычных рэжымаў выйшлі з падполля і прэтэндавалі на ролю агульнанацыянальных.

Істотнай з'явай, якая паўплывала на фарміраванне новай інфармацыйнай прасторы краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, стала заканадаўчая адмена дзяржаўнай цэнзуры і абвяшчэнне свабоды слова. Напрыклад, у Польшчы новы закон аб друку быў уведзены ў дзеянне ўжо ў красавіку 1990 г. Сістэма дзяржаўных ліцэнзій была адменена ў Венгрыі і Румыніі. У Балгарыі, Югаславіі і Чэхаславакіі распрацоўка новых законаў аб друку знарок зацягвалася. Не ў апошнюю чаргу зацягванне было выклікана страхам новых, цяпер ужо дэмакратычных урадаў, цалкам страціць кантроль, нават апасродкаваны, над перыядычным друкам.

Аднак ва ўсіх краінах рэгіёна права на выданне друкаванай прадукцыі атрымалі прыватныя асобы. І гэтая акалічнасць спрычынілася, па-першае, да пачатку ўлетку 1990 г. «інфармацыйнага бума», калі за паўгода колькасць зарэгістраваных перыядычных выданняў узрасла ў дзясяткі разоў, і па-другое, да з'яўлення тэрміна «незалежная прэса» (тэрмін падкрэсліваў перш за ўсё незалежнасць ад дзяржаўнага ці якога-небудзь іншага кантролю).

Вынікам дэмакратызацыі ў сферы СМІ стала тое, што складаная працэдура атрымання дазволу ў дзяржаўных устаноў на выданне газеты ці часопіса, замянілася спрошчанай працэдурай інфармавання дзяржаўных устаноў пра выданне газеты ці часопіса, вядома, пры наяўнасці фінансавых і арганізацыйных магчымасцяў.

Аднак пасля правядзення ў 1990–1991 гг. у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы свабодных парламенцкіх выбараў, фарміравання кааліцыйных урадаў (Пётры Романа ў Румыніі, Мечыслава Ракоўскага ў Польшчы) і абрання на пост прэзідэнта лідэраў апазіцыі (Іона Іліеску ў Румыніі, Лех Валенса ў Польшчы, Вацлаў Гавел у Чэхаславакіі) для сродкаў масавай інфармацыі, якія, у пераважнай большасці, актыўна падтрымлівалі гэтыя працэсы, надышоў перыяд эканамічных і тэхналагічных праблем. Журналісты са здзіўленнем высветлілі, што дэкларатыўная адмена цэнзуры зусім не азначае яе сапраўднага знікнення. Проста змяніліся рычагі ўздзеяння на рэдакцыйныя калектывы: камандна-адміністрацыйныя змяніліся спосабамі эканамічнага ўплыву, напрыклад праз выбарачныя дзяржаўныя датацыі.

Рынкавыя ўмовы 1992–1993 гг., разбурэнне гандлёвых сувязяў, якія дзейнічалі ў перыяд існавання Савета Эканамічнай Узаемадапамогі (1949–1989), паставілі практычна ўсе друкаваныя выданні, незалежна ад іх статуса, перад аднолькавымі праблемамі — рост коштаў на паперу (дагэтуль яна паступала з Савецкага Саюза па льготных тарыфах), на паліграфічныя паслугі і на паслугі распаўсюджвання. Напрыклад, у Польшчы рост кошту на паперу перагнаў рост інфляцыі — у той час як інфляцыя штогод складала 1000 %, кошт на паперу вырасл на 2000 %. У Чэхаславакіі напярэдадні распаду толькі за студзень 1992 г. кошт на перыядычныя выданні вырас у два разы, а ў чэрвені таго ж года — яшчэ на 60 %. Мінімальны тыраж, які дазваляў газетам існаваць без страт, складаў 30–50 тыс. экз. Аднак і гэтая мяжа для многіх выданняў з-за скарачэння колькасці падпісчыкаў аказалася недасягальнай.

У Балгарыі напярэдадні парламенцкіх выбараў у 1990 г. урадам была абвешчана свабодная тыражная палітыка, згодна якой кожная газета атрымлівала права самастойна вызначаць наклад і кошт аднаго экземпляра выдання. Рэдакцыі, спадзеючыся на рост сваёй папулярнасці, максімальна завысілі наклады. Аднак яны не ўлічылі пакупальніцкую здольнасць насельніцтва. З-за празмерна высокага кошту, устаноўленага газетамі, значная частка іх накладу засталася нераспраданай. У выніку — дарэмна змарнаваныя запасы паперы. За першыя пяць месяцаў 1992 г., згодна афіцыйных дадзеных, звыш 2 млн экз. газет і часопісаў засталіся нерэалізаванымі. У хуткім часе ў сувязі са скарачэннем экспартных паставак паперы пачала згортвацца і выдавецкая дзейнасць.

Прынамсі, аналагічная сітуацыя ў 1992–1993 гг. назіралася і ў беларускім друку. Рост кошту на друкаваную прадукцыю ўвясну і ўвосень 1993 г. на Беларусі пераганяў рост інфляцыі, якая складала 2–3 % удзень. Журналісты, акрамя выканання сваіх непасрэдных прафесійных абавязкаў, па загадах кіраўніцтва былі вымушаны шукаць фундатараў, якія згадзіліся б спансіраваць выдаткі на паперу і паліграфічныя паслугі. У сувязі з неспрагназаваным ростам кошту на друкаваную прадукцыю падпіска адбывалася не раз на год, як раней, а раз на квартал.

На пачатку 1990-х гг. у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы эксплуатавалася пераважна састарэлае, зношанае абсталяванне. У Чэхаславакіі 80 % тыпаграфскага абсталявання вычарпала свой тэрмін. Яшчэ больш цяжкае складвалася становішча ў Румыніі – тут адчуваўся недахоп нават партатыўных друкавальных машынак (падчас «залатой эпохі» Чаўшэску валоданне імі строга кантралявалася і абмяжоўвалася пэўным колам давераных асоб). Ні пра мікрапрацэсары, ні пра камп'ютэрныя сістэмы, якімі на той час ужо карысталіся журналісты краін Паўночнай Амерыкі і Заходняй Еўропы, у рэдакцыях краін–удзельніц Варшаўскай Дамовы тады і не чулі. Дый журналісты не мелі адпаведнай тэхнічнай падрыхтоўкі.

Змяніць такое становішча ўзяліся прадстаўнікі замежных гуманітарных арганізацый і дабрачынных цэнтраў. Іх задача спрашчалася тым, што ў чэрвені 1990 г. краіны–удзельніцы Еўрапейскай эканамічнай супольнасці значна лібералізавалі палітыку КОКОМ (Каардынацыйны камітэт па кантролю за эскпартам стратэгічных тавараў у сацыялістычныя краіны, створаны ў гады «халоднай вайны»). Адмена ЕЭС ранейшых забарон на экспарт тавараў КОКОМ у краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, за выключэннем СССР, Албаніі і Югаславіі, дазволіў друкаваным і аўдыёвізуальным СМІ атрымліваць адпаведную тэхніку і, як вынік, пакрысе пераадольваць вакуум інфармайцыйных тэхналогій, увайсці ў «тэхнатронную эру».

Першапачаткова мела месца разавая дапамога з-за мяжы. Так, французская газета «Монд» перадала ў арэнду за сімвалічную плату польскай «Газеце выбарчай» спісаную ратацыйную машыну. Былыя апазіцыйныя антыкамуністычныя выданні атрымалі фінансавую дапамогу ад Фонда супраць цэнзуры: па 10 тыс. дол. перавялі на рахункі польскай «Газеты выбарчая» і чэшскай «Народнай газеты».

Аднак для паўнавартаснага пераадолення крызісу 1992–1993 гг. патрабаваліся больш важкія капіталаўкладанні. Прадстаўнікі амерыканскіх і заходнееўрапейскіх інфармацыйных карпарацый Мэрдака, Максвела, Эрсана, канцэрнаў Шпрынгера, Бартэльсмана, Баўэра і інш. выказвалі гатоўнасць зрабіць буйныя інвестыцыі ў мас-медыя краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Узамен яны патрабавалі «месца» ў інфармацыйнай прасторы гэтых краін, адпаведнае памерам свайго інвеставання. Па сутнасці, інфармацыйныя «гіганты» імкнуліся заваяваць новыя рынкі збыту сваёй прадукцыі.

Для пранікнення на інфармайцыйны рынак гэтага рэгіёна амерыканскіх і заходнееўрапейскіх карпарацый складвалася надзвычай спрыяльная сітуацыя. На працягу чатырох дзесяцігоддзяў сродкі масавай інфармацыі Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі, Румыніі, Югаславіі і Балгарыі выконвалі функцыю каналаў, па якіх грошы чытачоў, тэле- і радыёгледачоў перакачваліся ў дзяржаўную і партыйныя касы. Пры гэтым камандна-адміністрацыйная сістэма была слаба зацікаўлена ў абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы, лічыла гэту праблему другараднай у параўнанні з ідэалагічным накірункам дзейнасці. У перыяд крызісу 1992–1993 гг. урады краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы дыстанцыіраваліся ад праблем СМІ, больш заклапочаныя сур'ёзнымі праблемамі ў эканоміцы. Аднак у адрозненне ад Беларусі, дзе значная большасць выданняў па-ранейшаму галоўныя надзеі ўскладала на дзяржаўныя датацыі, журналісцкія калектывы Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі і Балгарыі паставіліся да прапаноў замежных карпарацый як да адзінага сродку, з дапамогай якога можна было ажыццявіць неабходную тэхнічную мадэрнізацыю.