Смекни!
smekni.com

Трансфармацыя інфармацыйнай прасторы Венгрыі (стр. 2 из 4)

Пад кантролем нямецкага медыяканцэрна Шпрынгера знаходзіцца венгерскі выдавецкі комплекс «Рэформа» – аналаг беларускаму Дому друку ў Мінску. Схема набыцця кантролю над ім была традыцыйная: пераўтварэнне з дзяржпрадпрыемства ў акцыянернае таварыства – перыяд эканамічных цяжкасцяў у сувязі з ростам выдаткаў на паперу і на паліграфічныя паслугі – з'яўленне інвестара-выратавальніка – набыццё інвестарам кантрольнага пакета акцый – рэарганізацыя (скарачэнне штатаў і замена састарэлага абсталявання найноўшым).

Як сведчыць вопыт, далёка не заўсёды рэарганізацыя і скарачэнне спрыялі прыбытковасці выдання або выдавецтва. Аднак альтэрнатывы гэтаму шляху венгерскія журналісты не бачаць, мяркуючы, што менавіта капіталістычная сістэма спрыяе канкурэнцыі і ўкараненню плюралістычных поглядаў у грамадстве.

Калі рынак друкаваных СМІ падзелены пераважна канцэрнамі Мэрдака, Маркарда і Шпрынгера, дык электронныя СМІ кантралююцца французскім канцэрнам Эрсана і нямецкім канцэрнам Бартэльсмана. Іх першымі набыткамі ў 1990 г. сталі кантрольныя пакеты акцый першых венгерскіх камерцыйных радыёстанцый – «Брыдж» і «Радыё Данубе». Адной з істотных умоў замежнага інвеставання стала трансляцыя на венгерскіх радыёхвалях перадач французскіх і нямецкіх радыёстанцый. Камерцыйнае радыёвяшчанне складае сур'ёзную канкурэнцыю дзяржаўнаму – 3 цэнтральным радыёстанцям, якія ў сукупнасці вяшчаюць 70 гадзін у суткі. Акрамя таго, на дзяржаўным венгерскім радыё існуе 5 рэгіянальных праграм. На венгерскую дыяспару разлічана перадача «Наша радзіма», якая вяшчае 118 гадзін у тыдзень на англійскай, нямецкай, італьянскай, іспанскай, турэцкай і грэчаскай мовах.

Аднак куды больш, чым радыёстанцыі або друкаваныя СМІ, замежных інвестараў цікавіць тэлебачанне. Тлумачыцца гэта тым, што венгерскае ТБ мае значна большую папулярнасць у грамадстве, чым радыё і друк. Як сведчаць шматлікія сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся ў апошняе дзесяцігоддзе, у венграў ёсць сваеасаблівая любоў да айчыннага тэлебачання. Тэлегледачы ў большасці сваёй бязлітасна бэсцяць амаль усе перадачы запар, прыдзірліва разглядаюць і ацэньваюць кожнага новага дыктара і рэпарцёра, асуджаюць амаль кожную навацыю на «блакітным экране» – і тым не менш лічаць нацыянальнае тэлебачанне той аб'ектыўнай крыніцай інфармацыі, якой амаль безадгаворачна давяраюць.

Сакрэт поспеху венгерскага тэлебачання, у параўнанні з іншымі сродкамі масавай інфармацыі, у абраным іміджы – так званае «хатняе», «свойскае» ТБ. Напрыклад, вядучыя і рэпарцёры знарок апранаюцца гэтаксама, як і тысячы простых суайчыннікаў, каб не выклікаць шыкоўным адзеннем комплексу непаўнавартасці ў гледачоў. «Маральны кодэкс» венгерскага тэлебачання, які афіцыйна не зацверджаны, але строга выконваецца, прадпісвае тэлевядучым сціпласць у жартах, жэстах і адзенні. А на старонках газет і часопісаў падрабязна абмяркоўваецца густ, з якім апранаецца той ці іншы дыктар.

Галоўны сацыяльны накірунак тэлебачання – умацаванне сям'і. Незнарок суботнім вечарам часцей за ўсё ў сетцы тэлевяшчання стаяць фільмы для сямейнага прагляду, а штораніцы – урокі гімнастыкі для ўсёй сям'і.

Паколькі з 10 мільёнаў насельніцтва 2 жыве ў Будапешце, тэлевізійная трансляцыя на ўсю краіну яшчэ напрыканцы 1980-х гг. вялася са сталіцы. Аднак на пачатку 1990-х гг. былі адкрыты дзве рэгіянальныя тэлестудыі ў гарадах Печ і Сегед. У сярэдзіне 1990-х гг. былі адчынены яшчэ 5 рэгіянальных тэлестанцый. Шырокае распаўсюджванне набыло кабельнае тэлебачанне.

Перад пачаткам перыяду трансфармацыі венгерскае тэлебачанне транслявала дзве праграмы. Яе сярэднясутачны аб'ём вяшчання быў самы нізкі ў Еўропе — 90 гадзін штотыдзень, у той час як у Балгарыі — 110, а ў Польшчы — 160 гадзін. Унікальным было і тое, што па панядзелках венгерскае тэлебачанне наогул было адключана. Тлумачылася гэта тым, што тэлевізійнае кіраўніцтва імкнулася выхаваць у масавай аўдыторыі выбарчы падыход да прагляду тэлепраграм. Яно меркавала, што свабодны ад тэлепраглядаў панядзелак сфарміруе ў людзей звычку выкарыстоўваць свой час на іншыя карысныя справы. Аднак з пачаткам перыяду трансфармацыі «панядзелак без тэлевізара» адышоў у нябыт.

У апошняе дзесяцігоддзе электронных СМІ імкнуліся прыстасавацца да густаў тэлегледачоў і радыёслухачоў. Сацыяльныя даследаванні венгерскай аўдыторыі ажыццяўляе Цэнтр вывучэння масавых камунікацый, супрацоўнікі якога сумяшчаюць штотыднёвыя «панэльныя» апытванні з фундаментальнымі тэарэтычнымі даследаваннямі. Вынікі даследаванняў і паказчыкі рэйтынгаў папулярнасці не ўтойваюцца сярод кіраўніцтва радыё- і тэлекампаній, як гэта мае месца на Беларусі або ў суседняй Расіі, але аператыўна змяшчаецца на старонках папулярнага штотыднёвага часопіса «Радыё і тэлебачанне».

Дырэктар Цэнтра вывучэння масавых камунікацый Тамаш Сечке досыць вядомы ў краіне чалавек. Штомесяц ён размаўляе ў прамым эфіры з тэлегледачамі ў рамках перадачы «Люстэрка». Як чалавек нераўнадушны да сваёй справы, Тамаш Сечке з году ў год паўтарае ў эфіры, што без аб'ектыўных сацыялагічных замераў немагчыма стварыць аптымальны варыянт тэле- і радыёвяшчання для краіны. А без уплыву СМІ, маўляў, немагчыма пабудаваць дэмакратычнае грамадства.

Перадача «Люстэрка» не першы год ідзе на цэнтральным канале венгерскага тэлебачання. На працэгу гэтага перыяду вядучы «Люстэрка» выхоўвае ў гледача культуру зносін з тэлеканалам, растлумачвае адрозненне тэрмінаў «індэкс папулярнасці» (найбольшая колькасць пастаяннай аўдыторыі, якая глядзіць дадзеную перадачу) ад «індэкса задаволенасці» (задаволенасць зместам і формай перадачы, якая трывала перавышае 50 пунктаў у 100-бальнай сістэме ацэнкі), і г. д. У сваіх размовах з гледачамі Тамаш Сечке заўсёды падкрэсліваў, што аб'ектыўна меркаваць аб якасным узроўні дзейнасці тэлебачання можна толькі на аснове вынікаў так званых «5 люстэрак»:

• сацыялагічных апытванняў;

• аналіза лістоў гледачоў (штогод тэлебачанне атрымлівае каля 40 тыс. лістоў);

• водгукаў гледачоў у прамым эфіры;

• меркаванняў супрацоўнікаў тэлебачання;

• водгукаў у друку прафесійных крытыкаў.

Што тычыцца прафесійнай крытыкі, дык у Венгрыі практычна няма газеты або часопіса, у якіх бы сістэматычна не друкаваліся рэцэнзіі, агляды ці артыкулы пра цякучыя тэлеперадачы. Сталічныя выданні штотыдзень змяшчаюць разгорнутыя агляды тэлеперадач тыдня. У той жа час у рэгіянальных газетах тэлеперадачы не анансуюцца на пачатку тыдня, а рэцэнзуюцца і крытыкуюцца напрыканцы.

Пасля пачатку перыяду трансфармацыі, у 1990–1991 гг., тэлебачаннем сур'ёзна зацікавіліся папулярныя часопісы, бо, як высветлілася, аналіз айчыннай «тэлекухні» прыцягвае дадатковую колькасць чытачоў, што адпаведна адбіваецца на расцэнках для рэкламадаўцаў. Напрыклад, тыднёвік «Фільм», публікацыі якога дагэтуль прысвячаліся пераважна кінематографу, пакідае пад агляд тэлеперадач 4 палосы. З 1992 г. з'явіліся спецыялізаваныя тэарэтычныя выданні, прысвечаныя тэлебачанню. Самы вядомы з іх – штомесячнік «Фільм-культура», які змяшчае аналітычныя артыкулы, прысвечаныя стратэгіям тэлепраграмавання, эстэтычным законам тэлемастацтва, праблемах жанравай разнастайнасці, спецыфіцы тэлерэжысуры і тэледраматургіі. Тэарэтычны ўзровень аналітыкі ў выданнях такога кшталту, па прызнаннях саміх галоўных рэдактараў, не вельмі высокі. Аднак, што вельмі істотна, яны маюць пастаянную аўдыторыю.

Першая праграма венгерскага тэлебачання (яе называюць Цэнтральным каналам) ахоплівае 94 % тэрыторыі краіны і вяшчае з 9.00 да 23.00. Другая праграма (яе называюць Вячэрнім каналам) працуе з 16.00 і ахоплівае 70 % тэрыторыі. Яе перадачы разлічаны на эрудыраваную аўдыторыю і часта прысвячаюцца, напрыклад, сучаснаму мастацтву абсурду ў жывапісе і тэатры, або сярэднявечнаму мастацтву і г.д.

Тэлепраграмісты па меры магчымасці ўлічваюць пажаданні аўдыторыі. Напрыклад, калі на пачатку перыяду трансфармацыі паказ забаўляльных перадач і мастацкіх фільмаў пачынаўся звычайна ў 22 гадзіны, дык цяпер сетка паказу такіх перадач перасунута на 19 гадзін. І ўсё ж па-ранейшаму значныя нараканні сярод гледачоў выклікае немагчымасць дакладнага пераходу з заканчэння адной цікавай перадачы на Цэнтральным канале на пачатак другой цікавай перадачы на Вячэрнім канале.

Вяшчальную сетку фарміруюць выпускі тэленавін. Першы выпуск навін (15 хвіл.) выходзіць на Цэнтральным канале ў 6 гадзін раніцы. У 10 гадзін трансліруецца штодзённая перадача «Сямёрка тыдня» (20 хвіл.), у якой знакамітыя пісьменнікі, акцёры, мастакі абмяркоўваюць з вядучым апошнія палітычныя падзеі. Вячэрні выпуск навін – у 19.30 (30 хвіл.). Другі выпуск вячэрніх навін – у 21.00 (20 хвіл.). Заключны – у 23.00 (20 хвіл.) на заканчэнні тэлепраграм. У нядзелю ў 19.00 трансліруецца перадача «Дэльта» (40 хвіл.), прысвечаная навінам навукі.

Спецыфічным для венгерскіх тэленавін з'яўляецца адсутнасць у кадры дыктараў-жанчын. Жаночы голас можа чытаць тэкст да навін за кадрам, але ў кадры працуюць толькі мужчыны. Дадзеная «дыскрымінацыя» тлумачыцца ўстойлівым стэрэатыпам у грамадскай думцы: месца жанчыны – па-за палітыкай.

Чытанне аператыўных паведамленняў у вячэрніх тэленавінах чаргуецца з дынамічным каментарыем. У кожным выпуску выступаюць адзін каментатар па міжнародных праблемах, адзін – па ўнутрыпалітычных і адзін – па спартыўных. Галоўнае патрабаванне да гэтых вядучых праграмы – добрае веданне прадмета, здольнасць растлумачыць сутнасць з'явы, раскрыць падаплёку падзей.

Стваральнікі выпускаў навін імкнуцца пазбавіцца сухой, афіцыйнай канстатацыі фактаў. Пры асвятленні міжнародных і спартыўных падзей гэта зрабіць не вельмі складана, бо дзякуючы спадарожнікаваму тэлебачанню можна ўдала праілюстраваць практычна любое з узгаданых здарэнняў. Што тычыца ўнутрыпалітычных навін, дык тут журналісты робяць акцэнт на так званае «актыўнае ўмяшальніцтва ў жыццё» – аператыўныя рэпартажы з прадпрыемстваў і магазінаў, камбінатаў бытавога абслугоўвання і прыпынкаў грамадскага транспарту, лаканічныя інтэрв'ю з прахожымі і наведвальнікамі.