Смекни!
smekni.com

Праблемы развіцця і функцыянавання сучаснай беларускай тэрміналогіі (стр. 3 из 3)

З’яўляючыся духоўным зместам людской жыццядзейнасці сацыяльнай арганізацыі і пазнання, якія выяўляюцца ў нацыянальна адметных тыпах эканомікі, правасвядомасці, мастацтва, рэлігіі, тэарэтычных і практычных ведаў, культура сапраўды выступае “сэнсам жыцця народа”. Мова ж як сродак зносін і мыслення, кансалідацыі грамадства ёсць базавы, асновапаложны элемент культуры.

Відавочна, што побач з інтэграцыйнымі працэсамі ў эканоміцы патрэбны не менш актыўныя працэсы ў папулярызацыі, культывавання нацыянальнай мовы, культуры, як гэта наглядаецца зараз у славянскім свеце, у Заходняй Еўропе (дзяржаўныя меры Францыі, Германіі ў падтрымку моў карэнных этнасаў). Відавочна, што для захавання беларускай мовы ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя неабходна яе дзяржаўная падтрымка. Як і любая іншая мова, якая знаходзіцца ў суседстве з мовай самай вялікай дзяржавы свету, што мае значна большую вядомасць, значны міжнародны прэстыж, прытым, што рускамоўнае насельніцтва Беларусі вызначаецца значна большай сацыяльнай актыўнасцю, займае кіраўніцкія пасады ў дзяржаве, беларуская мова не зможа захаваць высокі сацыяльны статус. Адным з найважнейшых момантаў выступае ў гэтым напрамку пашырэнне функцый беларускай мовы ў дзяржаўнай сферы, у грамадскім жыцці, яе выкарыстанне ў органах дзяржаўнага кіравання, у дзяржаўных арганізацыях, установах, на прадпрыемствах.

Мова -- найважнейшае культурнае дасягненне народа, аб’ект яго любові і гонару. Яна мае і вялікую кансалідуючую ролю ў грамадстве. Па-першае, аб’ядноўвае пакаленні з глыбокай даўніны, па-другое, аб’ядноўвае грамадства на кожным канкрэтным адрэзку часу і ў геаграфічнай прасторы. Мы можам і сёння чытаць і разумець помнікі старажытнага беларускага пісьменства − дагаворы старажытнага Полацка, Віцебска, Смаленска з Рыгаю і Гоцкім берагам, старажытныя беларускія берасцяныя граматы, “Дагавор Полацка з Рыгай” 1330 г., “Даравальную грамату” Вітаўта літоўскім канонікам 1399 г., “Судзебнік” караля Казіміра Ягелончыка 1468 г., “Кнігу судовых спраў” 1516 г., Статут Вялікага княства Літоўскага і іншыя тэксты дзелавога старажытнабеларускага пісьменства (да нашага часу дайшлі амаль 600 тамоў твораў старажытнага беларускага дзелавога пісьменства так званай Літоўскай метрыкі).

Мноствам старажытных беларускіх помнікаў можна сапраўды ганарыцца, іх колькасць, асабліва друкаваных, значна большая з суседнімі Расіяй і Украінай. Можна ганарыцца і самім фактам таго, што пры вядомых перапынках у выкарыстанні беларускай мовы ў дзяржаўным і грамадскім жыцці нам зразумелы ўсе пісьмовыя старажытнабеларускія тэксты, што сведчыць аб захаванні моўнай пераемнасці. Аднак, імкнучыся да аб’ектыўнасці, нельга не сказаць, што ў нашым грамадстве не захавалася ў належнай меры самае галоўнае -- шырокае веданне гэтых моўных помнікаў старажытнабеларускага пісьменства, як і народна-гістарычных традыцый у цэлым.

Дзелавое старажытнабеларускае пісьменства XIV - XVIII стагоддзяў, летапісы XV - XVII стагоддзяў, мастацкая і палемічная літаратура, першыя беларускія і ўсходнеславянскія граматыкі, рэлігійная літаратура XVI - XVII стагоддзяў, у тым ліку і выдатная спадчына Ф.Скарыны, перакладная жыційная літаратура XV - XVI стагоддзяў, мемуарная літаратура XVII стагоддзя - уся гэта багатая моўная спадчына часта проста невядома людзям і таму не можа быць аб’ектам любові і гонару, вялікім аб’яднаўчым фактарам.

Аб’яднаўчая роля мовы ў гістарычным часе становіцца аб’ектыўна магчымай таму, што мова - гэта сродак камунікацыі, а не яе змест, які, як вядома, зменлівы. Сродак жа камунікацыі - гэта нешта універсальнае, нязменнае для ўсіх пакаленняў. Аднак сёння мы не можам сказаць, што беларуская мова выконвае кансалідуючую функцыю ў грамадстве, яе сацыяльны статус зніжаецца. Чыста аб’ектыўна не можа выконваць такую функцыю і руская мова, паколькі не з’яўляецца мовай карэннага насельніцтва (па дадзеных перапісу насельніцтва 1999 г. беларускую мову лічаць роднай 7 мільёнаў 30 тысяч чалавек -- 82% беларусаў і 18% небеларусаў).

Узмацненне інтэграцыйных працэсаў у эканоміцы еўрапейскіх і іншых дзяржаў свету, узрастанне сусветнай стандартызацыі адбываюцца адначасова з актывізацыяй гуманітарнай культуры, у цэнтры якой знаходзіцца цікавасць да індывідуальнасці, адметнасці. У гэтай сувязі сучасныя сацыяльныя лінгвісты адзначаюць, што ўзмацняецца цяга самых розных народаў да сваіх каранёў, да “свайго роднага”, блізкага, нідзе не паўтаральнага, у тым ліку -- да роднай мовы. Для чалавека ў роднай мове захоўваецца жыццёва важны вопыт першага знаёмства са светам. Вось чаму так важна зберагчы гэта натуральнае моўнае асяроддзе.

Выразным сведчаннем таго, што для чалавека вельмі важна зберагчы традыцыйнае, натуральнае моўнае асяроддзе выступае той факт, што нягледзячы на значныя перыяды забароны або абмежаванага выкарыстання беларускай мовы ў дзяржаўным грамадскім жыцці, пераважная большасць беларусаў лічыць яе роднай.

Сучасная канцэпцыя гуманітарнай падрыхтоўкі спецыялістаў заснавана на сусветнай гуманістычнай тэндэнцыі захавання і развіцця нацыянальна-культурных асаблівасцяў.

Для станаўлення і развіцця асобы кіраўніка, лідэра асабліва неабходны сфарміраваныя веды па пытаннях нацыянальнай мадэлі свету, сутнасці нацыянальнага светаўспрымання, звязанага з рэалзіацыяй ідэй дабра і справядлівасці ў грамадстве, дзяржаве, народна-гістарычных традыцый, якія бяруць свой пачатак з асаблівасцей этнагенезу. Яны выяўляюцца ў адметных рысах псіхалогіі, паводзін і адлюстраваны ў народных традыцыях, у этнаграфіі, рэлігіі, фальклоры, народным укладзе жыцця, мове, літаратуры і іншых пластах нацыянальнай культуры.

Па сутнасці толькі ў выніку дасягнення і абагульнення ведаў аб нацыянальным менталітэце, нацыянальным характары, аб асаблівасцях фарміравання ідэі беларускай дзяржаўнасці і ідэй дабра і справядлівасці ў дзяржаве ўвогуле, асаблівасцей нацыянальнай самасвядомасці і міжнацыянальных адносін і г.д. магчымы выяўленне і фармуляванне нацыянальнай ідэі, якая з’яўляецца неабходным элементам пабудовы эфектыўнай дзяржавы.

Сусветная практыка дзяржаўна-эканамічнага развіцця сведчыць аб тым, што хоць эканоміка і з’яўляецца рухавіком развіцця дзяржавы, аднак сілкуецца гэты рухавік з крыніцы гуманітарнай якасці, паколькі ў аснове развіцця грамадства знаходзіцца чалавек з яго духоўнымі якасцямі, каштоўнасцямі, запатрабаваннямі (Л. М. Лыч).

Усведамленне і ўлік нацыянальных асаблівасцяў не як нечага вышэйшага ў параўнанні з іншымі народамі, а як непаўторнага злучэння нацыянальных і агульначалавечых рыс і каштоўнасцей, са стратай якіх свет народаў стаў бы, па дакладным выказванні Дз.С.Ліхачова, “сумным і шэрым”, мае прынцыпова важнае значэнне для кансалідацыі народа на аснове высокіх духоўных крыніц, традыцый, каштоўнасцей, гэта значыць мае грамадскае і дзяржаўнае значэнне. Узнаўленне і развіццё нацыянальных форм быцця на аснове вывучэння нацыянальнага гістарычнага вопыту і духоўных каштоўнасцей ствараюць самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця асобы.

Практыка сучаснага жыцця паказвае, што многія спецыялісты, кіраўнікі ці ўвогуле не разважаюць пра такія грамадска важныя пытанні, як нацыянальныя асаблівасці, нацыянальная ідэя, ці свядома адыходзяць ад такіх разважанняў з-за несфарміраванасці названых вышэй ведаў і перакананняў, часта абумоўленай гістарычнымі ўмовамі. Пры фарміраванні гэтых ведаў і перакананняў важна не аддаваць такое прынцыпова важнае пытанне на водкуп толькі аднаму грамадска-палітычнаму руху. Гэта наносіць вялікі ўрон ўсяму працэсу развіцця нацыянальнай самасвядомасці, кансалідацыі грамадства на аснове нацыянальных традыцый, станаўленню нацыянальнай ідэі.

Яшчэ адным важным комплексам пытанняў гуманітарнай падрыхтоўкі кіраўнікоў выступаюць цесна звязаныя з пытаннямі беларусазнаўства праблемы сацыялінгвістыкі: народы свету і мовы, шматмоўныя супольнасці, сусветная стандартызацыя і нацыянальная культура, мовы свету і нацыянальна-моўная палітыка, нацыянальныя асаблівасці, мова як духоўная спадчына, якая аб’ядноўвае пакаленні, сітуацыя двухмоўя ў свеце, дыглосія як від незбалансаванага двухмоўя, прававы статус моў і юрыдычны спектар падыходаў да моў, законы аб мове і правы асобы (адміністрацыйная практыка, фінансава-эканамічныя рычагі), мова і грамадства, мова і этнас, мова і культура і г.д.

Асобным аспектам гуманітарнай лінгвістычнай падрыхтоўкі кіраўнікоў з’яўляецца фарміраванне ведаў аб маўленчых паводзінах і культуры маўлення ў прафесійна-службовых адносінах, аб асаблівасцях афіцыйна-дзелавога стылю, маўленчай культуры дзелавой палемікі, публічнага дзелавога маўлення, рэкламнай дзейнасці, арганізацыйнай дзейнасці.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Сцяцко П.У., Гуліцкі М.Ф., Антанюк Л. А. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. Мн., 1990.

2. Арашонкава Г.У., Булыка А.М., Люшцік У.В., Падлужны А.І., Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі. Мн., Беларуская навука, 1999. 175 с.

3. Сучасная беларуская літаратурная мова. Лексікалогія. Фанетыка. Арфаграфія. Мінск, Вышэйшая школа, 1984, 190 с.

4. Беларуская мова. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Марфемная будова слова. Словаўтварэнне. Марфалогія. Мн., Вышэйшая школа, 1987. 429 с.

5. Антанюк Л.А. Беларуская мовапрафесiйная лексіка: Курс лекцый/ Антанюк Л.А., Плотнiкаў Б.А. – 3-е выданне. – Мн., 2005. –240 с.