Смекни!
smekni.com

Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы (стр. 1 из 11)

Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы

ЗМЕСТ

1Назоўнік і яго лексіка-граматычныя разрады

2Прыметнік

3 Лічэбнік

4 Займеннік

5 Дзеяслоў

6 Дзеепрыметнiк

7 Iнфiнiтыў i дзеепрыслоўе

8 Прыслоўе

9 Службовыя часціны мовы

10 Часціцы і мадальныя словы

11 Выклічнікі і гукапераймальныя словы

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1 Назоўнік і яго лексіка-граматычныя разрады

Назоўнік характарызуецца як часціна мовы са значэннем прадметнасці, выражанай марфалагічнымі катэгорыямі роду, ліку, склону. Паняцце прадметнасці ахінае не толькі найменні канкрэтных рэалій рэчаіснасці, але і назвы адцягненых рэалій, якасцяў, дзеянняў, прыкмет, працэсаў, з’яў, уласцівасцяў і інш. Катэгарыяльнае значэнне прадметнасці не можа служыць адэкватным адпаведнікам канкрэтнай прадметнасці, што служыць асновай для выдзялення толькі аднаго класа назоўнікаў (канкрэтныя назоўнікі тыпу стол, кніга, дрэва і да т.п.). Па сутнасці, значэнне прадметнасці ўяўляецца лексічнай катэгорыяй, якая афармляецца пэўнымі граматычнымі паказчыкамі, таму назоўнікі правамерна называюць лексіка-граматычным разрадам слоў. Асабліва відавочным лексіка-граматычны характар назоўнікаў праяўляецца пры іх класіфікацыі на ўжо згаданыя разрады, што традыцыйна вылучаюцца з улікам і лексіка-семантычных, і марфалагічных крытэрыяў (адушаўлёныя і неадушаўлёныя, канкрэтныя і абстрактныя, агульныя і ўласныя, зборныя, рэчыўныя). Межы гэтых разрадаў назоўнікаў перакрыжоўваюцца, бо адны і тыя ж словы звычайна ўключаюцца адначасова ў некалькі груп. Напрыклад, адны адушаўлёныя назоўнікі могуць быць ахарактарызаваныя і як уласныя, і як абстрактныя (параўн.: Алесь, Яніна, Сымон і да т.п.), другія – як агульныя і як канкрэтныя (параўн.: цясляр, дзяўчына, маці і інш.).

Акрамя лексіка-граматычных разрадаў, назоўнікі натуральна падзяляюцца на разнастайныя тэматычныя групоўкі, якія часцей за ўсё вылучаюцца ў межах памянёных разрадаў (параўн.: назвы раслін, жывёл, прылад працы і інш. -- сярод канкрэтных назоўнікаў, назвы духоўных паняццяў, грамадскіх фармацый, навуковых плыняў і інш. – сярод абстрактных назоўнікаў і г.д.). Агульныя і ўласныя назоўнікі падзяляюцца на аснове таго, што першыя абагульняюць назвы аднародных прадметаў у адзін клас, абазначаюць не асобныя прадметы , а мноства прадметаў або тоесных цалкам (параўн.: кропля, суніца, яйка і да т.п.), або з агульнай дамінантнай рысай (параўн.: дом, стул, хмара і да т.п.); другія ж абазначаюць асобныя прадметы і рэаліі з шэрагу аднатыпных, індывідуалізуюць іх (параўн.: Мінск – сярод мноства гарадоў, Беларусь – сярод мноства краін, Ганна – сярод мноства імёнаў і г.д.).

Сярод уласных імёнаў вылучаюцца імёны людзей (параўн.: Скарына, Купала, Каліноўскі і інш.), тапанімічныя і астранамічныя назвы (параўн.: Гродна, Нарач, Сатурн і інш.), найменні прадпрыемстваў, арганізацый выдавецтваў, назвы гатункаў, вырабаў і інш.(параўн.: завод “Віцязь”, выдавецтва “Полымя”, каманда “Дынама”, тэлевізар “Гарызонт” і да т.п.). У адрозненне ад агульных назоўнікаў уласныя ўжываюцца, як правіла, у адной форме ліку, часцей у адзіночным, не супрацьпастаўляюцца па ім (параўн.: Спартак, Брэст , але Баранавічы і горад/ гарады, дождж / дажджы і інш.). У множным ліку могуць ужывацца ўласныя імёны, якія адносяцца, напрыклад, да розных людзей (параўн.: два Сымоны, сям’я Пратасавых і інш.).

Ва ўзаемасувязях агульных і уласных імёнаў існуе адваротная залежнасць: агульныя імёны часцей выкарыстоўваюцца ў значэнні ўласных, пэўным чынам матывуюць іх (параўн.: Колас і колас, Крапіва і крапіва, Танк і танк і інш.), у той час як уласныя імёны ўжываюцца ў значэнні агульных значна радзей (параўн.: форд, наган, хам і інш. На пісьме ўласныя назвы адрозніваюцца ад агульных тым, што пішуцца ў беларускай мове заўсёды з вялікай літары.

Канкрэтныя і абстрактныя назоўнікі размяжоўваюцца тым, што ў першых граматычная і лексічная прадметнасць супадае, тады як у другіх адзначаецца толькі граматычная прадметнасць. Але канкрэтныя назоўнікі абазначаюць не толькі ўспрымальныя нашымі органамі пачуццяў прадметы (параўн.: канапа, куст і да т.п.), але і больш ёмістыя рэаліі, калі нашымі органамі пачуццяў фіксуецца толькі іх частка (параўн.: рака, снег і да т.п.). Абстрактныя назоўнікі абазначаюць адцягненыя паняцці, пачуцці, якасці, прыкметы, дзеянні (параўн.: свабода, каханне, дабрыня, блакіт, гарачыня і да т.п.), не спалучаюцца, як правіла, з лічэбнікамі і рэдка выкарыстоўваюцца ў форме множнага ліку. Абстрактныя назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі –у, (-ю), а іх канкрэтныя адпаведнікі -а, (-я) (параўн.: бою, характару і інш. і пальца, дывана і інш.).

У некаторых выпадках мяжа паміж канкрэтнымі і абстрактнымі назоўнікамі не з’яўляецца выразнай, што прыводзіць да іх неадназначнай граматычнай характарыстыкі. Так слова канікулы ў беларускай мове разглядаецца як канкрэтнае, а ў блізкароднаснай рускай мове – як абстрактнае. Абстрактныя назоўнікі па свайму ўтварэнню часта з’яўляюцца аддзеяслоўнымі ці адпрыметнікавымі (параўн.: хваляванне, чырвань і да т.п.). Канкрэтны або абстрактны характар пэўных назоўнікаў часам можа вызначацца кантэкстам. Так, у сказах Праз вёску пралягала грунтовая дарога і Ён удала выбраў сваю жыццёвую дарогу слова дарога ў першым выпадку мае канкрэтнае значэнне, а ў другім – абстрактнае.

Падзел назоўнікаў на адушаўлёныя і неадушаўлёныя заснаваны на семантычным крытэрыі, бо адушаўлёныя назоўнікі звычайна абазначаюць жывых істот, а неадушаўлёныя – нежывыя прадметы, паняцці, падзеі, прыкметы і інш., прычым дадзены сэнсавы крытэрый падмацоўваецца марфалагічнымі паказчыкамі: у адушаўлёных назоўнікаў форма вінавальнага склону множнага ліку супадае з родным склонам, а ў неадушаўлёных – з формай назоўнага склону (параўн.: бачыць студэнтаў, але бачыць кнігі і да т.п.). Неабходна аднак заўважыць, што зазначаны моўны паказчык часам не супадае з прыроднымі характарыстыкамі адпаведных прадметаў, бо адушаўлёнымі назоўнікамі могуць абазначацца, напрыклад, нежывыя людзі (параўн.: нябожчык, тапелец, мярцвяк і інш.), або віртуальныя, міфічныя істоты, дэманы (параўн.: чорт, вядзьмак, русалка і інш,), або шахматныя фігуры, цацкі, ігральныя карты (параўн.: ферзь, лялька, козыр і да т.п.). Неадушаўлёнымі ж назоўнікамі называюць расліны, мікраарганізмы (параўн.: клён, грыб, чарот, бацыла і да т.п.), якія з біялагічнага пункту гледжання з’яўляюцца жывымі. Згодна з граматычным крытэрыем да неадушаўлёных назоўнікаў адносяцца абазначэнні сукупнасцей людзей ці іншых жывых істот (параўн.: полк, натоўп, статак, касяк, табун і інш.) . У пэўных кантэкстах неадушаўлёныя назоўнікі могуць набываць значэнне адушаўлёных (параўн.: узяць языкоў у сэнсе палонных і да т.п.).

Сярод агульных назоўнікаў асобую групу складаюць зборныя, якія абазначаюць сукупнасць аднародных прадметаў (адушаўлёных і неадушаўлёных), што ўяўляюць сабой адно цэлае (параўн.: моладзь, машкара, каменне і да т.п.). З граматычнага пункту гледжання зборныя назоўнікі характарызуюцца тым, што большасць з іх не мае карэляцыі па ліку, ужываецца пераважна ў форме адзіночнага ліку і не спалучаецца з колькаснымі лічэбнікамі. У якасці фармальнай падмацаванасці для выдзялення зборных назоўнікаў у асобны лексіка-граматычны разрад выступаюць спецыфічныя словаўтваральныя суфіксы –ств- (-цтв-), -нік-, -няк-, -ін-, -ар-, -ур- і інш. (параўн.: птаства, хвойнік, маладняк, садавіна, агентура, дзетвара і г.д.). Меншую групу зборных назоўнікаў утвараюць словы, што выражаюць ідэю непадзельнасці цэлага, складзенага з аднародных адзінак, лексічна, без спецыяльных суфіксаў (параўн.: люд, хлам, друз, посуд і інш.). Многія зборныя назоўнікі супрацьпастаўляюцца адпаведным асабовым назоўнікам са значэннем адзінкавасці (параўн.: хвойнік / хваіна, люд / людзіна і інш.), але не ўсе з іх маюць падобную карэляцыю (параўн.: хмыз / ? , моладзь / ? і інш. ).

Лексіка-граматычную групу ўтвараюць таксама рэчыўныя назоўнікі, якія абазначаюць аднародныя па саставу матэрыялы, што пры дзяленні на часткі не страчваюць якасцяў цэлага. Падобна зборным назоўнікам рэчыўныя не маюць супрацьпастаўленых адпаведнікаў па ліку і выступаюць або толькі ў форме адзіночнага ліку (параўн.: цэмент, мука, малако і інш.) , або толькі множнага (параўн.: апілкі, дрожджы, духі і інш.). У суадносных формах віно – віны, масла – маслы і да т.п. супрацьпастаўляюцца не столькі лікавыя, колькі якасныя характарыстыкі згаданых рэчываў. Да зборных назоўнікаў адносяцца найменні металаў (параўн.: жалеза, бронза, латунь і інш.), хімічных элементаў (параўн.: аміяк, кісларод, азот і інш.), прадуктаў харчавання (параўн.: алей, соль, хлеб і інш.), лякарстваў і медыцынскіх прэпаратаў (параўн.: валідол, ёд, стрэптацыд і інш.), раслін (параўн.: ажына, чарот, шыпшына і інш.), прамысловых вырабаў (параўн.: абутак, сукно, шоўк і інш.), сельскагаспадарчых культур (параўн.: авёс, бульба, капуста і інш.), вадкасцяў і сыпучых матэрыялаў (параўн.: нафта, пясок і інш.), прыродных з’яў (параўн.: град, дождж, снег і інш.). Некаторыя рэчыўныя назоўнікі супрацьпастаўляюцца аднакаранёвым назоўнікам са значэннем адзінкавасці (параўн.: бульба – бульбіна, пясок – пясчынка, салома – саломінка і інш.), што словаўтваральна збліжае іх са зборнымі назоўнікамі. Граматычны характар рэчыўных назоўнікаў мужчынскага роду выражаецца тым, што ў родным склоне яны звычайна маюць канчатак –у (-ю), параўн.: мёду, пяску, алею і інш. (але аўса, хлеба), што ўсе рэчыўныя назоўнікі выступаюць у форме аднаго ліку (пераважна адзіночнага), што яны не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі.

Катэгорыя роду

Род служыць адной з найбольш глабальных граматычных катэгорый, якая праяўляецца не толькі ў імён (назоўнікаў, прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, займеннікаў) , але і ў пэўных формах дзеяслова (прошлы час адзіночнага ліку, абвесны лад, дзеепрыметнікі). У пераважнай большасці назоўнікаў адзіночнага ліку род выражаецца фармальна, з дапамогай пэўных канчаткаў, на аснове якіх усе гэтыя назоўнікі размяркоўваюцца па трох марфалагічных разрадах: мужчынскі, жаночы і ніякі род.