Смекни!
smekni.com

Развіццё культуры Беларусі ў другой палове XVII-XVIII стагоддзяў (стр. 2 из 3)

Каталіцкія касцёлы ў XVII-XVIII стст. афармляліся ў стылі барока, які з’явіўся на Беларусі на прыканцы XVI ст. Тыповыя рысы барока – дэматэрыялізацыя плоскасці сцяны, любоў да вычварнасці, “разарваных” архітэктурных форм, пышнасці, тэатральнасці, знешняй эфектнасці. Сярод найбольш яскравых прыкладаў – афармленне касцёлаў францысканцаў у Гальшанах, езуітаў у Нясвіжы (XVII ст.), касцёла св. Станіслава ў Маглёве (1765 г., мастак Пятро Паўлоўскі). У роспісах касцёлаў мастакі выкарыстоўвалі кампазіцыі вядомых заходнееўрапейскіх мастакоў. У другой палове XVIII ст. у архітэктуры і афармленні некаторых помнікаў выразна назіраюцца рысы класіцызму (размалёўка касцёла Тадэвуша ў Лучаі).

Іконапіс на Беларусі адчуў на сабе ўплыў заходнееўрапейскіх і візантыйскіх тэндэнцый, але ўсё ж характарызавалася захаваннем нацыянальных традыцый, выпрацоўкай асабістых прынцыпаў. У выніку сінтэзу розных напрамкаў фарміруецца асабістая іканапісная школа (канчаткова – у ХVІІІ ст.), прадстаўленая адметнымі магілёўскай, палескай, полацка-віцебскай, гарадзенскай, слуцка-мінскай плынямі. Для беларускага іканапісу характэрна спалучэнне сімвалізму выяўленчай мовы з вострахарактарным тыпажом, дакладнасць перадачы дэталяў.

Гістарычныя ўмовы (Люблінская і Брэсцкая ўніі) і ўплыў заходнееўрапейскай культуры паспрыялі таму, што ў іконапіс пранікаюць рэалістычныя пачаткі. Помнікам першай паловы XVII ст. “Маці Боская Адзігітрыя” з Жыткавіч і “Ілья” з Крычава ўласцівы адыход ад іканапіснай манеры пісьма, увядзенне арнаментыкі і дэкаратыўнага афармлення поля абразоў драўлянымі накладкамі з “каменнямі”. Такім чынам, абразы пераўтвараліся ў “карціны з рамамі”, што сведчыць пра разбурэнне канону іконапісу на Беларусі. Яшчэ больш перадавыя памкненні прасочваюцца ў творчасці невядомага мастака з Маларыты (“Праабражэнне” 1648г., “Пакроў” 1650 г., “Успенне” 1652 г.) і Пятра Яўсеевіча з Галынца, які напісаў ікону-карціну “Нараджэнне Маці Боскай” (1649 г.). Мастак рэалістычна напісаў магілёўскі пейзаж за кратамі акна, бытавыя рэчы, уласцівыя сваёй эпохе.

У помніках сярэдзіны – другой паловы XVII ст. мастакі інтэнсіўна ўводзяць у свае творы архітэктурны і ландшафтны пейзаж, персанажы апранаюць у адзенне сваёй эпохі. Прыклады – “Маці Боская Адзігітрыя Баркалабаўская” з Быхава (1659 г.), “Уваскрасенне – Сашэсце ў пекла” з Чачэрска (1678 г.).

У помніках XVIII ст. іконы яшчэ больш паходзілі на помнікі свецкага жывапісу, што выявілася ў перадачы прасторы, архітэктурных дэталях, размяшчэнні фігур “Аўраамій і Меркурый Смаленскія”, “Пакланенне вешчуноў” (1723-1728 гг.), а ў помніках сярэдзіны стагоддзя з’яўляюцца элементы барока, адчуваецца блізкасць да фальклору, але некаторыя помнікі гавораць пра зніжэнне ўзроўня прафісійнага майстэрства мастакоў. Іканапісцы як і раней, у асноўным паўтаралі традыцыйныя іконаграфічныя схемы, захаванне якіх перашкаджала канчатковаму разрыву з сярэдневяковым светапоглядам.

Партрэтнае мастацтва ў XVII-XVIII стст. развівалася пад уплывам шляхецкага светапогляда, згодна якому шляхціц – былы “сармат” – з’яўляецца гаспадаром дзяржавы і жыцця, ен жа павінен праславіць свой род, сям’ю. Пахаванне члена роду пераўтваралася ва ўрачысты рытуал, у якім асобае месца займаў трунны пахавальны партрэт. Гэта садзейнічала шырокаму развіццю мастацтва партрэта. Вялікія партрэтныя калекцыі збіраліся ў магнацкіх рэзідэнцыях у Нясвіжы і Слуцку, Ружанах, Слоніме, Гродна, Свіслачы і інш., з іх бралі прыклад і шляхціцы. З партрэтаў рабіліся шматлікія копіі для родзічаў.

З XVI ст. на Беларусі пад уплывам заходнееўрапейскага мастацтва партрэты пісалі алеем на палатне, адначасова пераймаліся прыёмы малявання. У XVII ст. назіраецца засваенне традыцый мастацтва Фландрыі і Галандыі. Яны выяўляюцца ў партрэтах Януша Радзівіла, Аляксанра Астрожскага, Альбрэхта Станіслава Радзівіла (апошняму ўласцівы і рысы іспанізму).

У XVII-XVIII стст. з’яўляюцца новыя тыпы і формы партрэтаў – арыстакратычны, рэтраспектыўны з багатым антуражам, пакаленны ці пагрудны (шляхецкі ці мяшчанскі), партрэты ў латах рыцарскага тыпу, партрэт вучонага і пахавальны. Кожны з іх захоўваў свой канан, што сведчыць пра цесныя сувязі з іконапісам. Шырока ў XVII-XVIII стст. распаўсюдзіліся так званыя “сармацкія партрэты”. Назва звязана з уяўленнямі шляхты аб сваім паходжанні ад ваяўнічых сарматаў, якія пакарылі землі Ўкраіны, Беларусі, Польшчы і Літвы. Асобы на іх былі апранутыя ў старадаўнія касцюмы, маляваліся ўсе атрыбуты ўлады, якімі валодала асоба, гербы. Партрэт выконваў функцыю сацыяльную ў большай ступені, чым эстэтычную. Таму асоба падавалася без ідыялізацыі – гэта быў бясстрасны і дакладны партрэт. У стылі “сармацкага” выконваліся парадны, рыцаркі і трунныя партрэты магнатаў і заможнай шляхты. Прыклады – “Партрэт Канстанціна Астрожскага” (пач. XVII ст.), “Партрэт Кшыштафа Весялоўскага” (1636 г.), “Партрэт Міхаіла Казіміра Паца” (другая палова XVII ст.) і інш. Партрэты выконвалі як запрошаныя майстры, так і мясцовыя. Вядомы мастак з Вільні Іаган Шрэрэр (XVII ст.), невядомы мінскі майстар напісалі ў 1676 г. “Партрэт Анджэя Завішы”. Жывапісцы з Полацка стварылі галерэю партрэтаў выкладчыкаў Полацкай езуіцкаў калегіі, лепшы сярод іх – “Партрэт Мікаэля Квіена, прафесара старажытных усходніх моў”. У 1783 г. для Радзівілаў іх прыдворным мастаком Юзафам Ксаверыем Гескай быў створаны “Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага”. У вогуле, на развіццё мастацтва Беларусі XVIII ст. аказалі вялікі ўплыў прыдворныя мастакі саксонскіх курфюрстаў (адначасова і каралёў Рэчы Паспалітай) з Дрэздэна, дзе працавала вялікая колькасць мастакоў з Францыі і іншых заходнееўрапейскіх краін.

Такім чынам, беларускія майстры партрэтнага жывапісу перапрацоўвалі здабыткі заходнееўрапейскай культуры і захоўвалі мясцовыя асаблівасці, самабытнасць.

У XVII-XVIII стст. у адпаведнасці з пануючымі стылямі развівалася пластыка. Барока ў архітэктуры, скульптуры, разьбе, лепцы на Беларусі пратрымалася ўсе XVII і тры чвэрці XVIII ст. і набыло лакальны характар, мясцовыя асаблівасці (густы заказчыкаў, традыцыі мясцовага народнага мастацтва).

1.3 Скульптура

Скульптура выкарыстоўвалася ў афармленні касцёлаў, праваслаўная царква яе не прымала. Яскравае ўяўленне аб ансамблі ранняга барока дае алтар касцёла ў Будславе (1643-1651 гг.). У алтарнай скульптуры канца XVII ст. адбываецца ўзмацненне барочных матываў (“Распяцце” Казіміруса Круповіча, 1696 г.). У сярэдзіне XVIII ст. скульптура нярэдка выконвалася пад светлы мармур, ці наадварот, уся фігура пакравалася пазалотай, пасярэбранню, акрамя твару і рук (статуі з Гродна, Кобрына, Шарашова.

У свецкай скульптуры шырока распаўсюдзілася мемарыяльная скульптура – надмагіллі. Устанаўленне помніка ў храме гаварыла пра наяўнасць на Беларусі новага, гуманістычнага светапогляду. Надмагіллі вядомы з XVI ст., выконваліся замежнымі, часцей італьянскімі майстрамі. З XVII ст. вядомы надмагіллі ў Нясвіжы (1608 г. і 1616 г.), у Крамяніцы (1623 г.), у Гальшанах, Вільне.

У XVIII ст. у надмагіллі пачынаюць укампаноўвацца маляўнічыя партрэты. У мемарыяльнай скульптуры Беларусі сустракаюцца амаль усе вядомыя тыпы надмагілляў, выкананыя на высокім мастацкім узроўні, яны сведчаць аб вялікіх поспехах мастацтва партрэта.

У разбе сярэдзіны XVII ст. адбыліся значныя змены, звязаныя з засваеннем раней невядомых матываў і выкарыстоўваннем вялікай колькасці невядомых раней інструментаў. Беларускія майстры творча перапрацавалі барочную разьбу, яны зрабілі яе высокай, аб’ёмнай. Найбольш выдатныя помнікі – гэта шматярусныя іканастасы, характэрныя толькі для праваслаўных і ўніяцкіх храмах. Новы, беларускі, “ачышчаны ад каталіцызму” варыянт разьбы майстры прынеслі ў Маскву, дзе майстры ведалі толькі плоскую “фражскую” разьбу. Славу беларускім майстрам у Маскве стварыў палац цара ў Каломенскім (1667-1668 гг.) і шэраг іканастасаў для маскоўскіх манастыроў і сабораў (Новадзявочы манастыр 1683-1686 гг.). У XVIII ст. у перыяд сталага барока адбываецца “абміршчэнне”, што праяўляецца ў скарачэнні радоў іканастасу, у больш стрыманым іх афармленні. Павышаная ўвага ўдзяляецца царскім варотам. Адначасова некаторыя помнікі гавораць аб прыкметным зніжэнні прафісійнага майстэрства рэзчыкаў, як і ў іканапісе – рэлігійнае мастацтва не здольна было паказаць перадавыя тэндэнцыі эпохі.

1.4 Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

XVII-XVIII стст. – гэта перыяд найвышэйшага росквіту і, у XVIII ст., заняпадка беларускага рамяства. Рамеснік у той час – гэта не проста вытворца рэчаў, неабходных у гаспадарке. Рамеснік – гэта перш за ўсё мастак, кожная рэч павінна быць “шэдэўрам”, па нашаму – помнікам мастацтва. У гэтым сэнсе вядучым рамяством была ювелірная справа, і беларускія майстры дасягнулі ў ёй значных поспехаў. На працягу адзначанага перыяду ў шматлікіх гарадах Беларусі і ў Вільні дзейнічалі цахі залатароў і сярэбранікаў, а колькасць майстроў (па архіўных дадзеных) дасягала 1700 чалавек. Асноўнымі замоўцамі залатароў з’яўляліся заможныя феадалы і царква – як каталіцкая, так праваслаўная і ўніяцкая.

Майстры хутка засвойвалі дасягненні заходнееўрапейскага мастацтва і адначасова захоўвалі традыцыйны канон. Іх спалучэнне адрознівае нацыянальную мастацкую школу беларускіх майстроў-залатароў і сярэбранікаў XVII-XVIII стст. У многіх захаваўшыхся помніках пачатку XVII ст. назіраюцца моцныя рысы Рэнесанса і готыкі, але хутка пануючым стылем стала барока, асноўнай прыкметай якога быў сакавіты раслінны арнамент. Беларусы перанялі таксама кветкавы арнамент, які нарадзіўся ў галанскіх майстроў у 1650-1660-я гг. і хутка стаў пануючым ва ўсёй Еўропе. У помніках сталага барока (другая палова XVII ст.) асабліва натуралістычна прачаканьваюцца цюльпаны, макі, гваздзікі, нарцысы, півоні, ландышы. У гэтай традыцыі выконваюцца рызы – барэльефныя накладкі, “адзенне” абразоў (прыклад – рыза алтарнай карціны ў Камаях). Адзін з асноўных матываў сталага барока – акант – з’яўляецца ў помніках з 1666 г. (пацір з Ружан).