Смекни!
smekni.com

Образ белорусской хаты в белорусской культуре (стр. 6 из 7)

Зяблік адметны тым, што сам адчувае не толькі сваю знітаваннасць з зямлёй, але і адчужанасць ад яе, ён моліцца зямной сіле, але й упінае яе за свае нягоды. У размове Лявона з сямейнікамі гэтая антанімія выяўляецца досыць выразна:

“Лявон... Кожны каменчык на полі і кожны кусцік на сенажаці змалку ўжо знаў, як сваіх пяць пальцаў на руцэ... На гэтых гонейках пасціў скацінку... араў, сеяў, касіў. А тут!.. Суд – вон выганяюць! Кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез, кінуць тое поле, дзе кожную скібіну потам крывавым скрапіў. Эх, эх! І я гэта маю дарма ўступіць, адрачыся?! Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца – засохне, адбяры ў чалавека зямлю – згіне” [13;213].

Гэта як прыгавор Зябліка самому сабе. Нейкая абмежаванасць не дае магчымасці думаць шырэй за гэтую філасофію, селяніну-вяскоўцу зразумелую.

Пачуццё знітаванасці з зямлёй ды пакланенне ёй у Лявона часам удае гэткім безразважным, што можа нагадваць паганскае пакланенне фетышу, і, натуральна, калі фетыш “падманвае”, гэтае пачуццё абарочваецца нянавісцю. “Зямля здрадзіла” – прыходзіць да высновы герой [5;123].

“Лявон (глуха). Чым я вінен? Чым я вінен? Што любіў гэту зямлю, гэту родную нашу!..” [13;213]

Лявон Зяблік не можа пагадзіцца душой з тым, што перастае жыць і працаваць на тым кавалку зямлі, які адышоў яму ў спадчыну.

Паказваючы драму сям’і Зяблікаў, пісьменнік выходзіць далёка за межы яе, бо ў лёсе адной сям’і бачыць усю старую Беларусь, якую кожны багаты і дужы мог рабаваць, паліць, руйнаваць, выганяць яе народ з адвечнага гнязда[26;127]. Купала паказвае глыбока сацыяльны канфлікт, зачынам якога, грунтам з’яўляецца тая хата, разбураванне якой разбурыла і лёсы герояў.

4.3. “...ЯК Я Ў ХАТУ ЎВАЙДУ, МЯНЕ ШТОСЬЦІ ГНЯЦЕ”

Любоў да свайго кута, да сваёй хаты, прывязаннасць да той мясціны, дзе нарадзіўся, да Бацькаўшчыны. І, канешне, усё навакольнае асяроддзе, родныя пейзажы – усё гэта той жа дом, які цягне да сябе і ўстае перад вачыма як твая Радзіма.

Вобраз хаты не можа ўспрымацца асобна, проста як будыніна – яна як частка пейзажу, як “ложак” у вялікай хаце Сусвету. Дом – гэта той неабходны прытулак, і ён заўжды будзе родным, але ж ніколі рука чалавека не ўзбагаціць яго так, як узбагаціла рука Першатворцы наш край.

...Як я ў хату ўвайду, мяне штосьці гняце

Бледны сум падыходзіць – прыносіць нуду

У запляснелым кутку цень касцісты цвіце, -

Мяне штосьці гняце, як я ў хатку ўвайду[12;129]

“У вузенькай хатцы” няма дзе развярнуцца, не прыносіць утульнасць і “хата крывая”, “там, у хацінке, там, у пахілай”, няма спакою і задавальнення. Гэта сваё, але ж гэта не тое, што заслугоўвае чалавек. Можна прыняць гэта і дзень за днём цягнуць такі цяжар, не бачыць нічога навокал. Тут вобраз хаты супрацьпастаўлены полю: “Як я полем іду, гнецца колас ка мне...”. Вось дзе ён селянін-гаспадар, і ўжо не яго штосьці гняце, а да яго гнуцца, яму служаць. Гэтыя радкі прымушаюць задумацца, шырэй зірнуць на свет і ўбачыць моц чалавека. Не трэба абмяжоўваць жыццё сваім уласным кутом, а бачыць свой дом – Айчызну больш магутнай і ўладкоўваць яе як сваю маленькую хатку.

Чалавек адчувае сябе прыніжаным, калі застаецца сам-насам са сваёй беднай хацінкай, са сваім гаротным лёсам. Але варта вырвацца на волю, на прыроду, дзе людзі, дзе грамада, як зноў ён у добрым настроі[26;101]. Верш “Як я полем іду” скіраваны на тое, каб задумацца над тым, што чалавек адчувае сябе чалавекам, калі ён не пазбаўлены грамадскіх сувязей, калі ён актыўна дзеючая асоба.

Тут таксама зродненасць чалавека з навакольным светам. Чалавеку добра, калі ён адчувае сваю еднасць з прыродай: калі ён полем ідзе, і лугам, і лесам. Тады і колас гнецца, адбіваючы яму паклоны, і траўка сцелецца ля ног, і думкі зважна снуюцца. Ён, чалавек, - цар прыроды, повен пашаны, павагі, славы дагэтуль, пакуль не пераступіць свой родны парог... [26;101]

І, канешне, тое, што старая хата Зяблікаў была разбурана, мае сімвалічны характар. Драматург заклікае народ і інтэлігенцыю да змагання за вяртанне спадчыннага права на сваю зямлю і хату. Заклік да тых, хто здольны прыняць яго. Гэта як штуршок, які не пакідае альтэрнатывы: змагацца ці пайсці з торбай па свеце. Моцны прымае першае.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

У агульным выніку трэба яшчэ раз узгадаць, што вобраз дома ўвасобіў у сабе як міфічны і сакральны, так зямны і рэальны змест.

У архаічнай свядомасці кожнае жытло надавала свету прасторавы сэнс, аддзяляла чалавека ад космаса. У доме як бы суіснавалі чалавек і Сусвет, унутранае і вонкавае, таму станавіліся магчымымі перакадзіроўкі паміж часткамі чалавечага цела, элементамі космасу і дэталямі хаты. “Дом можа быць “разгорнуты” ў Сусвет і “згорнуты” ў чалавека”[1;15].

Сам сусвет асэнсоўваўся на пэўным этапе як велізарны дом з належнымі яму атрыбутамі: цэнтрам, які часцей уяўляўся ў выглядзе Сусветнага дрэва, неба-столлю і г.д. Семантычны комплекс дома акумуляваў у сабе такія істотныя ідэалагічныя канстанты, як сацыяльнасць, сакральнасць унутраннай прасторы, паказ грамадскай арганізацыі, сям’і, тэхналагічны код, псіхатэрапеўтычную функцыю ды інш[4;17].

Вобраз дому ў беларускай культуры мае не толькі ролю пэўнай архітэктурнай пабудовы, жытла, а разглядаецца значна шырэй.

Цяпер, на пачатку ХХІ стагоддзя многае змянілася ў жыцці беларускага народа. Змянілася і сялянская хата, яе абсталяванне. Адыйшлі ў мінулае многія са згаданых старажытных абрадаў, што адбываліся ў хаце. Сёння хата ўжо не ўспрымаецца паменшанай мадэллю сусвету. Гэта хутчэй тое, што знакаміты архітэктар мінулага стагоддзя Ле Карбюзье назваў “машынай для жытла”. Але не варта абмінаць традыцый мудрасці прашчураў. Не, не да твару нашаму дому быць толькі “машынай” для жылля[14;15].

Але калі прашчуры мелі сваю філасофію жылля, што адлюстравалася ў розных абрадах, звычаях, павер’ях, то і ў нас мусіць скласціся свая філасофія жылля, якая б увабрала ў сябе ўсё лепшае з мінулага і поруч з тым засведчыла сённяшні светапогляд.

Як глыбока можна пайсці, як шмат новага знайсці для сябе... Зайздроснае становішча выкладчыка дазваляе яму даносіць вучням вобраз хаты-дома ў тым накірунку, які бліжэй яму самому ці больш зразумелы вучням. Ёсць магчымысць спалучыць літаратурныя творы і мастацкія – разам яны ствараюць цэласнасць дадзенага вобраза.

У гэтай працы я закранула творцаў пачатку ХХ стагоддзя – сучаснікаў істотных гістарычных падзей у нашай краіне. І, канешне, вобраз хаты-дома нясе адбітак гэтых падзей і ў іх творах. Гэта яшчэ больш пашырае сімвалічную ролю хаты ў мастацтве.

Нельга рабіць дакладныя межы: як трэба і як рабіць. Ёсць нейкі грунт, якога трэба прытрымлівацца, ёсць стрыжань ведаў, вакол якога будуюцца, нараджаюцца свае думкі і разважанні. Усё залежыць ад тэмы ўрока і мэты, якую ставіць выкладчык.

На мой погляд, спалучэнне літаратуры і жывапісу дае больш глыбокі аналіз вобразу дома ў беларускай культуры, натхняе кожнага на свае асабістыя разважанні. Той жа альбом Бялыніцкага-Бірулі – даволі даступны сродак, у той час, калі не заўсёды ёсць магчымасць дэманстрацыі слайдаў ці фільмаў.

На першы погляд, тэма “Вобраз хаты ў беларускай мастацкай культуры” здаецца аднабаковай. Што новага, цікавага можна дадаць? Але сувязь літаратуры і мастацтва могуць зрабіць разгляд такой тэмы даволі дынамічным, дапамагаюць спасцігнуць не толькі вобраз хаты як асобнай будыніны, а больш шырока зірнуць на гэты вобраз. Бо наш дом не трэба абмяжоўваць чатырма сценамі, а неабходна заўжды ўсведамляць, што сапраўдны вялікі дом – гэта і ўсё тое, што па-за межамі драўляных сцен. Наш дах – блакітнае неба, падлога – зямля, сцены – усе дрэвы вакол. І ўсяму жыццё дае паветра, якое ўдыхае наш Першатворца.

Патрыятычная накіраванасць падкрэлівае выхаваўчы патэнцыял тэмы. Разнабаковасць трактоўкі вобразу дае магчымасць дакладна яго данесці.

Кожная глава працы мела на мэце супрацьставіць ідэю “роднасці” імперскай казарменай ідэалогіі.

Ёсць магчымасць прасачыць за тым, што творцы і мысліцелі Беларусі выкарыстоўваюць адзінуюпершакрыніцу – беларускую традыцыйную культуру. Адбываецца працэс фалькларызацыі культуры, які актыўна распачаў у эпоху Рэнесансу Францыск Скарына, а за тым падхапіў беларускі ідэолаг Аарон Алізароўскі.

Комплекс “роднасці“ паказан у розных варыянтах. Была зроблена спроба прасачыць працэс ад матэрыяльнага да духоўнага, які ажыцяўляўся са станаўленнем пачуцця “роднасці”. І жыллё –як узор матэрыяльнай культуры; і інтэр’ер жылля, яго ўнутраны змест – як нешта роднае, утульнае, асабістае. Усё гэта знайшло сваё ўвасабленне ў вуснай народнай творчасці. “Плясаць ад печчы” – рабіць нешта спачатку, звярнуцца да першакрыніцы. Па гэтых радках відаць як нашы продкі шанавалі культ печчы, лічылі, што яна дае жыццё ўсёй хаце.

Выяўленчае мастацтва, на прыкладзе твораў мастакоў ХІХ стагоддзя, надало магчымасць убачыць “родны кут” іх вачыма. Складаны час, туга па Радзіме, і, канешне, любоў – усё гэта знайшло сваё месца ў іх творах.

Творчасць Купалы мае вялікае значэнне ў раскрыцці сутнасці тэмы. Таму радкі Якуба Коласа, якія сталі песней, здаецца будут вельмі дакладнымі:

Мой родны кут,

Як ты мне мілы,

Забыць цябе не маю сілы...

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

1. Байбурин А.К. Жилище в обрядах и представлениях восточных славян. – Ленинград, 1983.

2. Беларускае народнае жыллё. – Мінск, 1989.

3. В. Бялыніцкі- Біруля. Альбом-каталаг. “Беларусь”, Мн., 1974.

4. Валодзіна Т. Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў. – Мінск, “Тэхналогія”, 1999.

5. Васючэнка Пятро. Драматычная спадчына Я. Купалы. “Навука і тэхніка”, Мн., 1994.

6. М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры, Мн., 1986.