Смекни!
smekni.com

Семантыка і функцыянальнасць міфалагем Сонца і Месяца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету беларусаў. (стр. 7 из 10)

Яснае сонца,

Другое ваконца —

Дробныя звёзды,

Трэцяе ваконца —

Ясны месяц.

Ясны месячык —

Сам пан гаспадар,

Яснае сонейка —

То яго жана,

Дробныя зорачкі —

То яго дзеткі.

Дзе ж мы ні былі,

Дзе ж мы ні хадзілі,

Такога дзіва

Зроду не бачылі,

Як у цябе,

пане гаспадар,

Пасярод двара

Залата гара.


У жніўных песнях стомленая доўгай нялёгкай працай жняя звяртаецца да сонца як да жывой істоты з папрокам, што яно “неспагадлівае”: рана ўзыходзіць, не спагадае жнеям, а ў іх “сталяны сярпочкі прытупіліся, … белыя ручкі прытаміліся, … ды прыганятыя прыбракаліся”. Жняя заклікае вецер як міфалагічную істоту, каб ён не ляжаў у полі “паміж горачак у разоры”, а ўстаў “памаленьку”, павеяў “паціхеньку”, развеяў “хмарачку цямненьку”… Жнейка просіцца адпусціць яе дадому: у яе “дзетак многа: што куточак, то сыночак, на пакуцці дзевяць дочак”:

Да пара дамоў, пара,

Пагубіла ключы зара.

Сонца ўзышло, ключы знайшло.

— Сонейка маё яснае,

Трэба неба адамкнуць,

Поле расой апусціці,

Бо іх хаткі халодны,

Бо іх дзеткі галодны… [7, с. 460].

Часам сонца размаўляе са жнейкай, якая скардзіцца, што яно не спагадае ёй: раненька ўсходзіць — яе на полі знаходзіць, позненька заходзіць — яе на полі пакідае. Сонейка адказвае:

— Чым жа я таму вінавата,

Што твая гаспадынька

Цябе рана пабуджаіць

І на поле высалаіць?

(песня “Дзеванька-сіротанька”) [17, с. 94].

Агульнавядома, што культ Сонца адыграў немалаважную ролю ў фарміраванні веснавой і летняй абраднасці. Абрад “гукання вясны” мае выразныя аграрна-магічныя рысы. Паколькі асноўнай прыроднай сілай, якая адлюстроўвала жыватворны пачатак, было сонца, менавіта яму і адводзіцца вядучае месца ў песнях веснавога цыклу. На першым месцы ў веснавым цыкле знаходзіцца земляробчы культ. Сонца толькі “дапамагала” або “запрашалася на дапамогу” нашымі продкамі. Надыход вясны суправаджаўся адпаведна традыцыйнымі песнямі і абрадамі, якія мелі пэўны магічны падтэкст у адносінах да будучага ўраджаю. Можна меркаваць, што звычай выпякаць вясной з цеста фігуркі жаўрукоў або буслоў і з’ядаць іх ёcць не што іншае, як амаль забытая мадыфікацыя ахвярнай птушкі, якая існавала ў старажытнасці і заключалася ў тым, што вясну ў вобразе птушкі лавілі і прыносілі ў ахвяру богу сонца, а пазней гэткія паднашэнні рабілі і самому сонцу, у хрысціянскі перыяд злоўленых птушак выпускалі на волю.

Валачобныя песні віншавальна-велічальныя творы веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі — каштоўны помнік духоўнай спадчыны беларускага народа, яскравая і характэрная яе адметнасць. Вяліклдзень — гэта вялікае свята канчатковай перамогі дабра і хараства над злом, сцюжай, велічнага бога сонца над богам цемры і холаду. Вялікдзень заўсёды прымеркаваны да першай поўні, якая надыходзіла пасля веснавога раўнадзенства. Да гэтага часу ажывала прырода, пачыналіся першыя палявыя работы. Таму ў валачобных песнях ухваляецца будучы ўраджай, звязаная з ім сельскагаспадарчая праца і сонца, ад якога залежыць жыццё і дабрабыт людзей. А адбітак салярнага культу ў светапоглядзе селяніна ўзмацняе гэты гуманістычны пачатак і, дапасаваўшыся да земляробчага культу, дапаўняе старажытныя ўяўленні аб навакольным свеце, прадметы і з’явы якога характарызуюцца па аналогіі з жыццём чалавека. Так, сонца ў валачобных песнях паўстае як трыдзіная крыніца жыцця, ураджаю і дабрабыту, яно параўноўваецца з вялікай матэрыяльнай каштоўнасцю — золатам, якое падобна з ім па колеру.

4.3 Семантыка міфалагемы сонца ў сямейнай абраднасці

Значную ролю адыгрываюць рытуалы, звязаныя з сонцам і ў сямейных абрадах беларусаў. Вялікае значэнне мае сонца ў вясельным і радзінным абрадзе, бо сонца ў нашых продкаў лічылася пачаткам жыцця, і таму вельмі значнай была яго роля пры з’яўленні на свет новага чалавека і стварэнні новай сям’і, новага мікракосмасу ў Сусвеце. Калі навароджанага першы раз выносілі з хаты, яго як бы паказвалі першы раз усяму Сусвету, усім сусветным сілам. І спачатку яго прадстаўлялі менавіта Сонцу.

Нявеста (як будучая маці) і жанчына-парадзіха вельмі блізкія Сонцу, якое дае жыццё, свет і цяпло. І нявесцін вянок, і шлюбны пярсцёнак прысвячаліся сонцу (мелі круглую форму).

Нявеста раніцай сустракала Сонца неапранутая, з расплеценай касой, кветкамі медуніцы ў руках і прасіла ў Сонца шчасця і благаславення. Нявеста прасіла ў Сонца дараваць ёй памылкі і грахі, благаславіць яе на шчаслівае жыццё, паслаць здаровых дзяцей (часцей трох: двух сыноў і дачку), абавязвалася быць вернай свайму мужу, шанаваць яго бацькоў, быць добрай гаспадыняй, уставаць разам з сонцам, не насіць дзявочага ўбору, пакінуць толькі чырвоную спадніцу (або сарафан) для будучай дачкі і інш. Адным з галоўных сімвалаў усіх трох сямейна-абрадавых цыклаў з’яўляўся ўрачысты каравай [15, с. 75].

Святочны хлеб (каравай) быў прысвечаны Сонцу. Каравай выпякаўся такой жа самай, як і Сонца, круглай формы. У час вясельных рытуалаў да Сонца звярталіся з просьбай, каб яно благаславіла каравай.

Пасля жанчыны-каравайніцы неслі каравай на ручніку на ўзгорак і прасілі сонца благаславіць яго. Каравай на некалькі хвілін пакідалі на ручніку, а самі спускаліся з узгорка. Пасля благаславення каравая Сонцам ён станавіўся свяшчэнным. Вельмі дрэннай прыкметай лічілі, калі не было сонца ў дзень выпечкі вясельнага каравая. Нявесцін вянок і шлюбны пярсцёнак таксама маюць форму круга, як і сонца. На думку А. М. Афанасьева, “круглавідная форма сонца прымушала чалавека бачыць у ім вогненнае кола, кольца або шчыт. Круглая форма, як вядома, сімвалізуе кола жыцця (а таксама пэўную незалежнасць, вольнае жыццё). Тут бачна сувязь з Сонцам, якое таксама мае форму круга. Па старажытных уяўленнях, сонца дае жыццё і мае пэўную ўладу.

Уся сямейная абраднасць таксама прасякнута салярным культам. Дзённае свяціла паўстае як адвечная крыніца жыцця, пладароддзя, сонечнай энергіі. Ва ўрачыстыя моманты жыцця чалавека-працаўніка сонца радуецца разам з ім, як і ў вялікія святы, паводзіць сябе даволі незвычайна.

Сонца — нябеснае свяціла, якое славяне шанавалі як крыніцу жыцця, цяпла і святла. Народныя ўяўленні аб Сонцы і свеце адчувалі ўплыў царкоўна-кніжнай традыцыі.

У фальклоры Сонца называлі ясным і чырвоным, божым і праведным, добрым і чыстым. У многіх славянскіх традыцыях Сонцу кляліся і ўпаміналі яго ў праклёнах. Яно прадстае ў павер’ях як разумная і дасканалая істота, якая ці сама з’яўляецца боствам, ці выконвае боскую волю. У народных уяўленнях Сонца — гэта твар, вока ці слова Бога, ці ваконца, праз якое Бог глядзіць на зямлю.

У славянскіх павер’ях Сонца сочыць з неба за справамі людзей і вечарам расказвае аб іх Богу. У поўдзень і перад тым, як апусціцца за гарызонт, яно трошкі запавольвае сваю хаду і адпачывае. Па легендзе, пасля распяцця Хрыста сонца ад гора спынілася на небе і не заходзіла тры дні. На ўсходзе на Вялікдзень Сонца “грае” (пераліваецца рознымі колерамі), радуючыся ўваскрашэнню Хрыста, а на Купалле — купацца ў вадзе[10, с. 47].

У славянскім фальклоры Сонца можа персаніфіцыравалася як у жаночым, так і ў мужчынскім вобразе. У казках яно жыве там, дзе зямля сходзіцца з небам, мае маці і сястру, выкрадае сабе жонку ў людзей; да Сонца адпраўляецца чалавек, каб даведацца, чаму яно ўсходзіць вясёлае, а вечарам садзіцца маркотнае і цёмнае (сюжэт выкарыстаны П. П. Яршовым у казцы “Канёк-гарбунок”).

Шанаваннем Сонца абумоўлена шматлікасць правіл і забаронаў; не станавіся да Сонца спіною нават у час працы на полі, не спраўляй свае патрэбы так, каб гэта магло бачыць Сонца, не плюй у яго бок, інакш запануе цемра, не паказвай на яго пальцам, бо выкалеш яму вока і інш. Пасля заходу Сонца не давалі нічога з дому ў доўг, асабліва агонь, каб шчасце і дастатак не пакінулі сям’ю, не выкідвалі смецце на вуліцу, не пачыналі новы акраец хлеба.

У абрадах і народнай харэаграфіі рух па коле адбываецца, як правіла, па Сонцу, г.зн. злева направа, хоць у царкоўнай практыцы пасля Сабора 1666г. правільным прызнаецца адваротны напрамак: справа налева.

У абрадах, фальклоры і народным мастацтве Сонца могуць сімвалізаваць кола, золата, вогнішча, сокал, конь або алень, вока чалавека і інш. Салярныя матывы звычайны ў арнаменце народнай вопраткі і тканінах, у разьбе на разнастайных частках сялянскіх хат, мэблі, прыладах для ткацтва і якасці.

5. Семантыка і функцыянальнасць міфалагемы Поўні (Месяца) ў беларускім фальклоры (у агульнаславянскім кантэксце)

Месяц — начное нябеснае свяціла, элемент астранамічнага коду традыцыйнай беларускай мадэлі свету, з якім звязана мноства разнастайных павер’яў і прыкмет. Яны з’яўляюцца па сутнасці рэшткамі некалі, відаць, вельмі развітага культу гэтага свяціла. Лічыцца, што пакланенне Месяцу значна больш старажытнае, чым пакланенне Сонцу, і сягае, прынамсі, часоў так званага “індаеўрапейскага адзінства”, пра што сведчыць агульная для ўсіх індаеўрапейскіх моў назва свяціла. Асаблівасці руху Месяца па небе спарадзілі саму ідэю каляндарнасці.

Сярод розных народаў свету былі распаўсюджаны вераванні, што цыкл жыцця і смерці на зямлі — нараджэнне і ўвяданне раслін, жывёл і людзей — звязаны з ростам і ўбываннем Поўні, з яе бясконцым цыклам нараджэння і смерці на небе. Назва Поўня замацавалася за Месяцам у беларускай мове параўнальна нядаўна. Пэўна назва начнога свяціла жаночага роду дапамагае больш звучна вытлумачваць менавіта жаночы характар гэтага міфалагічнага вобраза, што адлюстравана ў міфалогіі розных народаў свту. Легенды народаў Усходу адлюстроўваюць уяўленне, што Зямля з’яўляецца як бы спараджэннем Поўні, іншымі словамі, Поўня з’яўляецца мацер’ю Зямлі.

Розныя ўяўленні аб светабудове адбіліся ў беларускім фальклоры. У народнай фантазіі спалучыліся матывы язычніцкіх і хрысціянскіх міфаў. Галоўнымі персанажамі такіх твораў з’яўляецца Бог і яго антыпод.