Смекни!
smekni.com

Стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча (стр. 2 из 4)

Задачы, якія ставіць перад сабой лірычная проза, вырашаюцца з дапамогай разнастайных сродкаў выяўлення канкрэтнага душэўнага стану лірычнага героя. Напрыклад, з дапамогай лірычнай арганізацыі маўлення, якая дае выявіць усе аспекты і разнастайнасць перажывання. Асаблівае месца ў лірычным творы займае цэнтральны вобраз-перажыванне, які адлюстроўвае вялікі свет чалавечага жыцця.

Асаблівае значэнне ў лірычнай прозе мае суб’ектыўнае–за кошт павелічэння аўтарскага ўспрымання рэальнасці, аб’ектыўны план становіцца другасным. Празаічны суб’ект адрозніваецца ад лірычнага тым, што калі ў лірыцы ён тоесны самому сабе, то ў прозе прысутнічае суадноснасць з аб’ектыўным светам. Таму ў лірычнай прозе заўсёды ёсць як суб’ектыўнае (прыватнае, індывідуальнае, чалавечае “я”), так і аб’ектыўнае (рэальнасць, якая праходзіць праз свядомасць аўтара).

Спектр кампазіцыйных формаў лірычнай прозы даволі шырокі, сюды ўваходзяць усе тыя формы, дзе пераважвае аўтарскае “я”, размытасць і шматпланавасць сюжэта, эмацыйнасць і экспрэсіўнасць. “Кампазіцыйныя формы: эпісталярная, дзённікавая, аўтабіяграфічная, падарожжа, эсэ (К. Г. Паустоўскi, В.А. Салаухiн, А. дэ Сент-Экзюперы)” [6, с. 637].

На наш погляд, сюды можна дадаць яшчэ лірычныя апавяданні, імпрэсіі, замалёўкі і нарысы.

Такім чынам, можна выдзеліць наступныя характарыстыкі паняцця “лірычная проза”:

1. Павышаная экспрэсіўнасць, эмацыйнасць мовы.

2. Аслабленасць фабулы.

3. Вялiкая роля светапогляду аўтара, яго суб’ектывізм.

4. Прадмет адлюстравання – духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і пачуццяў. Асаблівае месца – цэнтральны вобраз-перажыванне.

5. Вобраз аўтара разгортваецца не паслядоўна, а шматпланава, адначасова.

6. Прадмет, які разглядае лірычная проза, – духоўнае жыццё чалавека, паказ рэальнасці праз яго суб’ектывізм.

7. Кампазіцыйныя формы: эпісталярная, дзённікавая, аўтабіяграфічная, падарожжа, эсэ, лірычныя апавяданні, замалёўкі, нарысы і г.д.

1.2 Традыцыі лірычнай прозы ў беларускай літаратуры

Паэзія больш старажытная па сваім паходжанні, чым проза. Верш выкарыстоўваўся яшчэ ў жанрах антычнасці, сярэднявечча і нават Адраджэння і класіцызму для эпічнай паэмы, трагедыі, камедыі, оды і іншых відаў лірыкі.

“Станаўленне мастацкай прозы пачынаецца толькі ў эпоху Адраджэння, а ўсведамленне і сцвярджэнне прозы як законнай формы мастацтва адбываецца нават пазней – у XVIII – пач. XIX ст.” [2, с. 8]. Спачатку літаратурная тэорыя той эпохі трэціравала раман і іншыя празаічныя жанры як ніжэйшыя разнавіднасці мастацтва. Проза ўсё яшчэ злівалася з філасофіяй і палітычнай публіцыстыкай, успрымалася як жанр сур’ёзны, але які выходзіць за межы прыгожага пісьменства, то лічылася чытвом, разлічаным на непатрабавальнага і эстэтычна нявыхаванага чытача.

Беларуская проза пачала сваё станаўленне недзе з канца XIX – пач. XX ст. У гэты час пісалі такія аўтары, як Цётка, Ядвігін Ш., Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны і інш.

У той час беларуская літаратура развівалася паскорана. За восем-дзесяць год яна прайшла шлях, на які еўрапейскія краіны патрацілі стагоддзі.

У адпаведнасці з агульнымі законамі ў нашай літаратуры бурна развівалася паэзія, пераважна лірычная. Паэтычны эпас з’яўляецца пазней, калі лірыка дасягae пэўнага ўзроўню. Поруч з паэтычным эпасам развіваецца проза і нацыянальная драматургія. Паводле А. Лойкі “да нацыянальнай прозы і драматургіі беларуская літаратура шмат у чым ішла цераз жанр паэмы [5, c. 48].

А. Адамовіч у артыкуле “Паэтычнае вярхоўе беларускай прозы” пісаў, што “беларуская проза рабіла свае крокі, абапіраючыся на вопыт паэзіі, яе формы, шырока выкарыстоўваючы паэтычную стылістыку, паэтычную трансфармацыю фальклору” [2, c. 59].

На першым этапе свайго развiцця ў пошуках лiрычных сродкаў проза звярталася да арсенала народнай паэзii, народнай песеннай творчасцi, дзе лiрызм быў ужо ў гатовых запевах, паралелiзмах, багатым паэтычным сiнтаксiсе, высокай метафарычнасцi, а пераноснае аўтарскае i фiласофскае мысленне мела форму паэтычных вобразаў – алегорый.

“У структуры псiхiкi беларусаў прысутнiчае спецыфiчная лiрычная субстанцыя, што дыктуе свае законы непасрэдна маўленню, якое ў сваю чаргу ўздзейнiчае на саму псiхiку. Мова – адлюстраванне мыслення нацыі, а ў беларусаў мысленне надзвычай лірычнае. У структуры псіхікі беларусаў прысутнічае спецыфічная лірычная субстанцыя, што і дыктуе свае законы непасрэдна маўлення” [2, c. 22].

Пачатковы этап развіцця беларускай прозы характарызаваўся багаццем малых жанравых форм: замалёўка, абразок, імпрэсія, прытча, навела, апавяданне. Сталасць літаратуры – з’яўленне буйных жанравых форм – прыйшло ў беларускую літаратуру ўжо на пачатку 20-х гадоў (раман “Сокі цаліны” Ц. Гартнага, “Золата” Ядвігіна Ш. і інш.). Асаблівасцю развіцця тагачаснай беларускай прозы было тое, што яна адначасова абапіралася на фальклор і кніжна-літаратурныя традыцыі.

На пачатку развіцця беларускай прозы лірызм праяўляўся ў розных формах. Паколькі проза адштурхоўвалася ад фальклору, выкарыстоўвала мастацкі вопыт паэзіі і паэтыку фальклору, то лірычны пачатак быў моцны ва ўсіх празаікаў, але згодна з асаблівасцямі мастацтва і таленту атрымаў розны узровень рэалізацыі.

У другой палове ХХ стагоддзя лірычная проза стала адной з прыкметных з’яў часоў адраджэння надзей, хрушчоўскай адлігі як вынік распрыгоньвання і адкрытасці душы мастакоў, звернутых да чалавека, прыроды, усяго навакольнага свету. Пісьменнікам хацелася нераўнадушна, зацікаўлена расказаць пра падзеі, удзельнікамі якіх яны былі самі, адкрыць чытачам патаемныя мары. Яны захапляліся і захаплялі кожнай драбніцай жыцця, укладваючы ў расповед пра яе часцінку сэрца. Суб’ектыўная ацэнка стала дамінавальнай, аўтарскае “Я” – усюдыісным, вышэйшым за “Мы”. З’явілася “проза паэтаў”. Проза пачала ўпрыгожвацца яскравымі дэталямі, тропамі, рытмізавацца. Сюжэт (падзейны) “размываўся”, паслабляўся. На эпічную апавядальнасць наслойвалася лірычная спавядальнасць, што адчувальнае і ў сучаснай прозе. Падобныя тэндэнцыі адбываліся ў рускай, украінскай, прыбалтыйскіх і іншых літаратурах.

Такім чынам, зыходзячы з вышэйсказанага, да лірычнай прозы Ул. Караткевіча можна аднесці яго эсэ (“Дыяментавы горад”, “І будуць людзі на зямлі”, “Песня з паўночных Афін” і інш.), нарысы (“Вiльнюс–часцiнка майго сэрца”, “Вязынка”, “Казкi Янтарнай краiны”, “Мой се градок!”, “Рша камен...” і інш.), эпісталярныя і дзённікавыя творы, а таксама апавяданне “Подыхі продкаў”, жанр якога сам Ул. Караткевіч вызначыў як “экспрэсія”.


2. Стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча

Пры аналізе твораў мы будзем карыстацца наступнай схемай:

1. Прысутнасць аўтарскага “я” ў тэксце.

2. Выкарыстанне вобразных сродкаў (стылістычныя фігуры і тропы).

3. Наяўнасць гістарызмаў, дыялектызмаў, аказіяналізмаў і спецыяльнай лексікі.

4. Асаблівасці структуры тэксту.

2.1 Эсэ

Для аналізу мы возьмем эсэ “Абраная”, “Твой зорны шлях”, “Балады камяня”.

Эсэ “Абраная” – аўтарская пераасэнсоўка асабістага жыцця. Эсэ прасякнута любоўю да “цёткі” Украіны, якая на пэўны час замяніла Ул. Караткевічу, маці Беларусь.

Аўтар паўстае перад намі праз займеннік “я” і яго склонавыя формы “мой”, “майго” і г.д., а таксама праз дзеяслоў першай асобы адзіночнага ліку ( Каб мяне занесла туды (а хацеў!) – усё гэта таксама было б наканаванне, лёс, прароцтва аб будучым, памятаю, ведаю і г.д[1].); праз займеннік “ты” і дзеясловы другой асобы цяперашняга часу адзіночнага ліку (Чытаеш цяпер кнігі, бачыш: "укладальнік такі", "прадмова такога", "пераклад з іспанскай і каментарый таго і таго", а сам успамінаеш, як жылі ў адным калідоры, па суседству, як здабывалі на хлеб, як разам спявалі, як вырашалі сусветныя праблемы, як зацята спрачаліся аб паэзіі, праўдзе, любові да радзімы і проста любові, і зноў, і зноў аб паэзіі). У тэксце адчуваецца накіраванасць на удзел чытача, яго як быццам запрашаюць да дыскусіі, гэта выражаецца праз пытальныя сказы (...А можа, і сапраўды лёс?; ...Фаталізм?). Ужыванне займенніка “наш”, “мы” дазваляе чытачам адчуць сваю прыналежнасць да сомага аўтара (бераг майго і твайго Дняпра), яго аўдыторыі, а таксама да ўсяго народа. Прычым аўтар стараецца аб’яднаць не толькі беларусаў, а і тры славянскія народы (…былі ля Дняпра. Агульнага – рускага, беларускага і ўкраінскага. Нашага).

Аўтар выражае сваё “я”, сваё стаўленне да таго, што навокал, таксама і праз клічныя сказы, звароткі (А каб вас бог любіў! І тут была Гісторыя. Ды яшчэ якая, Малюся за цябе, Укріїна).

Звяртанне аўтара да фальклору дапамагае стварыць дадатковыя вобразы, цяпер ужо нацыянальнага характару. Выкарыстанне прыказак, народных выслоўяў (Смерць і жона ад бога суджона, суджанай ды каханай і на крывых аглоблях не аб'едзеш, бач ты, меўся ўтапіцца, а трапіў на шыбеніцу, і ўсё ж яго да Мар'і вяло, а тут крутанулася жыццё–і ён з Наталяй. Лёс.) стварае ілюзію далучэння да скарбонкі народнай мудрасці.

Вобразныя сродкі аўтара адрозніваюцца разнастайнасцю. Гэта і эпітэты (яблычна-аранжавы, барвяна-індзейскія галіны, бунтарская чырвань, любоўная, п’яная асалода, сінія прывіды мора, пляміста-чорны, знявечанае, абвугленае, прастрэленае, узарванае сэрца і інш), і метафары (келіх з разліўнога мора ідэй і тэорыі, мора крыві і роспачы, карыта паміж узгоркамі, добрай цётцы маёй Украіне і інш.), і метаніміі (горад прачнуўся ад страшнага сну, ён адкрываў сваё, асэнсаванне нашага ўчора, народ прыдумаў, жылі ў адным калідоры, скажы народу, як сказаў тое Шаўчэнка і Талстой). Ул. Караткевіч выкарыстоўвае спецыфічныя ўвасабленні, то ў яго памяць “падсоўвае здарэнняў”, тыя “бяруць вас за руку і ўладна вядуць”, ручнік яго дзядулі “перажыў і дзеда і вайну”, “конная статуя кліча” і г.д.