Смекни!
smekni.com

Кандрат Крапіва (1896–1991) (стр. 2 из 5)

Празаічныя творы К. Крапіва пачаў пісаць адначасова з паэтычнымі. Прынамсі, першае апавяданне «Вясна» напісана і апублікавана яшчэ ў 1922 г., калі з'явіліся і першыя паэтычныя публікацыі. Паказальна, што першы празаічны зборнік пісьменніка «Апавяданні» і паэтычны «Асцё» выйшлі з інтэрвалам у два месяцы ў 1925 г. Прычым «лідэрам» усё ж стаў празаічны зборнік. I яшчэ адна характэрная дэталь: у ранняй прозе К. Крапіва выявіў сябе большым лірыкам, чым у ранняй паэзіі, так што многія яго апавяданні па сваіх формавыяўленчых адзнаках толькі ўмоўна могуць быць аднесены да прозы. Напрыклад, тая ж «Вясна» нагадвае лірычную міні-паэму, жывапісную замалёўку з натуры, поўную святла, іскрамётнага смеху, аптымістычнай жыццярадаснасці. Гумар у творы не проста мяккі, лагодны, ён — паэтычны. Гарачыя спрэчкі аб'яднаных у прафсаюзы гракоў, ад якіх дробнабуржуазная варона зусім абалдзела і не ведае, якую платформу ёй заняць у адносінах да суседзяў; паднябесны радыст жаваранак; пеўні-дуэлянты; дзяцячыя забавы; жаночы сімпозіум на прызбе Трахімавай хаты... I над усім — яснае, цнатліва-маладое сонца, якое нібыта маладзіца фартухом засланілася невялікай хмаркай, калі ўбачыла канфузлівы непарадак у адзенні заспанага Трахіма...

Паэзія моцным, эмацыянальна-настраёвым струменем пранізвае таксама апавяданні «Пад грукат колаў» (1926), «Падарожнае» (1926), «Ліха яго разбярэ» (1927), «Снег ідзе» (1927), «Гарэлік і яго жонка» (1928). Лірычная імпрэсія «Снег ідзе» можа лічыцца адным з самых тыповых крапівінскіх твораў малой празаічнай формы 1920-х гг.

Прысутнічае ў апавяданнях К. Крапівы і гумарыстычна-сатырычны струмень, аб чым сведчаць такія творы, як «Здаў экзамінт» (1923), «Каровін мужык» (1923), «Як ён стаў бязбожнікам» (1924), «Людзі-суседзі» (1928, дало назву аднайменнаму зборніку). Вельмі каларытныя крапівінскія людзі-суседзі! Грэшныя яны і смешныя. Часам дужа цяжка адрозніць, дзе іх віна, а дзе бяда, Менавіта таму ў аўтарскім поглядзе на іх адчуваецца часцей за ўсё спагадлівая насмешка. I не больш. Сымон Лында з апавядання «На алкагольным фронце» (1930) да капейкі прапіў ганарар, атрыманы за артыкул антыалкагольнай праблематыкі, але і паплаціўся за гэта: сабутэльнік Мішка Трапач выкруціў яму нагу — жадаючы разуцца, сп’яну паблытаў свае ногі з Сымонавымі. Пацяшаецца аўтар над няўдалымі заляцаннямі жанатага дзелавода Круковіча з апавядання «Ліха яго разбярэ» (1926) да замужняй машыністкі Анечкі. Галоўны герой апавядання «Мой сусед» (1927) не выклікае ніякіх аўтарскіх сімпатый, хоць быў ён чалавекам цалкам рэспектабельным. Працоўную дзейнасць Міхаіл Іванавіч Лукавіцын пачаў настаўнікам мясцовай гімназіі, пісаў вернападданіцкія вершы і ставіў вучням «едзініцы» за тое, што яны гаварылі «румка» замест правільнага «рюмка». У час вайны большага за яго ўра-патрыёта ў ваколіцах не было, але ад фронту ён адкруціўся. «Яму не даводзілася бачыць, як смяецца з-пад снегу зямлісты твар мёртвым аскалам зубоў, як вытыркаюць крывавым мясам куксы рук і ног, як павуцінне калючага дроту перавіваецца чалавечымі кішкамі. Яму ў напружанай цішыні акопнай ночы не даводзілася чуць жаласнага далёкага енку і звярынага скавытання смяртэльна параненага». Перамогі над супастатам ён жадаў зусім шчыра, паколькі вайна парушыла яго планы. I перш за ўсё — выгадна жаніцца, бо свабоднае каханне, вялікім (хоць і скрытным) прыхільнікам якога ён быў, прыносіла яму іншы раз непрыемныя сюрпрызы. Але што гэтыя сюрпрызы ў параўнанні з рэвалюцыяй! Прыціх Лукавіцын, затаіўся, спароў форменныя гузікі, зняў цэшку. Толькі ў час польскай акупацыі праявіў такую-сякую актыўнасць. Прынамсі, суседзі маглі прачытаць на яго дзвярах таблічку: «Міхал Цыбульскі — шчыры паляк». Здолеў ён прыстасавацца і пры Саветах. Замест тужуркі з гузікамі і шапкі з цэшкаю на ім з'явілася скураная куртка і кепка. З пачаткам беларусізацыі ён — цяпер ужо Міхась Цыбулевіч — стаў не проста шчырым, а выдатным беларусам. Усе свае ранейшыя вершы перарабіў на пралетарска-рэвалюцыйна-беларускі лад і падаў заяву, каб яго залічылі ў пісьменніцкую арганізацыю. Аўтару яўна недаспадобы прыстасавальніцкая мімікрыя героя: можна пераніцаваць вопратку цялесную, а не светапогляд — вопратку душэўную. Але часы мяняюцца. З пачатку 90-х гадоў людзі тыпу Лукавіцына — Цыбульскага-Цыбулевіча пачалі настойлівую самарэабілітацыю пад лозунгам: «Перакананняў не мяняюць толькі мёртвыя». Наколькі паспяхова акажацца гэтая справа, рахаваць можна будзе пазней, а пакуль што варта канстатаваць непераходную актуальнасць твораў К. Крапівы.

У 1930-я гады з’явіліся такія апавяданні К. Крапівы, як «Каб кнігам ды ногі!» (1933), «Пачатак шчасця» (1935), «З новым шчасцем» (1935), «Дзяніс Сырамаха» (1936), «Каб весела было» (1936), «Жывыя і мёртвыя» (1936).

Несумненным «лідэрам» празаічнага майстэрства К. Крапівы 30-х гадоў з'яўляецца раман «Мядзведзічы». Друкаваўся раман у часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932—1933). У канцы 1932 г. выйшаў асобным выданнем з паметкай «Кніга першая». Пісьменнік надаваў вялікае значэнне працы над гэтым творам, пра што ў артыкуле «Слова да малодшых» гаварыў наступнае: «Па лініі творчасці я працую цяпер над раманам «Мядзведзічы». Першая кніга гэтага рамана ўжо выйшла з друку. Яна ахапляе аднаўленчы перыяд, які супадае з першым перыядам маёй творчасці, і хоць часткова папаўняе прабел у адлюстраванні мною класавага змагання на вёсцы. Другая кніга будзе прысвечана арганізацыйнаму і гаспадарчаму ўмацаванню калгасаў. Матэрыял для гэтага ў мяне ёсць даволі багаты. Увесь клопат у тым, каб правільна адлюстраваць гэты найважнейшы момант у рэканструкцыі сельскай гаспадаркі, і разам з тым, каб твор выйшаў цікавы падзеямі і багаты яскравымі вобразамі». Час падказаў, што аўтару не давялося да канца спраўдзіць сваю несумненна цікавую і плённую задуму, сам ён у пазнейшыя гады вельмі неахвотна гаварыў пра рэальныя прычыны згортвання амаль цалкам перапрацаванага праекта другой часткі кнігі, аднак ніколі не пярэчыў, калі выказвалася меркаванне, што асноўнай прычынай гэтага стала ўзмацненне жорсткасці — аж да рэпрэсій — палітычнага клімату ў краіне. Трэба было выжываць, таму першая кніга рамана «Мядзведзічы» стала і кнігай апошняй. У рамане «Мядзведзічы» К. Крапіва паказаў сябе выдатным майстрам псіхалагічнай характарыстыкі вобразаў герояў, якая спалучалася з іх дакладнай партрэтнай абмалёўкай. Ніводнага безаблічнага персанажа ў творы няма, усе яны, не выключаючы і эпізадычных, маюць індывідуальны і жыццёва пераканальны, сацыяльна акрэслены воблік, для кожнага з іх вызначана пэўнае месца ў складаных повязях сюжэта, у выяўленні аўтарскай канцэпцыі жыцця. Стройнасці кампазіцыі буйных празаічных твораў садзейнічае — і не толькі ўскосна — наяўнасць галоўнага героя. Такога персанажа ў рамане «Мядзведзічы» няма, тым не менш ён вызначаецца несумненнай зладжанасцю, якая дасягаецца ўмелым нітаваннем асобных сюжэтных эпізодаў накшталт гарманізацыі пэўных матываў у цэласную сімфанічную партытуру. «Стыкі», вядома, відаць, але яны, як гэта ні парадаксальна, толькі падкрэсліваюць гэтую цэласнасць. У раман амаль цалкам і без асаблівых змен увайшло некалькі апавяданняў, якія друкаваліся ў зборніках «Апавяданні» і «Людзі-суседзі». I ўсё ж яго структуру назваць навелістычнай было б памылкай. Ствараючы калектыўны вобраз беларускага сялянства пярэдадня калектывізацыі, пісьменнік карыстаўся тэхнікай мастака-мазаічніка, калі паасобныя смальцінкі-элементы (хай сабе і вельмі яркія) важныя не самі па сабе, а ў агульнай кампазіцыі, у цэласнай карціне. К. Крапіва не быў першаадкрывальнікам сялянскай тэматыкі ў беларускай літаратуры, заснавальнікам яе «вясковай» прозы. Разам з тым не варта і прымяншаць яго ўклад у выпрацоўку мастацка-творчых традыцый адлюстравання сельскай рэчаіснасці. Не выпадкова ж незавершаныя «Мядзведзічы» падштурхнулі І. Мележа да напісання славутай «Палескай хронікі» (1962—1978), М. Лобана — да стварэнне трылогіі «Шэметы» (1964—1981). Адной з асноўных адметнасцей творчай манеры К. Крапівы з'яўляецца размаітасць, поліфанізм паказу жыцця. Раман «Мядзведзічы» проста ўражвае багаццем фактычнага матэрыялу. Гуманістычны пафас, мужная праўдзівасць адлюстравання рэалій жыцця, майстэрства псіхалагічнай характарыстыкі вобразаў герояў, багацце моўна-выяўленчых сродкаў — гэтыя і некаторыя іншыя мастацкія якасці забяспечылі раману «Мядзведзічы» прыкметнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры.

Прыход К. Крапівы ў драматургію даследчыкі яго творчасці атэстуюць як з'яву абсалютна заканамерную (мастацкая эвалюцыя пісьменніка вяла менавіта да гэтага), хоць сам пісьменнік не выключае фактар пэўнай выпадковасці (запрашэнне да супрацоўніцтва з БДТ-І дзеля перакладу для гэтага тэатра на беларускую мову п'есу Д. Фанфізіна «Недоросль»). Блізкае знаёмства з працай флагмана беларускага тэатральнага мастацтва пераканала К. Крапіву, што ў рэпертуары тэатраў бракуе п'ес маральна-этычнага зместу, таму ў першым сваім драматургічным творы «Канец дружбы» (1932), адзначаным, дарэчы, другой прэміяй на ўсебеларускім конкурсе 1933 г., асноўную ўвагу ўдзяліў як паказу пэўных сацыяльна значных падзей, так і мастацкаму даследаванню дыялектычна супярэчлівых стасункаў паміж пачуццём грамадскага абавязку і асабістымі амбіцыямі і прыхільнасцямі. Пісьменнік увесь час падкрэсліваў, што сэнсавым ядром усіх яго п'ес, пачынаючы з самай першай, былі менавіта такія калізіі, і злёгку крыўдаваў на даследчыкаў яго творчасці, што яны не заўсёды заўважаюць гэту акалічнасць. «Канец дружбы» — адзін з самых загадкавых твораў К. Крапівы. Яму, як нікому іншаму, пашанцавала на самыя розныя, часам узаемавыключальныя, трактоўкі і ацэнкі. Асноўныя ж разыходжанні адбываліся пры вызначэнні ступені віны Карнейчыка і Лютынскага за пагібель дружбы. У гарачцы спрэчак многія даследчыкі не заўважалі, што п'еса ўсё ж не пра канец дружбы, што гісторыя ідэйнага разрыву двух сяброў — толькі сэнсавае ядро твора, а звышзадача аўтарскай задумы — паказаць трагічныя перыпетыі сацыяльна-палітычнага жыцця Беларусі пачатку 30-х гадоў. У пэўным сэнсе «Канец дружбы» можна разглядаць як другую частку рамана «Мядзведзічы». Тэма дружбы паслужыла прызмай, павелічальным шклом, праз якое ён больш ярка і пераканаўча паказаў праявы тагачаснай рэчаіснасці. Драматургічны першынец К. Крапівы крытыка ўспрыняла творам наватарскім. I гэта справядліва, хоць кампазіцыйна-сюжэтная будова яго ніякай арыгінальнасцю не вызначалася: прыкладна такую структурную мадэль выкарыстоўвалі Е. Міровіч у драме «Перамога» (1926), У. Галубок у драме «Белая зброя» (1933) і некаторыя іншыя пісьменнікі. «У галіне драматургіі, — пісаў сын У. Галубка, малады мастацтвазнаўца Э. Галубок, — К. Крапіва працуе нязначны час, і таму адсутнічае ў яго ў поўнай меры ўменне будаваць п'есу, як архітэктурную кампазіцыю, мае месца і схематызм, неразгорнутасць некаторых вобразаў, але ўсе гэтыя адмоўныя рысы вычэрпваюцца высокай культурай сюжэта, які амаль упершыню ў рэвалюцыйным плане распрацоўваецца ў беларускай савецкай драматургіі». Праблема сюжэта, заснаванага на асэнсаванні рэвалюцыйных падзей або героіка-рэвалюцыйных здзяйсненняў, і сапраўды ў беларускай драматургіі стаяла даволі востра. А заключалася яна ў тым, што п'есы гэтай тэматыкі найчасцей набывалі жанравыя адзнакі, далёкія ад драматургічных. Са сцэны гучала дыялагічная проза — і з гэтым можна было яшчэ мірыцца, — але ж дэфектыўнасць формы негатыўна адбівалася на змесце. Схематызм, агульшчына, павярхоўнасць — гэтыя заганныя праявы творчасці можна было пераадолець шляхам рэзкай змены ракурсаў асвятлення, каб у структуры сюжэта цэнтральнае месца заняло волевыяўленне душы героя. К. Крапіва не стаў рэзка ламаць традыцыю: падзейнаму антуражу, канкрэтыцы побыту персанажаў у п'есе «Канец дружбы» аддадзена належная ўвага. Прасвятляецца абумоўленасць псіхалагічных рэакцый герояў, логіка іх паводзін. Аўтару ўдалося напісаць такі твор, які, з аднаго боку, уздымаецца над прыземленым бытавізмам, а з другога — добра даносіць дыханне эпохі, асаблівасці ідэйна-палітычнай атмасферы часу, аб'ектыўныя ўмовы нараджэння новых узаемаадносін паміж людзьмі. Усе гэтыя працэсы К. Крапіва стараўся адлюстраваць праўдзіва, без падладжвання пад ідэалагічную кан'юнктуру, таму «Канец дружбы» застаецца ў беларускай драматургіі яркім мастацкім дакументам, у якім з бязлітаснай шчырасцю прыводзяцца сведчанні аб раскручванні махавіка рэпрэсій 30-х гадоў.