Смекни!
smekni.com

Літаратура ваеннага i пасляваеннага перыяду (стр. 2 из 5)

Напісаныя на легендарнай аснове апавяданні і навелы, што пабачылі свет у зборніках К. Чорнага "Вялікае сэрца" (1945) і М. Лынькова "Астап" (1944), дасюль захоўваюць сваю мастацкую значнасць.

Запамінальныя характары ў апавяданнях "Маленькая жанчына" (1942), "Бацька" (1942), "Аксёніны сляды" (1942), "Прасторны дом" (1944), "Вялікае сэрца" (1944), "Заўтрашні дзень" (1944) разгортвае К. Чорны. Сумленна, дзень за днём выконваў спаконныя сялянскія абавязкі, назіраючы штовечар, як сонца прысядзе на магутны, яшчэ дзедавай рукой пасаджаны дуб, сціплы, маўклівы Пархвен Катлубовіч ("Вялікае сэрца"). Жыў ён у трывалай згодзе са светам, шчаслівы той неўсведамляемай гармоніяй існавання, якая ўласцівая толькі шчырым працаўнікам, што адчуваюць сябе адзінай кропляй плыні жыцця. Калі ж стала бурыцца гэтае "важнае і патрэбнае", нібы прачнуўся ў Пархвена новы чалавек. Ляціць пад адхон нямецкі эшалон, бо Пархвен разабраў рэйкі на чыгунцы. Ён ратуе жыхароў мястэчка ад фашысцкай расправы, узяўшы на сябе віну за забойства нямецкага афіцэра Пфайфеля. Смеласць, мужнасць, самаахвярнасць — гэтыя якасці "звычайных" людзей сталі звыклаю з'яваю ў гады вайны.

Аб тым, як праз жыццёвы шлях аднаго чалавека ў лёсаносныя для краіны часы можа выявіцца сутнасць гераічнага ў нацыянальным характары, яскрава сведчыць вобраз Астапа з аднайменнага апавядання (1943) М. Лынькова. Сусанінскі сюжэт набываў скразны парадак, паўтараючыся ў сярэдзіне XX ст. З'яўляючыся лірыкам і рамантыкам у прозе, М. Лынькоў у значнай ступені захаваў рамантычную прызму бачання і ў ваенную пару, што знаходзіла выяўленне ў рэзкай кантрастнасці характараў, аднабаковасці ў абмалёўцы ворага, рамантычнай умоўнасці многіх сітуацый. Такая манера пісьма ў значнай ступені адпавядала запатрабаванням часу і ім жа дыктавалася. Парушаліся адвечныя законы жыцця — гінулі дзеці. Пра гэта можна было, анямеўшы, у жалобе маўчаць або шукаць і знаходзіць словы, якія б сведчылі, даносілі боль і адначасова не адымалі надзею ў перамогу над злом. Адно з лепшых апавяданняў М. Лынькова "Васількі" (1942) пры выключнай трагічнасці сюжэта не пакідае па сабе спапеленасці, пачуцця безвыходнасці. Гістарычны, сацыяльны, нацыянальны змест выяўляўся якраз найбольш поўна ў прозе ваеннай пары праз вобразы простых, звычайных людзей. У творах М. Лынькова гэта маладая жанчына, якая свядома гіне, падрываючы нямецкі эшалон на мосце праз раку ("Ірына" (1942)), малады хлапец Алёшка, які падрывае камендатуру ("Салют" (1942)).

Не ўсім празаікам удавалася сапраўды па мастацкі перадаць складаныя ваенныя рэаліі. Так, у апавяданнях Я. Коласа "Партызан Купрэй", "Санітарка Таня", "У разведцы", а таксама ў шэрагу твораў I. Гурскага, А. Стаховіча, А. Якімовіча, як слушна заўважае А.А. Майсейчык, паслаблена ўнутраная канфліктнасць, а сюжэтная напружанасць падмяняецца прыгодніцкай займальнасцю, што тлумачьщца недастатковым веданнем пісьменнікамі рэчаіснасці ваеннага часу.

Вядома, нават у самую суровую, неспрыяльную пару адбывалася сталенне творчых індывідуальнасцей: у 1943 г. у армейскай газеце "Часовой Севера" было змешчана апавяданне I. Шамякіна "У снежнай пустыні", напрыканцы вайны ім жа напісана аповесць "Помста".

К. Чорны як вопытны таленавіты мастак слова прыхільна адазваўся аб першым апавяданні І. Мележа "Сустрэча" (1942), напісаным ім у тбіліскім шпіталі.

Менавіта К. Чорнаму належыць першае ў беларускай літаратуры раманнае, эпічнае асэнсаванне падзей Айчыннай вайны: раманы "Вялікі дзень" (1941—1944), "Пошукі будучыні" (1943), "Млечны шлях" (1944) і аповесць "Скіп'ёўскі лес" (1941—1944). Эпічнаму голасу К. Чорнага ўласцівы свой адметны, менавіта агульначалавечы тэмбр з багаццем інтанацый, якія вылучаюць яго сярод іншых творчых індывідуальнасцей. К. Чорны стварае ў сваіх сацыяльна-філасофскіх раманах абагульнены вобраз беларускага народа, якому пагражала татальнае знішчэнне, прадугледжанае ў планах Гітлера. Сваім чуйным сэрцам пісьменнік востра адчувау небяспеку фашызму не толькі для суайчыннікаў, але і ўвогуле для чалавецтва.

У час вайны былі напісаны, але апублікаванны пазней, такія творы, як аповесць "Шумяць лясы" А. Стаховіча, аповесць "Пульс жыцця" (Запіскі тэлеграфіста)" X. Шынклера, раманы "Таварыш" і "Насуперак лёсу" Р. Мурашкі. Праблематыка іх як уласна ваенная, так выходзячая за межы ваеннага часу ("Таварыш" Р. Мурашкі).

Беларускую драматургію перыяду вайны, як слушна адзначае М.М. Барсток, належыць разглядаць у сувязі з жыццём і працай тэатраў, якія былі эвакуіраваны ў Арэхава-Зуева, Каўроў, Іванава, Томск, Уральск, дзе ставілі свае нацыянальныя п'есы: "Паўлінку" Я. Купалы, "Несцерку" В. Вольскага, а таксама — "Фронт" А. Карнейчука, "Рускія людзі" К. Сіманава, "Нашэсце" Л. Ляонава. Драматычных твораў у час вайны было напісана мала. Сярод іх асаблівае месца займае п'еса К. Крапівы "Проба агнём", змест якой вызначаюць маральна-этычныя праблемы. Асабістыя ўзаемаадносіны маёра Караневіча, яго жонкі Наталлі і лейтэнанта Перагуда драматург напоўніў вялікім грамадзянскім зместам. У драматургіі, як і ў іншых жанрах, назіраецца зварот да каштоўнасцей мінулага: опернае лібрэта "Кастусь Каліноўскі" і драматычную паэму "Адплата" стварае М. Клімковіч. Арыгінальныя лібрэта ў акупаваным Мінску для опер "Лясное возера", "Усяслаў Чарадзей" і "З выраю" піша Н. Арсеннева. Тэма партызанскай барацьбы ўперамешку з паказам антыфашысцкага падполля раскрывалася ў поўнафарматных п'есах "Палешукі" і "Таварыш Андрэй" (у цэнтры гэтага твора — вобраз К. Заслонава) Я. Рамановіча, "Заложнікі" (п'еса распрацоўвае матыў, звязаны з захопам у заложнікі сям'і вядомага партызана М. Шмырова) А. Кучара, а таксама ў малафарматных п'есах "Валодзеў гальштук" К. Крапівы, "Сігнал" У. Няфёда. Гэтыя творы, аднак, не ўяўлялі сабой прыкметнай эстэтычнай з'явы. Відавочна, што ваенная пара не садзейнічала развіццю такога складанага сінтэтычнага жанру, як драматургія.


2. Паэзія першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (1945-1955)

Цэнтральнымі тэмамі ў паэзіі першага пасляваеннага дзесяцігоддзя, як і ва ўсёй тагачаснай беларускай літаратуры, былі дзве: ваеннай і аднаўленчая.

Пасля зведанага людзьмі памежнага падзення цаны жыцця ў гады ваеннага ліхалецця вяртанне доўгачаканага міру, гэтае ваганне шаляў лёсу ад смерці ў быццё перажывалася людзьмі з дзівосным пачуццём першага дня тварэння. Невыказныя станы паяднання вялікіх людскіх мас у радасці выхаду з ваеннай навальніцы ў мірны дзень найбольш моцна і таленавіта адлюстраваліся ў вершах К. Кірэенкі ("На радзіме"), П. Панчанкі ("Першая цішыня"), М. Лужаніна ("Скончыўшы паход") і некат. інш. Разам з тым радасць сканчэння вайны азмрочвалася страшэннымі разбурэннямі на радзіме і велізарнымі чалавечымі стратамі. Гэта адбілася ў такіх вершах, як "Франтавік" П. Панчанкі, "Зварот" П. Глебкі, "...Сумна пахне палын" А. Вялюгіна і цэлым шэрагу іншых твораў.

Узорам патрыятычнай лірыкі да гэтай пары застаюцца вершы паэтаў, якіх лёс закінуў на чужыну ў пасляваенныя гады. Замежны цыкл М. Калачынскага, вайсковыя і пасляваенныя шляхі якога пралеглі праз Балканы, прыдунайскія краіны, Аўстрыю, Германію, і сёння ўспрымаецца як найбольш яркая старонка жыццёвай кнігі паэта. У патрыятычнай тэме сапраўдны росквіт перажывае талент М. Лужаніна, пачатковыя паэтычныя спробы якога адносяцца яшчэ да маладнякоўскай пары. Вершы германскага перыяду 1945—1946 гадоў ("Васілёк", "Дзве вясны", "Драч" і інш.) у праніклівых супастаўленнях свайго і чужога, бо "пяць еўрапейскіх сталіц бачыў занёманскі хлопец", у непаўторнай танальнасці часу даносяць нясцерпную настальгію спакутаванага салдацкага сэрца па айчыне.

Беларуская паэзія чуйна жыла ўзвышанымі пасляваеннымі парываннямі хлебароба, зведаўшы на нейкі час сапраўднае абнаўленне ў традыцыйна вызначальнай для яе вясковай тэме нават ва ўмовах заблытаных вытворчых адносін калектыўнага гаспадарання. Творам, які спалучаў вайну і мірны аднаўленчы будзень, крытыка справядліва называла паэму П. Броўкі "Ясны кут" (1944). Напісаны адразу пасля вызвалення Беларусі, твор у высокім эпічным гучанні ўзнаўляе вобраз краіны-паланянкі са спаленымі селішчамі і скалечанымі лёсамі людзей, ступіўшых з ваеннага ліхалецця ў найцяжэйшую пасляваенную рэальнасць. Пазней у паэме "Хлеб" (1946) П. Броўка выкажа абвостранае галоднымі ваеннымі гадамі, чатырохгадовай адарванасцю ад працы тое рэальнае абуджэнне цягі да зямлі, якое з даваеннай пары аказалася аслабленым у хлебароба, абязлічаным калектыўным землекарыстаннем. У творы, увасобіўшым лепшыя нацыянальныя традыцыі ў асваенні вясковага жыцця, паўстае бясконца дарагі свет працоўных спадзяванняў учарашняга салдата, а сёння сейбіта.

З маладых галасоў былых франтавікоў сваёй агульначалавечай танальнасцю вылучалася паэзія К. Кірэенкі. Уладар паэтавых думак — незабыўныя з маленства краявіды роднага Прысожжа. Паэзія К. Кірэенкі заварожвае танчэйшым імпрэсіянізмам патаемных змен прыродных явішчаў. Лепшыя яго прыродаапісальныя медытацыі "Асенняе рэха" (1945), "Ранак" (1947), "Раніца на Свіцязі" (1948), "Грукні ў акно, вясна" (1948), "Балада пра тэлефон" (1951), "Летняя ноч" (1953) — гэта, па сутнасці, мазаічна складзены чароўны тэатр праходжання пор года, працякання сутак, трыванне дрэў і траў, сціханне прытомленых палёў, долаў і вод на схіле дня...

Пакаленне, на якое лёг увесь цяжар утапічнага сацыяльнага эксперымента, усё ж да канца не згубіла агульначалавечых арыентацый, адчування таямніцы жыццёвых феноменаў. У паэмах П. Панчанкі "Маладосць у паходзе" (1945), А. Куляшова "Новае рэчышча" (1948) і "Толькі ўперад" (1950), М. Лужаніна "Зварот маладосці" (1944, 1957) пад бадзёрысты "Марш энтузіястаў" б'ецца гарачая споведзь пакалення, што ў несупынным ахвярным паходзе дзеля ідэалаў недасяжнай будучыні, "пад вогненным небасхілам" войнаў умела радавацца жыццю, берагчы сяброўскую вернасць і боскую таямніцу кахання, цаніць высакароднае, святое ў чалавеку.