Смекни!
smekni.com

Гісторыка-мемуарная літаратура (стр. 3 из 3)

Успаміны аб часе, праведзеным у Расіі, у прыватнасці ў Маскве, - адно з яркіх месц гэтага "Дыярыуша". Аўтар добрасумленна аналізуе складаную ваенна-палітычную сітуацыю ў Расіі, тлумачыць дзеянні розных баярскіх груповак, іх узаемаадносіны паміж сабой і каралеўскім войскам Рэчы Паспалітай. Яму даводзілася раней бываць у такіх вялікіх гарадах, як Рыга, Вільня, Варшава, Львоў і Кракаў, але ні адзін з гэтых гарадоў не здзівіў яго прыгажосцю свайго архітэктурнага аблічча так, як Масква, якая, паводле яго слоў, сапраўды чымсьці нагадвала "трэці Рым". Працяглае знаходжанне ў Маскве, частае наведванне баяр у якасці ганаровага госця або сябра дало Маскевічу магчымасць пазнаёміцца з іх бытам і звычаямі. Асабліва здзіўлялі мемуарыста адсутнасць у рускіх баяр еўрапейскай адукацыі, іх адносіны да жанчын, музыкі і танцаў, характар баярскіх забаў, прыём гасцей і многае іншае, што затым дало яму магчымасць намаляваць яркую карціну Масквы таго часу.

Значнае месца ў "Дыярыушы" Маскевіч удзяліў паказу некаторых рыс жыцця рускага сялянства і яго адносін да інтэрвентаў. Справядліва падкрэсліваў, што выдаткі вайны рабілі жорсткім просты народ і прымушалі яго ўключацца ў барацьбу. Народная помста ў паказе Маскевіча хоць і страшная, але заканамерная як рэакцыя ў адказ на зло, якое прычынялася народу.

Падрабязна апісваючы ўсё ўбачанае і перажытае, Маскевіч адкрыта выказваў свае сімпатыі і антыпатыі, ён гневаўся і захапляўся, здзіўляўся і абураўся, выдаваў кожнаму па яго заслугах. Пры гэтым не шкадаваў ні дзяржаўных мужоў, ні сяброў, ні прыяцеляў, ні нават родзічаў. Крытычным ён быў і ў адносінах да сябе.

У "Дыярыушы" ва ўсёй паўнаце паўстае яркі вобраз самога мемуарыста. Гэта небагаты шляхціц, які яшчэ ў маладыя гады паступіў на ваенную службу ў надзеі выбіцца ў людзі і забяспечыць свой матэрыяльны дабрабыт. Праслужыўшы каля дваццаці гадоў і аб'ездзіўшы Прыбалтыку, Расію і Украіну, ён звольніўся ў чыне палкоўніка. Нягледзячы на сваю сціплую адукацыю, Маскевіч быў інтэлігентным чалавекам. Ён умеў прыстасоўвацца да розных умоў. Адвага і разважлівасць, вясёлы нораў і сяброўскія адносіны да іншых, уменне быць галантным і цікавым кампаньёнам здабылі яму павагу не толькі сярод шляхты, але нават і арыстакратыі. Як чалавек свецкага ладу жыцця С. Маскевіч быў індыферэнтным да рэлігіі. Абмежаваны вузкасаслоўнымі, каставымі ўяўленнямі засцянковай шляхты, ён клапаціўся толькі аб сваім матэрыяльным дабрабыце, а вырашэнне пытанняў вялікай палітыкі пакідаў магнатам.

Цікавым помнікам, які адлюстраваў падзеі нацыянальна-вызваленчай вайны пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, з'яўляецца "Дыярыуш" сына Самуіла Маскевіча - Багуслава Маскевіча, непасрэднага ўдзельніка карных экспедыцый спачатку ў войску Іераміі Вішнявецкага на Украіне, а потым у войску Януша Радзівіла ў Беларусі. Гэты "Дыярыуш" пачынаецца з кароткіх аўтабіяграфічных запісаў за 1643 г. і абрываецца апісаннем падзей 1649 г. Значнае месца ў творы адводзіцца апісанню падзей, якія папярэднічалі паўстанню Багдана Хмяльніцкага, паказу жыцця магнацкага двара Іераміі Вішнявецкага і інш. Усё гэта служыць толькі пралогам да той асноўнай часткі "Дыярыуша", якая прысвечана апісанню пачатку і ходу нацыянальна-вызваленчай вайны. Трэба падкрэсліць, што Багуслаў Маскевіч, як і яго бацька Самуіл Маскевіч, праявіў не толькі ўменне назіраць, але і дакладна, а часта і вобразна перадаваць убачанае, пачутае і перажытае. Сведчаннем таго служыць у "Дыярыушы" апісанне Запарожскай Сечы, украінскага стэпу, разгрому Хмяльніцкім польскага войска пад камандаваннем Мікалая Патоцкага і Марціна Каліноўскага, падаўлення паўстання ў Мазыры і г. д. У яго "Дыярыушы" ёсць нямала добра выпісаных батальных сцэн, партрэтных і пейзажных замалёвак, тонкіх назіранняў, праўдзіва апісаных падзей і паводзін людзей ва ўмовах вайны, іх узаемаадносін. Аўтар паказвае вайну з усёю яе жорсткасцю, разарэннямі і незлічонымі ахвярамі. Асабліва ярка і праўдзіва паказаны карціны злачынстваў, учыненых у Мазыры, Бабруйску і пад Рэчыцай. Аднак палітычныя сімпатыі Б. Маскевіча на баку шляхецкай Рэчы Паспалітай, а не паўстаўшага народа, які, на думку мемуарыста, падрываў адзінства гэтай дзяржавы.

Разнастайныя падзеі грамадска-палітычнага і ваеннага характару, розныя бакі жыцця дробнай і буйной шляхты Беларусі XVII і XVIII ст. знайшлі адлюстраванне і ў шэрагу іншых, часам менш значных у літаратурных адносінах творах гісторыка-мемуарнай прозы, у якой асвятляліся, напрыклад, перыяды казацкіх паўстанняў, руска-польскай вайны 1654-1667 гг., дзяржаўна-палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай пазнейшага часу. З гэтага пункту погляду ўяўляюць цікавасць "Дыярыушы" сямейства Абуховічаў і іншых прадстаўнікоў мясцовай служылай шляхты рознага рангу, у якіх ярка адлюстраваліся іх класавыя пазіцыі. Так, у прыватнасці, у "Дыярыушы" Піліпа Казіміра Абуховіча, які ахоплівае падзеі грамадска-палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай за перыяд ад 1630 да 1654 г., досыць выразна відаць пазіцыя мемуарыста, буйнога акаталічанага феадала, заклапочанага ўнутраным неспакоем, выкліканым ростам і ўзмацненнем нацыянальна-вызваленчага руху, ініцыятыва якога зыходзіла ад патрыятычна настроеных запарожскіх казакоў. Для яго, як і для іншых прадстаўнікоў яго класа, надзеленых правам голасу і пэўным матэрыяльным дастаткам, выступленне казакоў і простага люду за свае жыццёвыя і рэлігійна-культурныя інтарэсы было варожым, а таму класіфікавалася не інакш як занадта небяспечнае свавольства, супраць якога, на думку Абуховіча, трэба змагацца самымі рашучымі мерамі, як гэта і было зроблена пры падаўленні ў 1635 г. паўстання Сулімы. Як заўзяты католік Абуховіч не лічыўся з рэлігійнымі інтарэсамі кальвіністаў і таму вітаў самы жорсткі разгром іх абшчыны ў 1640 г. у Вільні. Рашуча асуджаў Абуховіч і паўстанне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, называючы яго "сялянскім самаўпраўствам", якое памнажалася кожны дзень і прыносіла неймаверную шкоду шляхецкай Рэчы Паспалітай (рабаванні, папялішчы), прычым усё гэта рабілася ў саюзе з варожымі ёй шматлікімі татарскімі ордамі, што шукалі тут для сябе лёгкай нажывы.

Вялікую гісторыка-пазнавальную цікавасць мае "Дыярыуш" беларускага шляхціца Адама Каменскага-Длужыка, які трапіў у канцы 1657 г. у рускі палон і вымераў крокамі Расію ад Масквы і да ўсходняга Прымор'я. У сваіх успамінах, напісаных у форме дарожных нататкаў, ён праяўляе тонкую назіральнасць, цвярозы погляд на жыццё, аб якім расказвае ярка, а месцамі і з гумарам. На доўгім шляху нявольніка ў далёкі Якуцк, а адтуль у Запаляр'е і Прымор'е ў якасці зборшчыка ясаку Адам Каменскі-Длужык цікавіўся літаральна ўсім: адлегласцю паміж гарадамі і населенымі пунктамі, іх эканамічным становішчам і геаграфічным размяшчэннем, флорай і фаунай, жыццём, бытам і норавамі мясцовых жыхароў і г. д. Ён сімпатызуе абарыгенам, нягледзячы на іх язычніцкі лад жыцця і нізкі культурны ўзровень. Асабліва добра гаворыць аб прыангарскіх тунгусах: падкрэслівае іх гасціннасць, смеласць і вынослівасць, спрытнасць і вынаходлівасць. Усё гэта робіць "Дыярыуш" А. Каменскага-Длужыка каштоўным помнікам мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст., у якім упершыню пытанні геаграфіі і этнаграфіі Сібіры і Далёкага Усходу знайшлі сваё яркае адлюстраванне.

Пэўнае гісторыка-літаратурнае значэнне мае і сямейная хроніка Яна Цадроўскага, які ў 1637 г. у свіце Багуслава Радзівіла наведаў Галандыю, Францыю і Англію, а потым у 1641 г. зрабіў паўторную, поўную няўдалых прыгод паездку ў Галандыю. Даволі ярка ў гэтым творы пададзена карціна страшэннага голаду, які абрушыўся на Піншчыну ў 1656 г., і апавяданне аб тым, як інертны ў палітычных адносінах Цадроўскі быў уцягнуты ў шляхецкую змову ў Мінску супраць рускага войска. Але асабліва каларытна і па-мастацку праўдзіва апісана ім карціна пагрому езуітамі пратэстанцкай абшчыны ў Вільні ў 1682 г. Гранічна выразная, яна ўзрушае сваім трагізмам і тым вандалізмам, які праявілі тады езуіты ў адносінах да пратэстантаў.

пісьменніцтва літаратура гістарычная мемуарная

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Мысліцелі і асветнікі Беларусі (X-XIX стагоддзі): Энцыклапедычны даведнік - Мн., 1995.

2. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд / Пад рэд. М.А. Лазарука і А.А. Семяновіча - Мн., 1985; 4-е выд., 1998.

3. Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры: У 2 т. Т.1: З старажытных часоў да канца XVIII ст. - Мн., 1968.

4. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ-ХІХ стагоддзяў: У 2 т. Т.1. Даўняя літаратура: ХІ - першая палова ХVІІІ стагоддзя - Мн., 2006.