Смекни!
smekni.com

Максім Іванавіч Гарэцкі (стр. 1 из 5)

(1893–1938)

Максім Іванавіч Гарэцкі належыць да ліку выдатных дзеячаў беларускай культуры. Яго творчасць уяўляе змястоўную і яскравую старонку ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства.

М. Гарэцкі – асоба надзвычай шырокага творчага дыяпазону – таленавіты мастак слова, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, нястомны змагар за нацыянальнае адраджэнне, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці.

М. Гарэцкі – гэта гонар і сумленне беларускай нацыі, яе духоўны настаўнік, які ўнёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Нарадзіўся Максім Гарэцкі 6 (18) лютага 1893 г. у в. Меншая (цяпер Малая) Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні ў сям'і малазямельных сялян Івана Кузьміча і Аўфрасінні Міхайлаўны Гарэцкіх.

У 1901 г. бацькі аддалі яго ў школу граматы ў Вялікую (цяпер Большая) Багацькаўку, затым ён вучыўся ў Вольшынскай царкоўна-прыходскай двухкласнай школе (1903–1905), у настаўніцкіх класах у Вольшы (1905–1908). У 1909 г. прыняты ў Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча на казённы кошт.

Літаратурным дэбютам Гарэцкага стала апавяданне «У лазні» (1912), апублікаванае ў 1913 г. на старонках «Нашай Нівы» пад псеўданімам Максім Беларус. Неўзабаве адно за другім пачалі з'яўляцца новыя апавяданні («Стогны душы», «Роднае карэнне», «У панскім лесе», «Красаваў язмін», усе – 1913), большасць якіх увайшла ў зборнік «Рунь» (1914). Гэты зборнік стаў значнай падзеяй літаратурнага жыцця Беларусі. Ён маніфеставаў з'яўленне пісьменніка буйнога таленту, яскрава акрэсленай творчай індывідуальнасці. Працэс фарміравання творчай індывідуальнасці М. Гарэцкага на пачатковым этапе адбываўся вельмі інтэнсіўна.

Першымі апавяданнямі («У лазні», «Патаёмнае» (1913) і інш.) малады пісьменнік прыкметна рассунуў тэматычныя і жанрава-стылявыя межы беларускай прозы, трывала замацаваўшы ў ёй тып сюжэтна разгорнутага сацыяльна-псіхалагічнага апавядання. Бясспрэчнай заслугай М. Гарэцкага з'яўляецца і тое, што ён увёў у нацыянальную прозу новага героя – вясковага інтэлігента, які ўсведамляе сваю адказнасць за лёс народа і будучыню роднага краю. Духоўнае аблічча і жыццёвую пазіцыю такога героя найбольш выразна выяўляюць вобразы навучэнцаў каморніцкага вучылішча Кліма Шамоўскага («У лазні»), Кастуся Зарэмбы («У чым яго крыўда?», 1914), студэнта-медыка Архіпа Лінкевіча («Роднае карэнне»), юнака-адраджэнца Уладзіміра З., які вымушаны быў з'ехаць у чужы край, каб «долю каваць» («Рунь», 1914).

У пераважнай большасці апавяданні ранняй пары напісаны з пазіцый асветніцкага рэалізму. Канфлікт у гэтых творах найчасцей будуецца на сутыкненні юнака-рамантыка з вясковым асяроддзем, дзе пануе цемната, забабоннасць, абыякавае стаўленне працоўнага хлебароба да ўласнага лёсу. Нават родныя бацькі не разумеюць высакародных памкненняў Кліма Шамоўскага і Кастуся Зарэмбы. Бацькі схільныя глядзець на Кліма як на «пана». I Кастусь ва ўяўленні вяскоўцаў таксама «кандыдат у немалыя паны» (Гарэцкі М. Зб. тв.: У 4 т. Т. 1. Мн., 1984–1986. С. 119. Далей спасылкі на гэтае выданне прыводзяцца ў тэксце. У дужках абазначаны том і старонка.). М. Гарэцкі ўзняўся над спрошчанай трактоўкай вобраза інтэлігента, якога беспадстаўна крыўдзіць, не разумее цёмная, адсталая вёска: герой яго апавяданняў – і ў гэтым бясспрэчнае наватарства пісьменніка – пачынае ўсведамляць дваістасць уласнага становішча адначасова як «прымака ў панстве» і «пасынка вёскі». Фактычна тут М. Гарэцкім была зроблена канцэптуальная заяўка на тэму «дзвюх душ», якая пазней атрымае глыбокае мастацкае ўвасабленне.

М. Гарэцкі адным з першых у беларускай літаратуры пачатку XX ст. на поўны голас загаварыў пра неабходнасць беражлівага стаўлення з боку народа, працоўнага сялянства да нацыянальнай інтэлігенцыі, якой не стае імунітэту, яшчэ бракуе ўнутранай здольнасці супрацьстаяць небяспечным ідэйным уплывам. У ранніх апавяданнях герой М. Гарэцкага нярэдка выступаў як выразнік аўтарскіх поглядаў. Але пісьменнік у адпаведнасці з патрабаваннямі рэалістычнага мастацтва імкнуўся не атаясамліваць сябе з дзейнымі асобамі.

Адным з канкрэтных праяўленняў наватарства М. Гарэцкага ў мастацкай прозе была таксама распрацоўка гістарычнай тэматыкі. Апавяданнямі на тэму мінуўшчыны беларускага народа («Князёўна», «Войт», абодва 1913), («Лірныя спевы», 1914) Гарэцкі ўпісаў яскравую старонку ў гісторыю нацыянальнага прыгожага пісьменства. Багатыя традыцыі айчыннага і ўвогуле славянскага гераічнага эпасу натхнілі пісьменніка на смелы мастацкі эксперымент у жанрава-стылявой сферы: фрагменты «Лірных спеваў», гэтай балады ў прозе, творча пераймаюць стыль гераічных песень, стыль «Слова аб палку Ігаравым».

Рысай сапраўднага наватарства пазначаны і апавяданні лірыка-філасофскага цыкла пад назвай «Што яно?», герой якога ставіць перад сабой амаль невырашальныя задачы – разгадаць таямніцу жыцця і смерці, верагоднасць існавання пазатруннага свету. Ён гатовы нават нячысціку душу прадаць, каб даведацца, «адкуля яно гэта ўсё, хто гэта даў і што будзе пасля смерці?. Можа, і таго свету няма? Дык што ж тады, як тады? Нашто ж такі свет стварыў?» (1, 96–97).

Цыкл «Што яно?» быў адной з першых у тагачаснай беларускай літаратуры спроб творчага асваення жанрава-стылявых магчымасцей філасофскай, інтэлектуальнай прозы. Адметнасцю яе распрацоўкі М. Гарэцкім было тое, што філасофскі аспект арганічна ўвязваўся з сацыяльна-палітычным. Так, адну з прычын трагічнасці шляху да спазнання загадак і таямніц чалавека і прыроды трэба бачыць у кансерватызме грамадства, якое баіцца новага, нязвыклага.

У змястоўным і стылявым плане да цыкла «Што яно?» набліжаюцца лірычныя эскізы, экспрэсіі, абразкі тыпу «Патаёмнае», «Цёмны лес», «Стогны душы», «Буйніцы і драбніцы» (усе 1913). Тут М. Гарэцкі паўстае не толькі як прыхільнік сацыяльна-бытавога рэалістычнага апавядання, але і як мастак рамантычнага мыслення. Унутраны сюжэт твораў пабудаваны не на ўчынках, а на роздумах героя адносна складанасці жыцця, у якім шмат неспазнанага, неразгаданага, таемнага.

Аналіз лірычных абразкоў, замалёвак, экспрэсій дазваляе зрабіць выснову, істотную для разумення кірунку творчага развіцця М. Гарэцкага. Ужо на раннім этапе ў яго творчасці выразна акрэсліліся дзве ўзаемазвязаныя мастацкія тэндэнцыі – адлюстраванне жыцця ў формах самога жыцця (рэалістычныя сацыяльна-псіхалагічныя апавяданні з разгорнутым сюжэтам) і лірыка-экспрэсіўнае спасціжэнне рэчаіснасці з выкарыстаннем жанрава-стылявых элементаў філасофскай прозы. У далейшым працэс узаемадзеяння гэтых дзвюх плыняў ішоў вельмі паспяхова і даў плённыя творчыя вынікі.

Этапнай з'явай на шляху інтэнсіўных мастацкіх пошукаў маладога Гарэцкага стала драматызаваная аповесць «Антон» («Абразы жыцця») (1914, уперш. 1918), якая ўвабрала ў сябе структурныя і вобразна-стылявыя пачаткі і эпасу, і драмы. «Абразы жыцця» аб'яднаны скразной тэмай – тэмай лёсу беларускага народа на гістарычным зломе эпох, тэмай драматызму пошукаў выйсця з крызісу, у якім апынулася грамадства.

Праніклівы мастак-аналітык, М. Гарэцкі бачыў, што крызіс на пачатку XX ст. захапіў усе пласты грамадства, у тым ліку пануючы клас, сялянства, нават царкву. Што ішло на змену старому жыццёваму ўкладу? Якія маральныя нормы і ўяўленні неслі з сабой новыя сацыяльныя сілы – гандлёвая буржуазія, купцы, чыноўнікі? Як гэта новае ўзгаднялася з традыцыйнымі каштоўнасцямі працоўнай вёскі? На гэтыя пытанні і шукаюць адказу героі твора. Адметнасць пабудовы сюжэта аповесці ў тым, што са смерцю галоўнага героя Антона Жабона дзеянне твора не заканчваецца. Яно перанесена ў Вільню, у іншы неназваны горад, на далёкія вясковыя дарогі. I там самагубства маладога Жабона становіцца прадметам вострапалемічнага абмеркавання з боку прадстаўнікоў розных сацыяльных сіл. Сяляне-аднавяскоўцы асудзілі ўчынак Антона як грахоўны. Перапала і Аўтуху за несумленнае жыццё. Што датычыць наведвальнікаў віленскай «Славянскай кафейні», якія таксама далучыліся да дыскусіі, дык яны перавялі гаворку ў шырокі сацыяльна-філасофскі план. А гэта істотна паглыбіла змест твора і надало канфлікту высокае сэнсавае гучанне.

Кірунак творчых інтарэсаў М. Гарэцкага ранняга перыяду вызначаўся не толькі апавяданнямі і драматычнай аповесцю, але і публіцыстычнымі, а таксама крытычнымі артыкуламі. Сярод іх побач з кароткімі допісамі, карэспандэнцыямі, фельетонамі («Нашы», «Весткі з Горак», «Жывая нябожчыца») змястоўнасцю і глыбінёй вылучаюцца разгорнутыя артыкулы-даследаванні «Наш тэатр» (1913) і «Развагі і думкі» (1914). Тут накрэслена шырокая праграма дзейнасці нацыянальна актыўных сіл, якія павінны быць скіраваны на развіццё беларускіх школ, тэатра, перыядычнага друку, выдавецкай справы, увогуле на духоўнае адраджэнне Беларусі.

Грамадска-палітычнымі фактарамі, якія паўплывалі на ідэйна-мастацкія пошукі і светапоглядную эвалюцыю М. Гарэцкага ў наступны перыяд творчасці, сталі падзеі, звязаныя з пачаткам першай сусветнай вайны. Каб скараціць тэрмін вайсковай службы, Гарэцкі падае заяву аб залічэнні ў «вольнапісаныя». У адным з баёў ва Усходняй Прусіі 25 кастрычніка «сувязіст артылерыйскай батарэі» М. Гарэцкі быў цяжка паранены. Пачаліся доўгія пакутлівыя блуканні па шпіталях Вільні, Магілёва, Масквы. У канцы верасня 1915 г. М. Гарэцкі атрымаў накіраванне на службу ў Пскоў, адкуль неўзабаве выехаў у дзеючую армію. А на пачатку 1916 г. быў залічаны ў Паўлаўскае ваеннае вучылішча (Петраград), па заканчэнні якога ў званні прапаршчыка едзе ў Іркуцк, адтуль пераводзіцца ў Гжацк.

У канцы года зноў трапляе на фронт, у раён пінскіх балотаў. I на гэты раз лёс аказаўся не дужа літасцівым да малодшага афіцэра: у лютым 1917 г. ён цяжка захварэў (нагадвала пра сябе і старая рана), лячыўся спярша ў палявым шпіталі, затым на працягу ўсяго лета – у Маскве. З Масквы быў накіраваны ў Жалезнаводск, адкуль восенню прыязджае ў Смаленск, дзе ўладкоўваецца на пасаду каменданта гарадскога жыллёвага аддзела (кастрычнік 1917 – чэрвень 1918) і пачынае ўжо пры савецкай уладзе супрацоўнічаць у газеце «Известия Смоленского Совета депутатов».