Смекни!
smekni.com

Найбольш яскравыя прадстаўнiкi газеты "Наша Ніва" (стр. 9 из 11)

Пасля «Кіпцюроў ГПУ» пісьменніка хвалююць ужо новыя тэмы і вобразы. Ён зноў робіць намаганні арганізаваць беларускі тэатр, але пачынаецца вайна і перакрэслівае ўсе яго намеры. Акупацыя бальшавікамі Літвы прымусіла Аляхновіча хавацца ад рэпрэсій. Аб гэтым перыядзе свайго жыцця ён таксама напіша ўспаміны, якія выйдуць вясной 1944 г. у часопісе «Новы шлях» (Аляхновіч Ф. Страшны год // Новы шлях. Мн., 1944.).

З пачаткам вайны адкрываецца самы неадназначны момант у біяграфіі Ф. Аляхновіча — яго супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Ён становіцца рэдактарам прафашысцкай газеты «Беларускі голас». Аднак трэба адзначыць і такі факт: на яе старонках нельга знайсці ніводнага палітычнага артыкула, які б належаў пяру пісьменніка. Яго публіцыстычныя творы распавядаюць аб культурным жыцці беларусаў: гарадскім тэатры ў Мінску, які ставіў і п'есы Ф. Аляхновіча, канцэртах М. Забэйды-Суміцкага, дзейнасці Віленскага навуковага таварыства і г. д. У гэты час пісьменнік меў вялікія творчыя планы: збіраўся напісаць кнігу ўспамінаў аб беларускім адраджэнскім руху 1910—1920 гг., п'есу з жыцця беларускай моладзі. Але задуманае засталося ў чарнавіках, а з'явілася шасціактавая п'еса з пралогам «Круці не круці — трэба памярці» (1943), напісаная вершаванай прозай, дзе перапляталіся фальклорна-фантастычныя матывы з рэалістычнымі. Месца дзеяння «Круці не круці...» — Вільня і яе наваколле, час дзеяння — сярэднявечча, але фактычна маецца на ўвазе сучаснасць, а месцам дзеяння становіцца ўвесь свет. Такі ж умоўны характар мае дзяленне твора на акты ці так званыя абразкі. Яны звязаны адзін з адным агульнай ідэяй, а не псіхалагічным развіццём дзеяння. Па сутнаасці, у «Круці не круці...» з'яўляецца зусім іншы Ф. Аляхновіч, з новай драматургічнай тэхнікай і адносінамі да жыцця. Ужо няма майстра псіхалагічных характарыстык, рэфлексаваных вобразаў, псіхапатычных сітуацый, але ёсць строгі геаметр, які спрабуе надаць адлюстраванню падабенства схематычнага малюнка. Драматург «адбірае» характэрную індывідуалізуючую прыкмету ад сваіх персанажаў — імя. Для большасці герояў п'есы пакінуты толькі абагульненыя абазначэнні: мужык, алхімік, старая ведзьма, маладая ведзьма, першы чорт, другі чорт, першы шляхціц, другі шляхціц, яўрэй, татарын і г. д. Прастора «Круці не круці...» і рэалістычная, і казачна-ўмоўная.

Змест апошняй п'есы Ф. Аляхновіча змушае думаць, што драматург быццам прадчуваў хуткую гадзіну сваёй смерці. На жаль, гэтае прадчуванне збылося: 3 сакавіка 1944 г. ён быў застрэлены ў Вільні ва ўласнай кватэры (напэўна, падасланым агентам НКУС; ёсць таксама версія аб забойстве пісьменніка прадстаўнікамі падпольна-партызанскай польскай Арміі Краёвай за антыпольскія выступленні ў друку; паводле трэцяй, найменш верагоднай версіі, Ф. Аляхновіча застрэлілі самі фашысты, з якімі ён хоць і супрацоўнічаў, аднак у цэлым, асабліва пасля іх зверстваў у дачыненні да беларускага насельніцтва на другім этапе вайны, стаў адносіцца надзвычай холадна). Пахавалі Францішка Аляхновіча ў Вільні на Евангелічных могілках. У 1989 г. гэтыя могілкі знеслі. Намаганнямі віленскіх беларусаў адбылося перазахаванне праху пісьменніка на могілкі Росы, на так званую літаратурную горку. Там паўстаў і помнік Францішку Аляхновічу.

Цішка Гартны (Зміцер Хведаравіч Жылуновіч) увайшоў у літаратуру «песняром працы і змагання», «першым пралетарскім паэтам Беларусі», аўтарам першага закончанага беларускага рамана. Як мастак ён склаўся на перакрыжаванні дзвюх гістарычных эпох. Складанасць гэтага моманту адбілася ў яго літаратурнай дзейнасці, паўплывала на характар яго творчых пошукаў. Плённа працуючы амаль ва ўсіх літаратурных жанрах, пісьменнік пакінуў значную спадчыну. Не ўсё створанае ім вытрымала выпрабаванне часам, тым не менш услед за Я. Купалам і Я. Коласам Ц. Гартны заняў сталае месца ў гісторыі беларускай літаратуры.

Цішка Гартны нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. у мястэчку Капыль у сям'і бедных сялян-чорнарабочых. На адзінаццатым годзе жыцця Зм. Жылуновіч пайшоў у пастухі-найміты, пасабляючы грашыма сваім бацькам. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым была вучоба ў «дарэктараў», хатніх настаўнікаў. Летам хлапчук пасвіў жывёлу, а зімой вучыўся. У 1902 г. Зм. Жылуновіч паступіў у двухкласнае Капыльскае народнае вучылішча, якое закончыў у 1905 г. У лютым 1906 г. пайшоў на працу ў гарбарную майстэрню ў родным мястэчку. Зм. Жылуновіч рана далучыўся да рэвалюцыйнай дзейнасці, захапіўшыся «работніцкім рухам». Гэта паслужыла галоўнай перашкодай пры паступленні ў 1906 г. у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, куды Зм. Жылуновіча не прынялі з-за адсутнасці даведкі пра добранадзейнасць. У 1909—1912 гг. у пошуках працы ён аб'ездзіў многія гарады Беларусі, Украіны, Літвы і Латвіі. У 1910 г. пры актыўным садзейнічанні Зм. Жылуновіча ў Капылі быў створаны літаратурна-грамадскі гурток «Самаадукацыя і развіццё», які наладзіў выпуск рукапіснага часопіса «Заря» на рускай мове. У другой палове 1910 г. часопіс спыніў сваю дзейнасць. У 1911 г. выпуск рукапіснага часопіса быў адноўлены, але ўжо пад назвай «Голос низа» і з дадаткам на беларускай мове «Вольная думка». У 1912 г. Зм. Жылуновіч працаваў гарбаром у г. Вількамір Ковенскай губерні, вёў прапагандысцкую работу. У 1913 г. пераехаў у Пецярбург. Тут ён становіцца карэспандэнтам бальшавіцкай газеты «Правда». Пяць месяцаў працаваў на заводзе «Вулкан», затым тры месяцы быў беспрацоўным. У хуткім часе ўладкаваўся на працу ў выдавецтва «Новый человек». У 1915 г. быў мабілізаваны ў войска, але праз месяц адпушчаны. У 1916 г. працаваў у Беларускім бежанскім камітэце, выдаваў газету «Дзянніца». У сакавіку 1917 г. бежанскі камітэт беларусаў паслаў Зм. Жылуновіча сваім дэпутатам у Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Увесь перыяд з лютага да кастрычніка ён быў блізкім да бальшавіцкай партыі, наведваў яе мітынгі, чытаў партыйную літаратуру. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі прынесла шмат перамен. У лютым 1918 г. Ц. Гартнага прызначаюць сакратаром Беларускага камісарыята пры ўрадзе РСФСР. З сакавіка гэтага ж года ён рэдактар першай беларускай савецкай газеты «Дзянніца». Пасля абвяшчэння Беларусі савецкай рэспублікай 1 студзеня 1919 г. Ц. Гартны — старшыня Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада. Пазней у розныя гады быў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь» і часопіса «Полымя», дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, намеснікам міністра асветы БССР. Працаваў у Інстытуце беларускай культуры. З 1929 г. з'яўляўся правадзейным членам Акадэміі навук Беларусі.

Ц. Гартны стаў ахвярай рэпрэсій. Яго арыштавалі 15 кастрычніка 1936 г. па сфабрыкаванай справе «як актыўнага ўдзельніка контррэвалюцыйнай фашысцкай арганізацыі, выкрытай у Мінску». А перад гэтым была знішчальная крытыка ў кнізе А. Канакоціна «Літаратура — зброя класавай барацьбы» (1931), дзе закрэслівалася лепшае з таго, што было зроблена пісьменнікам. «Мы далёкія нават ад таго, — сцвярджаў А. Канакоцін, — каб лічыць прабацькам пралетарскай літаратуры і такіх пісьменнікаў, як Ц. Гартны... У сваёй дарэвалюцыйнай творчасці ён не падняўся да вышыні свядомасці волі пралетарыята. Там няма разумення задач пралетарскай рэвалюцыі» (Цыт. па арт.: Сачанка Б. Ахвяры і каты // Літ. і мастацтва. 1991. 24 мая.). У 1931 г. Ц. Гартнага выключылі з камуністычнай партыі. У газеце «Савецкая Беларусь» ад 21 студзеня 1931 г. была надрукавана Пастанова Прэзідыума і парткалегіі ЦК КП(б)Б ад 16 студзеня 1931 г. па справе У.М. Ігнатоўскага і З.Ф. Жылуновіча, у якой былі наступныя словы: «Нацыянал-апартуністаў — агентаў нацдэмаўскай контррэвалюцыі, рупараў класавага ворага, здраднікаў партыі — Ігнатоўскага і Жылуновіча — вон з кадраў КП(б)Б». 11 кастрычніка 1937 г., знаходзячыся ў зняволенні, не вытрымаўшы фізічных і маральных здзекаў, Зм. Жылуновіч (Ц. Гартны) памёр у Магілёўскай псіхалякарні.

Ен быў рэабілітаваны ў кастрычніку 1955 г. «за недаказанасцю злачынстваў» і толькі ў верасні 1987 г. — «за адсутнасцю саставу злачынства».

Першыя вершы на беларускай мове Зм. Жылуновіч напісаў у 1904 г. У 1905 г. у рукі Зм. Жылуновіча трапілі нелегальныя брашуры і лістоўкі на беларускай мове. «Яснасць сэнсу дзякуючы даступнасці і зразумеласці мовы вельмі кранула мяне» (Гартны Ц. Дваццаць гадоў назад. Успаміны з мінулага // Успаміны пра Цішку Гартнага. С. 129.), — успамінаў ён. У 1908 г. адбылося знаёмства з першай штотыднёвай беларускай газетай «Наша Ніва». У студзені 1908 г. у «Нашай Ніве» быў надрукаваны першы верш Ц. Гартнага «Бяздольны», прысвечаны Я. Купалу. У 1910 г. з'явіўся верш «Не хіліся, дуб зялёны», прысвечаны Я. Коласу. Творчасць выдатных беларускіх паэтаў аказала моцны ўплыў на Ц. Гартнага. Першы паэтычны зборнік Ц. Гартнага «Песні» выйшаў у 1913 г. у Пецярбурзе. Ён складаўся з трох раздзелаў: «Песні працы», «Песні кахання» і «Жальбы і жаданні». Адметнасцю зборніка з'яўлялася тое, што Ц. Гартны выступіў як «пралетарскі паэт». Упершыню ў беларускай літаратуры побач з вобразам селяніна з'явіўся вобраз рабочага. Цэнтральнае месца ў зборніку занялі «Песні гарбара». У вершах гэтага цыкла адлюстраваны невыносна цяжкія ўмовы працы рабочых у капіталістычным грамадстве. Разам з тым паэт паказвае, як рабочы пачынае ўсведамляць сваю годнасць і сілу, як абуджаецца ў ім сацыяльная актыўнасць, гатоўнасць рэвалюцыйным шляхам змяніць сацыяльныя абставіны, у якіх яму даводзіцца працаваць і жыць. Зборнік «Песні» вызначаецца народным поглядам паэта на працу, якую ён лічыў не толькі асновай матэрыяльнага існавання, але і першай умовай духоўнага жыцця. У вершах «Красуй, збожжа!», «Песні жняі», «Касьба», напісаных у рэчышчы нацыянальнай традыцыі, Ц. Гартны паэтызуе сялянскую працу. Лейтматывам цыкла «Песень працы» з'яўляецца думка паэта аб тым, што людзі працы (сяляне і рабочыя) — творцы жыцця, стваральнікі ўсяго каштоўнага на зямлі: