Смекни!
smekni.com

Беларуская паэзія 1920-х гадоў (стр. 3 из 3)

Добры дзень, аснежныя прасторы,

добры дзень, сталіца хараства!

Скора ў бляску вечара, ой скора

Празвініць на вуліцах трамвай.

I тады я стану пад гарою,

Каб пазбыцца смутку і журбы

Буду слухаць песні Асінстрою,

Захаплюся музыкай турбін.

(Трус П. Зб. тв. С. 200.)

Лірычна і задушэўна П. Трус называў Беларусь «краем легенд, адвечных песень-казак», «краем паэм – бальзамам жывых крыніц», спалучаючы з гэтым мару аб будучым пралетарскім прагрэсе, калі Беларусь стане «краем фабрык дымных і машын». У такім жа фальклорным стылі ўслаўляў паэт і вялікі тагачасны міф аб усясветнай камуне (паэма «Чырвоныя ружы»). У цэлым жа для паэтыкі П. Труса была характэрна коласаўская традыцыя прыродаапісальнасці, захаплення спрадвечным хараством беларускіх краявідаў, праз якія адкрывае свае глыбіні лірычная душа паэта. Праз вобразы прыроды, праз адчуванне яе красы і сілы П. Трус выходзіў на новую асацыятыўнасць, шырока выкарыстоўваючы сродкі фальклорнай паэтыкі (паўторы, паралелізмы), ствараючы песенны, мілагучны, пазначаны рытміка-інтанацыйнай лёгкасцю верш. Характэрнымі для паэта былі формы санета, трыялета, ронда, а таксама міфапаэтычная вобразнасць, што звязваецца з відавочньш багдановічаўскім ўплывам. Таленавіта працягваючы нацыянальныя традыцыі, Трус стварыў і ўзнёслую пазбаўленую «багемнасці», празрыстую па настроях лірыку кахання (верш «Скажы мне, любая, скажы» і інш.).

Пастаральнасць і фальклорны лірызм былі характэрныя таксама і для паэзіі Сяргея Дарожнага, якому, праўда, бракавала трусаўскай гарманічнасці і які пры гэтым больш рупіўся аб сугучнасці сваіх вершаў рытмам эпохі. Ён бачыў Беларусь у дзіўным спалучэнні: «камсамольскай аравай» і «маладзіцай з сярпочкам». Апяванне васільковага россыпу «у палёх беларускіх нізін» як знак вышэйшага замілавання краявідамі айчыны звязвалася ў яго вершы «Васількі» з такім жа замілаваным і сентыментальным уяўленнем пра хаду «рэвалюцыі мілай». Апрача фальклорнасці і лірызму Дарожнаму была ўласціва і відавочная імпрэсіяністычнасць вобразаў, часам падкрэсленае эстэцтва і адчуванне тугі.

Імпэтна і дэкларатыўна сцвярджаў сваю адданасць рэвалюцыйным пераўтварэнням Міхась Багун. Ён паслядоўна ўвасобіў усе асноўныя прынцыпы рэвалюцыйнага канцэптуалізму. Так, матыў супрацьпастаўлення старога і новага шырока разгорнуты ім у паэме «Над балотам», дзе ў якасці прыкладу дабратворных рэвалюцыйных перамен выводзіцца вёска з сімвалічнаю назваю «Гніль», якую «завірухі, пажары краіны… не кранулі саўсім». Але ўрэшце перамены адбыліся, і вёска стала называцца «Новая доля». Рэвалюцыйны эпатаж праявіў М. Багун у творы з прэтэнзіяй на чарговы пасля М. Грамыкі маніфест новай пралетарскай літаратуры – «Крокі ў вякох: паэма без героя» (1930). Эпіграф красамоўна сведчыў пра пазіцыю аўтара: «Колісь рэвалюцыю МЫ зрабілі, цяпер рэвалюцыя робіць НАС!» (Багун М. Рэвалюцыі. Мн., 1932. С. 57.). Першае, што сцвердзіў паэт, – гэта катэгарычнае адмаўленне ад лірычных настрояў, як і вымагалі таго ахоўнікі чысціні пралетарскай эстэтыкі і ідэалогіі: «Я выкінуў з сэрца трывогі труп, пакрыты, як коўдрай, лірычнай карою».

Рэвалюцыйны рыгарызм у вялікай ступені быў характэрны для Паўлюка Шукайлы – «слуцкага песняра», кіраўніка эпізадычна існаваўшай суполкі лефаўскага кшталту «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (1927), сябрамі якой у свой час былі Янка Відук (Скрыган), Апанас Атава, Іда Чырвань, Юрка Лявонны і іншыя маладыя паэты. Увекавечыць рэвалюцыю Шукайла паспрабаваў у паэме «Акорды дзён», дзе ўзбуйненымі шырокімі штрыхамі жадаў перадаць размах і веліч новага пераможнага шляху. Шукайла быў паслядоўным апалагетам рэвалюцыйных ідэалаў і будучай «камуны свету», што прыводзіла яго часта ў стыхію рыторыкі, паэтызацыі ідэалагічных штампаў: «Увесь свет на свой лад перавернем, сусветны зробім Рэўком». Змагаром за чысціню рэвалюцыйных ідэалаў адчуваў сябе П. Шукайла і ў літаратурнай крытыцы, не прымаючы творчасць В. Маракова, Т. Кляшторнага, А. Дудара, У. Жылкі, А. Вольнага, З. Бандарынай і ўсіх, паводле яго вызначэння, «дударыстых».

На беларускую паэзію канца 20-х гадоў адчуваўся ўплыў аднаго з самых таленавітых тагачасных маладых паэтаў Уладзіміра Дубоўкі. Многія паэты бралі эпіграфамі для сваіх твораў радкі з яго вершаў і паэм. А малады ўзвышавец Пятро Глебка выкарыстаў любімы Дубоўкаў вобраз шыпшыны ў якасці назвы свайго зборніка, як бы падкрэсліваючы пераемнасць літаратурнай традыцыі, рэпрэзентаванай Дубоўкам. Асэнсаванне Беларускага Шляху вядзецца Глебкам ў вершах-прысвячэннях Я. Коласу, М. Багдановічу, М. Лужаніну, дзе паэт закранае паралельна пытанні літаратурнай творчасці. Вершы зборніка «Шыпшына» і сама кампаноўка яго, падбор эпіграфаў да кожнай з пяці частак паказваюць на сталасць паэтычнага голасу Глебкі, на высокі мастацкі густ і культуру яго творчасці, што было прадметам асаблівай увагі узвышаўскага кола паэтаў.

Да ўзвышаўскага згуртавання прымкнуў, вярнуўшыся ў 1926 г. на бацькаўшчыну, Уладзімір Жылка, чый паэтычны талент сфарміраваўся ў Заходняй Беларусі пад уплывам ідэалаў нацыянальнага адраджэння. У 1927 г. у Мінску выйшла кніга вершаў Жылкі «З палёў Заходняй Беларусі», куды часткова былі ўключаны вершы папярэдніх кніг, а таксама новыя. Паводле класавых, пралетарскіх падыходаў да мастацтва, вершы У. Жылкі падвяргаліся жорсткай крытыцы, паэта абвінавачвалі ў містычных настроях і «мяшчанскай філасофіі», у ранейшым узрушаным апяванні «бел-чырвона-белага сцяга» і ў тым, што да апявання «чырвонага штандару» паэт не дайшоў. Аднак і У. Жылка таксама імкнуўся асэнсаваць рэвалюцыю і яе ролю ў развіцці Беларускага Шляху, што, напрыклад, бачна ў вершы «Песня дзесятых угодкаў»:

Спявайце, браты мае, нашае ўчора:

У ім Рэвалюцыі полымя, у ім мы

Спалілі азырклае, чорнае гора,

I працы свабоднай прапелі мы гімны.

(Жылка У. Выбр. тв. Мн., 1998. С. 106.)

З містычнымі біблейскімі асацыяцыямі звязваў паэт залатую будучыню Беларусі на гэтым шляху да «Камуны працоўных», нягледзячы на цяжкія варункі, у якія трапіла адраджэнне краіны. У. Жылка адчуваў свой час як «злом дзвюх эпох злавесны», у якім чалавеку наогул і паэту тым больш трэба не згубіць у сабе высокую чалавечую годнасць, здольнасць выстаяць, не зламацца ў жыццёвай віхуры. А віхура жорстка закранула У. Жылку: нягледзячы на абвастрэнне сухотаў, ён быў арыштаваны ў 1930 г. разам з іншымі літаратарамі «Узвышша» па гучнай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і адпраўлены ў ссылку, дзе неўзабаве памёр.

Ва «Узвышшы» сцвердзіўся талент і такога унікальнага паэта, як Кандрат Крапіва, без трапнай і дасціпнай гумарыстыкі, з'едлівай і хлёсткай сатыры якога немагчыма ўявіць сабе паэтычную ніву 20-х гадоў. Аб'ектамі яго сатырычнага пяра з'яўляліся ўсе праявы тагачаснага жыцця: знешнія і ўнутраныя палітычныя падзеі («Сваты», «Белы «певень», «Гаагская «каробачка», «На смерць «Лёзанны», «Ад пачосткі ныюць косткі»), маральна-этычная недасканаласць новага грамадства («Самагоначка», «Класавыя ворагі», «На мінскім скверы»), антырэлігійная барацьба («Годзе слухаць байкі», «Буду спекулянтам», «Як Антэк стрэў «вельканоц», «Дзве кумы»), літаратурная палеміка («Нібы сатыра на «нібы паэму – Гвалт над формай», «Прагулка на Парнас», «Муза падвяла», «Праборка музе», «Аб «буры і націску»: «К літаратурным спрэчкам»). К. Крапіва творча выкарыстоўваў нацыянальную бурлескна-парадыйную традыцыю, прыёмы травестацый, характэрныя для беларускіх ананімных паэм XIX ст. Так, стылізацыя паэмы «Тарас на Парнасе» ўгадвалася ў вершы «Прагулка на Парнас», дзе па ключавых словах-вобразах пазнаваліся прадстаўнікі мастацкага слова – новыя «багі» тагачаснай літаратуры: Ц. Гартны (ён «гартуе свой нарог… Цаліну ўзараць ім хоча – узойдуць сокі цаліны, – будзе збожжа на бліны»); М. Чарот (ён «на вогнішчы гарачым… без ботаў скача… Аб ім кажуць так і сяк, бо не любяць, што «басяк»); З. Бядуля, які «абразкі свае малюе» («Ён дагэтуль бедаваў, а цяпер вось заспяваў») (Крапіва К. Крапіва. Мн., 1925. С. 83.). У такім жа бурлескна-парадыйным стылі стварыў К. Крапіва і свой «вольны пераклад» Бібліі (Старога Запавету), дадаўшы яшчэ адзін паэтычны штрых у барацьбу «з опіумам для народа». Гэта адпавядала ідэалагічнаму накірунку 20-х гадоў, і Крапіва таленавіта і зноў жа ў бурлескна-парадыйным стылі яго ўвасобіў.

Сатырычна-гумарыстычную плынь услед за Крапівой развіваў у сваёй творчасці, але ўжо надта ваяўніча, Анатоль Дзяркач – аўтар аграпаэмы «Міколава гаспадарка» (1927), зборнікаў «Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў» (1925), «Качаргой па абразох» (1930).

Адметным творчым почыркам вызначалася ў 20-я гады паэзія Уладзіміра Хадыкі, Юркі Лявоннага, Аркадзя Моркаўкі, Янкі Туміловіча, Янкі Бобрыка, Алеся Звонака, Максіма Лужаніна, Сяргея Астрэйкі, Віктара Казлоўскага, Сяргея Фаміна. Цікава заявілі пра сябе, але не раскрыліся ў поўнай меры або вычарпаліся такія паэты, як Апанас Атава, Язэп Падабед, Пятро Сяўрук, Пятро Росіч, Язэп Вазёрны, Юрка Бітус, Уладзімір Прыбыткоўскі, Язэп Сукала.

На заканчэнне размовы аб варунках развіцця беларускай паэзіі ў 1920-я гг. неабходна зазначыць, што дадзенае дзесяцігоддзе стала вельмі важным этапам у развіцці нацыянальнай паэмы: менавіта ў 1920-я гг. (пасля з'яўлення першых узораў у пачатку ХХ ст. у творчасці Я. Купалы і М. Багдановіча) яна прайшла шлях узмужнення, вырасла як у якасным, так і ў колькасным плане (у 1920-я гг. было напісана ўжо некалькі дзесяткаў паэм у параўнанні з адзінкавымі выявамі гэтага жанру ў папярэднія два дзесяцігоддзі). Асобна характарызаваць іх няма неабходнасці таму, што: па-першае, аб многіх паэмах так ці інакш сказала вышэй Ірына Багдановіч, артыкул якой з акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» лёг у аснову нашай лекцыі; па-другое ж, аб самых значных паэмах таго альбо іншага аўтара будзе сказана больш падрабязна ў манаграфічных раздзелах, прысвечаных творчасці найбольш буйных прадстаўнікоў беларускай літаратуры часоў рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, а таксама 1920-х – першай паловы 1950-х гг.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Багдановіч І.Э. Паэзія 20-х гадоў // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 8–45.

2. Гніламёдаў У.В. Ад даўніны да сучаснасці: Нарыс пра беларускую паэзію. Мн., 2001.

3. Анталогія беларускай паэзіі: У 3 т. Мн., 1993. Т. 1–2.

4. Купала Я. Поўны зб. тв.: у 9 т. Т. 4. Мн., 1997. С. 107.

5. Бядуля-Ясакар. Буралом / Бядуля-Ясакар. – Мн., 1924. С. 37

6. Журба Я. Заранкі. Вершы / Журба Я. – Мн., 1924. С. 6

7. Гартны Ц. Песні працы і змагання. Берлін / Гартны Ц. – 1922. С. 83)

8. Маракоў В. На залатым пакосе / Маракоў В. – Мн., 1927. С. 26.

9. Чарот М. Завіруха / Чарот М. – Мн., 1922. С. 19.

10. Піятуховіч М. Да характарыстыкі літаратурнай спадчыны П. Труса // Трус П. Зб. тв. Мн., 1934. С. 27.

11. Багун М. Рэвалюцыі / Багун М. – Мн., 1932. С. 59