Смекни!
smekni.com

Творчасць Лукаша Калюгі (стр. 2 из 3)

Выказаўшы трывогу і занепакоенасць станам сучаснага яму грамадства, з'яўленнем у ім «ні госця, ні гаспадара», Калюга адыходзіць ад сучаснасці і звяртаецца да мінулага беларускага народа. 1929 год знамянальны ў яго творчасці з'яўленнем цыкла гумарыстычных апавяданняў — «Трахім — штучны чалавек», «Іллюк — даследчык», «Як Міхалюку Баркаўцы даліся ў знакі», «Тахвілін швагер», увага ў якім засяроджана на крыху нязвыклых для беларускай літаратуры баках існавання чалавека вёскі дарэвалюцыйнага часу. Нячаста трапляў у поле зроку беларускіх пісьменнікаў, напрыклад, раўнівы селянін. Калюга ж з гумарам апавядае якраз пра такога героя, апанаванага пакутнымі здагадкамі аб жончынай здрадзе («Іллюк — даследчык»). У цэнтры апавядання «Трахім — штучны чалавек» — селянін-дзівак, які «паквапіўся на сабе практыку зняць, ці добра будзе тое, што людзям раіў». А раіў ён, што трэба «работу ад першага дня кідаць рабіць і памаленьку патроху адвыкаць есці». Вынік такога эксперыменту вядомы. Апавяданне на першы погляд не прэтэндуе «на вялікую «мысліцельную» глыбіню», аднак пытанні, якія задае Трахім сабе і іншым, не такія ўжо і наіўныя: «Што ж чалавеку іншае трэба, калі не яда і ежа? Дзеля чаго чалавек працуе так цяжка, калі не для таго, каб кішку напхаць і сякую-такую рызу налажыць на сябе ад холаду і ад людзей?». Пытанне гэта не рытарычнае, яно — спроба зразумець сапраўдны сэнс чалавечага жыцця, бессэнсоўнасць тэзіса «мы жывём дзеля таго, каб есці». За ім — адмаўленне бездухоўнасці. Апавяданне «Тахвілін швагер» уяўляе сабой уступ да аповесці «Нядоля Заблоцкіх». Гэтыя два творы маюць агульных герояў — Юстапа Заблоцкага, яго малога сына Савосту, жонку Прузыну. Дзеянне адбываецца ў той жа вёсцы Баркаўцы. Цікавае гэтае апавяданне перш за ўсё пільнай увагай да мінулага свайго народа, да разнастайных праяўленняў яго светаадчування. Пісьменнік шырока ўключае ў мастацкую тканіну апавядання народныя прыкметы, звычаі, легенды, забабоны, «бабчына казалы», якія былі чужымі творам маладнякоўцаў, з іх прыгодніцтвам і неверагоднымі здарэннямі, з героямі — барацьбітамі за лепшую будучыню. Для Калюгі ж усё «забабоннае», звязанае са светаадчуваннем народа, яго душой, мела вялікае значэнне.

Пішучы ў 1931 г. аповесць «Нядоля Заблоцкіх» пра дакастрычніцкае жыццё сялянства, аўтар не мог не думаць пра сучаснасць. Уласна, дзеля больш глыбокага спасціжэння праблем сучаснасці пісаліся і яго апавяданні, нябачнымі, але моцнымі сувязямі звязаныя з сучасным празаіку жыццём. «Нядоля Заблоцкіх» працягвала развіваць і паглыбляла многія праблемы аповесці «Ні госць, ні гаспадар»: даследавала тую ж праблему адчужэння ад народа выхадцаў з яго. Праз мінулае пісьменнік бачыў контуры будучага. Спрадвечнае сялянскае імкненне «выйсці ў паны» мелася некалі выліцца ў рэвалюцыю. I ўжо новыя паны, выхадцы з нізоў, яшчэ больш абыякава адхрышчваліся ад інтарэсаў народа, аддаляліся ад яго. Паказальна, што ў якасці эпіграфа да «Нядолі Заблоцкіх» аўтарам узяты словы «З даўнейшых «казалаў»: «Такі ж нешта робім? — Каб мы не ведалі, што мы робім, дык мо б не рабілі», у якіх выяўляецца самаўпэўненасць, перакананасць людзей у правільнасці таго, што яны робяць, нават самахвальства. Літаральна ўсе героі аповесці «хварэюць» такім самаадчуваннем. Толькі само жыццё парушае непахіснасць гэтых перакананняў, з-за якіх і сустракае іх нядоля. У цэнтры аповесці — гісторыя сям'і Заблоцкіх. Пачынаецца яна з апавядання пра старога Заблоцкага, спрадвечнага гаспадара, старасвецкага чалавека Савэрына, пры якім «на ўсё парадак быў». Быў лад і дастатак у вялікай, шматлюднай сям'і. Па яго ж смерці «рассыпаліся» Заблоцкія «як гарох на сто дарог, — хто куды віда». I дружнай сям'і як і не было. Кожны з Заблоцкіх сустрэне сваю долю-нядолю на дарозе жыцця. Але кожны з іх пыхліва будзе лезці ўгору, хочучы сцвердзіць сваю адметнасць, сваю важкасць у гэтым жыцці: «Не было на іх росту: усе да аднаго аршын з шапкаю ўдаліся на вышкі. А ўсё цягнуліся ўгору, каб над усімі вышэй быць, каб адусюль іх бачылі», — такую агульную жартоўна-іранічную характарыстыку дае Калюга памкненням сваіх герояў у пачатку твора, якая для кожнага па-свойму будзе праўдзівай у ходзе развіцця сюжэта. Аповесць, як і апавяданне «Тахвілін швагер», пазначана вялікай увагай да народных паданняў, звычаяў, абрадаў. У творы моцна адчуваюцца адгалоскі мастацкага вопыту М. В. Гогаля, пісьменніка, якім вельмі захапляўся Калюга. Магутны фальклорны струмень, свежая крыніца народнай фантазіі родняць «Нядолю Заблоцкіх» са «Шляхціцам Завальняй, або Беларуссю ў фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага. Твор апошняга вырастаў непасрэдна з вуснай народнай творчасці, меў на мэце збор і пісьменніцкае афармленне пачутага ў самабытнае мастацкае цэлае. Калюга выкарыстоўвае народную творчасць інакш — як мастак-філосаф, які хоча зразумець, што такое ёсць чалавек у гэтым свеце. Па задуме сваёй твор шырокага эпічнага гучання, «Нядоля Заблоцкіх» стаіць як бы ўбаку ад усяго напісанага беларускай літаратурай 20-х гадоў. Адметнасць аповесці не толькі ў філасафічнасці, у выкарыстанні элементаў міфалогіі. Нязвыклай для беларускай літаратуры таго часу была форма твора, жывая прысутнасць у яго апавядальнай плыні героя-апавядальніка, які, нібы экскурсавод, водзіць у падуладных яму часе і прасторы, знаёміць з персанажамі, дае ім жартаўлівыя ацэнкі. Як важную асаблівасць твора трэба адзначыць і фантастычнасць часу ў ім. Аповесць ярка выявіла гумарыстычны бок таленту Калюгі, яго схільнасць да народнай дасціпнасці і жарту. Багаты і разнастайны гумар робіць больш маляўнічай і поліфанічнай мастацкую фразу твора. Арсенал моўных сродкаў камізму тут даволі шырокі і стракаты. Гэта — і каламбуры, і параўнанні, і метафары, і перыфраз. Фарбы смеху, якія выбірае празаік пры абмалёўцы сваіх герояў, у асноўным цёплыя, сардэчныя, хоць час ад часу і набываюць адценні асуджэння, насмешкі.

Багаццем інтанацый (ад вясёлых, гумарыстычных да сур'ёзных, іранічных), метафарычнасцю мовы, прысутнасцю ў ёй аўтарскага голасу, скандэнсавана афарыстычным стылем блізкая да аповесці "Нядоля Заблоцкіх" навела «Цеснаватая куртачка» (1932). У цэнтры навелы — прадстаўнікі вясковай моладзі камсамолка Волька Лысаковічаўна і каваль Адась Банькоўчык. Актывістка Волька імкнецца адпавядаць створанаму беларускім класікам Я. Коласам у аповесці «На прасторах жыцця» ўзору перадавой дзяўчыны. «Яшчэ ў тым вяку была Волька, што хацелася ёй без канца і без мэты далей у навуцы ісці», — гаворыць Калюга пра сваю гераіню. Волька збіраецца паступаць у педтэхнікум і заклікае свайго каханага падавацца на рабфак. Аднак не паступіць «непаваротны, цельпукаваты Адась Банькоўчык — акурат традыцыйны герой беларускай літаратуры» — на рабфак. Падвядзе яго бесклапотны, без усялякіх высокіх памкненняў «утрапёны чалавек» Антось Драніцкі, павёзшы (абы выпіць) у сваты, дзе ён згубіць камандзіроўку і грошай сорак рублёў. Нехаця, з-за скупасці («Ужо, каб вяселле раскідаць, трэ было ўтратнае вярнуць») жэніцца Адась. Не на Вольцы, на чужой, «мажной Міхаліне». Навела вызначаецца глыбокім псіхалагізмам, сведчыць аб узросшым майстэрстве празаіка як па лініі пабудовы сюжэта, так і ў абмалёўцы характараў. Максімальную ідэйную нагрузку нясе тут знойдзеная ім трапная мастацкая дэталь. Значнымі мастацкімі дэталямі ў кантэксце навелы з'яўляюцца цеснаватая куртачка, з якой вырасла дзяўчына, і гарадское паліто, у якім яна, высокая, стройная, на зайздрасць усім вяскоўцам, ішла завеянай снегам вуліцай. Горад, які вабіў Вольку сваім бляскам і новым, шырэйшым і прастарнейшым жыццём, адарваў дзяўчыну ад зямлі, ад родных каранёў. «У гарадскім паліце ішла цяпер Лысаковічаўна. Пазіраў Алесь ёй услед. I шкада зрабілася Банькоўчыку тае цеснаватае куртачкі, шкода ўсяго, што было ды мінулася». Разам з Адасёвым смуткам улоўліваецца тут і аўтарскі смутак аб тым, што перацягвае горад у свае абдымкі пісьменных і разумных вясковых жыхароў.