Смекни!
smekni.com

Уладзіслаў Галубок, Еўсцігней Міровіч i Уладзімір Дубоўка – беларускiя пiсьменнiкi першай паловы XX ст. (стр. 2 из 4)

Аднаактоўка «Ліпавічок» была напісана драматургам прыкладна ў 1928 г. Сюжэт гэтай камедыі грунтуецца на казачна-фантастычнай гісторыі, якая адбылася з Дзедам і Бабай, калі да іх, бяздзетных, зайшоў у хату пасля кірмашу сусед Цярэшка. У мяху Цярэшкі сярод набытых на кірмашы рэчаў і гасцінцаў Баба запрыкмеціла Ліпавічка – невялікую драўляную ляльку. Сусед тлумачыць, што яна незвычайная: варта яе палажыць у калыску, палюляць – і яна ажыве. Цярэшка, падараваўшы старым Ліпавічка, ідзе дамоў. Калі Дзед з Бабай пачынаюць калыхаць-люляць Ліпавічка, замест аднаго дзіцяці з’яўляецца аж сямёра. Цяпер у хаце становіцца не тое, каб весела, а і шумна. Вяскоўцы дзівяцца, адкуль у Дзеда з Бабай столькі дзяцей. Умела ўплёўшы ў сюжэтную канву камедыі элементы беларускіх народных казак, песень, гульняў, У. Галубок стварыў даволі цікавае і маляўнічае прадстаўленне, поўнае лірызму і мяккага, дабрадушнага гумару. «Свабодна, без ніякага аўтарскага «ціску» развіваецца дзеянне, пераходзячы ў песні і жартоўныя эпізоды,– піша А. Саннікаў.– Добразычлівы гумар асвятляе характары дзеючых асоб, смех з іх недарэчных дзеянняў прасякнут спачуваннем іх добрым якасцям; некалькі прыглушаныя фарбы, нечаканая іронія ствараюць непаўторны настрой, які папярэднічае вясёлым песням і танцам у канцы п’есы. П’еса паказвае багацце і хараство беларускага фальклору, раскрывае яго самыя прывабныя бакі». Дзякуючы нашым рэжысёрам, п’еса «Ліпавічок» набыла сцэнічнае жыццё: у 1969 г. яе, крыху дапрацаваўшы (не ў літаральным сэнсе, а толькі ў плане дабаўлення матэрыялу да асноўнага твора, каб атрымаўся поўнафарматны спектакль), паставіў А. Ляляўскі ў Дзяржаўным тэатры лялек БССР. Спектакль па дадзеным творы складаўся з дзвюх частак. У аснову першай лёг сюжэт уласна «Ліпавічка». Другая частка, тэкст якой напісаў сам А. Ляляўскі, развівала дзеянне далей. У ёй Дзед і Баба змагаюцца за правільнае выхаванне дзяцей з чарцянятамі Вушасцікам і Лабасцікам. Спектакль «Ліпавічкі» карыстаўся папулярнасцю ў маленькага гледача.

1.2 Еўсцігней Міровіч

Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч (сапр. прозвішча Дунаеў) нарадзіўся 29 ліпеня 1878 г. у Пецярбургу ў сям'і чыгуначніка. Бацькі Е. Міровіча былі родам з Беларусі (з былой Віцебскай губ.), але жыццёвыя акалічнасці прывялі іх на працу ў Пецярбург. Пасля заканчэння пачатковай школы і Самсонаўскага рэальнага вучылішча Сцеша Дунаеў вучыўся ў школе малявання пры Акадэміі мастацтваў і паспяхова здаў выпускныя экзамены. Але яго вабіў тэатр. Ён паступіў на двухгадовыя Тэатральныя курсы імя Ф. Волкава, рабіў паспяховыя крокі на прафесійнай сцэне (з 1900 г. працаваў у Адміралцейскім, потым у Кацярынінскім тэатрах). У 1906 г. стаў правадзейным членам С.-Пецярбургскага саюза драматычных і музычных пісьменнікаў. Плённая і паспяховая дзейнасць Е. Міровіча як акцёра і рэжысёра пецярбургскіх тэатраў працягвалася да 1918 г. У 1919 г. у складзе гастрольнай трупы Ліцейнага тэатра ён паехаў на радзіму бацькоў, выступаў у Віцебску, Гомелі, Мінску. З гэтага часу яго творчая дзейнасць цесна звязана з Беларуссю. Ён быў акцёрам і рэжысёрам Мінскага гарнізоннага тэатра (1919), Тэатра рэвалюцыйнай сатыры (1921), рускага тэатра «Шануар» (1922). У 1921–1931 г. Міровіч з'яўляецца мастацкім кіраўніком БДТ-1 (Беларускага тэатра імя Я. Купалы). Яму даводзілася вырашаць складаныя на той час праблемы акцёрскіх кадраў, нацыянальнага рэпертуару. Е. Міровіч вывучаў гісторыю і культуру, побыт і традыцыі беларускага народа. Падтрымліваў творчую моладзь, заахвочваў да напісання нацыянальных па каларыту і тэматыцы п'ес, дапамагаў давесці іх да сцэнічнага ўвасаблення. Першы такі спектакль быў пастаўлены Е. Міровічам у БДТ-1 па п'есе М. Чарота «На купалле» (1921). Ён меў поспех у гледачоў, паказваўся на фестывалі ў Маскве (1923), стварыў папулярнасць драматургу, рэжысёру і акцёрам. Е. Міровіч адкрыў для тэатра такіх таленавітых драматургаў, як В. Шашалевіч, Л. Родзевіч, В. Гарбацэвіч, Я. Рамановіч, Р. Кобец, Д. Курдзін, ставіў іх п'есы. Выхаваў плеяду выдатных акцёраў купалаўскага тэатра (У. Уладамірскі, Г. Глебаў, Л. Ржэцкая і інш.). Чалавек высокай духоўнасці і культуры, Е. Міровіч энергічна і натхнёна ствараў сваю рэжысёрскую школу, абапіраючыся на лепшыя традыцыі сусветнага і рускага тэатральнага майстэрства, паслядоўна выкарыстоўваючы вопыт сістэмы К. Станіслаўскага ў рабоце з акцёрамі. Яго спектаклі вылучаліся псіхалагічнай праўдай характараў, майстэрствам акцёрскага пераўвасаблення, глыбінёй рэжысёрскага прачытання твораў, яркай сцэнічнасцю.

Гэтыя ж творчыя і педагагічныя прынцыпы Е. Міровіч паслядоўна праводзіў, працуючы ў іншых тэатрах Беларусі. У 1932 г. ён пераехаў у Гомель, кіраваў мясцовым тэатрам рабочай моладзі, які ў 1935 г. быў рэарганізаваны ім у Першы Беларускі калгасна-саўгасны тэатр. У 1937–1940 гг. Міровіч працуе на пасадзе мастацкага кіраўніка Тэатра юнага гледача БССР. Адначасова ён выкладаў майстэрства акцёра ў тэатральным вучылішчы (1938–1941; Мінск). У 1940 г. Е. Міровічу было прысвоена званне Народнага артыста Беларусі. У 1941–1945 гг. Е. Міровіч зноў з'яўляецца рэжысёрам купалаўскага тэатра. З 1945 г. – мастацкі кіраўнік і загадчык кафедры акцёрскага майстэрства Беларускага тэатральнага інстытута. Памёр Е. Міровіч 16 лютага 1952 г.

Першая п'еса Е. Міровіча «Апякун» (напісана ў 1904 г.) была забаронена для паказу ў тэатрах царскай цэнзурай. Такі ж лёс напаткаў і іншыя яго раннія творы: «Гнілыя ўстоі» (1905), «Сучасны вампір», «Ноч міліянера» (абедзве 1906). Пецярбургская публіка з драматургіяй Міровіча ўпершыню пазнаёмілася восенню 1910 г., калі на сцэне Ліцейнага тэатра мініяцюр была пастаўлена яго п'еса «Графіня Эльвіра». Поспех Міровіча-драматурга ўзрос з напісаннем і пастаноўкай п'ес «Тэатр купца Япішкіна» (пастаўлена ў 1914) і «Вова прыстасаваўея» (пастаўлена ў 1915). Апошняя п'еса абышла амаль усе сцэны прафесійных і аматарскіх тэатраў Расіі, ставілася яна і ў Мінску. Была экранізавана на Беларускім тэлебачанні (1978, рэж. В. Карпілаў). П'еса накіравана супраць ілжэпатрыятызму арыстакратычных колаў у час 1-й сусветнай вайны, трымалася на моцнай смехавай (нават саркастычнай) аснове, вылучалася выдатнымі сцэнічнымі якасцямі. У дакастрычніцкі час Е. Міровічам напісана больш за 50 п'ес.

Плённай была яго дзейнасць і як беларускага драматурга. Разумеючы патрэбу стварэння прафесійнага нацыянальнага тэатра і адчуваючы недахоп нацыянальнага драматургічнага матэрыялу, Е. Міровіч звярнуўся да вуснапаэтычнай творчасці і гісторыі беларускага народа. Паклаўшы ў аснову фальклорныя сюжэты, шырока выкарыстоўваючы элементы народных абрадаў і звычаяў, ён напісаў п'есы «Машэка», «Кат і сын» (пастаўлены ў 1923), камедыю «Каваль-ваявода» (пастаўлена ў 1925), стварыў першую беларускую гістарычную драму «Кастусь Каліноўскі» (пастаўлена ў 1923, экранізавана ў 1928). Творы яго мелі сцэнічны поспех, давалі штуршок развіццю беларускай нацыянальнай драматургіі. У 2-й палове 1920-х гг. гзтыя п'есы і спектаклі па іх падвяргаліся жорсткім нападкам вульгарна-сацыялагізатарскай крытыкі за так званы «нацыянал-дэмакратызм». У 1925 г. Е. Міровіч напісаў сатырычную камедыю «Кар'ера таварыша Брызгаліна» (прэм'ера адбылася 26.12.1925, пастаўлена таксама тэатрам Ленінградскага народнага дома), сюжэт якой быў непасрэдна звязаны з рэчаіснасцю 1920-х гадоў. Таленавіта напісаная п'еса, з ярка выпісаным вобразам цэнтральнага персанажа (былы царскі жандар, які стаў савецкім кіраўніком), з выкарыстаннем дэтэктыўных элементаў, здаецца, адпавядала ўсім канонам савецкай сцэнічнай класікі (і лічылася такой), аднак была ўсё ж данінай аўтара свайму часу, своеасаблівай мастацкай ілюстрацыяй канцэпцыі барацьбы партыі супраць так званых класава-варожых элементаў у сацыялістычным будаўніцтве. Вобраз Брызгаліна, «скрытага» ворага савецкай улады, быў папярэднікам Гарлахвацкага з сатырычнай камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім». Актуальнымі па тэматыцы, але больш слабымі ў мастацкіх адносінах былі п'есы Е. Міровіча «Перамога» (1926), «Запяюць верацёны» (1928). Спектакль па апошняй п'есе даў пачатак вядомай «тэатральнай дыскусіі». У перыяд калектывізацыі Міровіч стварыў некалькі п'ес на вясковую тэматыку: «Лён» (пастаўлена ў 1932) і «У вясновую ноч» (1934). Асноўная заслуга Е. Міровіча як беларускага драматурга – у стварэнні ім беларускай фальклорна-гераічнай і нацыянальна-гістарычнай драмы.

1.3 Уладзімір Дубоўка

п'еса творчы дубоўка міровіч

Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка нарадзіўся 2 (15) ліпеня 1900 г. у в. Агароднікі Вілейскага павета Віленскай губерні (зараз – Пастаўскі раён Віцебскай вобласці) у сям'і селяніна. Бацька меў 6 дзесяцін зямлі, шэсць сыноў і адну дачку, увесь час цягнуўся да заробкаў на баку, пакуль канчаткова не стаў рабочым-інструментальшчыкам на Беларускай чыгунцы і не пераехаў з сям'ёй у 1915 г. на сталае жыхарства ў Маскву. Дзяцінства будучага паэта прайшло на вёсцы, аднак асноўным месцам жыхарства стала Масква. Яшчэ ў маленстве вялікае ўражанне на У. Дубоўку зрабіла беларуская вусная народная творчасць (казкі, песні і інш.), прыгажосць роднай прыроды. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Манькаўскай школе. У 1912–14 гг. вучыўся ў Мядзельскім двухкласным вучылішчы. У 1918 г. скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю, вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, настаўнічаў на Тульшчыне (1918–20). У 1920–21 гг. служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у паходзе на Варшаву, пасля заканчэння вайны вёў барацьбу з бандытызмам. Пасля дэмабілізацыі працаваў метадыстам і інспектарам беларускіх школ у Наркамаце асветы РСФСР і займаўся у Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава, які скончыў у 1924 г. У 1922–25 гг. Дубоўка з’яўляўся рэдактарам беларускага тэксту «Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР», адначасова ў 1923–24 гг. быў адказным сакратаром прадстаўніцтва БССР пры Урадзе СССР. Член літаратурна-мастацкай арганізацыі «Маладняк» ад часу яе ўзнікнення (1923): быў адказным сакратаром Цэнтральнага Бюро (ЦБ), рэдактарам некалькіх нумароў часопіса «Маладняк». Рэдагаваў часопіс «Беларускі піянер». У 1925 г. разам з А. Бабарэкам, К. Чорным, К. Крапівой, З. Бядулем, Я. Пушчам увайшоў у ініцыятыўную групу па арганізацыі літаратурна-мастацкага аб'яднання «Узвышша». Быў у складзе рэдкалегіі часопіса «Узвышша». Хоць пастаянна жыў у Маскве, але прымаў актыўны ўдзел у беларускім літаратурным руху – быў старшынёй маскоўскай філіі «Маладняка», друкаваў вершы ў альманахах беларускіх студэнтаў («Маладая Беларусь», «Змаганне»), з'яўляўся першым рэдактарам літаратурнай старонкі на беларускай мове (арганізоўвалася раз у два тыдні) у газеце «Гудок», быў ініцыятарам і адным з аўтараў выдадзенай у 1926 г. у Маскве кнігі «Якуб Колас у літаратурным жыцці». У 1924–27 гг. выкладаў беларускую літаратуру ў Камуністычным універсітэце народаў Захаду, у 1926–30 гг. рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўрада Саюза ССР». 20.7.1930 г. незаконна арыштаваны, 10.4.1931 асуджаны на 5 год высылкі у Яранск, а ў 1937 г. – на 10 год пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Далёкім Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Працаваў тынкавальшчыкам, малярам, мулярам, столярам. Здаралася працаваць і на лягчэйшых работах – юрысконсультам, эканамістам, бухгалтарам. Увесь гэты час як пісьменнік У. Дубоўка нічога не рабіў. З 1958 г. (пасля рэабілітацыі) жыў да канца сваіх дзён у Маскве.