Смекни!
smekni.com

Месца і ролю вучэбна-метадычных дапаможнікаў па беларускай літаратуры ў працэсе школьнай адукацыі (стр. 3 из 5)

Вельмі карысным з’яўляецца тое, што перад кожным урокам акрэслены яго мэты. Бо такая праца вельмі цяжка даецца асабліва маладому і нявопытнаму настаўніку.

Амаль на кожным уроку па творчасці М. Багдановіча В.Я. Ляшук рэкамендуе актывізаваць веды і пачуцці вучняў, каб увесці ў свет таго, пра што пойдзе гутарка далей, пэўным чынам падрыхтаваць іх да ўспрымання новага матэрыялу. Асабліва карыснай будзе такая падрыхтоўка ў сярэніх класах, бо гэта спрыяе абуджэнню цікавасці вучняў да твора, які разглядаецца на ўроку, і да асобы паэта. Аўтар рэцэнзуемага дапаможніка лічыць мэтазгодным праводзіць такія гутаркі пры вывучэнні твораў “Зімой”, “Вадзянік”, “Слуцкія ткачыхі”, “Песняру”.

Вельмі карыснай з’яўляецца парада аб выкарыстанні параўнальнага падыходу і міжпрадметных сувязей. Так, пры вывучэнні верша М. Багдановіча “Санет” у VІІІ класе праводзіцца паралель з вершам У. Шэкспіра “Санет”. Параўноўваюцца таксама пераклады М.Ю. Лермантава і верша Гётэ, зробленага аўтарам “Вянка”. Плённымі з’яўляюцца парады па арганізацыі міжпрадметных сувязей з гісторыяй, а таксама ўнутрыпрадметных сувязей розных тыпаў. Выкарыстанне міжпрадметных сувязей на ўроках літаратуры спрыяе эканоміі часу, абуджэнню цікавасці вучняў да твора.

Добра, што вучоны-метадыст звяртае ўвагу настаўніка на неабходнасць акрэсліваць праблему аналізу на арыентацыйных занятках, на неабходнасць правядзення працы па запамінанні зместу твора.

Аўтар дапаможніка дае падрабязны аналіз кожнага твора, які вывучаецца на ўроку. Вялікую ўвагу В.Я. Ляшук надае думкам, пачуццям, якія выклікае твор у вучняў. Настаўнік павінен дапамагаць ім мысліць самастойна, рабіць уласныя высновы. Веа Якаўлеўна пастаянна звяртае ўвагу на мастацкія сродкі, якія выкарыстоўвае М. Багдановіч у творах, раіць дэталёва разбіраць іх, вучыць дзяцей абгрунтоўваць свае адказы, прыводзіць прыклады. Паступова, асабліва ў старэйшых класах, В.Я. Ляшук ускладняе задачу пошуку мастацкіх сродкаў у вершах М. Багдановіча, раіць больш глыбока і ўдумліва сачыць за развіццём думак, настрою і пачуццяў лірычнага героя.

Вывучэнне кожнага твора М. Багдановіча Вера Якаўлеўна спалучае з пэўным перыядам жыццёвай і творчай дзейнасці паэта, звесткамі з яго біяграфіі. Не апошняе месца займае і актуалізацыя папярэдніх ведаў.

Вартаснай з’яўляецца прапанова В.Я. Ляшук папрацаваць вучням самастойна. Напрыклад, як пры вывучэнні пейзажнага верша М. Багдановіча “Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог…” (VІІІ клас). Хоць такія ўрокі патрабуюць ад настаўніка вялікай падрыхтоўкі, распрацоўкі розных пытанняў і заданняў, яны не менш карысныя, чым урокі, дзе настаўнік працуе з вучнямі ў адной камандзе. Карысным з’яўляецца і выкарыстанне прыёму кадраплана. У вучняў, якія працуюць над заданнем па стварэнні кадраплана, развіваецца вобразнае ўяўленне, без чаго ўспрыманне мастацкага твора, у аснове якого зрокавыя вобразы, будзе павярхоўным. Узор такой працы даецца на прыкладзе пейзажнага верша М. Багдановіча “Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог…”.

Вельмі далікатна аўтар дапаможніка падводзіць вучняў VІІІ класа да вывучэння інтымнай лірыкі, з якой дзеці не знаёміліся раней (верш “Зорка Венера”).

Важнае значэнне для настаўнікаў беларускай літаратуры маюць рэкамендацыі аўтара па распрацоўцы сістэмы ўрокаў па вывучэнні творчасці М. Багдановіча ў ІХ класе, а таксама прапанаваны яе канчатковы варыянт. Напрыклад, першы ўрок “У вянок паэту” будуецца як урок-мантаж, дзе гучаць вершы, прысвечаныя М. Багдановічу, у чытанні загадзя падрыхтаваных вучняў. Вершы розных паэтаў падабраны надзвычай удала. На ўроку выкарыстоўваюцца выставы кніг пра М. Багдановіча, творы мастацтва і культуры, фотаздымкі.

Варта адзначыць урок пазакласнага чытання, прысвечаны жыццю і творчасці М. Багдановіча. Так, В.Я. Ляшук прапануе правесці ўрок пазакласнага чытання ў форме літаратурнай вечарыны “Красу, і светласць, і прастор шукаў” і паказвае, як гэта лепш зрабіць. У канцы ўрока вучням прапануецца віктарына, якая з’яўляецца своеасаблівым замацаваннем ведаў, набытых пры вывучэнні творчасці М. Багдановіча.

Вельмі глыбокую распрацоўку дае В.Я. Ляшук па вывучэнні апавядання “Апокрыф”. Заслугоўваюць самай высокай ацэнкі і ўвагі настаўнікаў яе рэкамендацыі да іншых урокаў. Напрыклад, па вывучэнні інтымнай лірыкі М. Багдановіча. Для вучняў старэйшага школьнага ўзросту тэма кахання набывае актуальнае значэнне. Зацікавяць іх на гэтым уроку ўспаміны Г. Какуевай і Д. Дзябольскага, якія прапануе выкарыстаць В.Я. Ляшук. Рэкамендацыі аўтара паспрыяюць выхаванню культуры інтымных узаемаадносін маладых людзей.

Такім чынам, дапаможнік В.Я. Ляшук можна назваць каштоўным метадычным набыткам па беларускай літаратуры.


2.1.2 Аналіз манаграфіі і дапаможніка Дз. Бугаёва па вывучэнні творчасці Васіля Быкава ў школе

Манаграфія Д. Бугаёва “Нарыс жыцця і творчасці” падае біяграфічныя звесткі пра Быкава (з фотаздымкамі), яго першыя крокі ў літаратуру. Карысным для настаўнікаў і школьнікаў з’яўляецца крытычны матэрыял аповесцей, уключаных у школьную праграму: “Сотнікаў”, “Жураўліны крык”, “Альпійская балада”. Таксама звяртаецца ўвага на творы, якія былі напісаны Быкавым у 60-х гадах: “Мёртвым не баліць”, “Абеліск”, “Пайсці і не вярнуцца”.

У працы Дзмітрыя Бугаёва змешчаны звесткі пра разнастайнасць творчасці В. Быкава. Так, у згаданай працы можна знайсці карысную дзеля настаўніка і вучняў інфармацыю пра тое, што мастак спрабаваў свае сілы і ў драматургіі. Яго п’есы, у прыватнасці “Апошні шанц”, ставіліся ў Маскве, Мінску, Гродна. У Латвіі па гэтай п’есе быў створаны тэлеспектакль.

Спектаклі па творах быкаўскай прозы ішлі ў Маскве – у Цэнтральным дзіцячым тэатры (“Іван і Джулія” – па “Альпійскай баладзе”), у Тэатры імя Станіслаўскага (“Абеліск”), на сцэне філіяла Тэатра імя Маякоўскага (“Званы Хатыні” – па аповесцях “Трэцяя ракета” і “Пайсці і не вярнуцца”), у Новым тэатры-студыі (“Пайсці і не вярнуцца”). Ленінградцы паставілі “Знак бяды” (у Тэатры драмы і камедыі), і “Сотнікава” (у студэнцкім тэатры “Студзіо”). Рускі тэатр драмы імя Пушкіна ў Ашхабадзе ажыццявіў пастаноўку “Перакрыжаванне” па матывах аповесцей “Сотнікаў” і “Круглянскі мост”. “Сотнікаў” жа ішоў у Горна-Алтайску і ў Магілёве. У Мінску Рускі драматычны тэатр імя Горкага даў сцэнічнае жыццё героям аповесцей “Пайсці і не вярнуцца” і “Знак бяды”. Спектакль мінчан у 1986 годзе адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.

Звяртаецца Бугаёў і да апісання кінематаграфічнай працы В. Быкава. Так, па словах аўтара, “спецыяльнай гаворкі заслугоўваюць нялёгкая і не заўсёды ўдзячная праца Васіля Быкава ў якасці кінасцэнарыста і ўвогуле яго ўзаемаадносіны з гэтым відам мастацтва. Але і без спецыяльнага разгляду можна сказаць, што кінафільмы, зробленыя па творах пісьменніка, далёка не парадаюць усё іх багацце. Суцяшэннем, праўда, вельмі малым, можа служыць хіба толькі тое, што і экранізацыі арыгінальных твораў мастацкай прозы, напісаных іншымі аўтарамі, рэдка дасягаюць больш-менш значных удач. Страты ж адносна змястоўнасці першакрыніцы здараюцца скрозь, на кожным кроку. Гэта выклікае калі не прама выказаныя нараканні, дык унутраную незадаволенасць многіх пісьменнікаў. І Быкаў, так думаецца, не складае выключэння” [3; С.193].

У кнізе Бугаёва знаходзім шмат слушных выказванняў пісьменнікаў з розных рэспублік, якія тычуцца творчасці В. Быкава і могуць быць карыснымі пры вывучэння яе ў школе.Так, прывядзём некаторыя з іх: Пімен Панчанка: “Усе аповесці і апавяданні В. Быкава я ведаю, здаецца, ад першай да апошняй надрукаванай старонкі. Люблю яго творчасць аддана, закахана і яшчэ неяк па-іншаму, па-брацку… Люблю і глыбока паважаю яго рэдкі магутны талент, яго непараўнанае майстэрства, яго чуйнае мудрае сэрца”.

Чынгіз Айтматаў: “Разумею, як цяжка быць Васілём Быкавым. Таму схіляюся перад тваёй творчасцю і маральным подзвігам”.

Давід Кугульцінаў “Жыве ў Беларусі пісьменнік, чыя творчасць мне блізкая, зразумелая і таму асабліва дарагая” [3; С.154].

Акрамя разгледжанай раней працы, Д. Бугаёў выступіў сааўтарам дапаможніка па вывучэнню творчасці Быкава. Так, у 1995 годзе ён разам з аўтарамі М.І. Верціхоўскай, В.У. Верціхоўскай выдае дапаможнік “Вывучэнне творчасці Васіля Быкава ў школе”. Падрыхтаваны дапаможнік у адпаведнасці з праграмамі па беларускай літаратуры. Ён складаецца з дзвюх частак. У першай – асвятляецца жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава (аўтар гэтай часткі Д. Бугаёў). У другой частцы прыведзена сістэма ўрокаў па творчасці пісьменніка ў старшых класах (аўтары М.І. Верціхоўская, В.У. Верціхоўская).

Першая частка дапаможніка дае ўяўленне пра жыццёвы шлях Васіля Быкава, яго шлях у літаратуру, жыццёвыя пазіцыі. Тут жа знаходзім крытычны матэрыял па аповесцях пісьменніка, якія ўключаны ў школьную праграму па беларускай літаратуры: “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Пастка”, “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Праклятая вышыня”, “Яго батальён”, “Сотнікаў”, “Абеліск”, “Знак бяды”, “Аблава”, “Сцюжа”, “Пакахай мяне, салдацік”, “Ваўчыная яма”, “Афганец”, “Балота”.

Бугаёў, акрамя таго, знаёміць вучняў з асноўнымі тэмамі і ідэямі быкаўскіх апавяданняў. Так, ён зазначае: “Хоць галоўным жанрам у Васіля Быкава, трывалай асновай яго эстэтычнага свету стала невялікая, сціслая ў памерах, але моцна збітая аповесць, час ад часу, на працягу ўсяго творчага шляху ён звяртаўся і да апавядання, а ў апошнія гады свайго жыцця аддаваў перавагу ўжо малой апавядальнай форме – апавяданню ў яго звыклым выглядзе, навеле, прытчы (прыпавесці). Гэтыя творы змяшчаліся ў зборніках “Ход канём” (1960), “Жураўліны крык” (1960), “Адна ноч” (1965), “Сцяна” (1997), “Пахаджане” (1999 – 2000) [3; 131].