Смекни!
smekni.com

Актывізацыя беларускіх сіл ў перыяд НЭПа (стр. 2 из 4)

НЭП патрабаваў карэннай змены фінансавай палітыкі, увядзення грашовага абароту. 3 гэтай мэтай была адноўлена плата за водпуск дэяржаўных прадуктаў і тавараў, уведзены прамыя і ўскосныя падаткі, шэраг мясцовых падаткаў і збораў. Гэта садзейнічала ўмацаванню фінансавай сістэмы, стабілізацыі грошай. У 1923—1924 гг. адбыўся пераход да чырвонца, які меў высокую пакупную здольнасць.

У пачатку 20-ых гадоў катастрафічна ўпала прадукцыйнасць працы, якая ледзь дасягала 10— 30 % даваеннай. Выключна нізкай стала працоўная дысцыпліна. Прагулы і спазненні прынялі масавы характар. На прадпрыемствах Гомельскай губерні прагулы рабіла палова працуючых.

Цяжкімі былі і жыллёвыя ўмовы працоўных. За гады войнаў у гарадах Беларусі было разбурана 1200 тыс. кв. м жылля. У сярэднім на аднаго жыхара прыходзілася 1,35 кв. сажня карыснай плошчы замест 1,8 па норме. Шмат жылля было непрыгодным. Выступаючы на III сесіі ЦВК БССР, старшыня Барысаўскага гарсавета А. Хацкевіч адзначыў, што «рабочыя барысаўскай запалкавай фабрыкі «Бярэзіна» туляцца ў напаўразбураных дамах або ў дамах, зусім непрыгодных для жылля». Цяжкае становішча з жыллём было і ў іншых гарадах.

3 мэтай паляпшэння жыллёвых і бытавых умоў рабочых ЦВК РСФСР у сакавіку 1921 г. прыняў пастанову аб стварэнні цэнтральнай і мясцовых камісій па паляпшэнню быту рабочых. Цэнтральная камісія ЦВК БССР па паляпшэнню быту рабочых была арганізавана 17 красавіка 1921 г. Неўзабаве такія ж камісіі былі створаны пры кіруючых прафсаюзных камітэтах і на прадпрыемствах. Камісіі мелі вельмі абмежаваныя магчымасці, але і ў гэтых умовах яны працавалі даволі плённа. Сярод рабочых было праведзена абследаванне жыллёвых умоў і ўзяты на ўлік тыя з іх, у каго яны былі асабліва дрэннымі. Шмат хто перайшоў у малазаселеныя кватэры або ў памяшканні, вызваленыя пры ўшчыльненні розных арганізацый. У Мінску толькі за май — жнівень 1921 г. была прадастаўлена жыллёвая плошча 4650 чалавекам[3].

Ратуючыся ад голаду, холаду і хвароб, шмат жыхароў гарадоў выязджалі ў іншыя мясціны, перасяляліся ў вёску. Колькасць гарадскога насельніцтва ў 1922 г. у параўнанні з 1917 г. скарацілася ў БССР з 280 да 184 тыс. чал.

Цяжкае эканамічнае становішча рэспублікі ўзмацнялася масавым палітычным і крымінальным бандытызмам. Усяго за 1921—1922 гг. было ўчынена больш 2,1 тыс. бандыцкіх нападзенняў. 3 тэрыторыі Польшчы сістэматычна засылаліся банды, учыняўшыя пагромы і падпалы. Толькі ў 1921 г. імі было зроблена 217 пагромаў у 169 населеных пунктах, ад якіх папакутавала больш 3 тыс. сямей, пераважна яўрэйскіх. Дзесяткі людзей былі забіты. Як адзначаў ЦК КП(б)Б, у ходзе ўсяго 1921 г. працягвалася гарачая барацьба з бандытызмам. Толькі з 1922 г. пачынаецца праца па аднаўленню гаспадаркі.

Пераход да новай эканамічнай палітыкі ў БССР, Віцебскай і Гомельскай губернях быў сустрэты неадназначна. Нягледзячы на тлумачальную працу, шмат хто не разумеў НЭПа. VI партканферэнцыя Гомельскай губерні (люты 1921 г.) катэгарычна адхіліла лінію на замену харчраскладкі харчпадаткам, як крок, аслабляючы дыктатуру пралетарыяту. Сакратар Гомельскага губкома М. Хатаевіч адзначаў, што да 1922 г. умовы новай эканамічнай палітыкі яшчэ не былі засвоены ўсімі членамі партыі і заўважаліся значныя выхады і выключэнні з партыі. Асабліва частыя выхады наглядаліся ў апошнія месяцы 1921-га і ў пачатку 1922 г. Але і да кастрычніка 1922 г. адсеў з партыі па губерні перавышаў прыём, калі выбыла 211 чал., а было прынята 168. 3 ліку выбыўшых 30 % складалі рабочыя.

Аднак большасць працоўных БССР адобрылі пераход да новай эканамічнай палітыкі. На шматлікіх мітынгах і сходах працоўных калектываў, з'ездах прафсаюзаў выносіліся рэзалюцыі, ухваляўшыя НЭП, курс на аднаўленне народнай гаспадаркі.

Дзякуючы падтрымцы рабочага класа, новая эканамічная палітыка праводзілася ў жыццё, прыносіла свае першыя вынікі. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, ужо ў 1921—1922 гг. пачалося аднаўленне прамысловасці.

Але 1922 г. прынёс і вялікія эканамічныя цяжкасці. Ужо вясной у рэспубліцы пачаў адчувацца крызіс збыту. Яго з'яўленне было выклікана імкненнем дзяржавы шляхам устанаўлення высокіх цэн на прамысловыя тавары атрымаць за кошт сялянства неабходныя сродкі для аднаўлення буйной прамысловасці. Прычынай крызісу з'явіліся таксама нізкая прадукцыйнасць працы ў прамысловасці, вялікія накладныя расходы і інш.

Заняпаўшыя ў гады вайны і рэвалюцыйных пераўтварэнняў промыслы і гандаль з пераходам да НЭПа хутка пачалі адраджацца. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы ў першай палове 20-ых гг. тысячы людзей зацікавіліся промысламі. Адкрылася мноства швейных, шавецкіх, слясарных і дрэваапрацоўчых майстэрняў, пякарняў, лавак, забяспечыўшых хуткі рост вытворчасці і таваразвароту.

Ажыццяўленне НЭПа дало ў Беларускай ССР станоўчыя вынікі. 1923/24 гаспадарчы год стаў пераломным ў рабоце прамысловасці, у жыцці рабочага класа. Пачаўся хуткі рост прамысловай вытворчасці, паскорыліся тэмпы адбудоўчых работ. За 1923/24—1926/27 гаспадарчыя гады былі адноўлены і пабудаваны дзесяткі фабрык і заводаў, у іх ліку Мінскі кафельна-керамічны завод, гарбарны завод «Бальшавік», Копыскі кафельны завод, кардонавая фабрыка «Друць», Мінская шпалерная фабрыка і інш. Колькасць цэнзавых прадпрыемстваў у 1926/27 г. дасягнула 410, а занятых на іх рабочых — 32 137 чал. Асноўныя фонды прадпрыемстваў склалі 86,5 млн. руб. супраць 58,5 млн. руб. у 1913 г.

Хуткімі тэмпамі павялічваўся аб'ём валавой прадукцыі. На працягу 1924—1928 гг. прамысловая прадукцыя вырасла ў БССР у 2,3 раза. У 1926/27 гаспадарчым годзе завяршыўся працэс аднаўлення прамысловасці рэспублікі. Аб'ём валавой прадукцыі цэнзавай прамысловасці склаў 67 748,7 тыс. руб. супраць 61 570,8 тыс. руб. у 1913 г. Аб завяршэнні аднаўленчага перыяду менавіта ў гэты час, а не ў канцы 1925 г., як лічылася раней, гавораць многія іншыя факты. Так, праўленне народнагаспадарчага ўліку БССР канстатавала, што яшчэ за год да пачатку першай пяцігодкі (гэта значыць у 1926/27 гаспадарчым годзе) быў скончаны аднаўленчы перыяд у прамысловасці БССР з пункту гледжання дасягнення ёю ўзроўню даваеннай вытворчасці. Перадумовай хуткага ўздыму эканомікі БССР з'явілася свабода таварна - рыначных адносін, спрыяўшых развіццю прыватнай вытворчасці.

Выключна важнае значэнне для развіцця прамысловага патэнцыялу Беларускай ССР мела павелічэнне яе тэрыторыі ў 1924 і 1926 гадах, стабілізацыя фінансаў, павышэнне ўзроўню заработнай платы.

2.Актывізацыя беларускіх сіл ў перыяд НЭПа.

Цяжкае сацыяльна-эканамічнае становішча ўскладнялася супярэчліва палітычнай сітуацыяй. Тэрыторыя Беларусі ў 1921 г. была падзелена паміж Расіяй і Польшчай. Незадаволеныя харчразверсткай сяляне браліся за зброю. Многія з юнакоў, прызванных у 1914-1916 гг., за шмат гадоў вайны звыкліся здабываць хлеб вінтоўкамі.

1921 год паставіў перад беларускім народам цяжкія і складаныя для вырашэння задачы. Неабходна было аднавіць разбураную гаспадарку, прыступіць да будаўніцтва новага грамадства. У першую чаргу трэба было прыпыніць падзенне сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, пагаршэнне ўмоў жыцця працоўных.

Спроба бальшавіцкай партыі перайсці да сацыялістычных метадаў гаспадарання пры дапамозе ўсеагульнага адзяржаўлення сродкаў вытворчасці і адказу ад таварна-грашовых адносін прывяла да глыбокіх крызісных з'яў.

Эканамічны крызіс дапоўніўся палітычным. «Ваенны камунізм», заснаваны на прымусе і насіллі, выклікаў шырокую незадаволенасць народа, асабліва сялянства. Гэтая палітыка стала бумерангам, які павярнуўся супраць савецкай улады. У шмат якіх месцах пракацілася хваля забастовак рабочых, незадаволеных цяжкім эканамічным становішчам. Насільная канфіскацыя хлеба ў сялян па харчраскладцы выклікала шматлікія ўзброеныя выступленні. Кульмінацыяй незадаволенасці стала Кранштацкае паўстанне[4] (люты — сакавік 1921 г.).

Характарыстыка гэтых выступленняў як кулацкіх, кіруемых эсэра-меншавікамі, панаваўшая раней у гістарычнай літаратуры, з'яўляецца аднабаковай. Яны былі натуральнай рэакцыяй працоўных, у тым ліку і бяднейшага сялянства, супраць насілля «ваеннага камунізму».

Кранштатцы выступілі супраць «партыйнай дыктатуры», засілля бюракратаў, «заклапочаных сваім уласным дабрабытам», за «перадачу ў рукі самога працоўнага народа кіравання краінай». Іх лозунгам стаў заклік «Улада Саветам, а не партыям!». Паўстаўшыя патрабавалі правесці перавыбары Саветаў, забяспечыць «свабоду слова і друку для рабочых і сялян... свабоду сходаў, прафесіянальных саюзаў, сялянскіх аб'яднанняў».

Аб Кранштацкім паўстанні напісана шмат. Але ці ўсё гэта праўда? Яно не было адгалоскам грамадзянскай вайны, «контррэвалюцыйным мяцяжом». Бо ў ім прынялі ўдзел ў асноўным тыя, хто ўдзельнічаў у рэвалюцыі і грамадзянскай вайне. Рабочыя, сяляне, матросы, якія зусім нядаўна яшчэ былі класавай апорай дыктатуры пралетарыяту, выступілі супраць новай улады. Гэта было першае значнае выступленне працоўных супраць бальшавіцкага рэжыму, спрабаваўшага лявацкімі метадамі ўвесці камуністычныя прынцыпы гаспадарання ў аграрнай краіне з разбуранай вайною эканомікай і нізкай культурай народа.

Кранштацкае паўстанне паказала, што палітыка «ваеннага камунізму» не мае перспектывы. Менавіта гэта паслужыла асновай, дазволіўшай У.Леніну прыйсці да вываду аб неабходнасці кардынальных перамен. Вынікам гэтага з'явілася новая эканамічная палітыка (НЭП), распрацаваная ім у лютым — сакавіку 1921 г. і прынятая Х з'ездам РКП(б). Можна лічыць, што нэп з'явіўся першым крокам да перамены «ўсяго пункту гледжання нашага на сацыялізм», аб чым ён заявіў у пачатку 1923 г.

Мэтай нэпа з'яўлялася ўмацаванне эканамічнага і палітычнага ўплыву рабочых на сялянства дзеля захавання ўлады бальшавікоў. У першую чаргу гэтаму спрыяў пераход ад харчраскладкі да харчпадатку, ад прадуктаабмену да таварна-грашовых рыначных адносін. Гэта была спроба сумясціць сацыялістычныя прынцыпы адзяржаўленай эканомікі, у першую чаргу прамысловасці і транспарту, з эканамічнымі законамі капіталістычнага грамадства.