Смекни!
smekni.com

Культура маўлення кіраўніка (стр. 2 из 4)

Адметнай рысай навуковых тэкстаў служыць шырокае скарыстанне спасылак на разнастайныя крыніцы, якія афармляюцца ў выглядзе бібліяграфіі і складаюць прэсупазіцыйны фон дадзеных тэкстаў, надаюць ім даставернасць, інфармацыйную насычанасць, а аўтарам тэкстаў – неабходную кампетэнтнасць, эрудыцыю і кваліфікаванасць. Даволі разнастайнымі з’яўляюцца і жанры навуковай літаратуры: тэзісы, анатацыя, рэферат, артыкул, манаграфія, дысертацыйныя працы, зборнікі, падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, спецыяльныя даведнікі, у тым ліку энцыклапедычныя, шматлікія слоўнікі (тлумачальныя, перакладныя, граматычныя і інш.) і г.д.

Камунікацыйнай, інфармацыйнай функцыі паведамленняў навуковага стылю папярэднічае пазнавальная функцыя, якая звычайна займае значна большае месца ў творчай дзейнасці спецыяліста. Напрыклад, для напісання кандыдацкай дысертацыі адводзіцца як мінімум тры гады паўсядзённай працы кваліфікаванага спецыяліста, як правіла з вышэйшай адукацыяй, ў нашай краіне. Яшчэ больш часу і інтэлектуальных высілкаў патрабуюць напісанні доктарскіх дысертацый, манаграфій, падручнікаў для ВНУ і інш.

Навуковыя працы афармляюцца па выпрацаваных стандартах, строга ўпарадкаваны і структурыраваны, часта суправаджаюцца рэзюме, анатацыямі, нярэдка рэцэнзіруюцца і рэферыруюцца (звычайна манаграфічныя выданні), складаюць асноўны фонд бібліятэк спецыяльных устаноў (ВНУ, акадэмічныя інстытуты і інш.). З усіх стыляў літаратурнай мовы навуковы з‘яўляецца найбольш міжнародным па свайму характару, бо грунтуецца на параграфемах і на лексіцы інтэрнацыянальнага паходжання (прынамсі, у еўрапейскіх краінах).

Стыль мастацкай літаратуры, прадстаўлены лепшымі майстрамі слова, служыць адначасова і ўзорам літаратурнай мовы ў цэлым. У адрозненне ад афіцыйна-дзелавога і навуковага стыляў ён па сваіх моўных сродках і выражаным змесце мае найбольш глыбокі і адметны нацыянальны характар, таму перакладаць тэксты мастацкай літаратуры на іншыя мовы значна цяжэў, чым афіцыйна-дзелавыя і навуковыя. У мастацкай літаратуры даволі выразна выдзяляюцца такія жанры, як проза, паэзія, драматургія, мемуары, кожны з якіх характарызуецца сваімі моўнымі асаблівасцямі, структурнай арганізацыяй.

Аднак агульным для іх усіх служыць разнастайнае выкарыстанне вобразных сродкаў, абыгрыванне ўнутранай формы слоў, пераробка фразеалагізмаў, а таксама ў залежнасці ад тэматыкі канкрэтнага твора, ад яго аўтара і ўжыванне сродкаў іншых разгледжаных вышэй стыляў. Найбольш істотнай рысай стылю мастацкай літаратуры з‘яўляецца рэалізацыя ў ім эстэтычнай функцыі мовы, таму невыпадкова ў якасці сіноніма тэрміна мастацкая літаратура ў беларускай мове прымяняецца выраз прыгожае пісьменства. Малюнкавасць і вобразнасць мовы мастацкай літаратуры забяспечваецца гарманічным выкарыстаннем усіх стылістычных рэсурсаў канкрэтнай мовы, выпрацаваных цягам яе гісторыі і наяўных на перыяд напісання канкрэтнага твора, у якім могуць быць ужыты і дыялектызмы, і жарганізмы, і неалагізмы, і тэрміны, і канцылярызмы, і кніжныя словы, а таксама архаізмы, аказіяналізмы, гістарызмы і інш. Вобразнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць выяўленчых сродкаў мастацкай літаратуры грунтуецца на шырокім выкарыстанні многазначных слоў, эпітэтаў, сінонімаў, антонімаў, разнастайных тропаў, адмысловых спалучэнняў слоў, эліптычных канструкцый сказа (асабліва ў мове персанажаў), стылістычных фігур – анафара, катафара, метафара, эпіфара, паралелізм і інш.

Мастацкая літаратура таксама характарызуецца тым, што ў ёй вылучаюцца стылі асобных буйных пісьменнікаў, паэтаў, мова якіх мае адметныя індывідуальныя рысы, што адрозніваюць яе ад мовы іншых майстроў слова. Мова асобнага пісьменніка называецца ідыястылем і яе вывучэнню прысвечана шмат філалагічных прац, як літаратуразнаўчых, так і лінгвістычных, многія з якіх маюць характар дысертацыйных работ.

З усіх стыляў мовы стыль мастацкай літаратуры з‘яўляецца найбольш сінкрэтычным, амбівалентным, бо ў ім у розных прапорцыях могуць рэалізавацца элементы іншых стыляў, аб‘яднаных агульнай для ўсіх функцыяй камунікатыўнасці. Для стыля ж мастацкай літаратуры дадатковай, але, бадай, важнейшай для яе і дыферэнцыяльнай у адносінах да іншых стыляў служыць функцыя эстэтычная (гл.: Цікоцкі 1995, 274).

Апрача твораў прыгожага пісьменства асобных аўтараў, мастацкі стыль ужываецца ў народнай калектыўнай творчасці – фальклоры (казкі, легенды, паданні, песні, байкі і інш.). Мастацкі стыль рэалізуецца і ў пісьмовай, і ў вуснай форме, у форме дыялогу і маналогу, у аўтарскай мове і ў мове персанажаў. Знакамітыя мастацкія творы і іх часткі могуць выкарыстоўвацца ў іншых мастацтах, пераводзіцца ў іх, напрыклад, у тэатральныя пастаноўкі, кіно, оперы, музычныя творы, творы выяўленчага мастацтва, жывапісу і інш., быць аб’ектам навуковага даследавання, г. зн. апісвацца сродкамі навуковага стылю.

2. Культура маўлення і яе асноўныя кампаненты

Культура маўлення з‘яўляецца вельмі шырокім, ёмістым паняццем, якое звязана не толькі з уменнем правільна, прыгожа, пераканаўча гаварыць, але і з агульнай культурай чалавека, яго знешнім выглядам, адзеннем, манерамі, з уменнем лагічна і дакладна мысліць і аптымальна выражаць разважанні і гатовыя думкі, адэкватна апісваць моўнымі сродкамі любыя жыццёвыя і вытворчыя сітуацыі, правільна, без памылак складаць і афармляць разнастайныя пісьмовыя дакументы, дарэчна і ўмела выкарыстоўваць усе стылістычныя рэсурсы мовы, пра якія гаварылася ў папярэдніх параграфах.

Галоўнымі складнікамі (кампанентамі, арганічнымі часткамі) культуры маўлення служаць правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чыстата, багацце, або разнастайнасць, выразнасць, дарэчнасць і сцісласць (гл.: Асновы 1992). Правільнасць маўлення заснавана на прытрымліванні літаратурных норм пры ўжыванні мовы, якія выпрацаваны цягам стагоддзяў і закадыфікаваны (замацаваны афіцыйна як абавязковыя для выканання) у аўтарытэтных граматыках і слоўніках (звычайна акадэмічных выданяў). Літаратурная норма забяспечвае сацыяльнае адзінства мовы, узаемаразуменне паміж усімі носьбітамі ўсіх разнавіднасцяў (дыялекты, жаргоны і інш.) мовы. Адна з галоўных мэт усёй нашай адукацыйнай сістэмы палягае менавіта ў тым, каб кожны адукаваны чалавек авалодаў літаратурнымі нормамі мовы ўжо ў сярэдняй школе, таму на ўрокі, звязанымі з вывучэннем мовы і мастацкай літаратуры як узорнай на гэтай мове, адводзіцца больш за ўсё гадзін. Але і надалей грамадства ўлічвае веданне літаратурнай мовы, бо пры паступленні ў ВНУ, напрыклад, у нашай краіне на ўсе спецыяльнасці абавязкова трэба здаваць экзамен (звычайна сачыненне) па адной з дзяржаўных моў, беларускай або рускай.

З улікам таго, што наша жыццё дынамічна развіваецца ва ўсіх сваіх сферах, мова змушана, каб адэкватна адлюстроўваць усе знешнія змены таксама развівацца, мяняцца, гнутка і пластычна прыстасоўвацца да новых абставін. Таму ў кожнай жывой мове літаратурнай норме пярэчыць, уступае з ёй у канфлікт, ужыванне (або ўзус), якое пастаянна падмывае кансерватыўныя па сваёй прыродзе нормы і прыводзіць да іх змен. З гэтай нагоды акадэмічныя граматыкі і слоўнікі рэгулярна перавыдаюцца і ў перавыданнях зазначаюцца пэўныя змены літаратурных норм, у прыватнасці ў дачыненні да правапісу, арфаэпіі, некаторых граматычных, арфаграфічных, стылістычных і іншых правіл. Важнасць, істотнасць, аўтарэтэтнасць літаратурных норм і правіл у змененым выглядзе падмацоўваецца ўрадавымі пастановамі, якім папярэднічаюць разнастайныя абмеркаванні неабходнасці такіх змен моўных правіл у грамадскасці з улікам думак спецыялістаў, усіх, хто мае дачыненне да працы са словам.

Так, што тычыцца норм беларускай літаратурнай мовы, то толькі ў 20 ст. прыняты дзве ўрадавыя пастановы (1933, 1957 г.), у якіх афіцыйна зацверджаны пэўныя змены ў літаратурных нормах беларускай мовы. У моўным ужытку некаторыя літаратурныя нормы могуць існаваць у розных варыянтах, якія трэба разглядаць часам як звычайную з‘яву. Тым не менш, не ўсе ўжывальныя варыянты дапускаюцца ў маўленні, прызначаным для сацыяльнага выкарыстання, бо многія з іх з‘яўляюцца проста адхіленнямі ад літаратурнай нормы, якая і дазваляе для ўжывання толькі пэўныя варыянты. Так, беларускія формы слоў дзіця і дзіцё, паўтара і паўтары, раба і рабыня і інш. служаць варыянтамі і дапускаюць сваё раўнапраўнае ўжыванне, а ў формах слоў і словазлучэнняў пачнём і пачнем ,у паліто і паліце, сабака пабег і сабака пабегла і інш. адзначаюцца памылкі (правільна, пачнём, у паліто, сабака пабег). Для выбару правільных, дапушчальных літаратурных норм неабходна карыстацца адпаведнымі слоўнікамі, найбольш аўтарытэтныя і поўныя з якіх павінны быць настольнымі кнігамі кожнага кіраўніка.