Смекни!
smekni.com

Палесская вёска 20-х гадоў Палесская хроніка Івана Мележа. (стр. 2 из 2)

Найбольш жа яскрава раскрываецца душэўная прыгажосць Ганны ў адносінах да Васіля, якога пакахала яна пяшчотна, шчыра і самааддана. Яна марыць аб простым чалавечым шчасці — кахаць і быць каханай. Але гэтыя высокія пачуцці разбіваюцца аб халоднае каменне рэчаіснасці. Першае каханне, трапяткое, нясмелае і ў нечым сляпое (а таму і шчырае) пачуццё, з самага пачатку абразіў той, на каго яно было скіравана, — Васіль. Паверыўшы чужым языкам, а не каханай дзяўчыне, ен растаптаў усё тое светлае і прыгожае, што існавала паміж імі. І Ганна ў хвіліну нясцерпнай абразы і пякучага болю прымае рашэнне звязаць свой далейшы лёс з Яўхімам. Ганна — дачка свайго часу, і ў гэты трагічны момант яна кіруецца не голасам сэрца, а спрадвечна сялянскім "сцерпіцца — злюбіцца". Пераадоленне гэтага разрыву паміж марай і явай стварае асноўны накірунак далейшых духоўных пошукаў гераіні. Чым даўжэй яна жяве ў сям'і Глушакоў, тым большыя памеры набывае гэты разрыў і тым глыбей, выразней разумее Ганна ўсю жахлівасць свайго становішча — становішча жонкі-рабыні, якая павінна толькі працаваць ад усходу да захаду сонца, дагаджаць мужу, нараджаць дзяцей і цярпліва зносіць усе здзекі і абразы. Глухія Глушакі да ўсяго, што не тычыцца іхняй прагі да ўзбагачэння. Стары Глушак прымушае Ганну ехаць на сенакос разам з Верачкай, дзе тая захварэла і неўзабаве памерла. "Бог даў — бог узяў", — вось рэакцыя Глушакоў на смерць дзіцяці.

Безумоўна, гэты жахлівы выпадак не мог не прывесці Ганну да душэўнага зрыву, надлому. Яна не можа больш жыць побач з такімі "сваякамі", нялюбым мужам. Рэчаіснасць адпомсціла Ганне за здраду светлым марам. Але жыццё не скончана, яно працягваецца, узыходзячы ва новую ступень развіцця. Ганна пакідае сям'ю Глушакоў і ідзе працаваць у школу (да настаўніцы Параскі), якая становіцца часовым прыстанішчам на яе далейшым жыццёвым шляху.

Лёс Ганны склаўся нялёгка. Надзеі на вяртанне былога кахання не апраўдаліся (Васіль застаўся з зямлёй), зварот у бацькоўскую хату душэўнага спакою не прынёс, пасля сустрэч з Башлыковым засталіся прыкрасць і горкая агіда...

Вобраз Ганны можна лічыць першым паўнавартасным жаночым вобразам у нашай літаратуры. Заслуга I. Мележа ў тым, што ён на першае месца вылучае духоўны свет жанчыны ва ўсіх складанасцях яго развіцця: ад радасцей першага кахання да жорсткіх рэалій рэчаіснасці.