Смекни!
smekni.com

Максім Багдановіч і Беларускае адраджэнне (стр. 3 из 3)

Значна меншае месца ў публіцыстычнай спадчыне Максіма Багдановіча
адведзена праблеме разумення інтэлігенцыяй ролі барацьбы беларускага
народа за дзяржаўную незалежнасць на рубяжы XIX—XX стагоддзяў. У прынцыпе,
ён падзяляў патрабаванне аб выдзяленні «Беларусі і Літвы, злітаваных
эканамічна, геаграфічна і гістарычна, у абласную самакіруючую адзінку».
Калі пад Літвой ім разумеліся Гродзенская і беларускія паветы Віленскай
губерняў, што тады даволі часта сустракалася на старонках навуковай
літаратуры, у розных афіцыйных выданнях, дык такое аб'яднанне гэтых
тэрыторый у адну нацыянальна незалежную адзінку — з'ява зусім нармальная і
перспектыўная. Ісці ж на дзяржаўнае аб'яднанне Беларусі з тагачаснай
этнічнай Літвой было б справай неперспектыўнай, бо тут адразу маглі б
узнікнуць цяжкасці з рэгуляваннем культурна-моўнага развіцця іх народаў,
якія ў гэтым пытанні маюць больш адрозненняў, чым падабенства. Інтэграцыя
беларусаў і літоўцаў у адну дзяржаву, нягледзячы на тое, што колісь і
сапраўды яна ў іх была агульнай, не прынесла б карысці ні першым, ні
другім. Гістарычны вопыт краін свету пераканаўча сведчыць, што ў
найбольшай ступені свае ідэалы кожны народ можа здзейсніць толькі ў
нацыянальнай дзяржаве, у якой на прадстаўнікоў іншых этнасаў прыпадае не
больш за 20—25 працэнтаў агульнай колькасці насельніцтва. У адваротным
выпадку нярэдка бывае, што цяжка пазбегнуць асіміляцыі нават карэннай
нацыі таго ці іншага поліэтнічнага дзяржаўнага фарміравання.
Думаецца, цяпер мала хто верыць, што беларускі народ можа выжыць як
самастойны этнас без поўнай, рэальнай, дзяржаўнай суверэннасці, развітай,
перадавой нацыянальнай эканомікі. I ўсё ж не менш важна для выжывання і
далейшага грамадскага прагрэсу мець беларускаму народу сваю арыгінальную,
самабытную нацыянальную культуру, старанна ачышчаную ад празмерных
напластаванняў усяго чужога, іншароднага, і родную мову, якія на сваёй
гістарычнай тэрыторыі не ведалі б канкурэнцыі, выконвалі б увесь аб'ём
функцый па задавальненню духоўных патрэб насельніцтва. Калі беларускай
культуры і мове не будзе забяспечана такая прастора, тады, карыстаючыся
любімымы выразамі Багдановіча, мы будзем выглядаць як «абсевак у
славянскім полі», выступаць у ролі «спажыўнага матэрыялу для суседніх
народаў», застанёмся «захудалым славянскім краем».
Для нас сёння вельмі важна мець на ўвазе, што і тады малады пясняр
Багдановіч глядзеў на нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа
як на з'яву агульнаеўрапейскую, бо цяпер жа нам тым больш неабходна
будаваць сваё жыццё з улікам дасягненняў цывілізаваных краін свету і
найперш Еўропы. Задумаўшы даць характарыстыку беларускага нацыянальнага
руху, Максім Багдановіч палічыў неабходным перш за ўсё вызначыць
суадносіны «паміж ім і агульнаеўрапёйскім прагрэсам». Асноўныя лініі яго
бачыліся ва ўсё большым драбленні «культур увогуле і літаратур у
прыватнасці». «Важнае месца ў гэтым зруху, — пісаў Багдановіч, — займае
працэс размежавання роднасных культур. Адны рознаскладовыя культурныя
масівы прама распаўзаюцца па шву, прыкладам чаго з'яўляецца адасабленне
трох скандынаўскіх культур, якія здаўна зліпліся, але не зліліся ў адно
цэлае. Ад іншых адпластоўваюцца больш слабыя, блізкія да іх па паходжанню,
але ўсё ж не тоесныя з імі нацыянальна-культурныя адзінкі». Таму зусім
лагічнае і адколванне ад рускай культуры ўкраінскай і беларускай. «У асобе
гэтай апошняй знаходзіцца не монстр, не рарытэт, не унікум, а глыбока
жыццёвая з'ява, якая знаходзіцца ў рэчышчы агульнаеўрапейскага прагрэсу».
Шкада, што зусім не так глядзелі ў нас на культурныя працэсы ў больш позні
час. Усякае адасабленне, арыгінальныя шляхі развіцця культуры і мовы
разглядаліся як падрыў палітыкі інтэрнацыяналізацыі духоўнага жыцця
савецкіх народаў, што нібыта не садзейнічала іх прагрэсу, але ж затое
беларусаў, нягледзячы на параўнальна ранні прыход у іх край цывілізацыі,
гэта прывяло ледзь не да поўнай асіміляцыі. Каб выкараскацца з яе «яжовых
рукавіцаў», патрэбна карэнным чынам перагледзець свае адносіны да
нацыянальна-спецыфічнага ў культуры, пераўтварыць мову беларускага народа
ў найважнейшы сродак яго духоўнага жыцця, як гэта рабілася і робіцца ўсімі
цывілізаванымі нацыямі. Такім чалавечым стаўленнем да нацыянальных
духоуных каштоўнасцей мы выканаем запавет Максіма Багдановіча, не
застанёмся ў даўгу перад яго светлаю памяццю.
Закончыць свой рэферат я хацеў бы словамі М. Багдановіча: «Пачынае
фармавацца ўсведамленне, што беларуская мова можа па праву ўвайсці ў
мясцовы грамадскі абарот... усё гэта паказвае, што ў свядомасці мясцовага
грамадства беларускі народ не tabula rasa[2], а самастойная нацыянальная
велічыня, беларускі ж рух — жывая культурна-грамадская сіла».

Лiтаратура
1. Лыч Л., Беларуская мова i нацыя: Літ.-гістарыч. арт. – Мн.:
Маст. літ., 1994. – 277 с.
2. Багдановіч М., Зорка Венера: Творы – Мн.: Маст. літ., 1991.- 462 с.
ДАДАТАК:
[1] М. Багдановіч “Народ, Беларускі Народ!..” (1913)
[2] Лацінскі выраз: чыстая, некранутая дошчачка.