Смекни!
smekni.com

Нетрадыцыйныя рэлiгii (стр. 2 из 4)

Найбольш вялікай з сучасных неаарыенталісцкіх рэлігійных арганізацый з'яўляецца Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны. Яно налічвае прыкладна 700 тыс. прыхільнікаў. Цэнтр гэтай арганізацых знаходзіцца ў г.Маяпур (Індыя), але распаўсюджана яна пераважна ў краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Па свайму характару крышнаізм з'яўляецца неаіндуісцкім кірункам.

Узнікла Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны ў 1966 г. у ЗША. Яго заснавальнікам з'яўляецца індыйскі прапаведнік Абхай Шыран Дэ (1896 - 1977), больш вядомы пад сваім рытуальным імем Бхакціведанта Свамі Прабхупада. Нарадзіўся ён у Калькуце (Індыя), скончыў тут універсітэт, займаўся бізнэсам. У 1950 г. пакінуў жонку і пяцярых дзяцей і зрабіўся манахам. У верасні 1965 г. ён прыязджае ў Нью-Йорк і пачынае прапаведаваць новае вучэнне, а праз год засноўвае Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны.

Крушнаіты сцвярджаюць, што іх веравучэнне мае доўгую традыцыю, заснавальнікам якой з'яўляецца сам бог Крышна. Свяшчэнныя веды перадаваліся ад настаўнікаў іх вучням і, нарэшце, дайшлі да Свамі Прабхупады, які выклаў іх на зразумелай для людзей XX ст. мове ў сваей кнізе "Бхагават-Гіта як яна ёсць".

Імя "Крышна" перакладаецца як "Чорны", "Цёмны", "Цёмна-сіні", хаця самі крышнаіты перакладаюць яго як "Усёпрыцягваючы''. У традыцыйным індуізме Крышна лічыцца адной з дзесяці праяў (аватар) бога Вішну, але крышнаіты сцвярджаюць, што, наадварот, гэта Вішну - аватара Крышны, як, дарэчы, і ўсе астатнія багі.

Асноўная якасць Крышны, якая падкрэсліваецца крышнаітамі, - гэта яго шчодралюбства.. Сцвярджаецца, што ён меў 16.000 жонак, прычым кожную ноч быў адначасова з кожнай з іх. Схільнасць жанчын да Крышны тлумачыцца сімвалічна, як накіраванасць чалавечых душ да зліцця з Богам. Асноўны націск у крышнаізме робіцца на любоўным служэнні чалавека Крышне. Мэтай культавай дзейнасці лічыцца зліццё са свядомасцю Крышны.

Згодна з веравучэннем крышнаізму, асновай чалавека з'яўляецца душа. Яна жыве вечна, цела - толькі яе абалонка, і душа можа мяняць гэтую абалонку. Крышнаіты прызнаюць рэінкарнацыю: у адпаведнасці з добрай альбо дрэннай кармай душа пасля смерці пасяляецца ў чалавеку, жывёле альбо расліне. Такія перараджэнні могуць адбывацца бясконца, але чалавек здольны разарваць гэты ланцуг, шляхам асэнсавання сваёй духоўнай сутнасці і далучэння да адзінства з Крышнай.

Асноўным шляхам да гэтага з'яўляецца медытацыя. Лічыцца, што ў працэсе яе чалавек цалкам выключаецца з гэтага свету і канцэнтруецца на любві да Бога. Стан выключанасці дасягаецца праз спяванне мантры "Харэ Крышна, Харэ Крышна; Крышна, Крышна, Харэ Харэ; Харэ Рама, Харэ Рама; Рама Рама, Харэ Харэ". Тут "Харэ" - звяртанне да вышэйшай энергіі, "Крышна" і "Рама" - імёны Бога.

Крышнаіт абавязаны паўтараць гэтую форму 1728 разоў у дзень, а каб не збіцца з падліку, выкарыстоўваюцца пацеркі.

Вялікае значэнне ў крышнаізме надаецца самаабмежаванню чалавекам сваіх матэрыяльных патрэб. Забаронена есці мяса, рыбу, яйкі, насіць адзенне са скуры і шэрсці, бо ўсё гэта звязана з забойствам жывёл. Крышнаіты прапагандуюць вегетарыянскую ежу, адкрываюць вегетарыянскія сталовыя і кафэ. Забараняецца ўжыванне адурманьваючых і ўзбуджаючых рэчываў, у тым ліку тытуню, кавы, чаю. Асуджаюцца неўпарадкаваныя палавыя адносіны. Супругам дазваляецца ўступаць у палавую сувязь толькі тады, калі гэта можа прывесці да зачацця дзяцей. Разводы забаронены. Мужчыны-крышнаіты голяць галаву, пакідаючы толькі касічку, за якую Крышна "прыцягне іх да сябе". У час сваіх рытуалаў крышнаіты апранаюць традыцыйнае індыйскае адзенне, звычайна аранжавага колеру.

Лічыцца, што лепшым месцам для выканання ўсіх патрабаванняў крышнаізму з'яўляецца рэлігійная камуна (ашрам). Як правіла, у нашых умовах гэта кватэра, дзе пад кіраўніцтвам духоўнага настаўніка (гуру) вывучаецца "Бхагават-Гіта" і адпраўляецца культ. У асноўным ашрамы складаюцца з маладых людзей, прыкладна ад 18 да 30 гадоў.

Любая дзейнасць успрымаецца ў крышнаізме як служэнне Крышне: прыбіранне ашрама, гатаванне культавай ежы, дабрачыннасць. Вялікая ўвага надаецца місіянерскай дзейнасці: перакладу, выданню і продажу рэлігійнай літаратуры, прапагандзе веравучэння.

Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны з'яўляецца багатай рэлігійнай арганізацыяй. Прыкладна 70% свайго даходу яно атрымлівае ад продажу рэлігійнай літаратуры, у асноўным - твораў Свамі Прабхупады. Таварыству належаць фабркі па вытворчасці касметычных і духмяных рэчываў, крамы і рэстараны дыетычнай ежы, сельскагаспадарчыя фермы. Выдаюцца часопісы "На шляху да Бога", "Свет Чайтаны", "Харэ Крышна" і інш.

Пасля смерці Свамі Прабхупады Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны ўзначальвае адміністратыўны савет з 11 яго паслядоўнікаў. Увесь свет падзелены на 11 рэгіёнаў, за кожным з якіх замацаваны гуру.

На тэрыторыі былога СССР рух крышнаітаў з'явіўся пасля таго, як у 1971 г. краіну наведаў Свамі Прабхупада і пасвяціў у крышнаіты некалькі чалавек. У 80-я гады супраць крышнаітаў у СССР былі ўзбуджаны крымінальныя справы па абвінавачванню ў "стварэнні і кіраўніцтве не зарэгістраванмі ў дзяржаўных органах з-за іх рэакцыйнай сутнасці рэлігійнымі групамі". У далейшым прыгаворы ў адносінах крышнаітаў былі адменены. Зараз суполкі крышнаітаў дзейнічаюць амаль у ста гарадах былога СССР. У Беларусі на 1 студзеня 1999 г. існавала 7 зарэгістраваных суполак крышнаітаў.

Самым вядомым неахрысціянскім накірункам у нашай краіне з'яўляецца Вялікае Белае Брацтва ЮСМАЛОС. Яно было заснавана ў Кіеве Юрыем Крывакогавым і Марыяй Цвігун 1 чэрвеня 1990 г. Да гэтага Ю.Крываногаў з'яўляўся супрацоўнікам Інстытута кібернетыкі, меў навуковую ступень кандыдата тэхнічных навук. Цікавіўся праблемамі псіхаэнергетыкі, быў блізкі да крышнаітаў, выступаў з лекцыямі па лініі таварыства "Веды". У 1990 г. заснаваў і ўзначаліў Міжнародны Інстытут душы "Атма". Інстытут выдаваў творы Крываногава на ёге, біяэнергетыцы, перасяленні душ, выпускаў газету "Атма". Марыя Цвігун да пачатку сваёй рэлігійнай дзейнасці змяніла некалькі прафесій: папрацавала інструктарам райкама камсамола, вартаўніком, афіцыянткай, журналісткай. Яна была замужам і мела сына.

Безумоўна, што ідэолагам новага вучэння з'яўляўся Ю.Крываногаў, але асноўная роля ў ім адводзілася М.Цвігун. Яна была абвешчана адначасова Дзевай Марыяй і Ісусам Хрыстом і стала называцца Маці Міра Гасподзь Марыя Дэві Хрыстос. Крываногаў жа стаў "толькі" Адамам, Янам Хрысціцелем, Зямным Айцом, прарокам Іллёй, архангелам Міхаілам і атрымаў тытул Юоана Свамі. "Адбыліся" ўсе гэтыя падзеі наступным чынам. У Данецку ("Віфліеме'') 11 красавіка 1990 г., калі Марыі Цвігун споўнілася 30 год і "адчыніліся ўсе яе жыццёва важныя цэнтры", яна памерла, яе душа была ўзята на неба, там аб'ядналася ў адзіную сутнасць з Дзевай Марыяй і Ісусам Хрыстом і праз 3,5 гадзіны адбылася поўная "эксплантацыя" Бога на зямлю ў вобразе Марыі Дэві Хрыстос. Некалькі гадзін пасля гэтага яе цела было светлавым і "выпраменьвала вібрацыю больш, чым у 100 рэнтген", пасля чаго ўплатнілася ў выглядзе першапачатковага фізічнага цела. Адначасова была ўключана праграма ЮСМАЛОС ( ЮС - Юоан Свамі, МА - Марыя Дэві, ЛОС - планетарны Логас Ісус Хрыстос), накіраваная на выратаванне Сусвету шляхам насычэння яго фохатам (святлом). Фохат ідзе ад Марыі Дэві Хрыстос,. якая ўвасабляе ў сабе мужчынскі і жаночы пачатак. Праграма павінна была дзейнічаць 3,5 гады. За гэты час прадугледжвалася стварыць на Зямлі Вялікае Белае Брацтва ЮСМАЛОС. Завершыцца праграма стварэннем зямной царквы са 144 тысячамі насычаных фохатам праведнікаў. Пасля гэтага час прышэсця Марыі Дэві Хрыстос скончыцца і яе фізічнае цела 21 лістапада 1993 г. будзе забіта. Але праз 3,5 дні яна ўваскрэсне. На 24 лістапада 1993 г. быў прызначаны Апошні Суд, пасля якога застануцца 144 святых, яны разам з Марыяй Дэві Хрыстос і Юоанам Свамі трапяць на неба, яшчэ 600 мільёнаў юсмаліян заселяць ачышчаную і пераўтвораную зямлю. Астатнія пойдуць у пекла.

Ю. Крываногаў і М. Цвігун пачалі актыўна прапаведваць сваё вучэнне, заяўляючы, што яны прыйшлі на зямлю, каб выратаваць яе ад грахоў, бо з-за іх мноства стан планеты зрабіўся крытычным, "асабліва ў зоне славянскага рэгіёна - Русі". Як гэта ні дзіўна, у іх з'явіліся прыхільнікі, колькасць якіх па розных ацэнках складала ад 15 да 20 тысяч. Было выдадзена да 100 тысяч улётак са здымкамі "Марыі Дэві Хрыстос" і "Юоана Свамі", выдавалася газета "Юсмалос", прыхільнікі Белага Брацтва прапаведвалі на вуліцах і нават выступалі па тэлебачанні. Яны казалі аб канцы свету, прыходзе Хрыста, ''Апошнім судзе''.

У пачатку лістапада 1993 г. юсмаліане сталі з'язджацца ў Кіеў і рыхтавацца да "Апошняга суда". 24 лістапада былі справакаваны масавыя хваляванні, у ходзе якіх пашкоджаны фрэскі і іканастас Сафійскага сабора, захопленага юсмаліянамі. Міліцыяй было затрымана звыш 800 чалавек.

Следства па справе Белага Брацтва цягнулася амаль два з паловай гады. 9 лютага 1996 г. Кіеўскі гарадскі суд прыгаварыў Марыю Цвігун да 4-х год турэмнага зняволення ў калоніі агульнага рэжыму (адпушчана ў канцы 1998 г. па амністыі), Ю.Крываногава да 7 год зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

За час следства ў Белым Брацтве адбыўся раскол. Усю віну за падзеі лістапада 1996 года М.Цвігун усклала на Ю.Крываногава. Ён быў абвешчаны здраднікам, Каінам, Іудай, Люцыферам. Як высветўлілася, ён насаджаў у Белым Брацтве прынцыпы крышнаіцтва, у прыватнасці ежавыя забароны, а таксама аказваў на Цвігун псіхічны і фізічны ціск. У выніку, нават імя Юоана Свамі было старанна выкрэслена з усёй літаратуры Белага Брацтва.

Знаходзячыся пад следствам, М.Цвігун выпусціла зборнік вершаў і пасланняў да сваіх прыхільнікаў пад назвай "У закланні". Адным з яго палажэнняў з'яўляецца тое, што праграма фохацізацыі не скончана, яна толькі запаволілася з-за здрадніцтва Крываногава, і трэба далей прапаведаваць ідэі Белага Брацтва, асабліва ў славянскім рэгіёне: Украіне, Расіі і Беларусі. Алнак адмовіліся ад вызначэння канкрэтнай даты Апошняга суда. Колькасць прыхільнікаў Белага Брацтва на Беларусі зараз невядома, але яна вельмі невялікая і паступова памяншаецца. Існуюць юсмаліане ў падполлі, перыядычна прапаведуюць на вуліцах і ў падземных пераходах.