Смекни!
smekni.com

Прыбытак ці ці ўратаванне душы? Крэдыт і ліхвярства ў Беларусі XVI—XVII стст. (стр. 2 из 2)

На пачатку XVIII ст. уніяцкая царква паспрабавала знайсці своеасаблівы кампраміс паміж катэгарычнай забаронай ліхвярства і натуральным імкненнем уласніка грошай атрымаць нейкую выгаду ад пазычаных сродкаў. У новай кадыфікацыі царкоўнага права ўніяцкай царквы, выдадзенай у 1722 г., адразу пасля Замойскага сабору, прапаноўвалася наступнае рашэнне праблемы: Что належит сохранити в пожичаню? Ответ: Кто пожичает, не может лихвы брати, может еднак от ста золотых пожичоных, золотых седм, взяти на рок, бо хотяй бы не пожичив, может себе человек заробити през Гандель, седм золотых, от ста золотых. Кто зась важил быся, больше брати, такий называется Лихвяром, не повинен быти припущоный до Причастия, до Споведы, не может никто быти, при его Тестаменте, и не повинен быти, ани в церкви, ани на цментаре погребенный[10].

Актавыя кнігі XVII ст. фіксуюць яшчэ адну даволі нечаканую з’яву – манаскую уласнасць. Не царкоўную, а менавіта прыватную ўласнасць законнікаў і законніц. Ім належалі землі, крамы, яны праводзілі гандлёвыя аперацыі. Вельмі паказальны тастамант 1662 г. ігумена магілёўскага брацкага манастыра Іосіфа Гаўрылавіча Азаровіча. Азаровічы былі адным з найбагацейшых магілёўскіх мяшчанскіх родаў XVII ст. Сярод ягоных прадстаўнікоў шмат хто звязаў свой лёс з царкоўнай кар’ерай. Іосіф Гаўрылавіч, яго дзядзька Арсен і брат Філарэт, – усе сталі манахамі. Але да самае смерці, не складаючы сану, захоўвалі ў прыватнай уласнасці нерухомасць, мелі крамы, давалі грошы ў крэдыт і атрымоўвалі прыбытак з гандлю[11].

Надзвычай важным фінансавым дакументам выглядае і тастамант уніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы, датаваны 1670 г. Як вынікае з гэтай крыніцы, мітрапаліт не грэбаваў крэдытнымі аперацыямі. Прычым, ізноў-такі, грошы гэтыя былі не манастырскія, а яго ўласныя, прыватныя сродкі. Сялява завяшчае па двух сваіх векселях на Лазару Майсеевічу віленскім гэбраю, “фактары Яго каралеўскай Вялікасці, трыццаць тысяч злотых польскіх”, на царкоўныя патрэбы. 20 тысячаў ён ахвяраваў менскаму жаночаму манастыру пры царкве Св. Духа, а таксама загадаў, каб “чынш” ад гэтай сумы памерам у 2 тысячы (пад гэтым эўфемізмам хаваюцца тыя самыя працэнты-ліхва) гэбраі ў пэўны тэрмін выплочвалі на жаночы манастыр. Рэшту сумы – 10 тыс. залатых, ён аддаваў на Святую Сафію Полацкую. Па другім векселі мітрапаліту быў вінен 10 тысячаў Стэфан Беліковіч, падваявода Віленскі. З гэтай сумы Сялява падараваў тры тысячы пляменнікам Фёдару, Данілу і Івану, а 2 тысячы – пляменніцы Гальшцы, на пасаг. Яшчэ 2000 залатых было выдаткавана другой пляменніцы мітрапаліта, Тарэсе Дубянецкай, у полацкі жаночы манастыр пры царкве Святой Сафіі. Прычым грошы гэтыя мусілі быць адданыя “ў жыдоўскую сінагогу, каб штогадовы прыбытак з іх ішоў у манастыр”(!), на ўтрыманне яго пляменніцы да канца яе жыцця, а пасля яе смерці на тую ж суму павінна была быць прынята на яе месца, у манастыр, адна дзеўчына з яго сваякоў. Яшчэ дзве тысячы пайшло на ўнучак, “сірот пасля смерці шурына яго”, нябожчыка Віславуха. Тысячу – брату Івану Сяляву і яго жонцы. Архіепіскапу полацкаму, у кошт кампенсацыі за свае пазыкі “на царкоўных полацкіх маетнасцях”, на выкуп гэтых царкоўных маёнткаў, Антоні Сялява пакінуў “ дзве тысячы злотых з “пажыткам” (працэнтамі), пазычаных у яго Янушам Кішкам, ваяводам полацкім, які не аддаваў доўг і працэнты за 10 гадоў. “Чацвёртую суму маю, чатыры тысячы злотых, вінную мне па пазыцы (na oblig winną), панам Марцыянам Валовічам, пісарам земскім Віленскім” мітрапаліт ахвяраваў “на царкву мінскую Святога Духа, дзе буду пахаваны”[12].

Як бачым, рэальныя паводзіны ў штодзённым жыцці і царкоўныя максімы па гэтым пытанні выразна канфліктавалі паміж сабой. У смяротны грэх упадалі і люд цывільны і святарства…

Асобна варта сказаць пра крэдытныя аперацыі беларускіх праваслаўных, рыма-каталіцкіх ды ўніяцкіх манастыроў – сапраўдных іпатэчных банкаў таго часу! Яны паспяхова канкуравалі з гэбрайскімі ліхвярамі ў барацьбе за крэдытаванне шляхты ды магнатаў. Манастырскія крэдыты даваліся звычайна на ўмовах закладу маёнтку за выдаткаваную суму. Такім чынам фармальна знікалі прыкметы ліхвярства – працэнт “хаваўся”. Але ў выпадку нявыплаты ў тэрмін часткі сумы з даўжніка спаганялі працэнты да сумы ў якасці кампенсацыі. Сярод усходнебеларускіх праваслаўных манастыроў вылучаўся размахам сваіх крэдытных аперацыяў Куцеінскі праваслаўны брацкі манастыр. У 1637 г. куцеінскія манахі звярнуліся са скаргай на ўладальніцу маёнтку Аболле, шляхцянку Швяйкоўскую, якой яны пазычылі 15 тысячаў залатых. Апошняя абавязалася штогод выплочваць манастыру працэнты (!). Чарняцы скардзіліся на неотданье за рок пожитку и самое истизны полтораста золотых польских ды патрабавалі ад уладальніцы, каб и пожиток, от тое сумы приходячий, по шестидесят коп грошей литовских в каждый рок яна аддавала без прамаруджвання[13]. Манастыры паўстаюць са старонак судовых кніг як жорсткія, бязлітасныя крэдыторы, для якіх самае галоўнае – атрымаць максімальны прыбытак за ўкладзеныя грошы. У іх не выклікала сантыментаў разбурэнне ды галеча ўладанняў шляхты падчас крывавага “Патопу” XVII стагоддзя. Пра гэта красамоўна сведчыць судовая справа 1655 г. паміж законнікамі Кронскага манастыру ды спадкаемцамі Уладзіслава Францавіча Радзімінскага. Манастыр пазычыў апошнім 10 тыс. залатых польскіх. Яны павінны былі штогод певную квоту, то есть по тысечу золотых польских их милостям отцом законником кронским отдавать и платить; а гды бы в которм року тот термин похибили тою пожитку не отдали и не заплатили, теды заразом скоро по оминенью того термину так самую тую ориинальную суму заплаціць. Манахі скардзіліся, што почавши в року прошлом 1654 […] они належитое от десяти тысячей золотых польских квоты, тысяча золотых, ани самое тое капитальное сумы, также ани того особливого тысеча золотых на лист обликг винного, не отдали и не заплатили. Спадкаемцы пратэставалі супраць няслушнасці крэдытораў, апелюючы да той акалічнасці, што манахі не хочуць звяртаць увагі на спусташэнне ды вынішчэнне іх зямлі праз Маскву[14].

Не ўсялякая пазыка з лёгкасцю і ў акрэслены тэрмін вярталася да крэдытора – нават калі была належным чынам юрыдычна аформленая. Часам пазыка не вярталася цэлае стагоддзе. У 1691 г. гетман ВКЛ Казімір Сапега, як гаспадар Дуброўны, атрымаў ад магілёўскага радцы Малчановіча старую пазыку Магілёва у 8 тыс. польскіх залатых. У свой час, пасля нападу Налівайкі у 1596 г. (!), магілёўцы пазычылі гэтыя грошы ў дубровенцаў для адбудовы гораду, але ў тэрмін іх не аддалі. А аддаць грошы яны былі павінныя ў 1597 г…

Крыніцы сведчаць, што пазыкі сваякоў адзін аднаму, як правіла, натарыяльна афармляліся. Гэта характэрна і для шляхты, і для беларускіх месцічаў. Аднак былі выпадкі, калі даверлівыя бацькі, каб дапамагчы дзецям, без усялякіх папераў давалі ім грошы ў пазыку. На жаль, асобных з іх чакала чорная няўдзячнасць. У такую сітуацыю патрапіла і магілёўская мяшчанка Марына Васільева, якая пайшла ў 1673 г. скардзіцца ў магістрацкі суд на свайго сына Рыгора Васілевіча. У сына дрэнна ішоў гандаль, не хапала грошай, каб развярнуцца. І вось ён прыходзіць да маці, якая з прыроджнанай міласці сваёй як маці да сына свайго, дае яму 100 коп грошаў літоўскіх. Але шчасце не ўсміхаецца яму – і сын ізноў звяртаецца за пазыкай да маці. Яна як маці сыну свайму ў чэраве яе быўшаму…сабе сама збыўшы астатнія лахманы і запазычыўшы ў іншых людзей, дала яшчэ 70 коп грошаў літоўскіх. Грошы гэтыя былі шчаслівымі – справы ў сына хутка пайшлі на лад, ён пачаў добра зарабляць, але пра маці ды пра яе даўгі, у якія яна патрапіла праз яго, ён і чуць не хацеў. Спроба маці ў прысутнасці намесніка Спаскага манастыру айца Клімовіча прымусіць сына вярнуць грошы скончылася для яе надзвычай сумна. Сын яе лжыў, сарамаціў словамі непрыстойнымі, не раз, не два збіў, змардаваў[15]. Усё гэта і прымусіла маці шукаць праўду ў магістраце.

Якія высновы напрошваюцца з прыведзеных тут фактаў? Для беларускага месціча ды шляхціца XVI—XVII стст. у значна большай ступені, чым для паспалітых беларусаў нашага часу, была характэрная рынкавая псіхалогія, псіхалогія людзей Новага Часу. Выдаткаванне грошай “напавер” у той час выглядала хутчэй анамаліяй, чым правілам. Гэта быў час трыюмфу пісанага права і дакументу. Дакументальны крэдыт не толькі стымуляваў эканоміку, але і выхоўваў чалавека новай, гарадской, еўрапейскай цывілізацыі – ашчаднага, з накіраванасцю да максімальнай выгады, а значыцца, і арыентаванага на эфектыўную эканоміку, прататыпа ўпэўненага ў сабе “сярэдняга класа”. Прывід гуляў па Беларусі, прывід капіталізму, але, на жаль, так і застаўся прывідам…

Список литературы

[1] Мильков В. В. Древнерусские апокрифы. Санкт-Петербург. 1999. С. 589.

[2] Евангелие учителна албо казане на каждую неделю и свята урочистыи. Евье. 1616. Арк.23.

[3] Диоптра. Евье, 1612. Арк.103 адв, 104, 104 адв.

[4] Egidija Laumenskaitė. Pinigai ir kainos // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos kultūra. Tyrinėjimai ir vaizdai. Vilnius, 2001. P. 483–484.

[5] БершадскійС.А. Литовскиеевреи. История их юридического и общественного положения в Литве от Витовта до Люблинской уніи. Спб., 1883. С. 290

[6] Egidija Laumenskaitė. Pinigai ir kainos P. 484—485.

[7] Статут Вялікага княства Літоўскага. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мн., 1989. C.123.

[8] Мелешко В. И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988. C.136—137

[9] Тамсама.

[10] Собрание припадков краткое, и духовным особам потребное. Супрасль, 18.I.1722. С.125.

[11] НГАРБ. Ф. 1817. воп.1, адз. зах. 24. Актавая кніга Магілёўскага магістрата. 1662 г. Арк.652—654 адв.

[12] ИЮМ. Витебск, Вып.2. С.259—271.

[13] АВАК. Вильна, 1888. Т.15. С.2—3.

[14] Тамсама, С.84—88.

[15] НГАРБ. Ф. 1817, воп.1, адз. зах. 29. Актавая кніга Магілёўскага магістрата. 1673 г. Арк. 507.