Смекни!
smekni.com

Кастусь Каліноўскі - кіраўнік паўстанцаў (стр. 3 из 7)

Але планы рэвалюцыянераў не ажыццявіліся. Сялян сярод паўстанцаў было няшмат, асабліва ва ўсходніх губернях Беларусі: у Віцебскай - 7%, Магілёўскай - 13, Мінскай -20%. Толькі ў Віленскай і Гродзенскай губернях сяляне складалі больш за чвэрць паўстанцаў –адпаведна 27% і 33%. Для сялян Беларусі былі незразумелыя лозунгі Варшаўскага ЦНК аб адраджэнні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

Абмежаваная праграма паўстання выключыла магчымасць масавага ўдзелу ў ім сялянства. Афіцыйная прапаганда выстаўляла ўзброеную барацьбу як мяцеж польскіх паноў, якія жадаюць вярнуць стары прыгонніцкі лад. Тое, што "белае" кіраўніцтва паўстаннем складалі памешчыкі, толькі ўпэўнівала сялян у правільнасці расійскай прапаганды. Скасаванне часоваабавязанага становішча і змяншэнне выкупных плацяжоў на 20% яшчэ больш умацавала сялянскую веру ў "цара-бацюхну". Па вёсках, асабліва ў памежных з Расіяй рэгіёнах, ствараліся "сельскія каравулы" з узброеных сялян, якія пад камандаваннем рускіх салдат павінны былі лавіць паўстанцаў.

Сітуацыя ўскладнілася, калі ў сярэдзіне мая на пасаду віленскага генерал-губернатара прыбыў з надзвычайнымі паўнамоцтвамі М. М. Мураўёў. Былы дзекабрыст, які здрадзіў ранейшым поглядам, чалавек, што прымаў удзел у падаўленні папярэдняга паўстання 1830 года, ён усталяваў у краі становішча масавага тэрору, за што і атрымаў ад сучаснікаў мянушку Вешальніка. Да забароны насіць жалобныя строі дадаліся новыя, яшчэ больш жорсткія пастановы. Мураўёўцы не грэбавалі нічым. Няўгоднаму маглі вельмі проста падкласці зброю ці нейкія іншыя кампраметуючыя рэчы. А далей… Дастаткова было двух сведкаў (на іх мінулае і сумленне ніхто не зважаў), каб ваенны суд мог прыгаварыць любога чалавека да смерці. Па малейшаму падазрэнню ў спачуванні паўстанцам людзей высылалі ў Сібір. Спальваліся за сувязь жыхароў з інсургентамі цэлыя вёскі. Беластоцкі жандарскі штаб-афіцэр С. І. Штэйн у сваім "Донесении… …о сожжении с. Яворовки за активное содействие его жителей повстанцам" пісаў: "…по распоряжению начальника края, жилые дома… …с хозяйственными строениями… …6-го сего августа сожжены до основания, а скот, всё движимое имущество, вместе с жителями доставлены в г. Белосток, где оные… …находятся под арестом, а имущество продаётся с аукционного торга…".

Тыя салдаты імперскай арміі, якіх сумленне пераводзіла на бок паўстанцаў, падлягалі расстрэлу.

Некаторыя акцыі вешальніка проста ўражваюць непрыхаваным цынізмам. Гэтак ёсць звесткі, што на загад "начальніка краю" магілы страчаных паўстанцаў заліваліся вывезеным з віленскіх прыбіральняў гноем, каб не дапусціць правядзення побач маўклівых маніфестацыяў.

У чэрвені пракацілася цэлая хваля арыштаў членаў віленскага паўстанцкага Аддзела. Замены арыштаваным не знаходзілася, і "белыя" былі вымушаны вярнуць у Вільню Каліноўскага.

Каб вярнуць страчаны давер сялянства, ад імя "ронду польскага" быў выдадзены "Прыказ... ...да народу зямлі літоўскай і беларускай", галоўная думка якога зводзілася да таго, што "дзела наша (паўстанне) - не дзела панскае, а справядлівай вольнасці".

Буйныя памешчыкі і вышэйшае каталіцкае духавенства, напалоханыя мураўёўскімі рэпрэсіямі, у чэрвені-ліпені перайшлі на бок афіцыйных улад, што замацоўвалася падпісаннем вернападданніцкіх адрасоў Аляксандру ІІ. Асабліва шчыраваў тут губернскі маршалак шляхты А. Дамейка, што шчыльна супрацоўнічаў з імперскімі ўладамі. Рэвалюцыйны ўрад вынес Дамейку смяротны вырак як здрадніку Айчыны, але замах на яго не ўдаўся. У процівагу вернападданніцкім адрасам інсургенты арганізоўвалі збор подпісаў пад контрадрасамі, плануючы пазней апублікааваць іх у замежным друку. Аднак пазней, паўстанцкае кіраўніцтва само было вымушана дазволіць падпісанне адрасоў Аляксандру ІІ, бо кожнага, хто адмаўляўся паставіць подпіс пад гэтым дакументам маглі аддаць пад суд.

У ліпені "чырвоныя" зноў сталі на чале паўстання. Каліноўскі абвінаваціў варшаўскі цэнтр у неразуменні патрэб Беларусі, і аднавіў сваю палітыку на дасягненне незалежнасці Вільні ад Варшавы і раўнапраўя ў адносінах паміж імі. У гэты час, як пісаў наш вядомы гісторык Уладзімір Ігнатоўскі, "рух прымае выразны процішляхецкі характар"; Каліноўскі патрабаваў ад інсургентаў бескампрамісных, жорсткіх адносінаў да шляхты, якая здрадзіла паўстанню. Аднак, выратаваць становішча, нягледзячы на ўсе намаганні Каліноўскага і яго паплечнікаў, было ўжо немагчыма – занадта вялікімі былі страты паўстанцкай арганізацыі. Ужо да восені рэвалюцыйны рух на Беларусі быў практычна задушаны. А дакладней, 28 жніўня 1863 г. Польскі нацыянальны ўрад загадаў спыніць ваенныя дзеянні. У верасні 1863 г. узброеная барацьба ў заходніх губернях Беларусі і ў Літве была спынена, а летам 1864 г. ліквідавана алошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце. У Польшчы некаторыя паўстанцкія атрады дзейнічалі яшчэ да восені 1864 г., але таксама былі разбіты.

За барацьбой палякаў з глыбокім спачуваннем сачылі рэвалюцыя-неры ўсіх краін. Рэвалюцыйныя дэмакраты ў Расіі, прадстаўнікі рускай палітычнай эміграцыі лічылі справу Польшчы сваёй кроўнай справай. У абарону паўстанцаў выступіў "Колокол" А.Герцэна. М.Бакунін апублікаваў адозву "Да рускага, польскага і да ўсіх славянскіх народаў", дзе заклікаў падтрымаць польскіх патрыётаў. Нямала рускіх змагалася ў радах паўстанцаў. У заходнееўрапейскай прэсе распаўсюджвалася інфармацыя аб ходзе паўстання, сабіралася і накіроўвалася ў Польшчу зброя, з эмігрантаў вербаваліся добраахвотнікі. 3 дапамогай цэнтра "Маладая Еўропа" і асабіста Дж. Гарыбальдзі рыхтаваліся палітычныя і ваенныя кіраўнікі паўстанцаў. Пры непасрэдным удзеле К.Маркса і Ф.Энгельса, якія лічылі польскае пытанне важнай састаўной часткай еўрапейскай рэвалюцыі, арганізоўваліся акцыі салідарнасці заходнееўрапейскіх рабочых з польскім народам.


2. КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІКІРАЎНІК ПАЎСТАНЦАЎ БЕЛАРУСІ І ЛІТВЫ

Кастусь Каліноўскі, поўнае імя Вінцэнт–Канстанцін Каліноўскі, нарадзіўся 2 лютага (21 студзеня) 1838 у вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету (зараз у Беластоцкім ваяводстве Польшчы) у сям'і беззямельнага шляхціца [8. с. 61].

У 1847–52 гг. вучыўся ў Свіслацкам павятовам вучылішчы, пасля заканчэння якога некалькі год пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка, дапамагаючы ў гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаючыся самаадукацыяй. Гады навучання Каліноўскага супадалі з “Вясной народаў” – дэмакратычнымі рэвалюцыямі 1848 года, якія ўскалыхнулі і прывялі ў рух увесь Еўрапейскі кантынент. Звонкім рэхам адгукнуліся яны і ў Беларусі. І яны ў вялікай меры фарміравалі светапогляды юнага Кастуся.

Вялікі ўплыў на Кастуся Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар Каліноўскі, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і даследваў па даручэнню Віленскай археалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы. Адораны ад прыроды выключным працалюбствам, жывым розумам, ен ведаў некалькі моў, любіў літаратуру, ахвотна вывучаў гісторыю. Ен добра арыентаваўся ў падзеях, што адбываліся ў свеце, ахвотна расказваў брату і іншым вучням пра яркія падзеі вызваленчай барацьбы.

У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта па разрадзе камеральных навук. На працягу навучання ва універсітэце Каліноўскі прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ўзначальвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Падчас свайго навучання Кастусь Каліноўскі пазнаеміўся з перыедыкай, якая вельмі паўплывала на яго далейшыя светапогляды, у прыватнасці з матэрыяламі часопіса “Современник” і газеты “Колокол”, вялікае месца ў якіх займалі артыкулы, прысвечаныя праблемам сялянства.

Неўзабаве пасля атрымання універсітэцкага дыплому са ступенню кандыдата права, на пачатку вясны 1861 года Каліноўскі вярнуўся на Радзіму і распачаў стварэнне на Гародзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Кастусь ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялян і агітаваў іх да паўстання.

Паводле сваіх ідэйных перакананняў, Каліноўскі быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за звяржэнне самадзяржаўя, скасаванне абшарніцкага землеўладання. Ён лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстанні сялянства можа забяспечыць перамогу. У гэтым рэчышчы і вялася Каліноўскім агітацыйная праца.

Улетку 1862 года Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газеты на беларускай мове. Усяго выйшла 7 нумароў гэтай газеты. Яна крытыкавала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, крытыкавала царскі маніфест аб скасаванні прыгону, заклікала сялян да змагання. Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага "Яська-гаспадар з-пад Вільні". Газета ўяўляла сабою друкаваныя лацінкаю лісткі. Яны мелі невялікі памер, іх можна было разгладзіць на калене ў хвіліны адпачынку проста на полі, а прачытаўшы – лёгка схаваць.

«Дзецюкі! – пісаў Яська-гаспадар у першым нумары. – Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толькі да сахі, - цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці... такую праўду справядліву, як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, но яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўды...

Ад маскаля і паноў няма чаго спадзявацца, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымася разам! А калі паны схочуць трымацца з намі, так няхай жа робяць па святой справядлівасці, бо калі іначай – так чорт іх пабяры! Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе».