Смекни!
smekni.com

Развіццё феадальнай гаспадаркі на Беларусі ў ХІІІ–ХVІІ стагоддзяў (стр. 4 из 4)

4. Садзейнічае унутраннаму гандлю выразная спецыялізацыя рэгіенаў. Слуцк спецыялізуецца на металаапрацоўцы, Магілеў - на скарняжным рамястве, Гродна - на мылаварэнні і г. д.

5. Пашыраліся аб’ёмы экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі. Галоўныя прадукты экспарту - збожжа, сала, воск, лес, скуры, смала, дзёгаць, лен, хмель, попел, пянька, радзей - рамесніцкія вырабы.

Імпарт складалі наступныя тавары: жалеза, медзь, волава, свінец, вырабы з металу, зброя, сукно, перац, віна, соль.

У знешнім гандлі шырока ўдзельнічалі феадалы, яны мелі вызваленне ад мыта.

6. Значна пашырыўся пасрэдніцкі гандаль расійскімі таварамі - воскам, футрам каштоўных жывел.

Грашовае абарачэнне

У гэты перыяд грошы амаль паўнасцю выцеснілі натуральны абмен. У пачатку датаванага перыяду нярэдка як грошы выкарыстоўваліся каштоўныя футры ці прадаўгаватыя срэбныя зліткі - грыўны (ізгоі) - масай 100, 160, 200 г.

Найбольш развітай у Вялікім княстве Літоўскім была віцебска-полацкая грашовая сістэма. Яе грашовыя адзінкі мелі агульнаўсходнеславянскія назвы: нагата і грыўна. У пачатку XIV ст. у гэтую сістэму ўвайшлі пражскія грошы і рублі - масай каля 189 г. У першай палове XVI ст. полацка-віцебская грашовая сістэма мела наступны выгляд: ізгой ці літоўская грыўна (108,0 г) = 30 пражскім грошам (па 3,6 г) = 180 заўшням (па 0,6 г) = 300 далгеям (па 0,36 - 0,42 г). Рубель (189,0 г) = 105 нагатам (па 1,8 г) = 52,5 грошам = 315 заўшням = 525 далгеям. Праз пражскі грош - найбольш распаўсюджаны сродак платы таго часу - гэтыя дзве галіны сістэмы аб’ядноўваліся ў адну.

У канцы XIV - пачатку XV ст. у ВКЛ ўстанаўліваецца адзіная агульнадзяржаўная грашова-вагавая сістэма, складзеная на падставе полацка-віцебскай сістэмы. Яна мае выгляд: рубель (каля 180 г) == 100 пражскім грошам = 1000 пенязям. Каля 1492 г. у Вільні пачаў працаваць дзяржаўны манетны двор, дзе друкаваліся паўгрошы, а пазней дынарыі. Да таго грашовая сістэма была заснавана на замежных грашовых адзінках.

3 эканамічным узмацненнем дзяржавы (з пачатку XVI ст.) яна пачала гарантаваць кошт сваіх грошай, у выніку ўводзіцца грашовая сістэма не па масе манеты, а па намінале, нярэдка па прымусовым курсе (калі каштоўнасць самой манеты не адпавядала яе наміналу).

У XIV ст. на тэрыторыі Беларусі было больш за 40 гарадоў. У сярэдзіне XV ст. з пералічаных у прывілеі 15 найбольш буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага сем знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі: Полацк, Віцебск, Слуцк, Мінск, Брэст, Гродна, Навагародак. Сюды трэба дадаць і Вільню як цэнтр фарміравання беларускай культуры і народнасці.

У XV ст. многія крэпасці, замкі і гаспадарчыя двары таксама набываюць рысы рамесных і гандлёвых цэнтраў (Койданава, Мір, Любча, Валожын і інш.) - узнікаюць так званыя мястэчкі. Мястэчкі ўзнікалі і на тэрыторыях ранейшых вёсак (Санькава, Магільнае, Мікалаеўшчына), на важных сухапутных ці рачных гандлёвых шляхах (Новы Свержан, Стоўбцы, Ярэмічы). У XVI ст. на тэрыторыі Беларусі ўжо было больш за 20 мястэчак.

У цэлым да сярэдзіны XVII ст. у Вялікім княстве Літоўскім налічвалася 757 гарадоў і мястэчак, з іх 467 былі на тэрыторыі Беларусі. Большасць гарадоў і каля палавіны мястэчак належалі вялікаму князю літоўскаму. Астатнія былі прыватнаўласніцкімі. Прыватнаму ўласніку магла належаць частка вольнага ці вялікакняжацкага горада з насельніцтвам. Гэтая частка мела статус юрыдыкі, яна не падпарадкоўвалася гарадскім ці княжацкім уладам.

Асноўнае насельніцтва гарадоў у гэты перыяд складалі беларусы - 80 %. У іх таксама пражывалі літоўцы, палякі, немцы, з XIV - XV стст - яўрэі і татары. Гараджане выконвалі павіннасці на карысць дзяржавы або феадала: плацілі грашовыя подаці, выконвалі будаўнічыя і гаспадарчыя работы, пастаўлялі падводы (фурманкі) і г. д. З часам натуральныя павіннасці замяняліся грашовымі. Полацк, напрыклад, у канцы XV ст. плаціў 400, а Мінск - 60 кап грошай у скарб.

У адзначаны перыяд вялікакняскія гарады атрымліваюць права на самакіраванне - Магдэбургскае права. Першым яго атрымаў Брэст у 1390 г., потым Гродна - у 1391, Слуцк - у 1441, Полацк - у 1498, Мінск - у 1499, Віцебск - у 1597 і г. д. Да другой паловы XVI ст. магдэбургскае права атрымалі амаль што ўсе больш ці менш значныя гарады Беларусі. Па магдэбургскім праве замест шматлікіх натуральных павіннасцяў гараджане плацілі адзіны вялікі грашовы падатак. Яны вызваляліся ад суда і ўлады вялікакняжацкіх (каралеўскіх) чыноўнікаў або феадалаў. Гэта ў значнай меры ахоўвала ад самавольства маёмасць і эканамічную дзейнасць гараджан.

Гарадскія ўлады фарміраваліся на падставах самакіравання, якое было абмежавана прызначэннем войта - галавы самакіравання з шляхты або заможных мяшчан. Выбраным органам самакіравання была рада, ці магістрат, які збіраў падаткі, выконваў судовыя функцыі, кіраваў грамадскімі работамі, наглядаў за гандлем, прымаў у гарадскую абшчыну новых мяшчан і г. д. Устанаўленне самакіравання, нягледзячы на яго абмежаванні, паляпшала ўмовы рамеснай і гандлёвай дзейнасці, аслабляла феадальную залежнасць гараджан, якія былі асабіста свабоднымі.

У XIII - першай палове XVIII ст. феадальная сістэма грамадскіх адносін на Беларусі канчаткова замацоўваецца ў заканадаўчых актах. Галоўным сродкам вытворчасці і крыніцай грамадскага багацця становіцца зямля, галоўным вытворцам матэрыяльных благ - замацаваны за ёю селянін. Адначасова фарміруюцца пачаткі новых формаў грамадскіх адносін - таварна-грашовыя адносіны, паступова зараджаюцца элементы рынку. Перадумовамі новых працэсаў сталі аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, гандлю ад рамяства. Усё гэта паступова рыхтавала падставы для складвання новых эканамічных адносін.

Список использованных источников

1. С.Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С.Ф. Шымуковіч - Мн, 2001.

2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.1-5. Мінск, 1993, 1999.

3. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 частках - Мінск, 1994, 1995.

4. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Доўнар-Запольскі М.В. - Мінск, 1994.