Смекни!
smekni.com

Станаўленне беларускай дзяржаўнасці (стр. 2 из 3)

Спроба падняць беларускае пытанне пад час мірных перамоў у Версалі і на іншых міжнародных канферэнцыях на рубяжы першага і другога дзесяцігоддзяў скончылася безвынікова. Версальскі мірны дагавор ад 28 чэрвеня 1919 года і дакументы Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919-1920 гадоў не ўтрымлівалі механізмаў вырашэння беларускага пытання – стварэння незалежнай Беларусі. Краіны Антанты былі зацікаўлены ў Польшчы, як буферы паміж імі і Савецкай Расіяй, таму выканалі яе патрабаванне не прызнаваць незалежнай Беларусі.

Па сутнасці, з-за неспрыяльных умоў існавання, БНР не стала сапраўднай дзяржавай, бо гэта ўтварэнне не адпавядала ўсім прыкметам асобнай незалежнай дзяржавы. Не было сапраўднай сістэмы органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, сістэмы распацоўкі і прыняцця законаў, забеспячэння іх выканання, аховы правоў і свабод грамадзян. Тым не менш, абвяшчэнне беларускай дзяржавы заставіла Савецкі ўрад у Маскве па іншаму паглядзець на беларускі край і пайсці па шляху стварэння сацыялістычнай беларускай рэспублікі.

1.2 Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі

11 лістапада 1918 г. нямецкае камандаванне капітулявала перад Антантай, у Германіі разгарнулася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. У дадзеных умовах РСФСР дэнансавала Брэсцкі мірны дагавор, і савецкія войскі пачалі займаць акупіраваныя тэрыторыі. Да сярэдзіны лютага 1919 г. яны занялі амаль усю тэрыторыю Беларусі. На вызваленых землях ствараліся органы савецкай улады. Яшчэ ў студзені 1918 г. пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) пад кіраўніцтвам А.Чарвякова (уваходзілі З.Жылуновіч, І.Лагун, Б.Тарашкевіч, Я.Канчар і інш.). Ён заахвочваў савецкія ўлады да вырашэння пытання беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове, праводзіў актыўную дзейнасць сярод бежанцаў-беларусаў па развіццю беларускай адукацыі і культуры. Белнацкам працаваў у цеснай сувязі з Беларускімі секцыямі РКП(б), якія ствараліся ў асяроддзі беларускіх бежанцаў з восені 1918 года і так сама былі арыентаваныя на стварэнне сацыялістычнай беларускай дзяржавы.

На канферэнцыі Беларускіх секцый РКП(б) у Маскве 21-23 снежня 1918 года было выбрана Цэнтральнае бюро беларускіх камуністычных арганізацый (Дз.Жылуновіч) і было прынята рашэнне аб неабходнасці сварэння БССР, бо беларуская тэрыторыя цалкам ужо кантралявалася Чырвонай арміяй. 23 снежня адбылася сустрэчы кіраўнікоў Бюро з У.Леніным, які падтрымаў ідэю аб стварэнні БССР.

Супраць стварэння асобнай, нават сацыялістычнай Беларусі выступіў Аблвыкамзах (А.Мяснікоў, К.Ландар), які ўвогуле не лічыў беларусаў асобным народам і не бачыў патрэбы ў вырашэнні нацыянальнага пытання. Аднак супраць прынятага рашэння ЦК партыі ён не пайшоў. 25 і 27 снежня на экстрэнных паседжаннях Белнацкама і Цэнтральнага бюро беларускіх камуністычных арганізацый рыхтаваўся Маніфест аб беларускім урадзе і распрацоўвалася структура ўрада БССР. 30 снежня 1918 года ў Смаленску адбылася VI Паўночна-Заходняя абластная канферэнцыя РКП(б), якая пераўтварылася ў І з’езд Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі, на якім было абмеркавана пытанне аб складзе Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі. Дзякуючы націску І.Сталіна, народнага камісара РСФСР па нацыянальных справах, большасць месцаў у ўрадзе БССР атрымалі прадстаўнікі Аблвыкамзаха. Кіраўніком урада быў абраны З.Жылуновіч. 1 студзеня 1919 г. было абвешчана стварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ) і межах Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай губерній, а 7 студзеня ўрад пераехаў са Смаленска ў Мінск. Але ўжо 16 студзеня ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб перадачы Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай губерняў у склад РСФСР, а Мінскай і Гродзенскай губерням было дырэктыўна прапанавана стварыць сумесную дзяржаву з Літоўскай Савецкай Рэспублікай. Гэта вызвала першы ўрадавы крызіс – у выніку якога ўрад пакінулі прадстаўнікі Белнацкама, З.Жылуновіч пакінуў пасаду кіраўніка ўрада.

2-3 лютага 1919 года ў Мінску адбыўся I з’езд Саветаў Беларусі. На ім быў абраны Цэнтральны выканаўчы камітэт (ЦВК) – галоўны орган улады на Беларусі, пераважна з прадстаўнікоў Аблвыкамзаха. Была прынята першая Канстытуцыя БССР, герб і флаг. Была ўстаноўлена федэратыўная сувязь з РСФСР і аб’яўлена аб стварэнні ЛітБелССР.

27 лютага 1919 г. на аб’яднаным пасяджэнні ЦВК ССРБ і ЛССР было створана сумеснае кіраўніцтва гэтым буферным дзяржаўным утварэннем паміж Савецкай Расіяй і “імперыялістычнымі краінамі”, у першую чаргу – буржуазнай Польшчай. Урад ЛітБел займаўся пытаннямі аднаўлення прамысловасці і падтрымкі ўстаноў культуры. На гэтую дзейнасць ён атрымаў значныя грашовыя крэдыты з Масквы. Аднак перадаць сялянам канфіскаваную ў памешчыкаў зямлю, як гэта прадугледжваў Дэкрэт аб зямлі, адмовіўся. Быў узяты курс на стварэнне ў былых памешчыцкіх маёнтках саўгасаў і калектыўных гаспадарак – камун. Палітыка “ваеннага камунізму” – харчразвёрстка, масавая прымусовая мабілізацыя насельніцтва ў Чырвоную Армію, “чырвоны” тэрор выклікалі значны рост антысавецкіх выступленняў, асабліва сярод сялян, у 1919 годзе. Самым значным антысавецкім выступленнем быў мяцеж армейскіх частак у Гомелі і Рэчыцы, якім кіраваў эсэр М.Стракапытаў (24-29 сакавіка 1919 года).

Ростам антысавецкіх настрояў скарысталіся ў Польшчы. Яшчэ ў 1918 годзе ў заходніх рэгіёнах Беларусі пасля адыходу нямецкіх войск стварыліся прапольскія атрады “мясцовай самаабароны”. У 1919 годзе ім на дапамогу прыйшла рэгулярная польская армія, якая выконвала памкненні польскага ўрада стварыць Польшчу ў межах 1772 года.

1.3 Беларусь у час Савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў

У лістападзе 1918 г. падчас адступлення нямецкіх войск была створана незалежная польская дзяржава, якая абапіралася на ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Па сутнасці гэта азначала вайну з Савецкай Расіяй, да якой польскае кіраўніцтва пры фінансавай падтрымцы буйнейшых заходніх краін было добра падрыхтавана. У снежні 1918 г. Польшча перайшла ў наступленне на беларускія і ўкраінскія землі. Да сакавіка 1919 г. польскія войскі акупіравалі шэраг беларускіх гарадоў, у тым ліку Ліду, Вільну, Гродна. Урад Літбел, які праводзіў жорсткую палітыку ваеннага камунізму (харчразвёрстка, палітычныя рэпрэсіі, адмова ад перадачы зямлі непасрэдна сялянам), не здолеў арганізаваць абарону. 1 чэрвеня 1919 года згодна з Дэкрэтам Усерасійскага ЦВК Савецкія Украіна, Беларусь, Літва і Латвія аб’ядноўваліся з Савецкай Расіяй для агульнай барацьбы з сусветным імперыялізмам. Уводзілася агульнае ваеннае камандаванне, аднак стрымаць польскае наступленне не ўдалося і аб’яднаным сілам. У жніўні 1919 г. быў захоплены Мінск. Восенню фронт усталяваўся на р. Беразіна-Днепр. Фактычна ЛітБелССР і БССР як яе частка перасталі існаваць.

На занятых тэрыторыях польскія акупанты праводзілі надзвычай жорсткую палітыку. Ліквідаваліся не толькі бальшавісцкія органы ўлады, але не дапускалася стварэнне мясцовых органаў улады БНР. Жорстка праследваліся і адны, і другія. Толькі ў некаторых кіраўнікоў БНР захаваліся ілюзіі адносна прызнання незалежнасці беларускай дзяржавы. Рада БНР раскалолася па пытанні супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Пад час перамоў дзеячаў БНР і польскіх уладаў апошнія згадзіліся прызнаць існаванне незалежнай БНР, але ў адказ урад БНР павінен падпісаць дагавор аб уваходжанні Беларусі ў склад Польскай дзяржавы. Такая “незалежнасць на 5 хвілін” незадаволіла большую частку склада Рады БНР, якая дзейнічала ў Мінску са згоды польскага акупацыйнага кіраўніцтва з 12 снежня 1919 года. Большасць на паседжаннях мелі беларускія эсэры (частка былой адзінай партыі – БСГ). Яны перавыбралі кіраўніцтва Рады – новыя лідары В.Ластоўскі, П.Крычэўскі, І.Мамонька і інш. заявілі аб вернасці III Устаўнай грамаце і выразілі пратэст супраць акупацыі Беларусі польскай арміяй. Польскі ўрад не чакаў такога ад Рады БНР, таму яе разагналі, а партыю беларускіх эсэраў падверглі праследванням. Аднак трэба было легітымізаваць для сусветнай супольнасці інкарпарацыю Беларусі – таму ў сакавіку 1920 года была арганізавана з ліку некаторых дзеячаў БНР Найвышэйшая Рада (С.Рак-Міхайлоўскі, І.Серада, Я.Лёсік, А.Смоліч) якая 24 сакавіка 1920 г. падпісала дагавор аб уваходжанні Беларусі ў склад Польшчы. Супраць гэтага дагавору выступілі адзіным фронтам бальшавікі і эсэры. Менавіта апошнія арганізавалі антыпольскі сялянскі партызанскі рух і кіравалі ім. А ў Мінску ў студзені 1920 года на базе арганізацыі “Маладая Беларусь”, што дзейнічала з мая 1917 года ў Мінскім настаўніцкім інстытуце (кіраваў У.Ігнатоўскі) была ўтворана Беларуская камуністычная арганізацыя. Арганізацыя арганізоўвала барацьбу з польскімі інтэрвентамі, а далейшае Беларусі бачыла ў існаванні БССР у складзе федэратыўнай Расіі, і ў гэтым разыходзілася з беларускімі эсэрамі, якія імкнуліся да поўнай незалежнасці.

Да арганізаваных камуністамі і эсэрамі партызанскіх атрадаў пачалі далучацца прадстаўнікі іншых палітычных сіл. Распачатае вясной 1920 г. наступленне палякаў дазволіла ім захапіць шэраг беларускіх і ўкраінскіх гарадоў, аднак летам Чырвоная Армія пачала контрнаступленне, і да жніўня 1920 г. ўся тэрыторыя Беларусі была занята савецкімі вайскамі. Адначасова Савецкая Расія была вымушана пачаць супрацоўніцтва з буржуазным урадам Літвы – Тарыбай. 12 ліпеня 1920 года Савецкая Расія і Літва падпісалі дагавор, згодна з якім Літве перадавалася Віленская і Гродзенская губерніі з гарадамі Вільна, Гродна, Ліда, Вілейка, Ашмяны, Дзісна. Дагавор падпісалі без згоды з урадам БССР, і гэта было юрыдычным канцом ЛітБелССР. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску была прынята дэкларацыя, якая другі раз абвяшчала незалежнасць Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Часовая ўлада перадавалася Беларускаму рэвалюцыйнаму камітэту (старшыня – А.Чарвякоў), які павінен быў дзейнічаць да II з’езда Саветаў Беларусі. У жніўні 1920 г. польская армія здолела разбіць пад Варшавай Чырвоную Армію, перайсці ў наступленне і зноў заняць значную частку Беларусі. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе паміж Украінай і Расіяй з аднаго боку і Польшчай з другога быў падпісаны дагавор аб перамір’і. Беларусаў зноў не запрасілі ўдзельнічаць у перамовах.