Смекни!
smekni.com

Дзіцячыя перыядычныя выданні: характар камунікацыйных зносін з аўдыторыяй (стр. 3 из 4)

Назва часопіса матываваная. “Рюкзачок” – гэта месца, куды можна схаваць веды, каб не згубіць, ідучы шляхам жыцця.

Веды ствараюць аснову сацыяльна-грамадзянскай кампетэнцыі вучняў. Публікацыі рубрык “Моя Беларусь”, “Старонкі гісторыі”, “Свет прыроды”, “Путешествие”, “Галерея” утрымліваюць інфармацыю па гісторыі краю, расказваючы, напрыклад, пра Полацкае княства, пра крыжакоў, пра час, калі нашы продкі сталі хрысціянамі і пра такія выдатныя асобы мінулага, як Вітаўт Вялікі і Ягайла. Культураспецыфічная інфармацыя раскрывае кніжны свет і свет мастацтва. Падобныя матэрыялы вучаць чытачоў любові да сваёй зямлі, народа, выхоўваюць павагу да гісторыі Бацькаўшчыны, бо гісторыя і культура роднай зямлі – гэта тая аснова, без якой немагчыма фарміраваць патрыятызм, актыўную грамадскую пазіцыю маладога пакалення. У рубрыках “У нас у гасцях”, “Путешествие”, “История вооружений”, “Галерея”, “Паэтычная старонка”, “Мастерская в рюкзачке” часопіс знаёміць малодшых школьнікаў з культурай замежжа, бо нацыянальная свядомасць немагчыма без павагі да іншых прадстаўнікоў сусветнай супольнасці, напрыклад немцаў ці японцаў.

Час тэхнічных вынаходніцтваў патрабуе ад новага пакалення ведаў і ў галіне тэхнікі. Рубрыкі “Современные технологии” і “Виртуальная реальность” раскажуць пра робатаў або як карыстацца электроннымі бібліятэкамі.

Акрамя ведаў, дзеці набываюць і новыя ўменні. Рэкамендацыі з рубрык “Мастерская в рюкзачке”, “Эксперимент”, “Изостудия” і ўласная фантазія дазволяць зрабіць сваімі рукамі шмат карысных рэчаў (папера, паштоўка, арыгамі і інш.) і засвоіць творчыя метады (калаж, вышыўка крыжыкам, ніткаграфія, штрыхавы малюнак і інш.).

Рэдакцыя друкуе вялікую колькасць матэрыялаў, накіраваных на развіццё грамадзянскіх якасцей асобы малодшага школьніка, падзяляючы клопат дзяржавы ў пытаннях грамадзянскага выхавання. Пытанні грамадзянскіх правоў і абавязкаў чалавека, маральных каштоўнасцей, законаў і нормаў жыцця ўздымаюцца ў рубрыках “Моя Беларусь”, “Я – грамадзянін”, “Права ребенка”. Маленькаму чалавеку тлумачыцца, што ён мае права на выхаванне і адукацыю, на прававую і сацыяльную абароненасць, на ахову здароўя, на атрыманне грамадскага прызнання і ацэнкі сваёй дзейнасці і г. д. У той жа час вучань абавязаны старанна вучыцца, не прыніжаць годнасці людзей, паважаць іх погляды і перакананні, быць дысцыплінаваным, паважаць старэйшых, беражліва і з павагай адносіцца да нацыянальнай гісторыі і культуры свайго і іншых народаў, берагчы багацце і хараство роднай прыроды і навакольнага свету і г. д.

Часопіс імкнецца ствараць умовы для праяўлення дзецьмі грамадзянскай актыўнасці, якая рэалізуецца шляхам іх удзелу ў рэальных сацыяльна значных справах, у дзіцячых аб’яднаннях, разнастайных акцыях (рубрыкі “Событие”, “У нас у гасцях”, “Звёздная дорожка” і інш.).

У сваіх матэрыялах выданне звяртаецца не толькі да мінулага краіны, але і да сённяшняга дня. Так рубрыка “Тема для обсуждения” арыентуе на грамадзянскае выхаванне, спрыяе фарміраванню ў школьнікаў грамадзянскай пазіцыі.

У часопісе сустракаецца шмат матэрыялаў чытачоў. Такім чынам рэдакцыя наладжвае кантакт з аўдыторыяй, і сувязь ”рэдакцыя–чытач” не перарываецца. Можна сказаць, што выданне з’яўляецца своеасаблівай трыбунай для выказвання дзіцячых думак, пажаданняў, памкненняў. Гэтай мэце служыць рубрыка “Рюкз-клуб: ваши письма”. Тут дзеці маюць магчымасць запоўніць анкету “Книга – мой друг”, пытаюцца ў дарослых аб цікавых з’явах, друкуюць вершы і казкі, віншуюць родных са святамі, выпраўляюць памылкі ў друкаваным тэксце на старонках часопіса і інш. Такім чынам часопіс дапамагае раскрыць творчы патэнцыял маленькага чытача, стымулюе самастойнасць і творчасць.

У дадатку для бацькоў “Рюкзачок для пап и мам” друкуюцца матэрыялы аб правах і абавязках бацькоў, даюцца парады па выхаванні ў дзіцяці ўсведамлення сваёй прыналежнасці да лёсу Айчыны, гатоўнасці ўзяць адказнасць за ўласныя ўчынкі як у сям’і, так і ў школе. Часопіс арыентуе бацькоў на тое, што яны – самыя блізкія людзі для дзіцяці. Ад таго, якія адносіны пануюць у сям’і, будзе залежыць, якім чынам школьнік успрымае навакольны свет, грамадства і сябе ў ім.

“Качели” – рэспубліканскі штомесячны часопіс для дзяцей і падлеткаў пазнавальна-забаўляльнага характару. Выдаецца на рускай мове з 1998 года. Галоўны рэдактар: К. Дубінская.

Асноўная мэта выдання – заняць школьніка, дапамагчы правесці вольны час з карысцю, развіць здольнасць дзіцяці мысліць і разважаць.

У часопіса ёсць імкненне даць як мага болей пазнавальнай інфармацыі. Гэту задачу выконвае клуб “Знайка” і рубрыкі “Хотите – верьте”, “И знатокам интересно”, “Интересно”, “Ау, детство!”, “Дорожный чемоданчик” і інш. Дзякуючы ім дзеці набываюць усё новыя і новыя веды па геаграфіі, этнаграфіі, лексікалогіі, батаніцы, эстэтыцы, медыцыне, аб модзе, вялікіх вынаходніцтвах і людзях.

Для дзяцей дапытлівых, кемлівых, якія заўсёды знаходзяцца ў пошуку ведаў і гармоніі з навакольным асяроддзем, рэдакцыя пастаянна праводзіць конкурсы і віктарыны, змяшчае на старонках часопіса дзіцячыя казкі, вершы, малюнкі, каб паказаць, наколькі таленавітым і здольным расце новае пакаленне (рубрыкі “Мир увлечений”, “Ау, таланты!”, “Проба пера”, “Сочиняем сказки сами”).

Побач з пазнавальна-інфармацыйным накірункам стаіць ідэйна-выхаваўчая тэматыка. Ёй асобна прысвечаны рубрыкі “Детские организации”, “Рассказы об Отечестве”, “Я люблю Беларусь”, мэта якіх – выхаваць у дзяцей патрыятызм, гатоўнасць да самаахвяравання, стойкасць, мужнасць, гераізм, пачуццё доўгу і гуманізм, прыцягнуць да ўдзелу ў будаўніцтве моцнай і квітнеючай дзяржавы, навучыць памятаць мінулае, цаніць сучаснае, будаваць будучыню. Публікацыі рубрык маюць на мэце выклікаць у дзяцей пачуццё захаплення подзвігамі мужных людзей, павагі да іх цяжкіх лёсаў. Пры чытанні такіх артыкулаў школьнікі на канкрэтных прыкладах могуць вызначыць для сябе значэнне наступных слоў:

– “справядлівасць” – гэта непрадузятая дзейнасць у адпаведнасці з ісцінай;

– “гераізм” – гэта адвага, рашучасць і самаахвяраванне ў цяжкіх абставінах;

– “патрыятызм” – гэта адданасць і любоў да сваёй Радзімы, да свайго народа і гатоўнасць да любых ахвар дзеля інтарэсаў Айчыны;

– “мужнасць” – гэта храбрасць, вытрымка, адвага;

– “гонар” – гэта агульная павага;

– “доўг” – гэта абавязак перад кім-небудзь.

Такім чынам, “Рюкзачок” знаёміць як з гісторыяй і культурай Беларусі, так і з гісторыяй і культурай замежных краін, што дазваляе чытачам зразумець ролю Айчыны ў сусветным супольніцтве. У той жа час “Качели” надаюць большую ўвагу вобразу Беларусі, аднак на старонках гэтага часопіса расшыфроўваюцца такія важныя і ў той жа час такія цяжкія для разумення паняцці, як “справядлівасць”, “мужнасць”, “гераізм”, “гонар”, “доўг” і інш.


Заключэнне

Часопісы “Вясёлка” і “Детская площадка” арыентуюць дзяцей на аптымістычны паказ свету: увага дзіцяці засяроджваецца на прыгажосці прыроды, на панаванні ў свеце дабра і сяброўскіх адносінаў паміж людзьмі. Напрыклад, аб Беларусі гаворыцца, што гэта “зямля сяброў, краіна згоды”, а душы і сэрцы дзяцей павінны поўніцца “любоўю да ўсяго жывога, да Дабра і Праўды”. Выданні “Рюкзачок” і “Качели” падводзяць да таго, што ў свеце ёсць яшчэ і цяжкасці. Так, рубрыка “Экономия и бережливость” заклікае берагчы прыродныя рэсурсы, каб пазбегнуць экалагічнай катастрофы, а рубрыка “Старонкі гісторыі” расказвае пра жудасці вайны.

Радзіма для дашкольніка атаясамліваецца з прыродай: гэта, перш за ўсё, – вясёлы ручаёк, кветкі, птушкі і жывёлы, сонца, маладзік, хмаркі і г. д. Напрыклад: “А тут [у Беларусі] лясоў багата, кветкамі травы перавітыя, сінь нябесная ў рэчкі і азёры пералітая…”. Часопісы тлумачаць дашкольніку, што ён павінен любіць Радзіму, каб зразумець і палюбіць свет. Для школьніка паняцце Радзімы шырыцца, гэта ўжо – дачны пасёлак, вёска, горад, еўрапейская краіна. Дзеці пачынаюць адчуваць, што яны – грамадзяне Беларусі. Сутнасць паняцця Радзімы можна зразумець з дапамогай матэрыялаў рубрык “Я люблю Беларусь”, “Рассказы об Отечестве”, “И ходит по земле легенда”; “Я – грамадзянін”, “Моя Беларусь”.

Часопісы для дашкольнікаў надаюць вялікую ўвагу ўзаемаадносінам маленькага чалавека і прыроды. Свет дзіцяці выступае арганічнай часткай прыроднага свету. Складваецца ўражанне, што прырода і дашкольнік – сябры. Напрыклад: “зорачка ляжа з табой на падушцы”, рабінка каля школы “вітае кожнаю калінкай”, сланечнік “адкрасуе памаленьку, семак вам насыпле жменьку”, рачулка “нібы з сабой заве”. У выданнях для школьнікаў прырода існуе як быццам сама па сябе, без чалавека; часопісы даюць разрозненую энцыклапедычную інфармацыю пра асобныя віды жывёл і птушак.

Сям’я – гэта бліжэйшае акружэнне дзіцяці. Для дашкольніка самы дарагі чалавек – мама. Для яе знаходзіцца шмат цёплых і шчырых слоў: “ты сардэчнае свята маё” і г. д. Зрэдку згадваецца пра брата і сястру, пра бабулю, пра дзядулю. Аднак, на жаль, ні ў адным з тэкстаў не гаворыцца пра бацьку. Для школьніка паняцце сям’і значна шырэйшае. Сюды ўключаюцца ўсе родныя. У рубрыцы “Корабль по имени «Семья»” чытач можа сам падзяліцца традыцыямі, якія пануюць менавіта ў яго сям’і, толькі паміж яго роднымі. Дарэчы, “Качели” – часопіс для тых, хто піша вершы ці марыць пра журналістыку. Як адзначае рэдактар Кацярына Дубінская, дзеці з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – аўтары выдання – застаюцца з ім да заканчэння школы.

Часопісы для дашкольніка фарміруюць адметнае стаўленне і да беларускай мовы: яна адзіная, родная, спеўная, ніводны народ больш не карыстаецца ёю, мова – паказчык адзінства народа, які трэба захоўваць як найвялікшы скарб. У часопісах для школьнікаў, дзе большасць матэрыялаў прадстаўлены па-руску, беларуская і руская мовы знаходзяцца побач. Такое стаўленне аргументуецца тым, што дзіця можа само вырашыць, якой мовай карыстацца.