Смекни!
smekni.com

Трансфармацыя інфармацыйнай прасторы Чехіі (стр. 2 из 2)

З сакавіка 1990 г. чэшскае тэле- і радыёвяшчанне перадае кругласутачную музычную праграму французскай станцыі «Еўропа-2». Пасля таго як у маі 1990 г. трансляцыя першай праграмы савецкага тэлебачання была спынена, на яе аснове стварылі новую праграму «ОК-3», якая сёння ўяўляе дайджэст праграмм спадарожнікавых кампаній «ТБ-Еўропа-5», «Уорлднэт» і Сі-Эн-Эн.

У выніку экнамічнага крызісу 1992–1993 гг. электронныя СМІ пацярпелі такія ж страты, як і друкаваныя. І на тэлебачанні, і на радыё, і ў друку 85 % абсталявання састарэла. Кошт на электраэнэргію вырас утрая, а кошт на паперу – удвая. Тыраж, неабходны для існавання выдання, склаў 50 тыс. экз. Мінімальная аўдыторыя, якая забяспечвала радыё- або тэлестанцыю ад фінансавых стратаў – не менш паўмільёна слухачоў або гледачоў. Для многіх рэдакцый і станцый гэты ўзровень аказаўся недасягальным і яны зачыніліся. Тыя ж, хто перацярпелі цяжксці трансфармацыі і захавалі аўдыторыю, склалі аснову новай інфраструктуры СМІ.

У выніку сёння ў Чэхіі налічваецца каля 1500 перыядычных выданняў (на 200 адзінак больш, чым на Беларусі, пры амаль аднолькавай колькасці насельніцтва). З іх 13 цэнтральных і 42 рэгіянальныя газеты выдаюцца агульным тыражом 3,5 млн экз., 97 штотыднёвых газет – агульным тыражом 3,8 млн экз.

Згодна дадзеных «Каталога перыядычных выданняў Чэшскай Рэспублікі», у краіне маецца 78 масавых забаўляльных часопісаў, 65 жаночых часопісы (16 з іх выдаюцца ў «Бурда Прага», філіяле нямецкага медыяканцэрна «Бурда») і 15 дзіцячых часопісаў. Шырока распаўсюджана спецыялізаваная перыёдыка, напрыклад, маецца 43 газеты і часопісы для педагогаў, 46 – для юрыстаў.

Прыблізна 60 % гарадскіх і 80 % рэгіянальных выданняў належаць да так званага «старога» друку, г. зн. які быў заснаваны да «аксамітнай рэвалюцыі». Аднак іх уладальнікі – замежныя інвестары. Да катэгорыі «новых» належаць пераважна цэнтральныя выданні. Сярод іх найбольшым попытам карыстаюцца штодзённыя газеты «Шпігл», «Чэшскі дзённік», «Бляск» (мае тыраж 350 тыс. экз. і нядзельны дадатак «Дзённы тэлеграф»).

Сярод балючых праблем чэшскіх СМІ ва ўмовах трансфармацыі – актыўнае пранікненне замежнага капіталу. Для грамадскай заклапочанасці маюцца сур'ёзныя падставы – пад кантролем заходнееўрапейскіх і амерыканскіх інвестараў знаходзіцца 70 % чэшскіх СМІ. А ў выніку пра падзеі ў нямецкіх землях або амерыканскіх штатах аўдыторыя многіх выданняў, тэле- і радыёстанцый часам ведае больш і падрабязней, чым пра здарэнні ў чэшскіх рэгіёнах.

Буйнейшыя манапалісты на інфармайцыным рынку Чэхіі – нямецкі канцэрн «Пасаўэр ной прэс» і швейцарскі канцэрн «Рынгер».

«Пасаўэр ной прэс» з'явіўся на чэшскім рынку ў 1990 г., як звычайна ў такіх выпадках, каб аказаць фінансавую і тэхнічную дапамогу рэгіянальным газетам. На працягу першай палавіны 1990-х гг. нямецкі медыяканцэрн ўзяў пад свой кантроль тыя выданні, якім спярша аказваў дабрачынную дапамогу. У выніку сёння «Пасаўэр ной прэс» належаць 36 рэгіянальных выданняў з 42. Буйнейшыя з іх – штодзённыя газеты «Пльзеньскі дзённік» (тыраж 68 тыс. экз.), «Паўночначэшскія навіны» (75 тыс. экз.), «Градзецкія навіны» (45 тыс. экз.). З цэнтральных выданняў канцэрн кантралюе штомесячны часопіс «Кветкі» (255 тыс экз), популярны ў асяродку інтэлігенцыі штотыднёвы часопіс «Малады свет» (175 тыс. экз.), тыднёвік «ТБ-магазін» – адзінае выданне ў Чэхіі, якое мае тыраж 1 млн экз.

Швейцарскі медыяканцэрн «Рынгер» з'явіўся на чэшскім інфармацыйным рынку на пачатку 1991 г. Зараз ён валодае кантрольнымі пакетамі акцый 14 цэнтральных і 6 рэгіянальных выданняў, у тым ліку, папулярнай газеты «Бляск», штомесячнага грамадска-палітычнага часопіса «Рэфлекс» і тыднёвага выдання чешскай інтэлігенцыі «Народная газета». У 1999 г. пазіцыі «Рынгер» пацясніў нямецкі Выдавецкі Дом Шпрынгера, які набыў 49 % акцый чэшскага філіяла «Рынгер».

У другой палавіне 1990-х гг. трывалыя пазіцыі ў інфарацыйнай прасторы Чэхіі заняў нямецкі канцэрн з Дзюсельдорфа «Ранійшэ пост». Канцэрн набыў тыя чэшскія выданні, якімі ў першай палавіне 1990-х гг. валодаў французскі канцэрн Рабера Эрсана. (Медыяканцэрн Эрсана моцна пацярпеў у выніку эканамічнага крызісу 1992–1993 гг. і быў вымушаны распрадаць кантралюемыя ім выданні ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.) У выніку пад кантроль «Райнішэ пост» трапіла сярод іншых выданняў другая ў рэйтынгу папулярнасці сярод чэшскай моладзі (пасля газеты «Бляск») штодзённая газета «Малады Фронт сёння».

Значную частку эканамічнай перыёдыкі кантралюе амерыканскі канцэрн «Доў Джонс» сумесна з Выдавецкім Домам «Хандэльсблат». Ім належаць папулярныя штодзённыя газеты сацыяльна-эканамічнага накірунку «Гаспадарчыя навіны», «Абходнік», «Фінансавыя навіны».

Выключна «чэшскімі» засталіся 8 з 13 цэнтральных штодзённых газет, у тым ліку «Права», «Праца» (орган чэшскіх прафсаюзаў), «Спорт», «Дзённы тэлеграф», «Шпігл», газета пракамуністычнага накірунку "Гала навіны".

Сцісла зазначым, што аналагічныя цяжкасці ў працэсе трансфармацыі перажывае і суседняя Славакія.

З моманту перамогі «аксамітнай рэвалюцыі» ў Славакіі назіраўся колькасны рост найменняў перыядычнага друку. На пачатку 1990 г. ў рэспубліцы выдавалася 326 цэнтральных і рэгіянальных выданняў. На працягу наступных 5 гадоў іх колькасць узрасла на 167 %. Значна паспрыяў «інфармацыйнаму выбуху» прыняты ў сакавіку 1990 г. ліберальны «Закон аб друку», які замяніў абавязковую рэгістрацыю дазволам на выдавецтва.

Сёння штодзённую славацкую прэсу чытае каля палавіны насельніцтва краіны ва ўзросце ад 14 гадоў. Калі ў 1989 г. друкавалася 12 штодзённых газет, дык сёння – 20. Адначасова назіраецца скарачэнне тыражоў. Так, сярэдні штодзённы тыраж газеты складаў у 1989 г. 155 тыс. экз., сёння – 79 тыс. экз. да таго ж, згодна дадзеных Інстытута па вывучэнню журналістыкі, штодзённы тыраж газет на 20 % меней, калі ўлічыць непрададзеныя экземпляры.

Адбыліся змены і ў рэгіянальным друку. Так, у 1989 г. выдаваліся 122 рэгіянальныя газеты, сёння – 353. Значная частка гэтых газет выходзіць нерэгулярна, ствараюцца на невысокім прафесійным узроўні і па сутнасці з'яўляюцца інфармацыйнымі бюлетэнямі ці «лісткамі аб'яў». У 1989 г. выдавалася звыш 100 районных і завадскіх газет, сёння – каля 200, аднак агульны тыраж гэтых выданняў зменшыўся ўдвая.

Калі да малапрыбытковых друкаваных СМІ Славакіі замежны капітал не праяўляў вялікай зацікаўленасці, дык зусім інакш выглядае сітуацыя ў дачыненні да аўдыёвізуальных СМІ. Практычна цалкам пад кантролем нямецкіх і французскіх інвестараў знаходзяцца 60 рэгіянальных тэлекампаній і праграм кабельнага тэлебачання. Дзяржаўны кантроль захоўваецца толькі над двума агульнанацыянальнымі тэлеканаламі СТБ-1 і СТБ-2. Перадачы на трэцім нацыянальным тэлеканале ВТВ («Ваша тэлевізійнае вяшчанне») транслююцца праз спадарожнік на аснове ліцэнзій. Ліцэнзіі ж перыядычна перакупляюць адзін у аднаго французскі канцэрн Эрсана і нямецкі «Райнішэ пост».

Не пазбегла кантролю замежных інвестараў і славацкае радыё, якое вяшчае на 5 праграмах. Першая праграма з'яўляецца, па сутнасці, інфармацйна-публіцыстачнай. Другая пераважна транслюе перадачы, прысвечаныя мастацтву. Трэцяя надае вялікую ўвагу рэгіянальным навінам. Чацвёртая вяшчае на англійскай, французскай і нямецкай мовах. Пятая праграма арыентуецца ў асноўным на маладзёжную аўдыторыю.

Падсумоўваючы, адзначым, што тэндэнцыя павялічэння кантролю замежных інвестараў над чэшскімі і славацкімі выданнямі, тэле- і радыёстанцыямі захоўваецца па сённяшні дзень. Па-ранейшаму гэтыя тэндэнцыі выклікаюць занепакоенасць у грамадскасці. Заклапочанасць гучыць не толькі ў тэле- або радыёэфіры, не толькі на старонках газет і часопісаў, але і ў парламенце, і ва ўрадзе з вуснаў адказных асоб. Аднак ствараць заканадаўчыя перашкоды замежнаму кантролю над айчыннымі СМІ ні ўрад, ні парламент не адважваюцца, бо гэты прэцэдэнт можа пашкодзіць іміджу краін у такі важны для іх момант уваходжання ў склад ЕС. Адміністрацыйныя перашкоды могуць разглядацца як адмаўленне галоўнага прынцыпу сучаснай еўрапейскай гаспадаркі – прынцыпу свабоднай канкурэнцыі. У такім выпадку краіна можа атрымаць ярлык «антыдэмакратычнай нерынкавай дзяржавы» з усімі адпаведнымі наступствамі. Таму адзіным выйсцем пакуль можа быць узмацненне эканамічнай незалежнасці, якая дазволіць пераадолець уплыў замежных інвестараў і абараніць інфармацыйны суверэнітэт.


ЛІТАРАТУРА

1. Дапаможнік для журналістаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Мн., 1995.

2. Евсеева Л. Средства массовой информации Польши в 1989-1994 годах // Вестн.

3. Михайлов С. Современная зарубежная журналистика: правила и парадоксы. СПб., 2002.

4. Средства массовой информации стран Центральной и Юго-Восточной Европы в конце 1989 – начале 1990 годов // Вестн. Моск. ун-та. Серия 10. 1991. № 2. С. 38–79.

5. Шепистина В. СМИ Чехии // Вестник Московского университета. Серия 10. Журналистика. 2001. № 1.

6. Штайнер Ю. Еўрапейскія дэмакратыі. Мн., 2006.