Смекни!
smekni.com

Друк Беларусі ў 1905-1917 гг. (стр. 2 из 5)

"Наша ніва" пачала выходзіць 10 лістапада 1906 г. БСГ знаходзілася на нелегальным становішчы, і таму выдаўцамі газеты лічыліся прыватныя асобы. Першыя чатыры нумары падпісаны С. Вольскім, але за гэты час і пазней ім не падпісана ніводнага артыкула. Гэта дае падставу меркаваць, што Вольскі быў чалавекам выпадковым у рэдакцыі і беларускім руху ўвогуле. 8 снежня 1906 г. пяты нумар "Нашай нівы" падпісаў ужо Аляксандр Уласаў - актыўны член БСГ.

"Наша ніва" ёсць дзецішча кіраўнікоў БСГ, таму ўсе праграмы, іх змена, мэты партыі адлюстроўваліся на старонках газеты. Вось прыклад. Пасля 1905 года замест рэвалюцыйнай ідэі БСГ пачало рабіць стаўку на Дзяржаўную думу. Газета дае падрабязную справаздачу пра пасяджэнні думы, спадзяецца на рэформы. У снежні 1906 друкаваны орган БСГ змяшчае праграму паляпшэння становішча малазямельных і беззямельных сялян, у якой перад Думай ставіліся патрабаванні скасаваць усе законы, якія не дазваляюць свабодна купляць і прадаваць зямлю, ліквідаваць церазпалосіцу шляхам стварэння хутароў і інш. Рэдакцыя спадзяецца, што Дума дапаможа вырашыць праблемы. Аднак праз колькі часу ў газеце з'яўляюцца артыкулы, якія адназначна не падтрымліваюць Думу. У артыкуле "Дума і народ" (№8, 1907) сцвярджаецца, што марна чакаць ад Думы свабод ды зямлі, "бо яна, небарака, адна гэта не зробіць". Сапраўдных свабод і зямлі народ можа дачакацца толькі пасля абрання народнай рады, падтрыманай народнымі масамі (гэтыя думкі пераклікаюцца з праграмай БСГ, якой яна была да 1906 г.).

Дзейнасць газеты. Парадкі ў рэдакцыі. Вацлаў Ластоўскі пісаў: "Склад рэдакцыі "Нашай нівы" ў 1909 годзе быў гэткі: А.Уласаў, браты Іван і Антон Луцкевічы, Ядвігін Ш. (Лявіцкі), Янка Купала, В.Ластоўскі і, дарыўкамі - Язэп Манькоўскі (Янка Окліч) ды Чыж (Альгерд Бульба), а на пачатку лета прыбыў яшчэ С. Палуян. Гэты склад рэдакцыі ў 1909 і 1910 гг. рэзка распадаўся на дзве групы, якія былі трапна ахарактарызаваны толькі што прыехаўшым з Кіева С.Палуянам "верхняй" і "ніжняй" палатамі. Да верхняй палаты належалі: А.Уласаў, браты Луцкевічы і, калі бывалі, Чыж і Манькоўскі. "Ніжняя палата складалася з Ядвігіна Ш., Янкі Купалы, Ластоўскага і Палуяна, а ў канцы 1909 г. да яе далучыўся мастак-маляр Я. Драздовіч. Рэдакцыя ў цэлым ніколі не сыходзілася… За зачыненымі і завешанымі цяжкай драперыяй дзвярымя ў гасподзе "верхняй" палаты вяршыліся "высокія" палітычныя матэрыі. Адгалоскі шырокіх планаў "верхняй" палаты даходзілі ў "ніжнюю" з трэціх і пятых рук, часта ў хаатычнай форме. Адно толькі было пэўным, што там ішла буйная ігра са значнымі стаўкамі з боку уніяцкай іерархіі і некаторых другіх, сільных у тыя часы палітычных краёвых чыннікаў. Ад вуліцы ж у "ніжнюю" палату ішла публіка "чорная" і "шэрая". Ясна, што пры такім падзеле, "верхняя" і "ніжняя" палаты думалі па-рознаму, жылі рознымі ідэаламіі, насілі ў сабе зародкі розных кірункаў нацыянальнай мыслі"

Усе гэтыя кірункі "нацыянальнай мыслі" і траплялі на старонкі "Нашай нівы", што давала магчымасць вучоным потым выносіць самыя розныя, супрацьлеглыя ацэнкі. Так, напрыклад, адно з самых важных пытанняў - сялянскае - на старонках газеты вырашалася непаслядоўна, выказваліся самыя супярэчлівыя думкі. Усё залежала ад погляду аўтараў.

Нагляд уладаў. З самага пачатку існавання "Нашай нівы" царскія улады пільна сачылі за яе зместам. Займаўся гэтым Віленскі цэнзурны камітэт. У 1906 годзе характарыстыка "Нашай нівы" змяшчаецца у спецыяльным дакуменце, складзеным цэнзурным камітэтам па патрабаванні ахоўчага аддзялення паліцыі. Дакумент апісвае і іншыя газеты (іх было 57), якія выходзілі тады ў Вільні. "43. "Наша ніва". Спачатку крыху больш памяркоўная, чым "Наша доля", стала затым змяшчаць артыкулы бунтоўнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі."

Цэнзура не проста назірала за дзейнасцю газеты. пісала характарыстыкі. Калі нешта здавалася ёй небяспечным, яна пераходзіла да адкрытых дзеянняў. У першай палове 1907 на старонках "Нашай нівы" з'явіліся матэрыялы "Дума і народ", "Зямельная справа ў Новай Зеландыі" ды іншыя, на якія адразу звярнула ўвагу цэнзура і палічыла іх небяспечнымі для існуючага дзяржаўнага ладу. 14 сакавіка 1907 г. віленскі інспектар па справах друку паведамляў пракурору Віленскай судовай палаты: "В №№ 8 и 9 выходящей в гор. Вильне на белорусском языке еженедельной газеты "Наша нива" мною усматриваются нарушения законов о печати. Так. между прочим, в № 8 фельетонная статья, подписанная "Марцін", под заглавием "Дума и народ" и конец статьи (на стр. 8) под заглавием "Зямельная справа ў Новай Зеландыі", а также передовая статья в №9 и статья под заглавием "Работа думы" в том же номере напоминают подпольные прокламации, и, кроме этих большей частью без названия источника, откуда заимствованы сведения, а между тем все, как на подбор, в состоянии сильно сзволновать простого малоинтеллигентного читателя белорусской газеты и внушить ему неуважение к суду, полиции, земскому начальнику, помещику, к войску, к законам государства, усматривая в названных статьях и заметках номеров 8 и 9 названной выше газеты на белорусском языке преступления, предусмотренные п. п. 1 и 3 ст. 129 угол. уложения и ст. 281-1 п. 1 улож о наказаниях, мною согласно ст. IX отд. VII высочайшего указа от 24 ноября 1905 г. был наложен арест на №№ 8 і 9 газеты, издающейся в гор. Вильне на белорусском языке "Наша нива". Об этом имею честь донести до сведения Вашего превосходительства на предмет возбуждения уголовного преследования против ответственного редактора-издателя названной газеты А. Власова.

При этом считаю своим долгом поставить Ваше превосходительство в известность, что полицею, по сообщению полицмейстера, конфисковано №8 - 668 экземпляров, а № 9 - 5 экз., а почтовой конторой здержано №9 - 965 экз., присовокупляя при этом, что каждый номер названной газеты печатается в количестве 1500 экз." Дарэчы, А.Уласаў у 1908 годзе плаціў штраф, а ў 1910 нават адсядзеў 2 месяцы ў турме.

31-га ліпеня 1913 года асобы аддзел сталічнага дэпартамента паліцыі прыслаў ў Вільню наступны дакупент-данос з грыфам "Зусім сякрэтна". "Згодна з атрыманымі агентурнымі звесткамі ў г.Вільні стварылася нацыянальная група палякаў ці беларусаў, у склад якой уваходзяць як мясцовыя жыхары, так і некаторыя студэнты пецярбургскіх вышэйшых навучальных устаноў. На чале групы стаіць прыват-дацэнт Разенфельд і нейкі Е. Раманаў. У склад группы ўваходзяць сант-пецярбургскія студэнты Пагодзін, Хлябцэвіч (ці Хлебусевіч), Грыневіч, Тарашкевіч і Браніслаў Ігнацьеў Эпімах-Шыпіла, мясцовыя жыхары... (ідзе пералік іменаў), пісьменнік Янка Купала і многія іншыя. Штаб-кватэрай групы з'яўляецца рэдакцыя газеты "Наша ніва". Сходкі групы праходзяць нелегальна ў горадзе; так, адна з сходак мелася быць на кватэры Данілава, у доме № 8 па Жандармскаму завулку; больш шматлікія сходы наладжваюцца ў часе загарадніх экскурсій. Тэмаю абмеркавання служыць быт сялян і неабходнасць барацьбы за яго палепшанне; прамовы носяц крайне антыўрадавы характар. Група збіраецца выдаць нейкую брашуру і восенню на з'ездзе студэнтаў раздаваць яе як у вышэйшых навучальных установах, так і сярод сялян. Часам падымаюцца размовы пра неабходнасць тэрору".

Начальнік Віленскага жандармскага ўпраўлення сакрэтна адказваў свайму сталічнаму начальству: "Асобы, пералічаныя ў названай запісцы, а іменна Янка Купала, Эпімах-Шыпіла, Тарашкевіч, Пагодзін, Хлябцэвіч у г. Вільні не жывуць". Начальнік абыходзіць пытанні наконт тэрору, але прызнае, што галоўнаю выразніцаю ідэі нацыянальнага адраджэння беларусаў" з'яўляецца "Наша ніва", асноўная віна газеты ў тым, што пад уплывам яе "пачаўся заметны паварот у поглядах народных настаўнікаў на ўвядзенне "простай" мовы ў школу".

Паліцыя сачыла за дзейнасцю газеты не толькі з дапамогай цэнзурнага камітэта. Вось канкрэтны прыклад. У 1908 годзе начальнік прывакзальнай паштовай канторы, праз якую газета атрымлівала карэспандэнцыю, даносіў наступнае. "Сакрэтна. Начальніку Віленскага ахоўчага аддзялення. Паведамляю вашаму высокаблагароддзю, што сёння атрымана ў даверанай мне канторы простае закрытае пісьмо на імя рэдакцыі "Нашай нівы".

Апроч цэнзуры і паліцыі, якія сачылі за "Нашай нівай" па абавязку службы, за ёй назіралі і царкоўнікі і даносілі начальству. Вось прыклад. Віцэ-дырэктар Дэпартамента духоўных спраў звяртаецца з пісьмом да начальніка Галоўнага ўпраўлення па справах друку.

"Паводле звестак, што маюцца ў Дэпартаменце, у Вільні з 1906 года выдаецца газета пад загалоўкам "Наша ніва", рэдактарам і выдаўцом якой з'яўляецца прыцягнуты ў якасці абвінавачанага па 129 арт. Крымінальнага ўлажэння сын калежскага саветніка дваранін Аляксандр Мікітавіч Уласаў, які выпускае перыядычныя творы на беларускай мове, надрукаваныя лаціна-польскім ці чэшскім шрыфтам, называючы гэтыя творы кнігавыдавецтвам "Нашай нівы".

Галоўныя задачы, якія ставіць газета і названае кнігавыдавецтва, зводзяцца часткова да стварэння беларускага сепаратызму, часткова да зліцця беларусаў з палякамі ў мэтах адлучэння ад Расіі. Для правядзення ж у жыццё гэтых палітыка-нацыяналістычных імкненняў і вырашана даць беларускаму насельніцтву нацыянальную літаратуру, але з заменаю рускага шрыфта лацінскім. Па прычыне вышэйакрэсленага шкоднага кірунку названай газеты і звязанага з ёю кнігавыдавецтва я звяртаюся да Вашага правасхадзіцельства з просьбаю не адмовіць у распарадэнні ўзмацніць нагляд над усімі выданнямі "Нашай нівы". 4 студзеня 1912 г."