Смекни!
smekni.com

Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка (стр. 1 из 5)

Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка

Вячаслаў Насевіч

Даследчыкі гісторыі Беларусі неаднаразова аналізавалі звесткі пра сялянскае землекарыстанне і эвалюцыю феадальнай рэнты на Беларусі. Агульны характар працэсаў на макраўзроўні вызначаны больш-менш акрэслена. Але ні разу не рабіліся спробы прасачыць дынаміку гэтых паказчыкаў у той самай мясцовасці, у дачыненні да таго самага насельніцтва. Між тым такі падыход дазваляе зірнуць на гістарычны працэс так, як ён успрымаўся самімі ўдзельнікамі. Зразумела, што сяляне не мелі магчымасці апераваць вынікамі статыстыч ных падлікаў ці абагульніць лічбы па ўсёй краіне. Для іх было толькі два пункты адліку — параўнанне з бліжэйшымі суседзямі і ўспаміны пра ўласнае мінулае. На падставе гэтых параўнанняў фармавалася агульнае ўяўленне пра сваё жыццё — цяжкае яно ці лёгкае, пагаршаецца ці паляпшаецца. Таму даследаванне на мікраўзроўні здольнае ўнесці нешта істотна новае ў нашыя ўяўленні пра мінулае.

Мы паспрабуем прадэманстраваць гэта на адным канкрэтным прыкладзе. Увазе чытача прапануюцца вынікі, атрыманыя пры комплексным даследаванні мікрарэгіёна ў цэнтральнай Беларусі (прыкладна за 50 км на поўнач ад Мінска), на тэрыторыі сучаснага Лагойскага раёна. Гэты абшар мае плошчу амаль дакладна ў 100 кв. км. З моманту першага ўпамінання ў крыніцах Вялікага Княства Літоўскага ў 1395 г.1 ён уяўляў сабой адзін уласніцкі комплекс — маёнтак Корань, пажалаваны Вітаўтам заснаванаму незадоўга да таго капітулу віленскага кафедральнага касцёла Св. Станіслава.

Першыя звесткі пра памеры маёнтка змяшчае рэестр раскладкі пазачарговага падатка (серабшчызны ) з духоўных уладанняў Віленскага біскупства за 1553 г.2 Тады маёнтак Корань уяўляў сабой два престимония каноничьих , з якіх адным карыстаўся канонік Хоцька, другім — жамойцкі біскуп, што таксама ўваходзіў у склад віленскага капітула. У першай з гэтых частак значылася 58 сох і 2 агароды, у другой — 50,5 сох, 3 зямлі і 2 агароды. На жаль, у якасці адзінак абкладання ў гэтым дакуменце выступаюць не традыцыйныя для XVI ст. дымы або службы, а параўнальна рэдкія ў іншых крыніцах сохі, што ўскладняе інтэрпрэтацыю і супастаўленне з іншымі дадзенымі. Верагодна, саха адпавядала тыповаму зямельнаму надзелу, які апрацоўваўся адной запрэжкай валоў. Дробная колькасць сох у рэестры сведчыць, што такі надзел маглі сумесна выкарыстоўваць некалькі гаспадарак. У цэлым на тэрыторыі маёнтка было не менш за 112 сялянскіх гаспадарак.

3 кастрычніка 1572 г. капітулам было прынята рашэнне правесці ў маёнтку Корань валочную памеру3. Размерылі яго землі на валокі не пазней за канец 1575 г. канонікі Лаўрын Вольскі і Томаш Макавецкі. Яны падалі капітулу праект валочнай уставы, які і быў ухвалены 13 лютага 1576 г. Копія ліста, накіраванага з гэтай нагоды цівунам і людзям маёнтка Кораньскага , захавалася ў актавай кнізе капітула. У ім жыхарам маёнтка паведамляецца, што капітул разгледзеў прапанава ныя нормы павіннасцяў, каб матэрыяльнае становішча падданых у выніку рэформы не пагоршылася (jakoby wam za takową ustawą wielka obciążliwość nie była). Праект быў прызнаны дастаткова справядлівым і зацверджаны капітулам. Польская копія з яго лацінскага арыгінала была ўпісана ў актавую кнігу непасрэдна пасля ліста капітула 4.

Адпаведна ўставе скасоўваліся ранейшыя павіннаці — натуральная мядовая даніна і грашовае налуконне , якія збіраліся з кожнага двара. Наўзамен уводзіліся дзве катэгорыі валок — цяглыя і асадныя. З цяглай валокі добрага грунту падданыя абавязаны былі плаціць чынш у памеры 35 грошаў5 і пастаўляць натуральную павіннасць (дзякло) — 1 бочку6 азімага жыта і 2 бочкі аўса. З такой самай валокі сярэдняга грунту належала 30 грошаў, па 1 бочцы жыта і аўса. Адпрацовачная павіннасць (паншчына) незалежна ад якасці зямлі складала па 2 дні з валокі ў тыдзень, плюс 6 дзён талакі на сваім хлебе ў год, абавязак адвозіць у Вільна падводы з дзяклом і іншыя грузы пры неабходнасці, касіць дворскія сенажаці, вартаваць у гасподскім двары, а калі прыедуць уладальнікі маёнтка — пастаўляць ім на мяса цялушку (ялавіцу) . Апрача таго карыстальнікі валокі мусілі даваць штогод 2 курыцы і 10 яек. З асаднай валокі адпрацовачных павіннасцяў не было. На добрым грунце карыстальнікі такой валокі плацілі чынш в суме 70 грошаў, па 1 бочцы жыта і аўса. Пры сярэдняй якасці зямлі памер чыншу памяншаўся да 60 грошаў (пры тым самым памеры дзякла), а з подлага грунту ішоў толькі чынш у 60 грошаў, без дзякла.

Е. Ахманьскі, аналізуючы гэтыя звесткі, перавёў натуральныя павіннасці ў грашовы эквівалент (з разліку 10 грошаў за бочку жыта, 5 грошаў за бочку аўса плюс 5 грошаў за адвоз) і параўнаў іх з аналагічнымі дадзенымі пра дзяржаўныя маёнткі адпаведна ўставе на валокі 1557 г. Ён прыйшоў да высновы, што сума павіннасцяў з асаднай валокі добрага грунту складала ў капітульных уладаннях 90 грошаў, а ў дзяржаўных — 106 грошаў, з сярэдняга грунту — адпаведна 80 і 97, з подлага — 60 і 83. Памер паншчыны быў аднолькавы, за тым выключэннем, што ў дзяржаўных маёнтках 2 тыдні былі вольныя ад працы. Талокі складалі ў капітульных уладаннях 6 дзён, 4 — у дзяржаўных.

У цэлым з гэтымі разлікамі можна пагадзіцца, але дадзеныя 1550-х г. пра кошт прадуктаў патрабуюць карэктавання, бо да 1576 г. змяніліся і цэны, і сярэбранае напаўненне гроша. Згодна з Статутам ВКЛ 1566 г., капа азімага жыта (60 снапоў) каштавала 12 грошаў. Намалот з такой капы складаў, мяркуючы па дадзеных больш позняга Статута 1588 г., блізу 0,83 бочкі, г. зн. цана бочкі павінна была складаць 14 грошаў і 4 пенязі. Капа аўса каштавала 6 грошаў, пры сярэднім намалоце 0,5 бочкі з капы, характэрным для ўсіх яравых культур. Бочка аўса мусіла каштаваць у такім выпадку 12 грошаў. Курыца ў Статуце 1566 г. ацэньвалася ў 1,5 гроша. Кошт яек у гэты час невядомы, але ў больш познія гады цана за дзесятак адпавядала, як правіла, 0,5 — 0,75 цаны курыцы. Такім чынам, яе можна ацаніць у межах ад 8 пенязяў да 1 гроша. З такімі папраўкамі выплаты падданых капітула з асаднай валокі добрага грунту павінны былі складаць у сярэдзіне 1570-х г. больш за 100 грошаў, з сярэдняга — звыш 90, а з цяглай валокі — блізу 80 і 60 грошаў адпаведна, плюс паншчына.

Агаворваліся ва ўставе таксама павіннасці на карысць новага касцёла ў Корані. Яго святар (каплан) павінен быў штогод на Каляды аб'язджаць воласць — калядаваць. Пры гэтым з кожнай валокі яму належала па 1 грошы і па 1 кракаўскім карцы жыта, што складала блізу 102 літраў ці 4 пудоў (65,6 кг). Гэтыя павіннасці былі пацверджаны 21 кастрычніка 1582 г. у якасці дзесяціны з даходаў маёнтка. Дадаткова агаворваўся абавязак сялян вазіць з лесу бярвенне на рамонт касцёла і яго звонніцы 7.

Час паказаў неэфектыўнасць захадаў дзеля забеспячэння прыходскага святара. 10 кастрычніка 1591 г. тры канонікі віленскага капітула — Марцэл Сухадольскі, Мікалай Карызна і Барталамей Нядзвецкі (у сумесным распараджэнні якіх знаходзіўся маёнтак Корань), прынялі адмысловую ўставу наконт Кораньскага прыхода. У гэтым дакуменце адзначаецца, што першапачатковая датацыя была недастатковай для дзейнасці каплана, таму ён кінуў прыход, а сяляне, якія раней перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва, вярталіся ў праваслаўныя цэрквы і там выконвалі абрады (poddani tez, ktory incz byli nico od Rusi do Kosciola Catolickiego przystali, zasie nazad sie wracaią y dzieci chrzcza hodzać do Ruskich Cerkiew). У сувязі з гэтым на забеспячэнне касцёла прызначаўся дадатковы даход з аренды карчмы ў сяле Корань. Апрача таго ад кожнай сялянскай валокі каплану надавалася штогод па возу дроў. На гэты раз была вызначана і новая працэдура збору падаткаў — іх павінны былі збіраць ураднікі або старцы і звозіць у той з двароў (прэстымоніяў) маёнтка, пры якім будзе знаходзіцца каплан. Калі ж святар вырашыць сам ці праз свайго даручэнца ажыццяўляць ранейшае калядаванне, то сяляне могуць даваць яму што-небудзь па сваёй добрай волі8.

Павелічэнне датацыі не дасягнула мэты, і ўжо 1 кастрычніка 1596 г. капітул прыняў рашэнне з прычыны недахопу капланаў і малой правізіі ліквідаваць самастойны Кораньскі прыход, а яго касцёл лічыць філіяй суседняга Гайненскага 9.

Паўторнае рашэнне пра ўтварэнне Кораньскага прыхода было прынята 11 лютага 1605 г., і ў больш позніх дакументах ажно да XX ст. менавіта гэты год фігуруе як афіцыйная дата заснавання касцёла. На гэты раз, улічыўшы ранейшы вопыт, капітул вызначыў святару (плябану) нерухомую маёмасць — засценак Нарбутава з зямельным надзелам у памеры 1 валокі і 22,5 моргаў (каля 36 га). На ім уладальнікі кожнай з 4 частак, на якія падзяляўся ў той час маёнтак, мусілі асадзіць па 1 сялянскай сям'і. Апрача того, касцёлу па-ранейшаму належала доля з даходаў маёнтка — грашовая павіннасць, названая пагарцоўшчына , і натуральныя выплаты ў памеры 5 коп (верагодна, 300 снапоў) жыта, 5 коп ячменю, па 1 бочцы ячменю і 0,5 бочкі гароху з кожнага з прэстымоніяў. Памер палуконня з кожнага сялянскага надзелу быў павялічаны з 18 пенязяў (1,8 гроша) да 2 грошаў. У распараджэнні плябана застаўся даход з арэнды карчмы. Пры гэтым агаворвалася, што сяляне могуць з яго дазволу варыць піва на вяселле сына ці дачкі10.

Агульны кошт павіннасцяў на карысць касцёла можна ацаніць паводле расцэнак, вызначаных Статутам 1588 г., улічыўшы, што лігатурная маса гроша ў перыяд 1580—1607 г. не мянялася і складала 0,67 г срэбра. Капа азімага жыта ацэньвала ся ў Статуте ў 20 грошаў, яравога — у 12 грошаў, бочка жыта — у 24 грошы. Капа ячменю каштавала ў сярэднім 10 грошаў, бочка — 20 грошаў, а бочка гароху, аўса і шэрагу іншых культур — 16 грошаў. У такім выпадку пагарцэўшчына з трох прэстымоні яў павінна была раўняцца 534 грошам. Неўзабаве на пачатку XVII ст. адбыўся рэзкі рост цэн. Калі ён быў адпаведны зніжэнню срэбранага напаўнення гроша (у перыяд з 1607 да 1623 г. яно зменшылася да 0,56 г), то мусіў скласці каля 16 %, і ў 1610—20-я г. кошт пагарцoўшчыны адпавядаў прыблізна 620 грошам.

Выпіска з тарыфу падымнага з біскупскіх уладанняў за 1653 г.11 дазваляе вызначыць памеры і населенасць маёнтка Корань у сярэдзіне XVII ст. — напярэдадні спусташальнай вайны з Расіяй. Прэстымоній каноніка Паца налічваў тады 40 дымоў, прэстымоній каноніка Копця — 48, уладанні кораньскага плябана — 10, а асобны прэстымоній Прудкі — 35 дымоў. Такім чынам, усяго ў маёнтку налічвалася 133 сялянскія гаспадаркі.