Смекни!
smekni.com

Палітыка расейскага самаўладдзя адносна яўрэйскай супольнасці Беларусі (стр. 2 из 3)

На пачатку новага стагоддзя да ўлады прыйшоў Аляксандар I, які адчуваў жаданне правіць “па сэрцу сваёй мудрай бабкі”: выпрацаваць дасканалы закон і зраўняць перад ім усе саслоўі. У рамках агульнай кадыфікацыйнай палітыкі праходзіў і разгляд яўрэйскага заканадаўства. У час царавання Аляксандра I (1801-1825 гг.) былі скліканы чатыры “яўрэйскія камітэты”, якія ўносілі на разгляд цара законапраекты па ўдасканаленню статусу яўрэяў.

Асноўнай мэтай законатворчай працы першай чвэрці 19 ст. трэба прызнаць імкненне зліць яўрэйскую супольнасць з іншымі падданымі імперыі. Гэты матыў гучыць не толькі ў справаздачы Гаўрылы Дзяржавіна, якая наклала моцны адбітак на законы адносна яўрэяў аляксандраўскіх часоў. З патрабаваннем ліквідаваць яўрэйскую ізаляванасць мы сустракаемся ў прапановах саміх яўрэяў, напрыклад, у праекце Ноты Хаймавіча [19]. Асэнсоўваецца пытанне: шкодная ці карысная дзейнасць яўрэяў. Грамадскасць хвалюе роля яўрэяў у пашырэнні вінакурэння на вёсцы, што прычынілася да масавага спойвання сялянства. Пры гэтым не былі прыняты да ўвагі ні выключна пасрэдніцкая роля саміх яўрэяў, ні месца ў вырабе і продажы алкаголю памешчыкаў, сапраўдных уласнікаў шынкоў і вінакурняў.

У 1804 г. было абнародавана “Усталяванне аб яўрэях” - першы агульны зборнік расейскіх законаў адносна гэтай супольнасці. Дух дакумента даволі гуманны, ў ім дэкляруюцца негвалтоўныя меры па далучэнню яўрэяў да расейскага грамадства. Адзін з галоўных шляхоў – асвета. З гэтага часу яўрэі прымаюцца ва ўсе навучальныя установы Расеі. Не дазваляецца рэлігійны ўціск, вучоныя яўрэі атрымалі права на набыццё навуковых ступеняў. Нежадаўшыя наведваць агульныя навучальныя ўстановы маглі адчыняць яўрэйскія школы з умовай абавязковага вывучэння расейскай, польскай ці нямецкай моваў. Паступова ў яўрэйскае жыццё ўводзіліся еўрапейскія культурныя нормы. Справаводства пераводзілася на адну з вышэйназваных моваў, яе ведання патрабавалі ад сяброў магістрату, рабінаў і кагальных. Яўрэі, што ўдзельнічалі ў працы магістратаў, як і вучні агульных школаў, павінны былі перамяніць вопратку на еўрапейскую; па новаму перапісу ўсе яўрэі атрымлівалі спадчынныя прозвішчы.

Адчувалася, што ўладам спадабалася думка Гаўрылы Дзяржавіна аб “прывядзенні яўрэяў у карысны для дзяржавы стан”. Стымулявалася далучэнне іх да вытворчай працы. Заводчыкам і фабрыкантам, а таксама рамеснікам абяцаліся падаткавыя ільготы, пазыкі, часовы допуск па-за мяжу яўрэйскай аселасці. Асаблівая ўвага была праяўлена ў дачыненні да земляробаў. Арэндатарам памешчыцкай зямлі закон прапанаваў 5-гадовае вызваленне ад скарбовых падаткаў, а каланістам, якія пераходзілі на казённыя землі - пазыку і 10-гадоваы неплацёж падаткаў.

Урад дэманстраваў жаданне ліквідаваць “яўрэйскую выключнасць” у фіскальных адносінах. “Усталяванне” скасоўвала падвойны падатак з земляробаў, рамеснікаў і фабрыкантаў, а ўказ 8 лістапада 1807 г. здымаў яго з яўрэйскіх купцоў [20].

Трэба зазначыць, што ў законах тае пары праявіліся парывістасць і самаўпэўненасць, уласцівыя маладому імператару. Яго жаданне змяніць стан рэчаў простымі сродкамі яскрава праявілася ў барацьбе з яўрэйскім вінакурэннем. Для яго вынішчэння было вырашана высяліць усіх яўрэяў з вёсак у гарады і мястэчкі. Мера гэтая, цалкам кабінетная, не магла быць выкананая за чатыры назначаныя “Усталяваннем” гады. На старыя і занядбаныя дамы яўрэяў не знаходзілася пакупнікоў, а ў самых яўрэяў не ставала сродкаў на перасяленне. Перапыняючыся ў лютым 1807 г. і снежні 1808 г., высяленні ўзнаўляліся ў кастрычніку 1807 г. і красавіку 1823 [21], што не толькі прыводзіла да руйнавання яўрэяў, але і стварала блытаніну ў законах.

Дзяржавінскі дух нецярпімасці і падазронасці да яўрэяў уваскрасае ў законах другой паловы царавання Аляксандра I. Як не выклікаючыя даверу падданыя, здольныя да здрады, па ініцыятыве сенатара Сіверса яўрэі высяляюцца з 50-вёрставай адлегласці ад дзяржаўнай мяжы (1812-1821 гг.). Каб засцерагчы праваслаўных ад іўдзейскага “псуючага” уплыву, яўрэям забаронена трымаць хрысціянскую прыслугу (1818, 1820 г.) [22]. Тым, хто жадаў перамяніць веравызнанне, павінна было дапамагаць “Таварыства ізраільскіх хрысціянаў” (1817 г.), якое гарантавала і матэрыяльную і духоўную падтрымку любому новахрышчонаму.

Вынік 25-гадовага царавання Аляксандра I - 75 законаў адносна яўрэйскай супольнасці - горы паперы: сенацкіх указаў, праектаў, прапановаў. Як жа адбілася гэта бурная творчасць на жыцці простага яўрэя, жыхара Беларусі? Вывучэнне архіўных дакументаў паказвае, што жыццё гэта амаль не змянілася. Адразу асуджаны на правал быў праект “перавыхавання” яўрэяў у земляробаў. Прапануючы супольнасці карэнным чынам змяніць лад свайго жыцця, пакінуць традыцыйныя заняткі і ў кароткі час набыць новыя навыкі, урад недастаткова клапаціўся аб іх матэрыяльнай падтрымцы. 5-10-гадовага скасавання падаткаў было недастаткова для пачынання гаспадаркі на новым месцы, невялікія дзяржаўныя пазыкі былі прапанаваныя “ў пазыку”, а на засяленне адведзены выключна малы зямельны масіў - 30 000 дзесяцін.

Прымаючы да ўвагі нізкі ўзровень жыцця і агульную немаёмаснасць расейскіх яўрэяў, лёгка сабе ўявіць, чаму яўрэі не адгукнуліся на заклік ўрада. У 1807 г. з 16 747 яўрэяў мужчынскага полу з Гарадзенскай губерні земляробамі сябе лічылі толькі 1 978 чалавек [23]. Калі ў тым жа годзе сярод яўрэяў Гарадзенскай губерні правялі апытанне, ці не жадаюць яны перасяліцца на вольныя землі для таго, каб заняцца сельскагаспадарчай дзейнасцю, 979 адказалі станоўча, але 579 з іх не мелі магчымасці перасяліцца па прычыне беднасці, а 39 не маглі плаціць падаткі [24].

Наконт магчымасці далучыць прадстаўнікоў яўрэйскай супольнасці да сельскагаспадарчых заняткаў і прычынаў правалу ўсіх мераў урада, якія праводзіліся ў даным накірунку, гучалі розныя меркаванні. Для цэнтральнай улады характэрнае выказванне такога кшталту: “Па прычыне зведанай ухілістасці яўрэяў ад земляробчых заняткаў і прыхільнасці да гарадскога больш гультайскага жыцця з абцяжарваннем народа, да гэтага часу ўступіла ў гэтае званне зусім нязначная колькасць яўрэяў” [25]. Мясцовыя чыноўнікі, бліжэй знаёмыя з цяжкасцямі, што ўзнікаюць пры рэалізацыі кабінетных законаў, прыводзілі іншыя тлумачэнні. “Гаспадарка пасяленцаў-яўрэяў знаходзіцца ніжэй за гаспадарку рускіх сялянаў па недастатковаму іх веданню апрацоўкі палёў. Недахопы ў гаспадарцы яўрэяў заключаюцца яшчэ ў недабудаванасці гаспадарчых пабудоваў і ў адсутнасці ў іх дастатковай колькасці быдла” [26]. Самі яўрэі лічылі “прапанову зрабіць яўрэяў земляробамі недарэчнай, таму што яўрэі займаюцца тымі рамёствамі, у якіх іншыя не практыкуюцца” і прапанавалі “тых, хто пажадае зрабіцца земляробам, забяспечыць усім неабходным” [27] (праект Ноты Хаймавіча).

Такой жа безвыніковай стала і кампанія па адлучэнню яўрэяў ад вырабу і гандлю спіртнымі напоямі. Шынкарская дзейнасць яўрэяў была цесна спалучана з інтарэсамі мясцовай шляхты, для якой адданыя яўрэям у арэнду вінакурні былі крыніцай пастаяннага высокага прыбытку. Таму калі пастановы ўрада забаранілі легальную арэнду, пашырылася тайнае валоданне і арэндаванне. “Па Вашага Правасхадзіцельства прапанове вызначана: у нашым Кобрынскім павеце надта шмат маёнткаў дадзена памешчыкамі яўрэям у закладныя і арэндныя пасесіі” [28], - даносілі губернатару з Кобрынскага ніжняга земскага суда.

У цараванне Мікалая I (1825-1855 гг.) імкненне да з’яднанасці падданых прыняло крайнія формы. Праявілася жаданне ўніфікаваць, падавіць усялякую самабытнасць і самастойнасць: у мысленні, у знешнім выглядзе, таму што ўжо ў гэтым, на думку уладаў, каранілася непаслушэнства і магчымасць бунту. Яўрэяў патрабавалася ператварыць як унутрана, так і вонкава, а паколькі яны не праявілі асаблівага жадання скарыстаць з гуманных мераў папярэдняга ўраду, то цяпер сродкі абіраліся жорсткія, гвалтоўныя, прымусовыя.

Былі працягнутыя некаторыя пачынанні Аляксандра І: высяленні з сельскай мясцовасці (1827-1835 гг.) у мэтах барацьбы з яўрэйскім вінакурэннем [29]; заахвочванне земляробчай і прамысловай дзейнасці па “Усталяванню аб яўрэях” 1835 г. [30], якое, дарэчы, не ўнесла нічога новага ў фармаванне юрыдычнага статуса яўрэяў, а толькі абагуліла папярэднія акты.

Пад унутраным змяненнем разумелася не толькі змена роду дзейнасці, але і трансфармацыя свядомасці. Да хрысціянізацыі вялі розныя шляхі. Сярод іх, уведзенае 26 жніўня 1827 г. натуральнае выкананне рэкруцкай павіннасці, якую дагэтуль замяняў грашовы падатак [31]. Для яўрэяў была ўведзеная павялічаная норма здачы рэкрутаў, паніжаны прызыўны ўзрост, уведзеныя жорсткія карныя меры адносна як саміх рэкрутаў, так і кагальнага кіраўніцтва ў выпадку невыканання ўказу. Тым самым сеялася зерне разладу ўнутры яўрэйства.

Пазбаўленню яўрэйскіх масаў іх духоўных кіраўнікоў і настаўнікаў павінна была садзейнічаць ліквідацыя кагалаў (1844 г.). Адначасова мера гэтая азначала ўзмацненне дзяржаўнага ўмяшання ва ўнутрыабшчынныя справы, бо ставіла яўрэйскае грамадства пад кантроль паліцыі. На справе, па прычыне захавання кагальна-рабінскай вярхушкай вялікага рэлігійнага аўтарытэту, скасаванне кагалу адбылося выключна фармальна. Алігархія працягвала кіраваць адзінаверцамі пры дапамозе грошаў і сувязяў.

Як удар па асвеце і адукацыі рыхтаваліся наступныя меры: закрыццё ўсіх яўрэйскіх друкарань акрамя віленскай і кіеўскай (27 лістапада 1836 года) [32] і рэфармаванне яўрэйскай школы (13 лістапада 1844 года) [33]. Апошняе прадугледжвала адкрыццё казённых яўрэйскіх вучылішчаў рознага тыпу, у якіх можна было набыць свецкую адукацыю з паменшанай удзельнай вагой “яўрэйскіх прадметаў” - рэлігіі і гісторыі.

Знешняя адметнасць яўрэяў ліквідавалася пры дапамозе паступовай забароны нашэння традыцыйнай вопраткі і прычосак [34]. Адначасова заахвочваліся тыя, хто быў згодны пазбавіцца і знешняй адметнасці, і веры продкаў. Неафітам прапаноўваліся трохгадовыя падаткавыя ільготы і грашовая падтрымка [35].