Смекни!
smekni.com

Гісторыя беларускага мовазнаўства (стр. 3 из 6)

“Кграматыка словеньска языка” і “Адэльфоціс...” не былі грунтоўнымі працамі, іх практычнае значэнне было невялікім.

Адной з першых дасканалых і грунтоўных граматык, з якой пачаўся новы этап у гісторыі беларускага мовазнаўства, з'яўляецца “Грамматика словенска съвершеннаго искусства сьми частий слова, и иных нуждных. Ново съставленна Л (Лаўрэнціем) Z (Зізаніем)”, якая выйшла ў 1596 годзе ў Вільні. На 192 старонках кнігі ў форме пытанняў і адказаў, якія даюцца не толькі па-царкоўнаславянску, але і “па-руску”, г. зн. па-беларуску, былі выкладзены граматычныя асновы царкоўнаславянскай мовы, яе гукавы склад. “Граматыка...” насычана правіламі, вызначэннямі, узорамі скланення іменных часцін мовы, спражэння дзеясловаў. Граматыка Лаўрэнція Зізанія прызначалася ў першую чаргу для вывучэння царкоўнаславянскай мовы, якой карысталіся на ўсходнеславянскіх землях у канцы ХVІ стагоддзя і якая да гэтага часу паступова насычалася мясцовымі моўнымі элементамі. Таму аўтар пры тлумачэнні асобных з'яў царкоўнаславянскай мовы выкарыстоўваў і асаблівасці беларускай мовы, што надавала працы адметны каларыт, садзейнічала збліжэнню мовы рэлігійнага пісьменства з жывой беларускай гаворкай. Мясцовы моўны матэрыял выкарыстоўваўся не як аб'ект даследавання, а як сродак апісання царкоўнаславянскай мовы.

“Граматыка” Л.Зізанія складалася з чатырох частак: арфаграфіі, прасодыі, этымалогіі і сінтаксіса. Пры тэарэтычным асэнсаванні моўных фактаў і з'яў аўтар абапіраўся на традыцыі грэчаскай і лацінскай лінгвістычнай тэорыі. У “Арфаграфіі” апісаны літары, якія падзелены на галосныя і зычныя. Асаблівасці правапісу галосных выкладзены ў “Канонах арфаграфіі”, змешчаных у канцы кнігі. У правапіснай сістэме “Граматыкі” адлюстраваны працэс больш-менш свабоднага пранікнення народна-гутарковай стыхіі ў рэлігійнае пісьменства. Гэта выразна праявілася ў паасобных выпадках перадачы некаторых спецыфічных рыс беларускай мовы: акання, зацвярдзення губных, шыпячых і [р].

У другой частцы “Прасодыя” падрабязна разглядаюцца асаблівасці націску і яго віды. У гэтай жа частцы змешчаны параграф аб знаках прыпынку і ўжыванні цітлы.

У трэцяй частцы “Этымалогія” Л.Зізаній выдзяляе восем часцін мовы: “различие, имя, местоимя, глагол, причастие, предлог, наречие, союз”. Кожная часціна мовы атрымала падрабязнае тлумачэнне і апісанне. Найбольшая ўвага надаецца імёнам (назоўніку, прыметніку, лічэбніку) і дзеяслоўным формам. Л.Зізаній побач з царкоўнаславянскімі прыводзіў і ўсходнеславянскія формы, агульныя для беларускай і ўкраінскай моў. Зізаній выкарыстаў уласцівыя беларускай мове формаўтваральныя сродкі пры апісанні асаблівасцей утварэння ступеней параўнання прыметнікаў (суфіксы -ейш, -ш; прэфікс -най). Тэндэнцыя выкарыстання беларускіх форм побач з царкоўнаславянскімі адлюстравана пры разглядзе займеннікаў, дзеясловаў цяперашняга часу. Уздзеянне жывой беларускай гаворкі на царкоўнаславянскую мову выразна праявілася ва ўжыванні многіх беларускіх лексем: але, годность, дарую, деля, ведаці, лагодная, мовити, потреба і іншых.

“Граматыка...” Л.Зізанія адыграла важную ролю ў развіцці беларускай мовы. Яна была шырока распаўсюджаным падручнікам у Беларусі, Літве, на Украіне і ў Расіі. Яе ведалі таксама ў Сербіі, Балгарыі і ў Польшчы. Некалькі дзесяцігоддзяў яна была настольнай кнігай у брацкіх школах. Праца Л.Зізанія з’явілася ўзорам для пазнейшых складальнікаў граматык.

Л.Зізаній выдаў таксама буквар пад назвай “Наука ко читаню и розуменю письма Словенского...” і дадаў да яго слоўнік “Лексис, сиречь речения, въкратъце събраньны и из словенскаго языка на простый рускій діялектъ истолъкованы”, больш падрабязная гаворка пра які будзе ніжэй.

У 1596 годзе Віленскае брацтва выпусціла яшчэ адзін падручнік “Часовникъ. В нем же напредъ и азбуки к научению детем хотящи разумети писание”.

Недзе паміж 1592 і 1601 гадамі выйшлі, напэўна, у Вільні, іншыя вучэбныя дапаможнікі – буквар і два “Часословы”, якія таксама служылі для навучання. У гэтыя ж гады быў выдадзены яшчэ адзін буквар, які па тэксце з’яўляецца копіяй Львоўскага буквара І. Фёдарава.

Такім чынам, у канцы ХVІ – пачатку ХVІІ стст. у Вільні было надрукавана некалькі каштоўных кніг, прызначаных для навучання чытаць і пісаць.

Вяршыняй мовазнаўчай навукі на Беларусі ў пачатку ХVІІ ст. з’явілася “Грамматика славенския правилное синтагма” Мілеція Сматрыцкага, выдадзеная ў 1619 годзе ў Еўі каля Вільні.

Мілецій Сматрыцкі, украінец па паходжанні, большую частку свайго свядомага жыцця правёў на Беларусі, яго праца з’явілася водгукам на запатрабаванні беларускага культурнага асяроддзя, што і дае падставу лічыць яго граматыку здабыткам беларускага мовазнаўства. Больш за стагоддзе “Граматыка...” М.Сматрыцкага была асноўным падручнікам, па якім у школах Беларусі, Маскоўскай Русі і Украіны вывучалі царкоўнаславянскую мову. Пра высокі аўтарытэт “Граматыкі...” сведчыць той факт, што яна двойчы перавыдавалася з нязначнымі зменамі ў Маскве (у 1648 і 1722 гг.). У ХVІІІ – першай палове ХІХ стст. яна стала “вратами учености” , як адзначыў М.В. Ламаносаў, для ўсіх славянскіх народаў.

Выдадзеная для практычных патрэб школьнай асветы, “Граматыка...” М.Сматрыцкага мела не толькі культурнае, але і грамадска-палітычнае значэнне: пасля яе з’яўлення прадстаўнікі каталіцызму і уніяцтва перасталі гаварыць пра царкоўнаславянскую мову як пра неўнармаваную, малазразумелую і граматычна не распрацаваную. “Граматыка...” М.Сматрыцкага з’явілася ўзорам стварэння шматлікіх граматычных дапаможнікаў не толькі ва ўсходняй частцы славянскага свету, але і на паўднёва-славявянскіх землях, краінах каталіцкага Захаду.

Асноўнае прызначэнне “Граматыкі...” М.Сматрыцкі бачыў у тым, каб навучыць правільна чытаць і разумець царкоўнаславянскія тэксты, а таксама пісаць. М.Сматрыцкаму ўдалося ўстанавіць нормы царкоўнаславянскай мовы, надаўшы ім пэўную стройнасць і паслядоўнасць. Поспеху садзейнічала сур’ёзная навуковая аснова, якая адрознівала гэтую граматыку ад папярэдніх, якія не маглі атрымаць усеагульнага прызнання.

Напісаная ў рэчышчы грэчаскіх і лацінскіх мовазнаўчых традыцый, “Граматыка...” М.Сматрыцкага вызначалася ўдала распрацаванай структурай. У склад яе ўваходзілі наступныя часткі: арфаграфія, этымалогія (навука пра часціны мовы), прасодыя (вучэнне пра віды націску і абазначэнне яго на пісьме), тэорыя вершаскладання і сінтаксіс. Пад арфаграфіяй М.Сматрыцкі разумеў не толькі правілы перадачы слоў на пісьме, але і правільнае вымаўленне, пастаноўку знакаў прыпынку. Усе гукі ён падзяліў на галосныя і зычныя. Сярод галосных ён адрозніваў галосныя поўнага ўтварэння і рэдукаваныя (ь, ъ), якія не абазначалі гука, а ўжываліся для абазначэння цвёрдасці або мяккасці зычных. Зычныя М.Сматрыцкі падзяліў на “полгласна” (вымаўляюцца з удзелам голасу) і “безгласна” (вымаўляюцці без удзелу голасу). Гэты падзел намеціў сучаснае размежаванне звонкіх і глухіх зычных.

М.Сматрыцкі быў першаадкрывальнікам і вынаходцам многіх лінгвістычных тэрмінаў. Ён упершыню ўжыў паняцці ‘зборныя назоўнікі‘, ‘месны (сказательный) склон‘, упершыню вылучыў новую часціну мовы – выклічнік – і даў яе апісаннне. Даў характарыстыку дзеепрыслоўю як форме дзеяслова. Усяго ён вылучыў восем часцін мовы, якія падзяліў на скланяльныя (імя, дзеяслоў, займеннік, дзеепрыметнік) і нескланяльныя (прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, выклічнік).

М.Сматрыцкі падзяліў усе склоны на прамыя і ўскосныя, адзначыў, што прыметнікі могуць мець поўную і кароткую формы і падзяляюцца на якасныя і адносныя.

Адным з першых М.Сматрыцкі пачаў распрацоўваць пытанні стылістычнага сінтаксісу, даў падрабязнае апісанне разнастайных стылістычных фігур. Невялікі раздзел “Граматыкі...” прысвечаны тэорыі вершаскладання, дзе выкладзены парады тым, хто хоча пісаць вершы, апісаны найбольш ужывальныя стопы і вершаваныя памеры (метры).

Істотнай часткай “Граматыкі...” з’яўляецца вучэнне аб сінтаксісе. Аўтар выклаў правілы спалучэння прыметніка з назоўнікам, дзеясловам і імем у родным склоне, дзеяслова з імем ў давальным склоне.

Уласна беларускіх моўных асаблівасцей у “Граматыцы...” нямнога, пераважна гэта лексічныя, правапісныя і акцэнталагічныя адметнасці. М.Сматрыцкаму былі добра вядомы асаблівасці народна-гутарковага вымаўлення, таму ў адным з правілаў ён раіў не змешваць на пісьме [ф] і [хв], размяжоўваць выбухны і фрыкатыўны [г], не блытаць [е] і [ђ]. Гэтыя і іншыя асаблівасці жывой мовы не парушалі структуру царкоўнаславянскай мовы, а толькі падкрэслівалі, што аўтар выразна іх адрозніваў.

“Граматыка...” М.Сматрыцкага кадыфікавала царкоўнаславянскую мову, якая была вядома на тэрыторыі Беларусі і Украіны і адчувала пэўны ўплыў з боку беларускай і ўкраінскай моў, што вызначыла наяўнасць у мове варыянтных граматычных форм, лексічных адзінак, асобных арфаграфічных і акцэнталагічных адхіленняў.

“Граматыка...” М.Сматрыцкага аказалася сур’ёзнай навуковай працай. Доўгі час ёй не было роўных у славянскім свеце.

У 1618 годзе ў Еўі быў выдадзены “Букварь языка славенска, писаний чтения оучитися хотящим в полезное руковожение. Склалі яго манахі Святадухаўскага манастыра ў Вільні, дзе ў той час жыў і М.Сматрыцкі. Граматычны раздзел буквара нагадвае сціслы канспект “Граматыкі...” М.Сматрыцкага, які, несумненна, прымаў удзел у падрыхтоўцы гэтага выдання. Дакладнасць і прадуманасць кампазіцыі кнігі, агульнадаступнасць матэрыялу, адметнае мастацкае афармленне зрабілі “Буквар...” своеасаблівым узорам для іншых складальнікаў школьна-вучэбных кніг.