Смекни!
smekni.com

Фарміраванне i развіцце беларускай тэрміналогіі (стр. 4 из 4)

К канцу XVI ст. у сувязі з тым, што Беларусь у выніку Люблінскай уніі аказалася ў складзе Рэчы Паспалітай, пачынаецца актыўны працэс паланізацыі беларускага і ўкраінскага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, у прыватнасці, адбываецца адкрытая паланізацыя школы. Беларуская мова паступова страчвае сваю поўнафункцыянальнасць, выцясняецца польскай і лацінскай з афіцыйнай сферы. У XVII—XVIII стст. на старабеларускай мове былі выдадзены толькі адзінкавыя навуковыя кнігі (гістарычныя хронікі, астранамічныя зборнікі), хоць, як паказвае аналіз, навуковая тэрміналогія гэтых помнікаў даволі багатая і разнастайная, што сведчыць аб дастаткова высокім узроўні развіцця навукі і асветы на беларускіх землях.

Нягледзячы на даўнія лексікаграфічныя традыцыі беларускіх пісцоў і на наяўнасць развітой тэрміналогіі ў друкаваных выданнях, у XVII—XVIII стст. не было выдадзена спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў па асобных галінах ведаў. Праўда, нельга не адзначыць, што хоць сучасныя беларускія лексікографы выканалі грунтоўную і паслядоўную працу па адшуканню і даследаванню лексікаграфічных крыніц, няма ўпэўненасці ў тым, што зараз выяўлены ўсе помнікі беларускай лексікаграфіі. Па-першае, кнігасховішчы на тэрыторыі Беларусі знішчаліся ў шматлікіх спусташальных войнах мінулых стагоддзяў, а таксама спецыяльна прысланым з Ватыкана ордэнам езуітаў з мэтай паланізацыі беларусаў. Па-другое, некаторыя старабеларускія лексікаграфічныя помнікі маглі загінуць нявыяўленымі ў час апошніх войн падобна да таго, як загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны каштоўны рукапіс шаснаццацітомнага «Беларуска-руска-польскага слоўніка» Я. Ціхінскага.

Ажыццёўленае ў канцы XVIII ст. пасля доўгага панавання польскіх феадалаў уз'яднанне Беларусі з Расіяй не садзейнічала развіццю беларускай мовы і асабліва афіцыйна-дзелавога стылю, паколькі беларуская мова была забаронена ў афіцыйна-дзелавой сферы, не выкарыстоўвалася ў грамадскім жыцці.

Пасля доўгага перапынку ў развіцці беларускай тэрміналогіі, абумоўленага названымі вышэй гістарычнымі ўмовамі фарміравання беларускай нацыі, у пачатку XX ст. адбылося некаторае ажыўленне тэрміналагічнай работы. Пасля выдання царскім урадам так званага закона аб свабодзе друку пачалі актыўную работу шматлікіялегальныя беларускія выданні таго часу, і ў прыватнасці выданні навуковага і навукова-папулярнага зместу, якія ставілі мэту «тлумачыць усе з'явы прыроды, галоўныя законы фізікі і хіміі,жыцця зямлі... знаёміць з геаграфіяй і гісторыяй роднага краю», змяшчалі шмат тэрмінаў. Многія з іх былі распрацаваны самімі аўтарамі выданняў. Навукова-папулярныя публікацыі насілі ў пэўным сэнсе нарматыўны характар, садзейнічалі ўкараненню навуковай тэрміналогіі ў моўную практыку і змяшчалі, такім чынам, некаторыя элементы работы па ўпарадкаванню беларускай тэрміналогіі.

Аўтары навукова-папулярных публікацый пачатку XX ст. выкарыстоўвалі магчымасці беларускай мовы. Шырока ўжываліся словы ўласна беларускага паходжання: адліга, высадкі, гародніна, гук, зык, маладзік,маланка, навальніца, надвор'е, паводка, пазыка, праменні, працаўнік, пухліна, сухоты, хвароба; лексемы ўсходнеславянскага паходжання: бялок, высыпка, засуха, лячэбнік, кушчэнне, малакроўе, прадажа, пошліна; агульнаславянскія словы: абарот, вага, волава, воспа, гаспадар, дзяржава, жэрэла, карысць, почка, суд, торг, урад, ядро.

Значная частка тэрмінаў, змешчаных у часопісах пачатку XX ст., замацавалася ў тэрміналагічнай практыцы і ўвайшла ў сучасную беларускую тэрміналогію адпаведных галін навукі, хоць многае і было адкінута з часам, паколькі на старонках гэтых часопісаў нярэдка ўжывалася вузкарэгіянальная лексіка, узнікалі варыянтныя рады (адліга — атлега; заліва — лівень — улева; маланьня — маланка; суш — суша; шал — шаленства і інш.)». Беларуская тэрміналогія пачатку XX ст. у параўнанні з папярэднім перыядам у пэўнай меры ўзбагацілася лексічна.

Нягледзячы на некаторае расшырэнне сферы функцыянавання беларускай мовы, яна ўсё яшчэ не адпавядала тым задачам, якія ўзнікалі ў працэсе далейшага развіцця грамадска-палітычнага жыцця, нацыянальнай культуры і літаратуры беларускага народа. «Абмежаваная галоўным чынам стылямі мастацкай літаратуры, часткова публіцыстыкі, беларуская літаратурная мова пачатку XX ст. не валодала многімі з тых шматлікіх і разнастайных выразных сродкаў, якія неабходны для перадачы розных па характару і зместу думак, звязаных з развіццём грамадска-палітычных адносін, навукі, тэхнікі, культуры. Ды і тыя стылі, у якіх развівалася беларуская літаратурнай мова ў пачатку XX ст., былі недастаткова распрацаваныя і глыбокія».


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Арашонкава Г. У., Булыка А. М., Люшцік У. В., Падлужны А. І., Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі. Мн., Беларуская навука, 1999. 175 с.

2. Антанюк Л.А. Беларуская мовапрафесiйная лексіка: Курс лекцый/ Антанюк Л.А., Плотнiкаў Б.А. – 3-е выданне. – Мн., 2005. –240 с.

3. Беларуская мова. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Марфемная будова слова. Словаўтварэнне. Марфалогія. Мн., Вышэйшая школа, 1987. 429 с.