Смекни!
smekni.com

Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы (стр. 10 из 11)

Адцягненае значэнне прыназоўнікаў служыць асновай полісеміі многіх з іх (параўн.: выйсці на работу, спадзявацца на поспех, ехаць на аўтобусе, быць на месцы і інш., дзе прыназоўнік на выражае розныя семантыка-граматычныя адносіны паміж паўназначнымі словамі). Высокая частотнасць прыназоўнікаў (у лік першых дзесяці самых ужывальных слоў беларускай мастацкай прозы, паэзіі, а таксама фальклору ўваходзіць чатыры прыназоўнікі у, на, за, а), што служыць прычынай іх многазначнасці. Так у спецыяльным слоўніку прыназоўнікаў для у зафіксавана 57 значэнняў, на -- 47 значэнняў, з -- 38 значэнняў).

Па свайму паходжанню прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя (параўн.: за, без, на, пры, для і інш.) і вытворныя, да якіх адносяцца прыназоўнікі, што генетычны звязаны з іншымі часцінамі мовы, у прыватнасці, з прыслоўямі (параўн.: абапал дарогі, вакол дрэва і інш.), назоўнікамі (параўн.: у час адпачынку, па прычыне гэтага і інш.), дзеясловамі (параўн.: нягледзячы на цяжкасці, дзякуючы табе і інш.). Па вонкавай структуры прыназоўнікі падзяляюцца на простыя (параўн.: для, пры, над і інш.), складаныя (параўн.: па-над, з-за і інш.), састаўныя (параўн.: на чале з, у залежнасці ад і інш.). Прыназоўнікі могуць ужывацца з адным склонам, кіраваць ім : родны склон – ад, без, да, дзеля, для, ля, каля, з-за, з-пад, з-над, заміж, паміма, акрамя, апрача, без, замест, звыш, наконт, накшталт, паводле, падчас, сярод, на працягу, за кошт, на аснове, за выключэннем і інш.; давальны склон – адпаведна, дзякуючы, згодна, к, насустрач, насуперак, паралельна , услед і інш.; вінавальны склон – нягледзячы на, пра, праз, цераз, у адказ на ; творны склон – згодна з , на чале з, па-за, поруч з, разам з, следам за, у сувязі з і інш.

З двума склонамі ўжываюцца прыназоўнікі над, пад, перад (вінавальны і творны), аб, на, пры (вінавальны і месны), паміж (родны і творны), паўз, скрозь (родны і вінавальны), упоперак (родны і давальны). З формамі трох склонаў выкарыстоўваюцца прыназоўнікі з, за, між (родны, вінавальны, творны), па (давальны, вінавальны, месны), у (родны, вінавальны, месны). Многія прыназоўнікі ўступаюць у сінанімічныя адносіны паміж сабой (параўн.: на полі – у полі, пасля вайны – па вайне, пра яе – аб ёй і інш.), могуць ужывацца ў розных варыянтах (параўн.: к – ка, над – нада, з – са, у – ва і інш.).

Злучнік – непаўназначнае службовае слова, якое звязвае лексемы ў сказе, а сказы ў тэксце, выражае паміж імі граматычныя і семантычныя адносіны, выконвае сінтаксічную, арганізацыйную ролю. З улікам менавіта сінтаксічных функцый злучнікі падзяляюцца на злучальныя, што служаць для аб’яднання сінтаксічна раўнапраўных адзінак мовы (слоў, словазлучэнняў, сказаў), падпарадкавальныя, якія выкарыстоўваюцца для сувязі сінтаксічна нераўнапраўных кампанентаў (частак складаназалежнага сказа). Сярод злучальных выдзяляюцца спалучальныя і, ды ( у значэнні і ), як …так, ні …ні, супастаўляльныя , а , аднак, але, ды ( у значэнні але), затое, не толькі … але, размеркавальныя або, ці, або … або, ці … ці і інш. Сярод падпарадкавальных адрозніваюць тлумачальныя (што, як, чым), прычынныя (бо, таму што і інш.), часавыя ( калі, як, пакуль і інш.), умоўныя (каб, калі б, раз і інш,), мэтавыя (для, каб, абы і інш.), выніковыя (дык, то і інш.), уступальныя (хоць, няхай і інш.), параўнальныя (як, чым, нібы і інш.). Злучнікі могуць быць полісемантычнымі, выражаць, напрыклад, і раўнапраўныя адносіны паміж часткамі выказвання, і супастаўляльныя (параўн.: я ды ён ; не я , ды ён і інш.), часовыя і ўмоўныя (параўн.: наведаю, калі буду мець час; калі не дамовімся, будзе кепска і інш.).

З генетычнага пункту гледжання злучнікі падзяляюцца на невытворныя (параўн.: а, і, але, ды і інш.) і вытворныя, што паходзяць ад слоў іншых часцін мовы : займеннікаў (параўн.: што, таму што і інш.), прыслоўяў (параўн.: калі, пакуль, як і інш.), дзеясловаў (параўн.: няхай, хаця і інш.), часціц (параўн.: ці, быццам і інш.). Па сваёй знешняй структуры злучнікі дзеляцца на простыя (параўн.: і, што, каб і інш.) і састаўныя, якія складаюцца з некалькіх слоў (параўн.: таму што , для таго каб і інш.). Па спосабу ўжывання сярод злучнікаў выдзяляюцца адзіночныя (параўн.: а, бо, чым і інш.), парныя ( параўн.: не толькі … але і, калі … то і інш.), паўторныя (параўн.: то … то, ці … ці і інш.). Амонімамі злучнікаў што, калі, чым, як і інш. у складаназалежных сказах выступаюць злучальныя словы, якія выконваюць роль членаў сказа і адносяцца да пэўных знамянальных часцін мовы. Злучнікі могуць быць стылістычна нейтральнымі, ужывацца ва ўсіх сацыяльных функцыях маўлення (параўн.: але, і , калі і інш.), размоўнымі, выкарыстоўвацца пераважна ў вусным маўленні (параўн.: дык, дарма што і інш.), кніжнымі, ужывацца, як правіла, у афіцыйным стылі, пісьмовым тэксце (параўн.: у сувязі з тым што, нягледзячы на тое што і інш.).

Да непаўназначных часцін мовы адносяцца і звязкі, якія маюць дзеяслоўнае паходжанне, выражаюць граматычныя катэгорыі часу, ладу састаўнога выказніка, чым і адрозніваюцца ад іншых службовых слоў. У процілегласць звязкам, што служаць першай часткай састаўнога выказніка, іншыя словы, якія выступаюць у ролі другой часткі састаўнога выказніка, належаць да неспрагальных слоў, суадносяцца з дзейнікам праз звязку, нясуць часта пры гэтым асноўную сэнсавую нагрузку дадзенага члена сказа. Лексічнае значэнне звязак можа захоўвацца па-рознаму, у залежнасці ад чаго яны падзяляюцца на знамянальныя (напрыклад, дзеясловы руху або стану, параўн.: Ён вярнуўся задаволены і інш.), поўзнамянальныя (дзеясловы тыпу стаць, рабіцца, з’яўляцца і інш., параўн.: Ён з’яўляецца чэмпіёнам краіны і інш.), незнамянальныя – формы дзеяслова быць, тыпу Ён быў узрушаны і інш.

10 Часціцы і мадальныя словы

Часціцы – дапаможныя словы, якія надаюць дадатковыя кантэкстуальныя сэнсавыя адценні словам, словазлучэнням , сказам, актуалізуюць іх семантычны патэнцыял. У адрозненне ад такіх непаўназначных слоў, як прыназоўнікі, злучнікі, што выконваюць пераважна сінтаксічныя функцыі, часціцы адыгрываюць роль своеасаблівага семантычнага каментатара іншых знамянальных моўных адзінак. У адпаведнасці з гэтай роляй яны падзяляюцца на тры асноўныя сэнсавыя групы, унутры якіх звычайна вылучаюць больш дэталёвыя падгрупы. Гэтыя групы ўключаюць, па-першае, часціцы, што выражаюць дадатковыя семантычныя адценні, па-другое, часціцы, якія выражаюць мадальныя адценні, па-трэцяе, часціцы, што абазначаюць эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні.

Сярод часціц з дадатковым семантычным адценнем выдзяляюцца ўказальныя (вось, вунь, гэта), азначальна-ўдакладняльныя (амаль, акурат, іменна, проста, прыблізна, чыста, сапраўды, якраз), вылучальна-абмежавальныя (выключна, толькі, усяго, хаця, хіба і інш.). Сярод мадальных часціц адрозніваюць сцвярджальныя (так, але і інш.), адмоўныя (не, ні, ані), пытальныя (а, ну, няўжо, ці, хіба і інш.), параўнальныя (быццам, нібы і інш.), пабуджальныя (давай, няхай, ану і інш.). Эмацыянальна-экспрэсіўныя часціцы падзяляюцца на клічныя (вось, як, ну і інш.) і ўзмацняльныя (аж, і нават, дык ні, так і інш.). Некаторыя з пералічаных канкрэтных часціц з’яўляюцца полісемічнымі, ужываюцца ў розных выдзеленых падгрупах (параўн.: так, вось, ні і інш.). Некаторыя ж часціцы даволі шырока выкарыстоўваюцца ў значэнні слоў іншых граматычных класаў (часцін мовы) , у прыватнасці, злучнікаў (параўн.: і, ні, але, ды, хаця і г.д.) і могуць лічыцца граматычнымі амонімамі. Значная колькасць часціц ужываецца як словаўтваральны і сінтаксічнаўтваральны сродак для пабудовы іншых лексем і граматычных канструкцый. Такімі часціцамі-кампанентамі ў беларускай мове служаць абы-, ані-, не-, ні-, -небудзь, -сьці (параўн.: абы-куды, аніхто, нехта, нішто, што-небудзь, хтосьці і інш.). Для ўтварэння аналітычных загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў ужываюцца часціцы давай, няхай, бы і інш. (параўн.: давай вырашаць, няхай прынясе, пайшоў бы і інш.). Асобныя часціцы выкарыстоўваюцца для выражэння сінтаксічных адносін у складаных сказах, г. зн. адыгрываюць, як ужо зазначалась, ролю злучнікаў, і для выканання марфалагічных функцый пры ўжыванні ў якасці прыставак (параўн.: не надта прыгожы і непрыгожы, ні які і ніякі, не было нікога ані і не было анікога і інш.). Прычым некаторыя былыя часціцы цалкам перайшлі ў разрад словаўтваральных афіксаў (параўн.: -ка, -небудзь, -сьці, -сь, -ся, -сьці, - та і інш. у словах дай-ка, калі-небудзь, хтосьці, штось, як-та і інш.).

Па свайму паходжанню часціцы падзяляюцца на невытворныя (параўн.: і, а, але, вунь, жа, не і інш.) і вытворныя, якія суадносяцца з адпаведнымі паўназначнымі словамі, а таксама з выклічнікамі (параўн.: выключна, гэта, давай, ах, ну, так і інш.). Праз спалучэнні дзвюх і болей аднаслоўных часціц утвараюцца састаўныя часціцы, што надаюць, як правіла, выказванню павышаную экспрэсію (параўн.: дык вось, абы толькі, куды там і інш.).

Да мадальных слоў у беларускай мове адносяцца нязменныя лексічныя адзінкі, якія выражаюць адносіны прамоўцы да рэчаіснасці ці да выказанага паведамлення. Мадальнасць з’яўляецца глабальнай семантыка-граматычнай катэгорыяй, якая можа выражацца граматычнымі формамі (катэгорыя ладу), дзеясловамі, часціцамі. Мадальныя словы ўключаюць у свой склад нязменныя моўныя адзінкі тыпу безумоўна, бясспрэчна, відавочна, мабыць, напэўна, сапраўды і інш., з дапамогай якіх перадаюцца разнастайныя значэні даверу / недаверу, пэўнасці / няпэўнасці, магчымасці / немагчымасці і г.д. Большасць мадальных слоў паходзіць ад слоў іншых часцін мовы, але практычна страціла іх зыходнае лексічнае значэнне, зрабілася, па сутнасці, іх амонімамі (параўн., напрыклад: назоўнікі праўда, факт і інш., кароткія прыметнікі вядома, магчыма і інш., прыслоўі зразумела, відавочна і інш., дзеясловы здаецца, мусіць і інш. і суадносныя з гэтымі рознымі часцінамі мовы адпаведныя мадальныя словы) Пры пераходзе лексем згаданага тыпу да мадальных слоў страчваецца іх граматычная зменнасць, мадальныя словы замацоўваюцца ў мове адной якой-небудзь формай. У якасці мадальных могуць ужывацца ўстойлівыя словазлучэнні тыпу па ўсёй верагоднасці, можа быць і інш. У сказе мадальныя словы сінтаксічна не звязваюцца з іншымі членамі сказа, што падмацоўваецца іх выдзяленне на пісьме знакамі прыпынку, а ў вусным маўленні – адпаведнай інтанацыяй.