Смекни!
smekni.com

Аналіз жыццёвага і творчага шляху В. Зуёнка (стр. 4 из 6)

Бяспамяцця вякі

3 душы хай ападуць:

Цяжкія жарсцвякі —

А мертвыя жывуць!(С.20)

Другі арыенцір — свет прыроды, без адчування якой немагчыма духоўная цэласнасць чалавека, маральна-этычнае і эстэтычнае багацце асобы. Так, паэт бачыць сваё адлюстраванне не толькі ў сферы духу, але і ў прыродзе, якая з'яўляецца крыніцай і стымулятарам вечнага працэсу стварэння, развіцця і ўзнаўлення саміх першаасноў чалавечага існавання на зямлі.

У вершы «Непаўторнасць» узнікае ёмісты вобраз -- «вочы прыроды». Умоўна-асацыятыўны па форме, ён вельмі значны па сваім маральна-эстэтычным напаўненні, аснову якога складае жыццёвы вопыт паэта. Паводле яго пераканання, «вочы прыроды» здольны сказаць чалавеку многае.

Прыходзіць жа аднойчы

Такая вышыня.

Глядзяць прыроды вочы

Штоночы і штодня.

Глядзяць табе насустрач,

Глядзяць табе наўслед.

І ты ужо — невідушчы —

Бачыш цэлы свет...(С.32).

У сувязі з тэмай прыроды ў яго паэзіі значнае развіццё атрымаў жанр натурфіласофскай лірыкі. Філасофскія паняцці і вызначэнні перадаюцца ў яго вобразнай мовай паэзіі, якая, аднак, кранае і хвалюе не толькі сваім эмацыянальным зместам. Яна ўздзейнічае на чытача глыбінёй і праўдзівасцю пазнання чалавечага свету - як знешняга, так і унутранага. Роздум аб чалавеку, прыродзе, сусвеце спалучаецца са шчодрым душэўным самавыяўленнем мастака, багатага на дабрыню і шчырасць. Натурфіласофская лірыка В. Зуёнка пранізана навуковымі ідэямі.

Згарае атам, і згарае дрэва.

Каб нарадзіцца зноў упершыню.

Натура вечная, а формы — ад агню.

Жыццё расце на сонечных угрэвах.(Світа....С.12).

Паняцце «агонь» набывае вобразна-асацыятыўнае значэнне, мае шырокі філасофска-семантычны кантэкст. У беларускага паэта агонь выступае як рухавік жыцця.

Паэма «Агонь і сонца» (1981) — працяг натурфіласофскай лірыкі, але тут знайшлі адбітак і чыста зямныя матывы, і непасрэдныя адчуванні паэта. Твор прысвечаны касманаўту Уладзіміру Кавалёнку — земляку паэта. Усе яе дванаццаць раздзелаў — сеансаў касмічнай радыёсувязі з героем з'яўляюцца спробам і заглянуць у духоўны свет нашага сучасніка, які знаходзіцца на самых перадавых пазіцыях навукова-тэхнічнага прагрэсу. Народнасць светаадчування тут арганічна паядналася з інтэлектуалізмам і фі-ласафічнасцю. Праўда, у паэме можна заўважыць некаторую сумарнасць, уласцівую галоўнаму вобразу, і адценні ілюстрацыйнасці, што пакінула след у асобных раздзелах, і часам просты пераказ падзей. Аднак многія старонкі па-сапраўднаму хвалююць глыбінёй і праўдзівасцю лірычнага перажывання. Напрыклад, там, дзе паэт непасрэдна звяртаецца да свайго героя-касманаўта, які знаходзіцца на арбіце.

Хто зараз ты:

працяг мой у Сусвеце

Ці сам сусвет, што да мяне ідзе?

Якім таўром —

скажы мне, ці прыкмеціў?–

Між зор адзначаны зямны мой дзень?(Світ...с.141).

Паэт разважае пра месца чалавека ў свеце, пра яго здольнасць арганічна «ўпісацца» ў развіццё прыроды, не парушаючы натуральнасці асноватворных працэсаў. Разам з земляком-касманаўтам ён прыгадвае родныя мясціны, супольныя шляхі-дарогі, успамін аб якіх не перастае цешыць чалавечую душу нават тады, а можа асабліва тады, калі яна раптам апынецца на вышыні касмічнай арбіты.

Паэма «Агонь і сонца» — услаўленне стваральнай актыўнасці чалавека, сцвярджэнне еднасці свету, які павінен развівацца толькі паводле гуманістычных законаў існавання жыцця.

Зборнік «Лукам'е» (1984) таксама вельмі разнастайны паводле свайго зместу. Разнастайны, але не стракаты.

Маральныя і эстэтычныя вытокі яго творчасці - народныя ў шырокім сэнсе гэтага паняцця, бачна шматгранная мастацкая індывідуальнасць паэта, узбагачанага духоўным вопытам другой паловы XX ст. Вёска В. Зуёнка, якая стаіць на скрыжаванні ўсіх дарог-шляхоў, непарыўна звязана з вялікім светам чалавечага быцця як асобнае з агульным. У гэтым, можна сказаць, сутнасць яго творчай канцэпцыі, якая яскрава прадстае і ў кнізе «Лукам'е». У ёй знаходзім і непасрэднасць шчырага пачуцця, і філасафічнасць, якая праяўляецца праз рэалістычную канкрэтнасць.

У «Лукам'і» адбілася сама атмасфера нашага жыцця, яго стыль і лад, якія нават самі па сабе становяцца цікавым і самадастатковым матэрыялам для верша.

Бягуць усе —

І мы бяжым.

Куды нясе?

Такі рэжым.

Бяжым — рэжым... Ужо сама рыфма намякае на асноўную думку верша: аўтар выказвае сумненне ў гуманістычнай паўнацэннасці жыцця ў рэжыме бегу, пастаяннай спешкі, якія, аднак, не набліжаюць людзей да мэты, а абарочваюцца мітуснёй, рухам дзеля руху, без накірунку.

Счапленне з векам

На віражы:

Не кукарэкай —

Бяжы, бяжы.

I ты пааключан —

Не алставан.

Эпоха вучыць:

— Даван. давай!

Нібы распяцце

На крыжы.

Нібы пракляцце:

Бяжы, бяжы...

« Бягуць усе...»

Атрымліваецца нейкі гіганцкі абсурдны калаўрот, які не дазваляе чалавеку прыпыніцца, памаўчаць, падумаць, адчуць і зразумець жыццё ў яго глыбіні і ўласнай самацэннасці.

Паглыбляецца псіхалагізм Зуёнкавай лірыкі, засяроджанасць на ўнутраным, сваім, балючым. Паэтычны погляд В. Зуёнка спалучае блізкія часы з аддаленымі, прасякнутымі шматпакутным духам нашай гісторыі, што пакінула пасля сябе столькі курганоў-магіл, курганоў-помнікаў. Стогн беларускіх курганоў чуецца і ў паэме «Лукам'е» (1983). Падзеі, якія ў ёй адбываюцца, адносяцца да сярэднявечча нашай гісторыі — канца XV ст., калі беларускую зямлю (якую ў тыя часы называлі Літвою) разам з вялікім князем Ягайлам «залучылі ў польскія прымы». Беларусь і Карона апынуліся ў адной дзяржаве -- Рэчы Паспалітай. Беларусь у гэтым дзяржаўным саюзе ўсё больш губляла сваю самастойнасць і традыцыі.

У «Лукам'і», як і ў паэме «Сяліба», праявіўся своеасаблівы антрапамарфізм — адухаўленне рэчаў і прыродных з'яў. Гаворка ідзе пра эпоху язычніцтва. Нельга сказаць, што аўтар паэтызуе яе, аднак імкнецца перадаць дух старажытнага язычніцтва, якое здаўна жыло на гэтых землях і прывучала людзей да прыроднага ўлоння, дапамагло арганічна ўжыцца ў яго, парадніла.

Паэма населена цікавымі персанажамі. Голасам паэта загаварылі пакаленні продкаў, што доўгія стагоддзі знаходзіліся ў стане сну і нематы.

Стася — сімвал Беларусі, якая прымае пакуты ад заваёўнікаў, што ішлі сюды з крыжам і мячом, сеючы рабунак і здзек, не звяртаючы ніякай увагі на тое, што гэта быў ужо край хрысціянства, праваслаўя.

Героі паэмы змагаюцца супраць феадальнага прыгнёту і акаталічвання краю, і гэта было выяўленнем сацыяльнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы, у якой заняў сваё месца і Іван Лукомскі — сын сваёй зямлі.

«Лукам'е» — глыбокі, эмацыянальна трапяткі роздум над гістарычнымі шляхамі і лёсам роднага народа. Паэма сведчыць аб здольнасці аўтара арганічна ўжывацца ў далёкую эпоху, у асаблівасці жыцця і побыту, псіхалогіі, светаадчування людзей таго часу. Яна прысвечана беларускай мінуўшчыне, прасякнутая філасофскім роздумам над гістарычным бегам часу.

2.3 Тэма вайны ў творчасці В.Зуёнка

Сялянская аснова не звужае грамадскія далягляды паэта, не аддзяляе яго ад іншых. 3 іншымі яго лучыць якраз асабіста перажытае і выпакутаванае.

Я знаю хлеб.

Было ладункаў! —

3 сурэпкай, з конскім шчаўлюком.

3 карой, з чырвонаю мядункай

Ды з жалудовым крупчаком

3 сухой скарынкаю ваеннай.

Што, як шынелік той, — лубком,

3 бензінным духам пасля змены,

3 вясельным сонечным хмяльком...

Пракіслы, ёлісты. гаркавы —

За усё на свеце саладзей...


Гаворка ідзе пра нястачы ваеннай пары, вядомыя аўтару не з чужых вуснаў. Асабісты вопыт абумовіў яскравую вобразнасць, незвычайнае багацце мовы, канкрэтыку і эмацыянальнасць.

Тэма народных выпрабаванняў у гады вайны прысутнічае ў яго творчасці, пачынаючы з самых першых вершаў. Вайна са сваім трагізмам і героікай, драматызмам і самаадданай барацьбой народа за жыццё фарміравала светаўспрыманне паэта і ў многім вызначыла яго сучасны погляд на рэчы.

Асаблівая пяшчота да маці тых, хто не вярнуўся з вайны: муж, адзіны сын... Гэтыя пачуцці цяжка перадаць, але В.Зуёнак па-майстэрску перадае іх і ў радках гучыць абяцанне не страціць здабытае нашымі продкамі. У якасці прыкладаў можна прывесці наступныя вершы: “З вайны сустрэлі мацяркі сыноў...”, “Бо наваліўся б лістабой у маі...”, “Помнік”, “У прымыльніку – мыліцы...”, “А чаму без аркестраў сталіца?”, “Прыйдзі аднойчы ў вечаровы час...”, “Дзень і ноч...”, “Дзіўна , але ж ад яго, ад гэтага каменя...”, “Мой ліпень”, “Мой друг са смуткам іудзейскім...”, “На шляхах вялікай даўніны...”, “Гэты час”, “Пераможца” і інш.

2.4 Праблемы нацыянальнай культуры і філасофская лірыка ў творчасці В.Зуёнка

Савецкі перыяд у творчасці В. Зуёнка завяршаюць зборнікі вершаў «Вызначэнне» (1987) і "Лета трывожных дажджоў" (1990). У гэтых кнігах, створаных у час перабудовы, яшчэ адчувальней сталі рытм часу, дынаміка жыцця, пошукі шляхоў у будучыню.

Для аўтара непрымальна аднабаковасць тэхнакратычнага, «машыннага» шляху развіцця грамадства, таму што ён вядзе ў тупік. Просьба паэта, якую ён называе «зорнай просьбай», такая:

Хай неадольны час імчыцца, —

Каго — не знаю, а прашу

Вярніце небу таямніцу,

А закаханым — іх душу.

Гэтая здольнасць адчуваць глыбінныя з'явы жыцця, як ужо гаварылася, адна з найбольш прывабных рыс паэзіі В. Зуёнка, які даўно прывык жыць балючымі пытаннямі свайго часу. Адно з іх разглядаецца ў вершы «Прыпар», які мае падзагаловак «Балада неперспектыўнай вёскі»— выміраючая вёска, занядбалая, вёска без будучыні. Такіх, дзе няма ні школы, ні магазіна. ні дзіцячага садка (не гаворачы ўжо пра царкву, якую разбурылі даўно), дзе жывуць апошнія старыя, у Беларусі шмат. Паэт у думках звяртаецца да яе былых славутых насельнікаў — дзядзькі Восіпа, дзядзькі Хведара, дзеда Захара, прадзеда Аўласа, бабкі Хімы, на чыіх плячах вёска трымалася і якіх ужо няма з намі, каб расказаць пра сучаснае запусценне — як зарастаюць у полі дарогі, як «лапушыцца, буяе крапіва, а насенне з бярозы магільнай прарасло на парозе хаты». Самы прыпар, а іх няма...