Смекни!
smekni.com

Канцэпт "шчасце" у мове сучаснай беларускай паэзіі (стр. 8 из 10)

Многія паэткі разумеюць шчасце як магчымасць задавальняцца агульначалавечымі каштоўнасцямі: здароўем, прыродай – тым, што ў нас ёсць і што мы не цэнім, пакуль яно ёсць:

Але якое шчасце, што на даляглядзе, побач працуеш (Б.-Загн.; 94);

Я буду доўга тут шчаслівай святлом узгоркаў і далін (Ян.; 41);

Мераць сваё шчасце вусікамі і барадавачкамі гурочка (Б.-Загн.; 230).

Трэба заўважыць, што аб “простым шчасці” разважаюць тыя, каго яно наўрад ці задаволіць: паэткі, дзеля якіх задавальненне жыцця – найперш у творчасці.

Часам у якасці шчасця прымаецца жыццё само па сабе:

Жыццё – выпрабаванне і шчасця міг (Гудк.; 133);

Дзіцятка, на шчасце займаецца дзень (Кан.; 45).

Шматлікія прыклады сцвярджаюць: шчасце чалавека знаходзіцца ў ім самім. Шчасце – сістэма ўстановак, яно залежыць ад жыцця і жаданняў самога чалавека. Так, шчасце можа разглядацца як рэалізацыя чалавекам сваіх талентаў і магчымасцей, паразуменне з боку іншых людзей:

Ён да сваёй дабраўся вышыні і вышынёю гэтаю шчаслівы (Бар.; 30);

Сказаць і пачуць – гэта шчасце, бадай (Карж.; 168).

Выразным суб’ектна-арыентаваным разуменнем шчасця з’яўляецца мадэль няведання, згодна з якой шчаслівым можна быць толькі з прычыны адсутнасці інфармацыі сувязі са светам:

Там свет ад шчасця неразумных (Дан.; 28);

Калісьці бег ручай бурлівы, на ўсіх каменчыках бурліў сваёй бяздумнасцю шчаслівы (Багд.; 44);

Яны шчаслівыя, дзеці прыроды, бо не чытаюць і не думаюць (Гудк.; 120).

Сэнс жыцця існуе, яго знаходзіць сам чалавек, гэта значыць чалавек у стане сам спасцігнуць і здабыць сабе шчасце:

Высокае шчасце здабыта зямлі, чалавеку і промням (Лось; 62);

Тут мама родная і тата мне шчасце-долю здабылі (Роўда; 3);

Высокае шчасце здабыта зямлі, чалавеку і промням (Лось; 62).

Трэба адзначыць існаванне прамежкавых поглядаў: часта чалавек не ўсведамляе прычыны свайго шчасця, яго вытокаў: Я аднаго ўявіць не ўмею: хаджу шчаслівая пры чым? (Бар.; 78) альбо не можа апісаць свае ўласныя перажыванні, свой стан: Паміж няшчасных і шчаслівых якая я? (Ян.; 187), Гады адляталі рыскамі, шчасліваю ці была? (Бар.; 78).

Частотныя прыклады даюць падставу сцвярджаць існаванне погляду на шчасце як на нешта несапраўднае, ілюзорнае, якое вельмі рэдка сустракаецца на жыццёвым шляху:

Свет сярдзіты рэдка песціць шчасцем, а знябыты ў ім не бачыць злосці (Бар.; 50);

У свеце шчасця можна не займець, затое ў ім адчайнай скрухі мора (Бар.; 82);

Вось гэтым шчасцем камарыным: нібыта ў днях і не было (Ян.; 27);

Што шчасце? Ачмурэння едкі дым! (Дудз.; 80).

Усвядоміць сваё шчасце можа толькі той чалавек, які некалі перажываў няшчасце, гора. Такім чынам, можна выдзеліць сітуацыю кантрасту, згодна з якой шчасце магчыма толькі тады, калі яму папярэднічаюць супрацьлеглыя абставіны:

За радасцю часта прыходзіць бяда (Бар.: 168);

Шчасліваму і гора дапаможа (Бар.; 72);

Ён табою шчаслівы і табою балючы (Карж.; 69);

Ён быў тады маёй пакутай, ён стаў шчаслівым забыццём (Бар.; 144);

Шчасце штукуе між намі бяду (Д. Б-Загн.; 164).

Прааналізаваны матэрыял сведчыць, што ў народнай свядомасці бытуе думка пра нежаданне чалавека, які адчувае сябе шчаслівым, расказваць пра свой стан, “хваліцца”. Наадварот, такі чалавек імкнецца “схаваць” свае пачуцці. Частотныя прыклады ілюструюць вышэйназваную думку:

Толькі свой погляд шчаслівы ты ўсё-ткі прыхавай (Карж.; 117);

Як патрабуе этыкет адводжу позірк сарамлівы (Бар.; 49);

І кожны ціха радуецца ўпотай (Карж.; 140);

Я радасць хаваю ў дароных рамонках (Дудз.; 92);

Тут не хваляцца шчасцем: як жывецца жывуць (Ян.; 5);

Прыкрыю твар шчаслівы рукавом, каб вам безабароннасці не выдаць (Бар.; 137).

З пункту погляду грамадства, чалавеку, які цалкам задаволены жыццём, шчаслівы, спачуваць у чым-небудзь не варта: Для шчасных гэта добры знак – без спачування жыць (Рубл.;96).

Выразная думка пра тое, што чалавек здольны суб’ектыўна ацэньваць сваё шчасце:

У вялікім сваім дабрабытнейшым шчасці самотнай была жанчына (Рубл.; 99);

Нават самая ў свеце шчасліўка на самотных вачах у нябыт адыходзіць (Ян.; 47);

Пры сонцы можна быць дажджу, пры шчасці поўным – нешчаслівай (Бар.; 90).

Прааналізаваны матэрыял сведчыць пра тое, што крыніца шчасця залежыць ад тыпу асобы чалавека, яго характару і тэмпераменту. Часта гэтая крыніца змяняецца з узростам, калі юнацкі максімалізм змяняецца мінімалізмам шчасця:

Запозна радасць, як даспелы яблык (Ян.; 89);

Напэўна, шчасце ў мяне не па ўзросце (Ян.; 74);

Сталае шчасце, што табе трэба, каб прыжылося і не пакідала?(Ян.; 74);

Маладое трывожнае шчасце, недапітая радасць да дна (Бар.; 39).

Трэба зазначыць, што меркаванні адносна вытокаў шчасця падзяляюцца на тры групы: першая разглядае шчасце як дадзенае чалавеку, а значыць, яго крыніца знаходзіцца па-за межамі чалавечай дасягальнасці – ён не можа паўплываць на з’яўленне або страту шчасця.

Другое меркаванне сцвярджае: шчасце чалавека знаходзіцца ў ім самім. Шчасце – сістэма ўстановак, яно залежыць ад жыцця і жаданняў самога чалавека.

Трэцяя група поглядаў падтрымлівае думкі пра тое, што чалавек не здольны ўсвядоміць сваё шчасце і прасачыць за часам яго з’яўлення і страты.

ВЫВАДЫ

Падагульняючы вынікі, трэба звярнуць увагу на тое, што лексема “шчасце” можа ўжывацца ў функцыі прэдыката, які кіруе аб’ектнай залежнай часткай: “шчасце, (што/калі)…”, якая, акрамя станоўчай ацэнкі, сцвярджае адмоўную адзнаку адпаведнай супрацьлеглай падзеі: “калі б гэтага не адбылося, было б дрэнна”; прыметнік “шчаслівы” можа выступаць у складзе інфінітыва “быць шчаслівым”; вельмі часта сустракаецца зварот з лексемай “лёс” (“дзякаваць + каму”), які мае значэнне ‘быць удзячным за ўдалы зыход падзей. У моўнай свядомасці замацаваліся сімвалы, што паказваюць на наяўнасць (або адсутнасць) шчасця. Яны могуць быць як агульнавядомымі, так і індывідуальна-аўтарскімі.

Можна канстатаваць вялікую колькасць разнастайных вобразаў, звязаных са шчасцем. Вобразы шчасця могуць мець характар агульнавядомых і зразумелых (прыпадабненне да вадкасці, персаніфікацыя шчасця, прыпадабненне да святла і паветра, вобразы, звязаныя з грашыма і дабрабытам у цэлым, звязаныя з сям’ёй і дзецьмі), а таксама індывідуальна-аўтарскіх наватвораў, якія не сустракаюцца ў бытавых зносінах і апісаннях шчасця (параўнанне шчасця з птушкамі і жывёламі, прыроднымі з’явамі, ежай і харчаваннем, шляхам і дарогай, зачыненымі дзвярыма).

Канцэпцыі адносна вытокаў шчасця падзяляюцца на тры групы: першая разглядае шчасце як дадзенае чалавеку, а значыць, яго крыніца знаходзіцца па-за межамі чалавечай дасягальнасці – ён не можа паўплываць на з’яўленне або страту шчасця.

Другая канцэпцыя лічыць, што шчасце чалавека знаходзіцца ў ім самім. Шчасце – сістэма ўстановак, яно залежыць ад жыцця і жаданняў самога чалавека. Частотныя прыклады даюць падставу сцвярджаць існаванне погляду на шчасце як на нешта несапраўднае, ілюзорнае, якое вельмі рэдка сустракаецца на жыццёвым шляху.

Можна выдзеліць сітуацыю кантрасту, згодна з якой шчасце магчыма толькі тады, калі яму папярэднічаюць супрацьлеглыя абставіны (гора, няшчасце, пакуты).

Трэцяя група поглядаў падтрымлівае думкі пра тое, што чалавек не здольны ўсвядоміць сваё шчасце і прасачыць за часам яго з’яўлення і страты.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Прааналізаваўшы адпаведную лінгвістычную літаратуру і творы сучасных беларускіх паэтак, можна зрабіць наступныя падагульненні.

Лінгвакультурны канцэпт шчасце выступае семантычным утварэннем высокай ступені абстрактнасці, якое перадае ўяўленне пра тыя сэнсы, якімі аперыруе чалавек у працэсе мыслення і якія адлюстроўваюць змест вопыту, ведаў і вынікаў усёй чалавечай дзейнасці і працэсаў пазнання свету.

Часцей за ўсё прадстаўніцтва канцэпту ў мове прыпісваецца слову, а само слова атрымлівае статус імя канцэпта – моўнага знака, які перадае змест паняцця найбольш поўна і адэкватна. Аднак канцэпт, як правіла, суадносіцца больш чым з адной лексічнай адзінкай. Такім чынам, адметнасцю канцэпту з’яўляецца яго суаднесенасць з планам выражэння ўсёй сукупнасці разнародных сінанімічных (уласна лексічных, фразеалагічных і афарыстычных) сродкаў, якія апісваюць яго ў мове.

У якасці рабочага азначэння канцэпту мы прынялі варыянт, прапанаваны прафесарам Маславай В.А. Адпаведна канцэпт – аператыўная змястоўная адзінка памяці, ментальнага лексікону, канцэптуальнай сістэмы мовы і мозга, усёй карціны свету, адлюстраванай ў чалавечай псіхіцы.

Калі гаварыць аб прэзентацыі лексемы шчасце ў лексікаграфічных працах, то трэба адзначыць такія яго спецыфічныя значэнні, як шанцаванне, пры якім спрыяльна складаюцца жыццёвыя абставіны, стан поўнага задавальнення сваім жыццём, лёсам.

Шчасцем таксама называюць задаволенасць чалавека сваім уласным жыццём, гармонію яго з прыродай, соцыумам.

Сэнсавымі замяшчальнікамі шчасця выступаюць таксама адзінкі ўдача, поспех, лёс, доля, дабро, шанцаванне.

Амаль усе тэорыі псіхалогіі і этыкі пагаджаюцца і пацвярджаюць думку пра тое, што шчасце як катэгорыя эмоцый суадносіцца і мяжуе з супрацьлеглай ёй катэгорыяй няшчасця і пакут. Фактычна само існаванне шчасця абумоўлена яго катэгорыяй – антыподам. Такую думку не паздзяляе толькі філасофія, якая ўспрымае шчасце як гранічна высокую, недасягальную катэгорыю, якая не мае супрацьпастаўлення.